• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Адна з умоваў — пагашэньне стратаў у кратным памеры». Юрысты пра памілаваньне каманды «Прэс-клюбу»

    10 жніўня на свабоду выйшлі чатыры фігуранты справы «Прэс-клюбу»: Юлія Слуцкая, Ала Шарко, Сяргей Альшэўскі і Пётра Слуцкі. «Прэс-клюб» паведаміў, што яны выйшлі на волю ў выніку памілаваньня. Пры гэтым ў справе яшчэ не было прысудаў. За кратамі яшчэ застаюцца экс-супрацоўнікі БТ Ксенія Луцкіна і Дзяніс Сакалоўскі.

    Пацікавіліся думкамі юрыстаў Сяргея Зікрацкага і Паўла Сапелкі.

    «Адна з умоваў вызваленьня — пагашэньне стратаў у кратным памеры»

    Юрыст пазбаўленага рэгістрацыі праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка кажа, што ня можа камэнтаваць рашэньне, ня бачыўшы дакумэнтаў.

    «Аднак ва ўказе Лукашэнкі ад 26 сакавіка 2021 году № 122 зьменены стары парадак, зьмяшчаецца Палажэньне аб парадку ажыцьцяўленьня ў Рэспубліцы Беларусь памілаваньня асуджаных.

    Акрамя памілаваньня, прадугледжваецца „вызваленьне ад крымінальнай адказнасьці асобаў, якія спрыялі раскрыцьцю і прадухіленьню наступстваў зьдзяйсьненьня злачынстваў“.

    Там прыкладна такі ж парадак, што і пры памілаваньні: адна з умоваў — пагашэньне стратаў у кратным памеры.

    Так, і раней вызвалялі ад адказнасьці ў працэсе расьсьледаваньня многіх. Калі ва ўчорашнім выпадку мелася на ўвазе менавіта памілаваньне — тады трэба думаць далей. Але найперш трэба вывучыць дакумэнты», — тлумачыць юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка.

    На пытаньне, што будзе зь яшчэ дваімі фігурантамі справы «Прэс-клюбу», Ксеніяй Луцкінай і Дзянісам Сакалоўскім, якія, паводле папярэдняй інфармацыі, не пісалі прашэньня аб памілаваньні, Павал Сапелка адказаў так:

    «У Палажэньні прапісана: ня хочаш вызваленьня ў парадку памілаваньня — скончаць сьледзтва і накіруюць справу ў суд».

    Павал Сапелка дадае, што можна напісаць прашэньне аб памілаваньні, а ўлады адмовяць.

    «Пытаньне ж яшчэ ў суме, маўляў, нейкую шкоду ў шматразовым памеры можна і не пацягнуць», — мяркуе юрыст.

    Вядома, што 6 студзеня сваякі фігурантаў справы «Прэс-клюбу» пералічылі на рахунак Сьледчага камітэту 110 тысяч рублёў.

     

    «Мы ня маем права супакойвацца, пакуль ня выйдзе на свабоду апошні чалавек, які за кратамі з палітычных матываў»

    Юрыст Сяргей Зікрацкі, якога пазбавілі адвакацкай ліцэнзіі і які цяпер працуе ў камандзе Сьвятланы Ціханоўскай, напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку, што ў адпаведнасьці з артыкулам 96 Крымінальнага кодэксу памілаваньне ўжываецца да асобы, асуджанай за злачынства.

    «Ніхто з тых, хто выйшаў учора зь СІЗА, ня быў асуджаны. Улады спачатку парушаюць закон, калі кідаюць людзей за краты, а потым зноў парушаюць яго, каб адпусьціць іх…

    Другое. На раніцу 20 жніўня за кратамі застаюцца яшчэ 633 палітычныя зьняволеныя і тысячы людзей, не прызнаныя палітвязьнямі, але якія сядзяць з палітычных матываў. Мы павінны радавацца закладніку, які выходзіць на волю, але мы ня маем права супакойвацца і задавальняцца, пакуль ня выйдзе на свабоду апошні чалавек, які знаходзіцца за кратамі з палітычных матываў», — напісаў Сяргей Зікрацкі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці