Адбылася цырымонія ўганаравання пераможцаў журналісцкай прэміі імя Аляксея Караля
Сёлета, дзякуючы падтрымцы Саюза беларускіх пісьменнікаў, дадалася намінацыя “Найлепшы літаратурна-мастацкі крытычны матэрыял”.
— Гэты конкурс планавалася правесці адзін раз. Але наш сталы партнёр — Саюз Беларускіх пісьменнікаў — настаяў, што конкурс трэба праводзіць штогод, — распавяла галоўная рэдактарка “Новага Часу” Аксана Колб. — Сёлета было больш матэрыялаў грамадска-палітычных і на тэму эканомікі, і менш на тэмы культуры і гісторыі — у гэтым адрозненні конкурса гэтага і мінулага гадоў. Аляксей Кароль падтрымліваў моладзь, і нам хочацца працягваць гэтую традыцыю, каб маладыя журналісты заставаліся ў нашых шэрагах, дадавалі ў калектыў “свежую кроў”, а выданне станавілся лепшым.
Сёлета матэрыялы ацэньваліся ў дзвюх намінацыях:
• найлепшы грамадска-палітычны матэрыял
• найлепшы сацыяльна-эканамічны матэрыял.
Прэмію за найлепшы грамадска-палітычны матэрыял уручала дачка Аляксея Караля Ірына Віданава.
— Я хачу падзякаваць “Новаму часу”, Аксане Колб, Саюзу беларускіх пісьменнікаў, бо застаецца жывым тое, што тату было вельмі дарагім: гэта і газета, і пошук маладых, таленавітых, разумных, неабыякавых аўтараў.
Якасных грамадска-палітычных артыкулаў цяпер няшмат. На мой погляд, артыкулам, за які я сёння буду ўручаць прэмію, ганарыўся б і бацька, бо ў тэксце ёсць і адсылкі да Фуко, і праца з першакрыніцамі, і асабісты досвед аўтара.
Пераможца — Мікалай Дзядок з артыкулам “Турма і воля: культурны абмен”.
Прэмію Міколы, які цяпер на сесіі ў Вільні, забраў яго тата. Ён падзякаваў рэдакцыі і выказаў спадзеў, што “Новы Час” стане лёсам яго сына, Міколы Дзядка.
Ірына Віданава летась стала ідэйным натхняльнікам заснавання журналісцкай прэміі на знак памяці пра гісторыка, палітыка, рэдактара і свайго бацьку Аляксея Караля.
У намінацыі “Найлепшы сацыяльна-эканамічны матэрыял” вызначана два пераможцы:
Дзіяна Пінчук з тэкстам “Хто яны, жыхары выміраючай вёскі?”.
Сяржук Кійко з тэкстам “Як мінчук будаваў школу для дзяцей у Непале”.
Найлепшы матэрыял па выніках галасавання чытачоў: «З шабляй ды пад дуду, альбо гісторыя навобмацак» Дзіяны Серадзюк.
У намінацыі “Найлепшы літаратурна-мастацкі крытычны матэрыял” перамагла Наста Грышчук, таксама адзначаныя тэксты Алесі Лапіцкай і Алены Карп.
Старшыня ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» Барыс Пятровіч падчас цырымоніі ўганаравання пераможцаў конкурсу выказаў спадзеў, што жанр літаратурна-мастацкай крытыкі будзе развівацца.
Усе тэксты конкурсу можна знайсці на сайце ў асобным раздзеле.
Фота Вольгі Хвоін