Аб’яднаны пераходны кабінет узнагародзіў двух журналістаў
Кіраўніца АПК Святлана Ціханоўская ўзнагародзіла двух журналістаў: Рафал Дзенцялоўскі ўганараваны медалём «За плённую працу на карысць Беларусі», а Яўген Вапа — крыжом Адраджэння Беларусі (братоў Луцкевічаў.) Яны «праявілі адданасць інтарэсам беларускага народу і зрабілі значны ўклад у развіццё беларускай культуры», гаворыцца ў афіцыйным абгрунтаванні.
Рафал Дзенцялоўскі — журналіст і палітычны аглядальнік, які спецыялізуецца на пытаннях трансфармацыі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Былы старшыня Фонду міжнароднай салідарнасці (Польшча).
Polish Solidarity Fund (FSM) — гэта дзяржаўны казначэйскі фонд, які дзейнічае пад патранажам МЗС Польшчы. Створаны ў 1997 годзе па ініцыятыве прэзідэнта Польшчы. Сфера дзейнасці фонда распраўсюджваецца на краіны Усходняга партнёрства (ва Украіне, Малдове і Грузіі FSM мае свае філіялы), Арменію і аказвае падтрымку беларускаму грамадству.
Яўген Вапа — выпускнік Варшаўскага ўніверсітэта. З канца 1980‑х гадоў узначальваў Беларускае аб’яднанне студэнтаў. З 1995 года кіруе Беларускім саюзам у Польшчы. Галоўны рэдактар «Нівы», штотыднёвіка беларускай меншасці ў Польшчы. Дырэктар «Радыё Рацыя» з 2006 года.
15 лютага 2006 года ў Беластоку створаны Беларускі інфармацыйны цэнтр, які і заснаваў новую радыёстанцыю пад брэндам «Радыё Рацыя». Літаральна праз тыдзень, 22 лютага, у эфір выйшаў першы двухгадзінны інфармацыйна-публіцыстычны блок на сярэдняй хвалі з перадатчыка вялікай магутнасці пад Катавіцамі.
У лютым 2022 года беларуская Генеральная пракуратура абвясціла матэрыялы сайта «Радыё Рацыя» экстрэмісцкімі. У кастрычніку 2023 года экстрэмісцкімі прызналі Telegram-канал радыё і яго старонку на Facebook, а таксама іх лагатыпы. У студзені 2024 года КДБ абвясціў радыё экстрэмісцкім фармаваннем. За стварэнне такога фармавання і членства ў ім прадугледжана крымінальная адказнасць.
Медалём Францыска Скарыны таксама ўзнагароджаная беларуская мовазнаўца, грамадская і культурная дзяячка Ніна Баршчэўская.
Медалём «За плённую працу на карысць Беларусі» таксама ўганараваныя польскі гісторык і грамадскі дзеяч, прафесар Інстытута гісторыі Польскай акадэміі навук Анджэй Войцех Рахуба; польскі юрыст, гісторык права і грамадскі дзеяч Анджэй Ежы Закшэўскі і сем сябраў Геральдычнай Рады (непублічна).
Крыж Адраджэння Беларусі (братоў Луцкевічаў) атрымае таксама доктар гістарычных навук, старшыня Беларускага гістарычнага таварыства ў Польшчы, выкладчык Беластоцкага ўніверсітэта Алег Латышонак.