• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    27 снежня, верагодна, агучаць прысуд блогеру з Магілёва за апытанне «Колькі грошай Вы давалі супрацоўнікам ДАІ?»

    Суд па пазову УУС Магілёўскага аблвыканкама да мясцовага блогера адбудзецца 27 снежня.

    21 снежня ў судзе Ленінскага раёна горада Магілёва суддзя Валянціна Лапаціна пачала разгляд пазову з боку УУС Магілёўскага аблвыканкама да адміністратара груп «УКантакце» Бобруйск.Live, Могилев.Live і Могилев.Real Аляксандра Ірхо.

    УУС Магілёўскага аблвыканкама абвінавачвае Аляксандра Ірхо ў размяшчэнні інфармацыі “негатыўнага, паклёпніцкага і правакацыйнага характару” ў дачыненні да супрацоўнікаў ДАІ ў сацыяльнай сетцы “УКантакце”.

    Аляксандр Ірхо 21 лістапада размясціў “УКантакце” апытанне  “Якую суму грошай вы давалі супрацоўнікам ДАІ Магілёўскай вобласці”. Для адказу прапаноўвалася выбраць адзін з наступных варыянтаў: “Менш за 20 долараў”, “101 і больш долараў”, “Я пытанні без грошай вырашаў” і некалькі іншых. УУС палічыла такое апытанне абразлівым і падало супраць Аляксандра Ірхо пазоў аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі ў суд Ленінскага раёна.

    Інтарэсы УУС прадстаўлялі старшы інспектар па прававым забеспячэнні аператыўнага аддзялення штаба Таццяна Мартынава і начальнік аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязяў Дзмітрый Ігнатовіч. Прадстаўнікі УУС пагадзіліся пайсці на міравое пагадненне, калі Ірхо выканае ўсе патрабаванні, названыя ў пазове — апублікуе абвяржэнне апытання на старонцы Могилев.Live.

    Аляксандр Ірхо не пагадзіўся з тым, што апытанне магло нанесці страты рэпутацыі УУС Магілёўскага аблвыканкама і абласному ДАІ. Разам з тым адміністратар груп прызнаў, што з яго боку было не зусім прыгожа праводзіць апытанне з указаннем грашовых спагнанняў у валюце. Менавіта з‑за гэтага, па словах Ірхо, ён выдаліў публікацыю са старонкі “УКантакце”.

    Аляксандар Ірхо адзначае, што ў апытанні ён меў на ўвазе не хабар, а штрафы. Таксама адказчык кажа пра тое, што не разумее, што канкрэтна патрабуе абвергнуць УУС, бо на вынікі апытання ён ніяк не ўплываў.

    Разгляд справы ў судзе 21 снежня цягнуўся каля дзвюх гадзін. Пасля гэтага суддзя Лапаціна абвесціла перапынак да 27 снежня. У гэты дзень адбудуцца спрэчкі бакоў і, верагодна, будзе вынесена рашэнне суда.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці