• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    2024 год выдаўся найбольш змрочным і рэпрэсіўным для медыясектара Беларусі

    Рэпрэсіі ў дачыненні да журналістаў, блогераў і іншых прадстаўнікоў СМІ ў Беларусі набылі за апошні год катастрафічныя масштабы. Праваабарончы цэнтр «Вясна» падвёў вынікі 2024 года.

    Лукішская турма партрэты беларускіх журналістаў БАЖ марафон салідарнасці

    Акцыя салідарнасці з палітзняволенымі журналістамі. Лукішская турма, Вільня, 3 траўня 2024 года. Фота: БАЖ

    Па інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў ў няволі па стане на 20 снежня знаходзяцца сама меней 45 прадстаўнікоў СМІ, супраць журналістаў узбуджаюццца справы ў парадку “спецвытворчасці”, некаторыя – асуджаюцца паўторна. Для параўнання: па стане на канец 2023 года ў турме знаходзіліся 32 журналісты.

    Чацвёртае месца ў свеце па колькасці журналістаў, якія знаходзяцца ў зняволенні

    У заяве “Спыніць “паляванне на ведзьмаў” і ўжыванне “экстрэмісцкага” заканадаўства для падаўлення іншадумства”, якую прыняла Беларуская асацыяцыя журналістаў, гучыць заклік да беларускіх ўладаў  аб вызваленні журналістаў-палітвязняў і ўсіх палітзняволеных:

    “Сітуацыя са свабодай выказвання меркаванняў і незалежнымі СМІ ў Беларусі застаецца адной з горшых у свеце. У «Індэксе свабоды прэсы 2024» Беларусь займае 167 е месца са 180. У параўнанні з папярэднім індэксам, Беларусь апусцілася яшчэ на 10 пазіцый. Паводле нядаўняга даследавання “Рэпарцёраў без межаў», Беларусь займае чацвёртае месца ў свеце па колькасці журналістаў, якія знаходзяцца ў зняволенні. Для перашкоды дзейнасці незалежных медыя ўлады актыўна ўжываюць заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму. Большасць незалежных СМІ і медыяарганізацый, у тым ліку БАЖ, прызнаныя экстрэмісцкімі фармаваннямі”.

    У Беларусі, пачынаючы з 2020 года, большасць недзяржаўных СМІ пазбавілі рэгістрацый, журналістаў увесь час затрымліваюць і асуджаюць на вялікія тэрміны за сваю працу. Незалежныя медыя ўнутры Беларусі практычна спынілі сваё існаванне, а рэдакцыі цяпер працуюць з‑за мяжы. Большасць сайтаў і старонак у сацыяльных сетках прызнаныя экстрэмісцкімі фармаваннямі. Гэтак жа рэжым распраўляецца і журналістамі: усе зняволеныя прадстаўнікі СМІ ўнесены ў спіс “Асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці”, а сямёра з іх прызнаныя КДБ “тэрарыстамі”.

    «Экстрэмісты», «дыскрэдытатары» і «здраднікі»

    За кратамі на зыход 2024 года застаюцца 45 журналістаў і блогераў. Намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў, выступаючы на Форуме свабоднай журналістыкі ў Сейме Літвы адзначыў, што гэтая лічба няпоўная:

    “Нам, і асабіста мне, дакладна вядома, што іх болей. Шмат хто перад затрыманнем, ці іх сваякі, просяць не агучваць гэтыя факты, ці там ператрус адбыўся, ці затрыманне. А яшчэ ёсць іх родныя, якія прайшлі праз допыты, іх папярэджваюць аб неразгалошванні і пагражаюць праблемамі. Мы не можам публічыць усё што нам вядома, а яшчэ ёсць факты, якія нам невядомыя”.

    Самы распаўсюджаны крымінальны артыкул, па якім асуджалі, альбо прад’явілі абвінавачанне прадстаўнікам СМІ – “стварэнне альбо ўдзел у “экстрэміцкім” фармаванні” (ч. 1 альбо ч. 3 арт. 361–1 КК). Яго абвінавачанне выкарыстоўвала ў 21 выпадку.

    Наступны артыкул па колькасці выкарыстання (у 12 прысудах) – арт. 130 КК (“распальванне сацыяльнай варожасці ці варажнечы”). затым у 11 выпадках судзілі за садзейнічанне “экстрэмісцкай” дзейнасці (ч.1 і ч. 2 арт. 361–4).

    Далей па колькасці прысудаў сітуацыя выглядае наступным чынам:

    За “арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ўдзел у іх” (ч. 1 арт 342 КК) асуджана 7 чалавек;

    Па пяць прысудаў: за «дыскрэдытацыю Беларусі «(арт. 369–1 КК), «заклікі да санкцый» (ч.3 арт.361 КК) і «здрада дзяржаве» (арт. 356 КК).

    У васьмі выпадках для крымінальнага пераследу выкарыстоўваліся дыфамацыйныя артыкулы – абраза Аляксандра Лукашэнкі і абраза прадстаўнікоў улады.

    Мая Север: «Цяжка ўявіць усе жахі Беларусі»

    Прэзідэнтка Еўрапейскай федэрацыі журналістаў Мая Север, выступаючы 10 верасня ў Вільні на канферэнцыі, прысвечанай працы беларускіх медыяў, эмацыйна выказалася пра сітуацыю са свабодай слова ў Беларусі. Яна перажыла сацыялістычную дыктатуру, войны ў Харватыі і Босніі і Герцагавіне, усё сваё жыццё змагалася з цэнзурай і ціскам. Аднак нават журналісцы з такім каласальным жыццёвым і прафесійным вопытам “цяжка ўявіць усе жахі Беларусі”, дзе супрацоўніцтва з БАЖ – прафесійным аб’яднаннем журналістаў чалавеку можа каштаваць 10 гадоў турмы.

    Праабаронцы падлічылі, што сярэдні тэрмін зняволення для беларускіх журналістаў складае шэсць гадоў. Але сярод прадстаўнікоў СМІ ёсць і такія, хто за сваю цалкам легітымную дзейнасць атрымалі вялізныя тэрміны. 

    Сабралі максімальныя тэрміны зняволення для прадстаўнікоў СМІ:

    Ігар Лосік  – 15 год;

    Андрэй Аляксандраў  – 14 год;

    Дзяніс Івашын  – 13 год;

    Людміла Чэкіна  – 12 год

    Марына Золатава  – 12 год;

    Валерыя Касцюгова  – 10 год.

    Снежань: змрочны перыяд для беларускай журналістыкі

    Апошні месяц гэтага года адзначыўся ўсплескам рэпрэсій у дачыненні да прадстаўнікоў СМІ. Нават напрыканцы года не спыняецца крымінальны пераслед асуджаных раней журналістаў і блогераў. Так, 28 лістапада павінен быў выйсці на волю з бабруйскай папраўчай калоніі №2 пасля чатырох з паловай гадоў зняволення блогер Дзмітрый Казлоў (“Шэры Кот”).

    Аднак 29 лістапада ў судзе горада Бабруйска і Бабруйскага раёна яго зноў судзілі — палітзняволенага Дзмітрыя Казлова абвінавацілі ў злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы (па артыкуле 411 Крымінальнага кодэкса). Верагодна, да ранейшага прысуду дадалі яшчэ стандартны адзін год зняволення.

    У судзе Шклоўскага раёна 11 снежня адбыўся суд над палітзняволеным журналістам і блогерам Ігарам Карнеем, якога ў сакавіку гэтага года асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі. Суддзя Аляксандр Тараканаў прызнаў Ігара вінватым паводле ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі) і прызначыў яму яшчэ восем месяцаў зняволення. Вядома, што адміністрацыя шклоўскай калоніі № 17 змяшчала журналіста некалькі разоў у ПКТ. Цяпер яго асудзілі ў крымінальным парадку за «парушэнні», за якія ён ужо атрымаў спагнанні ад адміністрацыі.  

    Самыя апошнія прысуды і абвінавачанні

    10 снежня палітзняволеную журналістку Вольгу Радзівонаву прыгаварылі да чатырох гадоў пазбаўлення волі па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса за супрацу з нямецкай газетай “Die Tageszeitung”.  Суддзя Мінскага гарадскога суда Вера Галаўкова вынесла вырак паводле чатырох артыкулаў дыфамацыйнага характару: арт. 368 Крымінальнага кодэкса — абраза Аляксандра Лукашэнкі, арт. 130 КК— распальванне сацыяльнай  варожасці ці варажнечы, арт. 367 КК — паклёп у дачыненні да Лукашэнкі, арт. 369–1 КК — дыскрэдытацыя Беларусі.

    Толькі зараз стаў вядомы прысуд пінскаму журналісту Яўгену Мікалаевічу, які вярнуўся ў Беларусь. У пачатку кастрычніка суд у Пінску прызнаў яго вінаватым паводле часткі 1 артыкула 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Яму прызначылі пакаранне ў выглядзе паўтара года калоніі агульнага рэжыму. У 2020 годзе Яўген асвятляў пратэсты ў Пінску. Журналіст не прымаў непасрэднага ўдзелу ў пратэстах: ён вёў фота– і відэаздымку па рэдакцыйным заданні. 10 жніўня 2020 года пры выкананні службовых абавязкаў Нікалаевіч быў затрыманы і збіты. У 2020-ым годзе мужчына пакінуў Беларусь. Ён працаваў за мяжой у сферы, не звязанай з журналістыкай. У пачатку 2024 года ён вырашыў вярнуцца дадому і быў затрыманы.

    На канец году чакаюць суду яшчэ тры прадстаўнікі СМІ: Данііл ПалянскіАнтон Казельскі і Ігар Ільяш. Усе яны беларускай праваабарончай супольнасцю прызнаныя палітзняволенымі.

    intex-press-oblozhka

    Напачатку снежня стала вядома пра затрыманне у Баранавічах сямі работнікаў і журналістаў ліквідаванай прыватнай газеты “Intex-press” у рамках артыкула 361–4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

    “Затрыманні ў Баранавічах сталі толькі чарговым сведчаннем сістэматычных спробаў уладаў абмежаваць свабоду прэсы ў краіне. Журналісты, нават пасля закрыцця сваіх выданняў, працягваюць сутыкацца з пагрозамі і пераследамі, што абцяжарвае іх дзейнасць і стварае атмасферу страху”, — каментуе “Берасцейская Вясна”.

    Спецвытворчасць – рэпрэсіўны трэнд года

    Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі сярод тэндэнцый зыходзячага года называе так званую завочную судовую вытворчасць і нават прапануе вызначыць “спецвытворчасць” як слова года:

    – Завочная вытворчасць, напэўна, слова года для беларускай медыясупольнасці. У гэтым годзе надзвычай моцна актывізаваліся рэпрэсіўныя захады ўладаў у бок журналістаў, якія выехалі з Беларусі. Амаль 60 ператрусаў зафіксавана на дадзены момант. Я баюся, што да канца года іх стане яшчэ больш. І большасць з гэтых ператрусаў – гэта ператрусы ў людзей, якія выехалі з Беларусі, а сілавікі прыходзілі ў Менску і іншых гарадах да іх родных. Праводзячы гэтыя завочныя вытворчасці, завочныя крымінальныя справы, арыштоўваюць маёмасць, забіраюць рэдакцыйныя пасведчанні. Гэта адна з сумных адметнасцяў гэтага года.

    Трэцяга снежня стала вядома, што ў дачыненні да журналіста Алеся Ляўчука распачатая завочная крымінальная справа паводле артыкула 368 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь — “абраза Аляксандра Лукашэнкі». Справай займаецца Жабінкаўскі раённы аддзел Следчага камітэта. Падставай для крымінальнага пераследу стаў пост Алеся Ляўчука ў Face­book, у якім сілавікі ўгледзелі абразу Аляксандра Лукашэнкі. Журналіст-фрылансер Алесь Ляўчук доўгі час жыў у Берасці, дзе супрацоўнічаў з мясцовымі і рэспубліканскімі выданнямі. За прафесійную дзейнасць яго шматкроць пераследвалі і судзілі па адміністрацыйных артыкулах. Пасля вымушанай эміграцыі ў 2021 годзе журналіст працягвае сваю дзейнасць з‑за мяжы.

    Другога снежня сілавікі правялі чарговы ператрус у сваякоў былога журналіста “Белсата» Сяргея Скулаўца. Супрацоўнікі праваахоўных органаў зладзілі ператрус у вясковым доме 85-гадовай бабулі былога журналіста тэлеканала «Белсат» Сяргея Скулаўца. У верасні гэтага года стала вядома, што Следчы камітэт распачаў супраць яго завочную крымінальную справу. 

    16 снежня стала вядома, што ў дачыненні да блогера Сяргея Бяспалава таксама распачатая «спецвытворчасць. Інфармацыю пра гэта апублікаваў тэлеграм-канал Следчага камітэта. Яго абвінавачваюць адразу па 10 артыкулах Крымінальнага кодэкса РБ.

    Увогуле праз працэдуру спецвытворчасці прайшлі дзесяткі прадстаўнікоў медыясектара, сярод якіх Павел Марыніч, Юрый Дракахруст, Ганна Любакова, Уладзімір Хільмановіч, Андрэй Павук, Антон Матолька, Ігар Казмерчак, Алесь Кіркевіч ды іншыя.

    Андрэй Бастунец:  «Бачым працяг пераследу журналістаў ў вельмі няўпэўненей знешняй сітуацыі”

    Форум свабоднай журналістыкі ў Сейме Літвы. 13 снежня 2024 года

    Андрэй Бастунец на Форуме свабоднай журналістыкі ў Сейме Літвы. 13 снежня 2024 года. Фота: БАЖ

    Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец ахарактарызаваў зыходзячы год для журналісцкай супольнасці турбулентным:

    — Гэты год быў неўпарадкаваным, і гэта звязана найперш з тымі канфліктамі, якія адбываюцца ва ўсім свеце. З’яўляюцца новыя ўзброеныя і грамадзянскія канфлікты, напрыклад у Грузіі, што таксама звязана і з выбарамі. А ўвогуле, гэта быў супергод выбараў, якія прайшлі ў многіх краінах, якія фактычна знаходзяцца на мяжы з Беларуссю, альбо побач. Усё гэта ўплывае на становішча ў Беларусі, у тым ліку і на журналісцкую супольнасць. Бачна як змянілася становішча з беларусамі і медыя ў той жа Грузіі, у Польшы, а выбары ў Злучаных Штатах таксама аказваюць уплыў на ўвесь свет.  Мы пачынаем бачыць, як усё мяняецца ў самой Беларусі, у якой неўзабаве пройдуць выбары, хаця гэтае слова тут недарэчнае. Ужо зараз гэта адбіваецца на грамадзянскай супольнасці і журналістах. Гэтыя змены ўплываюць на абарону саміх журналістаў, на фінансаванне СМІ ў замежжы. А тых, хто яшчэ застаўся у краіне, працягваюць затрымліваць, вось літаральна ў апошні тыдзень мы бачым затрыманні фактычна двух рэгіянальных рэдакцый на Берасцейшчыне. На сённяшні дзень мы кажам пра тое, што ведаем мінімум 45 журналістаў і супрацоўнікаў рэдакцый, якія знаходзяцца за кратамі, хаця зусім нядаўна іх было каля 35. І вось гэта не вельмі суадносіцца са словамі пра гуманізацыю беларускага рэжыму.

    Кіраўнік БАЖ, адзначаючы галоўныя тэндэнцыі года, на першае месца выносіць няспынны крымінальны пераслед журналістаў, нягледзячы нават на тое, што пасля мінулых выбараў прайшло ўжо больш за чатыры гады, а людзей яшчэ садзяць за тое, што адбывалася ў 2020 годзе.

    “Працягваецца выкарыстанне так званага антыэкстрэмісцкага заканадаўства супраць медыя, большасць медыя абвешчаныя “экстрэмісцкімі” фармаваннямі, шмат хто з журналістаў патрапіў у “экстрэмісцкія” спісы, расце колькасць выпадкаў “спецвытворчасці” у дачыненні да тых хто знаходзіццаза межамі краіны”, — адзначае ён.

    Андрэй Бастунец таксама падкрэслівае, што ў гэты складаны перыяд журналісты працягваюць выконваць свае прафесійныя абавязкі, у іх проста няма іншага выйсця, як вытрымаць гэты ўдар.

    “Наступны год стане паказальным, наколькі медыясектар будзе ўстойлівым. Бо акрамя крымінальнага пераследу, яшчэ ёсць іспецыяльная вытворчасць, якая актыўна пачала ў апошні час выкарыстоўвацца. Акрамя гэтага існуюць праблемы з фінансаваннем, з уладкаваннем прадстаўнікоў СМІ, праблемы з бяспекай для тых, хто знаходзіцца ўнутры Беларусі.  У бліжэйшыя два гады будзе бачна наколькі мы ў стане супрацьстаяць гэтым выклікам. Але ацелася б спадзявацца, каб за гэтыя два гады сітуацыя змянілася такім чынам, каб мы маглі гэтыя праблемы вырашаць ужо ўнутры краіны,» — выказвае спадзяванне на лепшае Андрэй Бастунец.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці