«Адмяніць закон аб СМІ» — і гэта не жарт
Змяніць ці адмяніць? Адказ на гэтае пытанне такі: Закон аб СМІ рэгулюе СМІ, але яны ў ранейшым разуменні больш не існуюць. Атрымліваецца, што Міністэрства інфармацыі спрабуе рэгуляваць тое, чаго ўжо няма.
Такія радыкальныя думкі гучалі ў «Прэс-клубе Беларусь» падчас Media Talk «Што трэба мяняць у Законе аб СМІ?». У сустрэчы прынялі ўдзел старшыня ГА «БАЖ» Андрэй Бастунец, дэпутат Палаты Прадстаўнікоў РБ Ганна Канапацкая, медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі, намеснік дырэктара Інфармацыйнай кампаніі «БелаПАН» Андрэй Аляксандраў, лідар групы «Журналісты за талерантнасць» Алег Ражкоў, юрысты Сяргей Зікрацкі і Аляксандр Жук.
«Людзі, якія прымаюць рашэнні ў сферы СМІ сёння ў Беларусі, не маюць ніякага ўяўлення пра тое, што адбываецца. Яны карыстаюцца логікай «рубільніка» — адключыць/уключыць. Гэта нашая галоўная пагроза і адначасова нашая вялікая надзея», — лічыць Андрэй Аляксандраў.
У чым небяспека? На думку Андрэя Бастунца, галоўная праблема медыясферы на сёння — гэта татальны кантроль дзяржавы.
«Найвышэйшая ступень кантролю, — гэта тое што вылучае Беларусь. Усё заканадаўства выбудаванае на перакананні, што дзяржава павінна ўсё кантраляваць, — кажа Бастунец. — Балючых кропак настолькі шмат, што закон трэба мяняць цалкам, бо ён не адпавядае дэмакратычным стандартам, на якія мы арыентуемся».
Бастунец адзначыў, што акрамя паўнамоцтваў Міністэрства інфармацыі, якія ўсё больш павялічваюцца, працай СМІ сёння ў Беларусі «запраўляе» і Міністэрства ўнутраных спраў — яго супрацоўнікі ўпаўнаважаныя складаць пратаколы за парушэнне заканадаўства аб СМІ.
«Якраз сёння была вынесеная пастанова суда на чатыры новыя штрафы журналістам, і на гэты момант мы маем 50 штрафаў за гэты год, — адзначыў старшыня ГА «БАЖ». — Мінімізаваць ступень дзяржаўнага кантролю — асноўная задача на сёння».
Ганна Канапацкая, дэпутат Палаты прадстаўнікоў, заўважыла, што яна ўжо больш за год з’яўляецца дэпутатам. «Але ніхто не бачыў мяне на дзяржаўных тэлеканалах ці ў газетах. І нават праект Закона, за які я нясу адказнасць, прадстаўляе іншы дэпутат», — сказала Канапацкая. На думку Канапацкай, зараз трэба больш гучна і настойліва патрабаваць. Толькі так пазітыўныя перамены могуць адбыцца. «Пакуль мы не пераломім свядомасць чыноўнікаў і «чынуш» — нічога не зменіцца. Але гэта павінна быць ні толькі я, і не толькі ГА «БАЖ», — нас павінна быць як мага больш. Трэба звяртацца, трэба патрабаваць», — кажа Ганна Канапацкая. — Напрыклад, сёння у нас адзіны правайдар РУП «Белтэлекам», і гэта вельмі вялікая праблема якая павінна быць вырашаная».
Медыя эксперт Паўлюк Быкоўскі адзначыў, што статус журналіста і рэдакцыяў моцна змяніўся і гэта бянтэжыць дзяржаўных policy maker’аў.
«Няма манаполіі журналістаў і рэдакцыяў на інфармацыю. Межы сцёртыя. Новыя ўмовы не зразумелыя тым, хто прымае рашэнні, — кажа Паўлюк Быкоўскі. — Таму ўзнікаюць пытанні, кшталту «як можна абмежаваць Facebook»?».
«А калі такія пытанні ўзнікаюць — значыць людзі пра гэта думаюць», — дадала Ала Шарко, мадэратар дыскусіі.
Удзельнікі сустрэчы выказалі занепакоенасць новым праектам Закона аб СМІ, які спее недзе ў дзяржаўных калідорах. Хутчэй за ўсё, закон яшчэ больш пашырыць паўнамоцтвы дзяржавы.
«Баюся, што асноўная мэта гэтага законапраекту — распаўсюдзіць кантроль на сацыяльныя сеткі, — сказаў Бастунец. — Толькі як? Блакаваць акаўнты? … ».
Андрэй Бастунец таксама паведаміў, што ГА «БАЖ» звярнулася ў Міністэрства інфармацыі з просьбай уключыць юрыстаў у працоўную групу па падрыхтоўцы новага законапраекта. “Адказу на гэты запыт мы пакуль не атрымалі» — сказаў старшыня ГА «БАЖ».
Увогуле, усе ўдзельнікі дыскусіі пагадзіліся, што каб палепшыць сітуацыю ў сферы СМІ, не абавязкова прымаць новае заканадаўства. Варта проста зменшыць кантроль і палепшыць атмасферу, уякой працуюць медыя.
«Мы ў БАЖы распрацавалі трохступенчатую карту зменаў. Першая ступень — гэта дзеянні, дзеля якіх нават не трэба мяняць заканадаўства. Напрыклад, спыніць пераслед журналістаў-фрылансераў, увесці мараторый на ўжыванне адносна журналістаў артыкулаў, якія прадугледжваюць адказнасць за паклёп і інш.», — кажа Бастунец.
Паводле яго, на другім этапе павінны спрасціць працэдуру рэгістрацыі медыя, скасаваць рэпрэсіўныя і кантрольныя паўнамоцтвы дзяржаўных органаў. «Я лічу што такі орган як “міністэрства інфармацыі” у Беларусі ўвогуле не патрэбны», — кажа Бастунец.
Трэці этап — стварэнне спрыяльных умоў працы для ўсіх тыпаў медыя і гарантаванне права на свабоду выказванняў. «Замест закона аб СМІ можна прапанаваць распрацаваць законапраект аб гарантыі выканання прынцыпаў свабоды словы», — падтрымаў ідэю юрыст Александур Жук.
Трэба адзначыць, што першыя прапановы зменаў у Закон аб СМІ ГА «БАЖ» падрыхтаваў і агучыў яшчэ ў 1999 годзе. З таго часу арганізацыя вядзе няспынную працу, каб палепшыць заканадаўства і ўмовы працы журналістаў і СМІ. На пачатку 2000‑х гг. Парламенцкая група «Рэспубліка» пры падтрымцы ГА «БАЖ» спрабавала ўнесці на абмеркаванне праект Закона аб СМІ. «Але тады Палата Прадстаўнікоў адмовілася яго разглядаць», — сказаў Бастунец. — Тым не менш, змены ў Закон уносіліся, але ў адваротным кірунку, чым мы прапаноўвалі».
І вось, наступіў час калі сфера СМІ настолькі змянілася, што патрабуе прынцыпова новых падыходаў, а дзеючы закон настолькі састарэў, што ўжо не можа выконваць тыя функцыя, дзеля якіх быў напісаны. «Сённяшняе заканадаўства — гэта машына якую можна толькі здаць на звалку, а замест яго стварыць нешта новае, каб эфектыўна дзейнічаць у свеце СМІ», — сказаў адзін з удзельнікаў Media Talk. І гэта новыя выклікі, якія павінна прыняць як прафесійная супольнасць, так і ўсё грамадства.