Гэтыя меры, паводле паведамленьня, «абумоўлены пагрозамі для аб’ектаў інфармацыйнай інфраструктуры і інфармацыі, якая апрацоўваецца з іх выкарыстаньнем». Кампанія папярэдзіла, каб кліенты «былі гатовы да магчымых абмежаваньняў у даступнасьці» іх рэсурсаў, калі яны карыстаюцца «вонкавымі сэрвісамі».
«Калі ваш DNS-запіс не накіраваны на сэрвэры hoster. by, настойліва раім зьмяніць яго, каб ён указваў на нашы сэрвэры. Гэта дапаможа мінімізаваць наступствы блякаваньня зьнешняга трафіку і захавае даступнасьць вашых сайтаў. Са свайго боку мы прымаем усе неабходныя меры для забесьпячэньня стабільнай і бясьпечнай працы сэрвісаў», — гаворыцца ў звароце да кліентаў.
Генэральны дырэктар hoster.by Сяргей Павалішаў напісаў у сацыяльных сетках, што «большасьць сайтаў у байнэце (больш за 90%) разьмяшчаецца менавіта на віртуальным хостынгу». Такім чынам, «з‑за мяжы на беларускія сайты (большасьць) будзе не зайсьці».
Час абмежаваньня доступу да беларускіх сайтаў з‑за мяжы супадае з правядзеньнем 26 студзеня электаральнай працэдуры, якую рэжым Аляксандра Лукашэнкі называе «прэзыдэнцкімі выбарамі».