• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Абласны суд адмяніў штраф глыбоцкаму журналісту Змітру Лупачу

    Гэта першы выпадак у біяграфіі Змітра Лупача, калі Віцебскі аблсуд вырашыў адмяніць штраф, прысуджаны судом першай інстанцыі.

    Суддзя Віцебскага абласнога суда Святлана Іванова адмяніла пастанову Шаркаўшчынскага райсуда, паводле якой ён быў аштрафаваны на 23 базавыя велічыні (563.5 беларускіх рублёў).

    Сваё рашэнне Святлана Іванова патлумачыла тым, што на момант разгляду судовай справы (6 сакавіка 2018 г.) сыйшоў тэрмін прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці.

    Суддзя Шаркаўшчынскага райсуда Аксана Табола не звярнула ўвагу на тое, што з часу здымак відэаматэрыяла “Шаркаўшчына: сярэдні заробак Br 477” прайшло больш за два месяцы, і “традыцыйна” аштрафавала журналіста-фрылансера паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП.

    Пасля суда Зміцер Лупач адзначаў, што ў Шаркаўшчыне яму далі самы маленькі штраф з усіх, якія ён атрымліваў сёлета і летась – “усяго” 23 базавыя велічыні.  Як прызнаў абласны суд, і гэтае пакаранне было вынесенае з парушэннем заканадаўства.

    Калі не лічыць гэтага беспрэцэдэнтнага выпадка скасавання судовай  справы і адмены пастановы пра штраф, сёлета Змітра Лупача прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці 4 разы. Апрача яго, на Віцебшчыне былі пакараныя за супрацоўніцтва з тэлеканалам “Белсат” яшчэ чатыры чалавекі: Віталь Скрыль і Уладзімір Лунёў, якім так і не ўдалося абскардзіць  судовую пастанову, а таксама Алена Шабуня і Вячаслаў Лазараў, касацыйныя скаргі якіх таксама пакінулі без задавальнення.

    Зміцер Лупач неаднаразова звяртаўся ў Камітэт па правах чалавека ААН са скаргамі паводле накладзеных на яго штрафаў за журналісцкую дзейнасць. Адна з ягоных скаргаў ужо зарэгістраваная.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці