• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Адказнасць за каментары: што збіраюцца рабіць рэдакцыі сайтаў?

    У адпаведнасці з унесеным у артыкул 38 закона «Аб СМІ» пунктам, уладальнік інтэрнэт-рэсурса цяпер будзе несці адказнасць за змест пакінутых карыстальнікамі каментароў.

    Пра гэта ж у часе анлайн-канферэнцыі 19 студзеня заявіла міністр інфармацыі Лілія Ананіч. Яна падкрэсліла, што «орган дзяржаўнага кіравання… будзе выносіць уладальнікам рэсурсаў папярэджанне, калі ў каментарах змяшчаецца інфармацыя, распаўсюд якой забаронены законам, альбо наносіць шкоду дзяржаўным і грамадскім інтарэсам, альбо мае непраўдзівую, абразлівую інфармацыю”.

    Што змянілася з гэтай нагоды ў працы інтэрнэт-рэсурсаў, якія даюць сваім наведнікам магчымасць актыўна дыскутаваць на форумах і ў каментарах? Прэс-служба ГА “БАЖ” пагутарыла з прадстаўнікамі некаторых парталаў.

    Аляксандр Зайцаў, галоўны рэдактар Naviny.by:

    – У бліжэйшы час рэдакцыя Naviny.by не збіраецца нічога мяняць у працы форума. Як вядома, на нашым форуме дзейнічае постмадэрацыя. Мы дазваляем нашым чытачам спачатку пакідаць паведамленні, а потым ужо праглядаем іх на прадмет адпаведнасці вызначаным правілам. Кожны карыстальнік перад тым, як атрымаць магчымасць выказваць каментары, мусіць згадзіцца з правіламі форуму. У выпадку іх парушэння паведамленне можа быць альбо адрэдагаванае, альбо выдаленае, альбо карыстальнік можа быць заблакаваны.

    Мы не збіраемся мяняць гэтага парадку. Нам здаецца, няма ніякага сэнсу абмяркоўваць магчымасць прыцягнення выданняў да адказнасці за каментары на форуме. Бо, калі ў нашай краіне Мінінфармацыі захоча вынесці папярэджанне нейкаму выданню, яно заўсёды гэта зробіць, нягледзячы на наяўнасць ці адсутнасць законных падставаў. І нешта даказаць міністэрству ў судзе будзе абсалютна нерэальна. Такая ў нас правапрымяняльная практыка.

    І адмаўляцца ад форуму мы адназначна не збіраемся. Ён мае даволі вялікую папулярнасць, і чытачы ўжо звыкліся, што ён у нас даволі ліберальны. Мы дазваляем нашым карыстальнікам выказваць вельмі розныя меркаванні, калі яны не супярэчаць вызначаным на сайце правілам. І хочам, каб так і было надалей.

    Андрэй Дынько, шэф-рэдактар NN.BY:

    – У нас на сайце няма асобнага форуму, але ўсе чытачы маюць магчымасць пакідаць каментары пад кожным артыкулам. Гэтыя допісы праходзяць спам-фільтр і прэмадэрацыю рэдактара.

    На нашым сайце таксама размешчаныя Рэкамендацыі па абмеркаванні артыкулаў, заснаваныя на заканадаўстве і агульнапрынятых маральных нормах. Удзел у каментаванні азначае згоду і выкананне гэтых рэкамендацый. Згодна правіламі, тыя ці іншыя каментары трапляюць альбо не трапляюць на сайт. Так будзе і далей.

    Наша выданне выходзіла пры цары Мікалаі, выходзіла пры Вячаславе Кебічу, выходзіла і будзе выходзіць і пры Лукашэнку.

    Андрэй Сыцько, інтэрнэт-аналітык, адказны за мадэрацыю каментароў і форумаў TUT.by:

    – У нас існавала, існуе і будзе існаваць мадэрацыя. На форумах існуюць правілы, напісаныя на падставе дзейнага беларускага заканадаўства. Там пералічаны шэраг пунктаў, якія тычацца знявагі, паклёпу, распальвання міжнацыянальнай варажнечы, разгалошвання персанальных дадзеных пра прыватнае жыццё і шэраг іншых момантаў – ад мацюкоў да дыскрэдытацыі дзелавой рэпутацыі. Карыстальнікі ведаюць, што можна, а чаго  – нельга.

    Акрамя таго, у нас існуе сістэма карыстальніцкіх скаргаў. Прыкметная такая кнопка “паскардзіцца” побач з кожным паведамленнем. Той, хто лічыць, што нейкае выказванне закранае асабіста яго, парушае пункты нашых правілаў альбо не адпавядае заканадаўству, у любы момант можа паскардзіцца, і мадэратары імгненна адрэагуюць. Калі скаргу прызнаюць абгрунтаванай, інфармацыя будзе выдаленая. Кожнаму, чый каментар выдалены, дасылаецца прыватнае паведамленне са згадкай пункта правілаў, на падставе якога адбылося выдаленне.

    Існуе інстытут абскарджання выдаленняў. Чалавек можа выкласці сваю пазіцыю, даслаць тэкст на пошту, і мы пераправерым, ці слушна выдалілі. Калі чалавек даказаў, што меў рацыю, то мы гэтыя паведамленні аднаўляем.

    Гэтая сістэма ў нас працуе з 2010 года. Бываюць, канешне, усялякія інцыдэнты, бываюць правакатары – і нашы, унутраныя, і з‑за  мяжы, якія на роўным месцы могуць справакаваць канфлікт. Мы за імі сочым, да іх прымяняюцца жорсткія захады – баны, блакіроўкі і г.д. Нам патрэбная чыстая пляцоўка, на якой усе спакойна сябе адчуваюць і могуць карэктна выказвацца.

    – Але ж, паймеўшы “зуб” на рэсурс, нехта можа пакінуць “крымінальны” каментар і сам жа паскардзіцца на яго не мадэратару, а куды-небудзь “вышэй”?

    – Я сістэматычна атрымліваю такія пагрозы – маўляў, я буду раскідваць на вашым рэсурсе выявы парнаграфічнанга зместу, рабіць скрыншоты і слаць іх у Мінінфармацыі, КДБ, Адміністрацыю прэзідэнта… Мы ставім іх на кантроль і глядзім, як яны далей сябе паводзяць. У нас постмадэрацыя, мы правяраем усё постфактум і выдаляем шмат розных гадасцяў.

    Колькі чалавек у вас задзейнічана ў адсочванні каментароў?

    – У нас працуюць брыгады па некалькі чалавек на працягу сутак.

    Што памянялася пасля прыняцця паправак у закон “Аб СМІ”?

    – Тым, хто сочыць за камент-кантэнтам, стала складаней працаваць.  Трэба на большую колькасць рэчаў звяртаць увагу. Раней у нас да ўсіх было даведзена, што, паводле ўказа Прэзідэнта №60, адказвае за каментары асоба, якая іх публікуе. Цяпер нам у любым выпадку даводзіцца сачыць яшчэ і за тым, каб правакацыйныя каментары ў нас доўга не віселі, бо мы рызыкуем ужо стратай самой дыскусійнай пляцоўкі. 

    У звязку з апошнімі падзеямі мы плануем перанесці форумы на аўтаномную дыскусійную пляцоўку на асобным дамене, прызначаную для дыскусій на розныя тэмы, у тым ліку для абмеркавання навінавых матэрыялаў, апублікаваных на TUT.BY. Пад атрыкуламі будуць спасылкі пераходу на гэтую дыскусійную пляцоўку.

    У прынцыпе, гэтая сістэма ўжо працуе. Дамены мы яшчэ не падзялялі, але пад кожным артыкулам ужо знаходзіцца спасылка “абмеркаваць артыкул на форумах”. Правілы каментавання будуць такімі ж, як і на бягучым рэсурсе.

    Аналізам камент-кантэнту як юрыст я займаюся ўжо даўно. Вельмі шмат чаго на гэтую тэму гаварыў, каментаваў, пісаў, і на гэтай пазіцыі застаюся. Кожны павінен сам адказваць за свае словы. Мы ж не будзем паліць плот ці ліфт, на якіх што-небудзь напісалі! Мы, напэўна, зловім таго, хто напісаў, і аддамо яго міліцыі. А тое, што ён напісаў, акуратненька замалюем, калі гэта зневажае людзей і не ўпрыгожвае наш плот…

    Калі абмяркоўваецца тэма, не звязаная з публікацыяй журналіста, мадэратар форуму часта проста не можа ведаць – ці не піша каментатар паклёпу, ці не дыскрэдытуе ён нейкімі звесткамі чыёйсьці дзелавой рэпутацыі і г.д. Мы не можам праверыць усё, што пішуць!

    Ускладанне адказнасці на рэсурсы можа стаць своеасаблівым нядобрым стымулам для тых, хто гатовы пісаць гадасці. Асабліва ў інтэрнэце, калі людзі выступаюць ананімна і будуць ведаць, што ў першую чаргу возьмуцца не за яго, а за рэсурс.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці