• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «99% працэнтаў майго жыцьця прайшло пры Мугабэ». Як перажыць дыктатуру сьмеючыся

    «Гэй, беларусы, ваш прэзыдэнт на 6 гадоў менш пры ўладзе, чым наш. Ёсьць што адзначыць», — у Зымбабвэ ёсьць сатырычнае онлайн-шоў, якое крытыкуе рэпрэсіўны ўрад. Зымбабвійскі комік, журналіст, паэт, актывіст Фарай Манро, або Comrade Fatso, прапануе ня ныць і сьмяяцца з дыктатараў.

    Беларусь і Зымбабвэ часам трапляюць у адзін рэйтынг — як краіны, чые прэзыдэнты найдаўжэй знаходзяцца пры ўладзе. Робэрт Мугабэ быў прэзыдэнтам Зымбабвэ з 1987 году. У лістападзе 2017-га сышоў у выніку вайсковага перавароту. У апошнія гады свайго прэзыдэнцтва насіў пачэсны тытул найстарэйшага кіраўніка дзяржавы ў сьвеце (Мугабэ нарадзіўся ў 1924 годзе).

    У Зымбабвэ найцяжэйшы эканамічны крызыс. Інфляцыя зымбабвійскага даляра ў 2008 годзе складала 231 мільён працэнтаў. За апошнія 10 гадоў лепш ня стала — замежная пазыка Зымбабвэ складае 18 мільярдаў даляраў (у Беларусі — 16,4 млрд даляраў).

    74% з больш як 16-мільённага насельніцтва маюць менш за 5 з паловай даляраў на дзень. Розныя крыніцы кажуць, што ўзровень беспрацоўя тут можа складаць 90%.

    Пры гэтым 81% жыхароў карыстаюцца мабільнымі тэлефонамі, 89% працэнтаў дарослых маюць адукацыю.

    А яшчэ ў Зымбабвэ ёсьць Магамба — фэстываль, крэатыўны хаб, камэдыйнае онлайн-шоў і шмат чаго іншага ў адной ініцыятыве. Пра яе для Радыё Свабода распавядае Фарай Манро. Інтэрвію мы ўзялі ў межах канфэрэнцыі Dig­i­tal Influ­encers Hub, арганізаванай міжнароднаю ініцыятываю Dig­i­tal Com­mu­ni­ca­tion Net­work.

    Фарай Манро

    — Калі споўнілася 24 гады, як Аляксандр Лукашэнка займае пасаду прэзыдэнтам Беларусі, мы зрабілі тэст «Колькі працэнтаў твайго жыцьця прайшло пры Лукашэнку». У мяне 55%. Колькі працэнтаў твайго жыцьця прайшло пры Мугабэ?

    — Мугабэ быў пры ўладзе ўсё маё жыцьцё, да мінулага лістапада. Мне цяпер 38. Лічы, што 99% майго жыцьця прыйшло пры ім (калі матэматычна, то 97,3%)

    — Што ты адчуваеш ад таго, што тваё жыцьцё праходзіць у такіх умовах?

    — Вядома, хтосьці раззлаваны і расчараваны тым, што мусіць жыць у такім рэпрэсіўным рэжыме. Але тое, што змушае мяне і іншых надалей рабіць тое, што я раблю, — гэта спадзеў, што ты можаш зрабіць нешта для пераменаў. Калі ня маеш такой надзеі, то, вядома, цябе нічога не трымае.

    Я меў магчымасьць зьехаць. Я атрымаў адукацыю ў Зымбабвэ. Але хацеў нечага іншага. Адвучыўся ва ўнівэрсытэтах Брытаніі і Францыі. Гэта заняло чатыры гады. Але хацеў вярнуцца ў Зымбабвэ, як толькі скончу ўнівэрсытэт, каб далучыцца да барацьбы за дэмакратыю. Я так і зрабіў. Займаюся мастацтвам, культурай, мэдыя-актывізмам.

    Сатырычнае шоў — таксама форма актывізму. Яно папулярнае, яно забаўляе, яно дазваляе лёгка даходзіць да маладых людзей, але ў той жа час мае сурʼёзнае палітычнае пасланьне.

    — Пра што ў Зымбабвэ нельга і небясьпечна жартаваць і як вы даяце гэтаму рады?

    У Зымбабвэ дзьве тоўстыя чырвоныя лініі: калі ты жартуеш пра прэзыдэнта ці калі ты зачапляеш хрысьціянства, бо мы вельмі рэлігійная краіна. На гэтыя тэмы накладзенае табу. Але гэта і ёсьць межы, якія мы ўвесь час намагаемся пасунуць.

    — У вашай ініцыятыве шмат розных відаў дзейнасьці. Як яна арганізаваная?

    — «Mag­a­m­ba Net­work» мы заснавалі ў 2007 годзе. Слова «mag­a­m­ba» азначае «героі, змагары за свабоду». Кіроўная партыя часта кажа так пра сябе — маўляў, гэта мы героі, мы змагаемся за свабоду краіны, і ўсе мусяць быць удзячныя за гэта. Але гэта мы, моладзь, сёньня змагаемся за свабоду, за сваё ўласнае вызваленьне. Нашая мэта — свабодная і дэмакратычная Зымбабвэ.

    Мы ствараем новыя крэатыўныя формы моладзевага актывізму дзеля пашырэньня дэмакратычнай прасторы. Працуем на стыку мастацтва, актывізму, новых мэдыя ды інавацыяў. У нас некалькі вельмі розных праектаў. Mag­a­m­baTV — адзін зь іх. У нас праходзіць Shoko Fes­ti­val — найвялікшы ў Зымбабвэ фэстываль гарадзкой культуры з хіп-хопам, камэдыйнымі шоў і мэдыйнымі канфэрэнцыямі. Маем і мэдыяпраект, дзе вучым маладых грамадзкіх журналістаў, як весьці жывыя трансьляцыі з парлямэнту ў твітэры. Маем Moto Repub­lik — першы ў Зымбабвэ крэатыўны хаб, пляцоўку супрацы для маладых творцаў. Маем плятформу для сацыяльных рухаў Cit­i­zen Man­i­festo. Тут разам зьбіраюцца актывісты грамадзкіх арганізацыяў, якія вядуць грунтоўныя палітычныя, сацыяльна-эканамічныя кампаніі. І наш апошні праект — гэта новыя мэдыя і відэа.

    Але ўсё гэта — дзеля пашырэньня дэмакратычнай прасторы, дзеля матываваньня маладых далучацца да руху пераменаў.

    — Наколькі ў Зымбабвэ даступны інтэрнэт і што людзі ў ім робяць?

    — Інтэрнэт шырока даступны ў большай частцы краіны. Напрыклад, заблякаваць нашае шоў будзе складана. Але ўлада кантралюе галоўныя мэдыя — тэлебачаньне, радыё. Там мы ў чорным сьпісе.

    Шмат якія актывісты, арганізацыі ёсьць онлайн. Маладыя зымбабвійцы ствараюць альтэрнатыўны онлайн-кантэнт.

    Але нашае шоў глядзяць. І ўрадоўцы ў тым ліку. На адной канфэрэнцыі міністар інфармацыі і камунікацыйных тэхналёгіяў пазнаў мяне і сказаў, што сочыць за мной у сацыяльных сетках. Дарэчы, шмат хто з нашых палітыкаў ёсьць у сацыяльных сетках.

    — Ці дзейнасьць у інтэрнэце рэгулюецца заканадаўча?

    — Яны спрабуюць увесьці кантроль. Вось пачалі арыштоўваць людзей за тое, што яны рэтвіцяць нашыя жарты. Нашага супрацоўніка абвінавацілі ў рэтвіце жарту, які крытыкуе прэзыдэнта. Могуць аштрафаваць за тое, што ты разьмяшчаеш нешта онлайн — відэа, напрыклад. Улады ўсё больш жадаюць кантраляваць онлайн-прастору, але яна ўсё адно застаецца найбольш свабоднай для дыскусіяў, абмену думкамі, здабываньня альтэрнатыўнай інфармацыі.

    Цяпер распрацоўваецца заканадаўства пра кібэрзлачыннасьць. Вызначэньне таго, што такое кібэрзлачынства, максымальна агульнае. Для іх гэта ўсё: пачынаючы ад блогерства і да ўзлому дзяржаўнай сыстэмы праграмнага забесьпячэньня. Мы таксама ўдзельнічаем у кампаніі крытыцы гэтага новага закону, каб не дазволіць яму крыміналізаваць свабоду выказваньня онлайн.

    — Ва ўсім сьвеце вядома, што ўлады Зымбабвэ не цырымоніліся са сваімі апанэнтамі, арыштоўвалі, трымалі ў турмах. Як вам удаецца выжыць?

    — Палітычная сыстэма Зымбабвэ сапраўды вельмі рэпрэсіўная. За гэтыя гады былі забітыя і выкрадзеныя сотні палітычных актывістаў, тысячы катаваныя. Дзяржава рэпрэсіўная і для тых, хто працуе ў сатыры, мэдыя. Летась яны спрабавалі разбурыць нашыя офісы, закрыць наш фэстываль, бо на ім камэдыйнае шоў на палітычныя тэмы. У канцы году арыштавалі нашага прадусара па абвінавачаньні ў спробе скінуць урад. У нашых офісах былі ператрусы, сканфіскоўвалі кампутары. Урэшце справа развалілася і не дайшла да суду. Але што мы б ні рабілі — рэпрэсіі з боку дзяржавы пастаянныя. Яны ўвесь час трымаюць нас у напружаньні.

    Пакуль што нікога з нашых сваякоў і сяброў не перасьледавалі. Яны засяроджаныя на нас асабіста. Але я стараюся не апавядаць пра сваю сямʼю, асабістае жыцьцё.

    — Але вашыя палітычныя шоў выглядаюць вельмі сьмела. Вы імітуеце дзяржаўнае тэлебачаньне. Дарэчы, выглядае, яно вельмі падобнае да беларускага. Можаш сфармуляваць ад сябе, у чым сіла гумару ў такіх умовах?

    — Сіла гумару вельмі ўнівэрсальная. Ён пераўзыходзіць магчымасьці навінаў ці нават музыкі. Гумар перасягае межы паміж клясамі, узростамі, расамі. Мы гэта бачым у Зымбабвэ. Нашыя фанаты — гэта чорныя гараджане з пакаленьня хіп-хопу і белыя сталага ўзросту. Мы дабіраемся да кожнага. Гумар можа зьвяртацца да такой вялікай колькасьці людзей і даносіць да іх адмысловае пасланьне.

    Па-другое, гумар — выдатная форма крытыкі. Ён не ўспрымаецца як павучальны, пагардлівы, нібы ты глядзіш на людзей «зьверху ўніз». Гэта такая крытыка, якая прымушае людзей і пасьмяяцца, і задумацца адначасова. Можна жыць без пачуцьця гумару?

    Вядома. Шмат палітыкаў яго зусім ня маюць.

    — Нядаўна быў апублікаваны рэйтынг, паводле якога беларусы сталі адной з самых неэмацыйных нацыяў у сьвеце. Маеш нейкую параду, як з гэтым жыць далей?

    — Дык і зымбабвійцы ня самыя эмацыйныя людзі ў сьвеце. Мы шмат чаго трымаем унутры. Але чым больш ты трымаеш унутры, тым больш выбухне вонкі пры патрэбе.

    Няважна, наколькі складаная цяпер у вас сытуацыя, знайдзіце магчымасьць зь яе пасьмяяцца. Урэшце ваш прэзыдэнт кіруе на 6 гадоў менш за нашага. У вас ёсьць нагода, каб адзначыць гэта.

    Знайдзіце магчымасьць пасьмяяцца са сваіх лідэраў, выпусьціце пару, гэта дасьць вам палёгку. І гэта спосаб адправіць сваіх кіраўнікоў далей — займацца сваімі справамі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці