Адміністратару чата «Браслав для жизни» прысудзілі пяць сутак арышту і нечакана адпусцілі
Канстанціна Далецкага абвінавацілі ў парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і затрымалі 27 чэрвеня. Паводле хлопца, у міліцыі былі прэтэнзіі да допісу ў чаце “пакуль нас не чапаюць, паводзімся спакойна, выходзім і стаім”. Гэта кваліфікавалі як арганізацыю несанкцыянаванай акцыі.
Суд Браслаўскага раёна 29 чэрвеня прызнаў Канстанціна Далецкага вінаватым і пакараў арыштам на пяць сутак паводле арт. 23.34 КаАП. Аднак увечары яго адпусцілі дахаты: у ізалятары часовага ўтрымання сказалі, што больш за 72 гадзіны не маюць права трымаць яго пад вартай, а ніякіх дакументаў пра арышт з суда так і не даслалі.
Дакументаў з суда няма і дагэтуль: 1 ліпеня Канстанцін Далецкі сам звярнуўся ў міліцыю з пытаннем, што яму рабіць далей. У адказ пачуў, што начальства нічога не ведае. Хлопец мяркуе, што астатнія двое сутак арышту міліцыянты хочуць “трымаць у запасе”, калі будзе загад “ізаляваць” самых актыўных людзей напярэдадні або ў дзень прэзідэнцкіх выбараў.
Падчас знаходжання пад вартай Канстанцін Далецкі трымаў галадоўку на знак пратэсту супраць затрымання падманным шляхам. Тады міліцыянты сказалі, што завязуць яго ў пастарунак, каб ён даў паказанні ў якасці сведкі, а ў выніку ён апынуўся за кратамі без рэчаў і сродкаў гігіены.
Канстанцін і яго жонка Алена адзначаюць, што шмат неабыякавых людзей адгукнуліся з прапановамі дапамогі, у тым ліку і грашовай, калі даведаліся, што асудзіць могуць нават за допіс у Telegram-чаце.