RSF: Беларусь на чацвёртым месцы ў свеце па колькасці журналістаў за кратамі
Выйшаў штогадовы агляд «Рэпарцёраў без межаў» (RSF): у 2024 годзе журналістыка плаціць непамерна высокую чалавечую цану ў канфліктах і рэпрэсіўных рэжымах. Спампаваць PDF.
550 журналістаў зараз знаходзяцца ў зняволенні ва ўсім свеце, што на 7% больш, чым у мінулым годзе. Згодна з даследаваннем «Рэпарцёраў без межаў» у чатырох краінах утрымліваюць амаль палову ўсіх затрыманых журналістаў у свеце.
У гэты чорны спіс трапіла Беларусь. Яна знаходзіцца на чацвёртым месцы ў свеце па колькасці журналістаў за кратамі.
У дадзеным ганебным пераліку Беларусь адстае ўсяго ад трох краін: у Кітаі у турмах сядзяць 124 медыйшчыкі (у тым ліку 11 у Ганконгу), у М’янме — 61, ў Ізраілі — 41.
«Турэмнае зняволенне з’яўляецца прыладай падаўлення журналістыкі. Гэты гвалт, які часта здзяйсняецца ўрадамі і ўзброенымі групамі абсалютна беспакарана, патрабуе неадкладнага рэагавання», — упэўненыя складальнікі агляду. RSF заклікае прыняць тэрміновыя меры па абароне журналістаў і журналістыкі.
Амаль 100 журналістаў па-ранейшаму лічацца прапаўшымі без вестак у 34 краінах свету. Больш за чвэрць гэтых медыйшчыкаў зніклі за апошнія 10 гадоў.
45% прапаўшых журналістаў з’яўляюцца ахвярамі гвалтоўных знікненняў. Знікненні часта прыпісваюць аўтарытарным або нядбайным урадам, што падкрэслівае тэрміновую неабходнасць барацьбы з беспакаранасцю і ўзмацнення абароны журналістаў.
RSF заклікае ўсе краіны ратыфікаваць Міжнародную канвенцыю для абароны ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў, якая была прынята Генеральнай Асамблеяй ААН у 2006 годзе, але налічвае толькі 75 ратыфікацый на сённяшні дзень.