Алег Агееў: Узлом акаўнта – злачынства. А распаўсюд інфармацыі з адкрытых крыніц злачынствам не з’яўляецца
На мінулым тыдні беларускія медыі апублікавалі вытрымкі з прыватнай перапіскі Вадзіма Кабанчука, былога намесніка камандзіра Палка Каліноўскага, а цяпер прадстаўніка па нацыянальнай абароне ў Аб’яднаным пераходным кабінеце (АПК). Як выглядае «кейс Кабанчука» з прававога пункту гледжання? Пагаварылі з намеснікам старшыні БАЖ, кіраўніком Прававога цэнтра Алегам Агеевым.
Невядомыя ўзламалі Telegram-канал Вадзіма Кабанчука і злілі прыватную перапіску ў інтэрнэт. Некаторыя медыі выкарысталі гэтую перапіску ў сваіх публікацыях. Што мы маем? Абнародаваная прыватная перапіска, здабытая незаконным чынам, факты, выкладзеныя ў перапісцы, не правяраліся, грамадская значнасць такой інфармацыі небясспрэчная.
Права на прыватнасць асобы ці права на распаўсюд інфармацыі?
— Чым большая публічная значнасць асобы для гарамадства, тым менш абароненая яе прыватнасць?
— Кабанчук мае права на ахову сваіх прыватных перапісак. Але ў журналістаў ёсць абавязак даносіць да грамадства грамадска значную інфармацыю. Чаго больш у кожным кейсе: права на прыватнасць асобы ці права журналіста на распаўсюд інфармацыі, якая мае грамадскі інтарэс, — тут няма выразнай рысы.
Сапраўды, нельга прыняць адзін прававы акт і прадугледзець усе выпадкі, усе публічныя асобы, усе віды распаўсюду інфармацыі — такое проста фізічна немагчыма. Артыкул 10 Канвенцыі аб правах чалавека складаецца толькі з трох частак. А на практыцы колькасць кейсаў проста зашкальвае — гэта адзін з самых «папулярных» артыкулаў, якія разглядае Еўрапейскі суд па правах чалавека.
Грамадскі дыялог па публічных фактах сведчыць пра спеласць самога грамадства: факты, якія актыўна абмяркоўваюцца, гавораць за грамадскую значнасць кейса.
— Што такое грамадскі інтарэс і па якіх крытэрыях ён вызначаецца?
— Вызначэння «грамадская значнасць» нідзе няма. Але Еўрапейскі суд па правах чалавека трактуе гэтае паняцце даволі шырока.
Зыходзячы з гэтага, я не сказаў бы, што ў «кейсе Кабанчука» адсутнічае грамадскі інтарэс. Факты, якія ўздымаюцца ў публікацыях на аснове злітай перапіскі, тычацца грамадска значных падзей, вядомых асобаў, вайны, удзелу названых вядомых асобаў у вайне і адносінаў паміж асобамі падчас вайны.
Таму калі паўстане пытанне пра грамадскую значнасць перапіскі, то яе даволі лёгка абгрунтаваць.
«Бонус» для чалавека, які абраў публічнасць
— Ці могуць медыі друкаваць, цытаваць ці спасылацца на злітыя ў сеціва перапіскі чалавека?
— У розных краінах падыход да падобнага роду зліваў адрозніваецца. Безумоўна, ва ўсіх краінах крадзёж інфармацыі і несанкцыяваны доступ да акаўнтаў трэціх асобаў – правапарушэнне, якое цягне за сабой адказнасць.
Але калі публікуюцца ўжо злітыя звесткі, то ў гэтым выпадку праваахоўныя органы ўважліва паставяцца да такога зліву толькі тады, калі сам пацярпелы палічыць патрэбным адстойваць свае правы. Пакуль пацярпелыя ў «справе Кабанчука» не заяўлялі пра парушэнне іхніх правоў.
— Ці могуць (і ў якім выпадку) медыі друкаваць альбо пераказваць злітыя перапіскі, калі яны належаць палітыку ці публічнай персоне?
— Менавіта праз тое, што ў нашым выпадку перапіска закранае даволі вядомых асобаў і вайну, праваахоўныя органы і суд могуць заняцца гэтай справай, калі да іх звернеццца патэнцыйная ахвяра. Галоўны крытэр: ці павінна грамадства ведаць пра тое, пра што перапісваюцца асобы, якія прымаюць рашэнні?
Калі ёсць публічная асоба, якая займае пасаду і мае паўнамоцтвы прымаць рашэнні, што ўплываюць на жыццё іншых людзей, то, такі кейс будзе лічыцца грамадска значным. Адпаведна, медыі, якія дзейнічаюць на карысць грамадства, могуць публікаваць такую інфармацыю.
— Да якіх публічных персонаў гэта адносіцца: толькі да палітыкаў ці, напрыклад, гэта можа быць і вядомая журналістка?
— Кожную асобу трэба ацэньваць у канкрэтным выпадку. Безумоўна, палітыкаў гэта непасрэдна датычыцца, але не толькі іх: гаворка ідзе пра любога чалавека, які абраў публічнасць, які знаходзіцца на пасадзе, які дабраахвотна выконвае функцыі, і прымае рашэнне, якія ўплываюць на жыццё іншых людзей.
Прававыя механізмы і пытанне адказнасці
— Якая адказнасць за публікацыю такога кантэнту існуе ў Беларусі і ў краінах Еўрасаюза?
— Трэба адразу сказаць, што ў Беларусі заканадаўства перавёрнута з ног на галаву. У нас пасада прэзідэнта забяспечвае найбольшую гарантыю ад крытыкі.
У прававых краінах усё наадварот: чым большая значнасць асобы, большы яе ўплыў на грамадства, тым менш абароненая яе права на прыватнасць.
— Некаторыя журналісты параўноваюць «кейс Кабанчука» са звесткамі, якія «Кіберпартызаны» дабываюць у беларускай дзяржавы: маўляў, у абодвух выпадках апублічана скрадзеная інфармацыя. Ці параўнальныя гэтыя з’явы ў прынцыпе?
— Параўноўваць можна нават вужа з яжом. Але адказнасць наступае за тое, што нехта без дазволу ламае акаўнт і атрымлівае несанкцыяваны доступ да прыватнай перапіскі. Такія дзеянні забароненыя ў любой прававой краіне. Але скрасці інфармацыю і апублікаваць скрадзеную інфармацыю — гэта не адно і тое ж.
Калі чалавек лічыць сябе пацярпелым, ён фармулюе, у чым ён бачыць парушэнне сваіх правоў, і тады дзяржава будзе разглядаць ягоныя прэтэнзіі. Гэта не працуе аўтаматычна: спачатку чалавек павінен заявіць пра парушэнне сваіх правоў і абгрунтаваць сваю пазіцыю — і толькі тады дзяржава задзейнічае прававыя механізмы.
І пацярпелыя, і медыі маюць вялікую колькасць аргументаў, каб абгрунтаваць сваю пазіцыю. Адпаведна, медыі маюць магчымасць абгрунтоўваць грамадскую значнасць гэтай інфармацыі, і законнасць яе атрымання. Калі дадзеныя былі ўзятая з адкрытых крыніц, якія не ўстанаўліваюць абмежаванняў, медыі могуць абгрунтаваць, што захаваныя нават аўтарскія правы.
Такім чынам, узлом акаўнта — заўсёды злачынства. Але ва ўзяцці інфармацыі з адкрытых крыніцаў, дзе няма ніякіх абмежаванняў для распаўсюду, прававых парушэнняў няма.