• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Адміністрацыя завода ў Светлагорску забараняе працаўнікам фота- і відэаздымкі

    Генеральны дырэктар ААТ “Светлагорскі цэлюлозна-картонны камбінат” Юрый Крук падпісаў адмысловае распараджэнне №125 “Аб узмацненні інфармацыйнай бяспекі ў грамадстве”, паводле якога працаўнікам аб’яднання забараняецца прыносіць на прадпрыемства мабільныя тэлефоны, а таксама рабіць відэа- і фотаздымкі на тэрыторыі камбіната.

    Распараджэнне падрыхтаванае “з мэтай мінімізацыі рызык, звязаных з распаўсюдам непраўдзівай інфармацыі, выключэння несанкцыянаваных фота- і відэаздымак аб’ектаў і тэхналагічных працэсаў, а таксама інфармацыйнай бяспекі ААТ “Светлагорскі ЦКК”.

    Грамадскія актывісты Светлагорска звязваюць распараджэнне адміністрацыі акцыянернага таварыства з праблемным заводам па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы, пабудаваным на базе ЦКК кітайскай карпарацыяй САМСЕ на падставе беларуска-кітайскай інвестыцыйнай дамовы. Кошт праекта склаў каля 1 мільярда долараў.

    У светлагорцаў і жыхароў вёскі Якімава Слабада новае прадпрыемства займела народную назву “смярдзючага завода” з прычыны выкіду шкодных для здароўя людзей  газаў з непрыемным пахам – метылмеркаптанаў. Шматлікія скаргі і пратэсты мясцовых жыхароў асвятляліся ў СМІ і сацыяльных сетках. Пусканаладачныя работы былі прыпыненыя.

    Днямі ў сацыяльнай сетцы vk.com/svetliygorod быў змешчаны фотаздымак з паведамленнем пра тое, што ў цэху Светлагорскага ЦКК абрынуўся дах. Фотаздымкам падзяліўся хтосьці з супрацоўнікаў прадпрыемства. Наўздагон на сайце завода з’явілася абвяржэнне фотаінфрмацыі. Маўляў, гэта не адпавядае рэчаіснасці, бо звязана з вытворчай неабходнасцю – “у адным з вытворчых памяшканняў завода сульфатнай беленай цэлюлозы вядуцца планавыя работы па частковай замене сэндвіч-панэляў”.

    Праўдападобна, што паведамленне пра абвал даху і стала апошняй кропляй дзеля падрыхтоўкі распараджэння №125 з прэтэнцыёзнай назвай пра ўзмацненне інфармацыйнай бяспекі ў грамадстве, а на паверку – адміністрацыйным крокам дзеля таго, каб зручней хаваць ад гэтага самага грамадства праблемы на новым прадпрыемстве.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці