• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Абвяшчэнне прысуду журналісту з Драгічына Сяргею Гардзіевічу нечакана перанеслі

    Справа карэспандэнта інтэрнэт-партала “Першы Рэгіён” разглядалася ў судзе Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці і 19 ліпеня суддзя Генадзь Кудласевіч мусіў абвесціць прысуд журналісту.

    Як распавёў Сяргей Гардзіевіч сваім калегам, ён прыехаў гатовым да абвяшчэння прысуду, бо на папярэднім пасяджэнні пракурор хадайнічаў, каб журналіста пакаралі пазбаўленя волі на паўтары гады.

    Каля будынка суда была заўважана канвойная машына, а ў самім будынку знаходзілася здымачная група дзяржаўнага тэлеканала з камерамі.“Яны прасядзелі паўтара гадзіны, а пасля нехта патэлефанаваў карэспандэнту БТ і яны сыйшлі. Потым прыйшоў суддзя і заявіў, што аднаўляе судовы працэс і наступнае пасяджэнне прызначана на 23 ліпеня”, — кажа Сяргей Гардзіевіч.

    Чым абумоўлена такое рашэнне суддзі, пакуль невядома, бо ў працэсе ўжо адбыліся спрэчкі бакоў, а сам журналіст выступіў з апошнім словам.  Сяргея Гардзіевіча абвінавачвалі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: “Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь” (ч. 1 арт. 368), “Абраза прадстаўніка ўлады” (арт. 369) і “Паклёп” (арт. 188).

    Падставай для абвінавачанняў сталі допісы ў жніўні 2020 года ў адным з драгічынскіх Viber-чатаў (зараз гэты чат выдалены). Паводле следства, гэтыя паведамленні ўтрымлівалі негатыўныя ацэнкі ў дачыненні да кіраўніка дзяржавы і двух супрацоўнікаў Драгічынскага раённага аддзела міліцыі. На думку следства, аўтарам допісаў нібыта быў Сяргей Гардзіевіч.

    Сам журналіст, якога затрымалі напрыканцы 2020 года і некалькі месяцаў утрымлівалі пад хатнім арыштам, віну не прызнаў. Падчас следства ён адмовіўся ад дачы паказанняў, а на судзе тлумачыў, што немагчыма дамагчыся аб’ектыўнага разбіральніцтва, паколькі Viber-чата, дзе былі допісы, больш не існуе.

    Акрамя таго, было адхілена хадайніцтва журналіста і яго абаронцаў аб выкліку ў суд прадстаўніка аператара мабільнай сувязі, каб атрымаць дакладныя тлумачэнні: ці была ў пазначаны час магчымасць у Сяргея Гардзіевіча карыстацца інтэрнэтам праз свой тэлефон, бо ў тыя жнівеньскія дні ў Беларусі адчуваліся праблемы з мабільнай сувяззю.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці