• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    БАЖ і Прэс-клуб Беларусь заклікаюць польскія ўлады захаваць беларускі тэлеканал «Белсат»

    Найбуйнейшыя арганізацыі беларускага медыясектара, Беларуская асацыяцыя журналістаў і Прэс-клуб Беларусь, звярнуліся да ўладаў Польшчы з заклікам захаваць беларускі тэлеканал «Белсат».

    Шаноўны Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск,

    Шаноўны Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі,

     

    Мы, прадстаўнікі дзвюх найбуйнейшых арганізацый беларускага медыясектара, Беларуская асацыяцыя журналістаў і Прэс-клуб Беларусь, удзячныя за ўсё, што Польшча рабіла і робіць для падтрымкі дэмакратычнага руху ў Беларусі і захавання беларускай ідэнтычнасці. Гэта красамоўнае сведчанне салідарнасці Польшчы з дэмакратычным рухам Беларусі, з народам Беларусі.

    Цягам доўгіх гадоў вольныя беларусы ўспрымаюць польскую дзяржаву як вялікага сябра беларускага народа на міжнароднай арэне. Гэта дазволіла стварыць арганізацыйную медыйную структуру, якую журналісты, што працуюць у краіне і за мяжой, напоўнілі важным для Беларусі і беларусаў зместам.

    Дзякуючы падтрымцы Польшчы беларусы сёння маюць свой незалежны тэлеканал «Белсат» — правобраз грамадскага тэлебачання новай Беларусі, а таксама ўнікальную моцную каманду тэлевізійных прафесіяналаў.

    Мы вельмі занепакоены тым, што ў выніку змен, якія праводзяцца на тэлеканале, цяперашні «Белсат» ператворыцца ў адну з трох моўных адзінак, што будуць весці трансляцыю па чарзе на адным канале. Такім чынам беларусы ўнутры краіны могуць згубіць адзінае тэлебачанне на роднай мове, якое сёння маюць магчымасць уключыць у любы момант, каб пачуць і пабачыць навіны, якіх яны больш нідзе не атрымаюць. У той жа час украінцы і расіяне маюць доступ да розных крыніцаў незалежнага тэлебачання. У беларусаў ёсць толькі «Белсат».

    У выніку беларусы могуць аказацца ў яшчэ большай пастцы расейскай прапаганды і аддаляцца ад Еўрапейскага звязу. Мы хвалюемся, што 17-гадовая праца «Белсата» і высілкі польскай дзяржавы па дэкаланізацыі беларусаў будуць страчаныя ў цяжкі для Беларусі і свету час. Тым больш што ва ўмовах вайны Расеі супраць Украіны і павелічэння інфармацыйных уздзеянняў з боку крамлёўскіх сіл «Белсат» застаецца важным фарпостам для бяспекі Польшчы і ўсёй Еўропы.

    Мы бачым, што прадстаўнікі рэжыму ўжо выкарыстоўваюць гэтую нагоду для дэматывацыі беларусаў, павелічэння разрыву паміж беларускім грамадствам і грамадствам Польшчы і Еўропы, страты надзеі на далучэнне Беларусі да дэмакратычнага свету.

    Таксама нашу вялікую занепакоенасць выклікае лёс супрацоўнікаў тэлеканала — 17 з каторых ужо заплацілі свабодай і маёмасцю і цяпер застаюцца ў беларускіх турмах.

    А таксама тых, якія праз сваю прафесійную працу вымушаныя былі выехаць з Беларусі з прычыны пагрозы крымінальнага пераследу і магчымага доўгатэрміновага зняволення.

    Мы, незалежныя беларускія медыяарганізацыі, спадзяемся, што высілкі Польшчы, якая ў свой час дала пляцоўку для выказвання беларусам у краіне і за яе межамі, не будуць змарнаваныя. І тэлеканал «Белсат» працягне сваю працу на карысць беларускага грамадства і дэмакратычнай Еўропы.

     

    З павагай,

    Беларуская асацыяцыя журналістаў

    Прэс-клуб Беларусь

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці