Брэсцкая філія прыняла новых сябраў БАЖ і вылучыла дэлегатаў на з’езд
Вырашэнне арганізацыйных пытанняў стала галоўнай тэмай сходу Брэсцкай філіі ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, які адбыўся 1 сакавіка.
Спачатку былі разгледжаныя заявы тых, хто паводле асабістых прычын, вырашыў спыніць свой удзел у працы грамадскага аб’яднання (шэрагі ГА “БАЖ” пакінулі чатыры чалавекі). Пасля гэтага на сходзе абмеркавалі заявы жадаючых стаць сябрамі арганізацыі.
Дэлегатамі на красавіцкі з’езд ГА “БАЖ” ад брэсцкай філіі абраныя Іна Хоміч, Ірына Кармазіна, Аксана Бровач і Павел Дайлід. Таксама возьме ўдзел у з’ездзе і кіраўнік філіі Максім Хлябец.
Што тычыцца мерапрыемстваў, які маюць намер зладзіць брэсцкія бажаўцы ў бліжэйшы час, то прапановаў было шмат. У прывастнасці, прысутныя на сходзе агучылі ідэю правядзення прэс-тура на байдарках з магчымым перасячэннем мяжы (калі атрымаецца дамовіцца з адпаведнымі службамі) альбо па рацэ Лясной. Яшчэ адзін верагодны прэс-тур прапанавана зрабіць на роварах і прысвяціць наведванню гістарычных мясцін.
Сябры брэсцкай філіі ГА “БАЖ” бачаць патрэбу ў арганізацыі “круглага стала” з удзелам запрошаных экспертаў наконт журналісцкай этыкі; семінара-трэнінгу па пастаноўцы голасу і правільнага маўлення; трэнінгу па SMM; адмысловай сустрэчы, якая б тычылася юрыдычных пытанняў, што хвалююць сябраў арганізацыі.
У якасці перспектыўных мерапрыемстваў, якія варта было б правесці, таксама згадваліся “медыясаміт” (у выглядзе інтэнсіўных заняткаў з удзелам спецыялістаў па розных накірунках) і псіхалагічны трэнінг на ўмоўную тэму “Як пераадольваць стрэс і не страціць апошнія нервы падчас камунікацыі з упартымі чыноўнікамі”.
На сходзе былі агучаныя ідэі вяртання да “Эстафеты добрых спраў”. Яе можна працянуць альбо наведваннем дома-інтэрната ў Брэсцкім раёне, альбо далучэннем да сусветнага фітнэс-флэшмоба, распачатага ў Скандынавіі, – калі людзі выходзяць на прабежку і адначасова збіраюць смецце.
У бліжэйшых планах брэсцкіх сябраў ГА “БАЖ” – правядзенне ў сакавіку майстар-класа з удзелам фатографа Сяргея Лескеця, які працуе над уласнымі праектамі і актыўна супрацоўнічае з замежнымі СМІ.