CPJ: Беларусь названая галоўным турэмшчыкам журналістаў у Еўропе другі год запар
Камітэт абароны журналістаў (CPJ) назваў пяцёрку «лідэраў» па пераследу незалежных журналістаў: Кітай, Ізраіль, М’янма, Беларусь і Расія. У 2024 годзе CPJ зафіксаваў павелічэнне колькасці зняволеных журналістаў: на 1 студзеня 2024 года ў свеце за кратамі знаходзіліся не менш за 361 супрацоўніка медыя. Папярэдні, 2023 год, Беларусь завяршыла на трэцім месцы з 28 зняволенымі медыйшчыкамі.
У 2024 годзе колькасць зняволеных журналістаў павялічылася мінімум на сотню. Галоўнымі прычынамі сталі рэпрэсіі аўтарытарных рэжымаў (Кітай, М’янма, В’етнам, Беларусь, Расія), войны (Ізраіль, Расія) і палітычная ці эканамічная нестабільнасць (Егіпет, Нікарагуа, Бангладэш).
CPJ канстатуе, што ўсе турэмшчыкі дзейнічаюць па аднолькавым сцэнары.
Крыміналізацыя журналістыкі
Камітэт абароны журналістаў канстатуе крыміналізацыю прафесіі: больш за 60% журналістаў, якія прынялі ўдзел у перапісу-2024, ці 228 чалавек, знаходзяцца за кратамі паводле цэлага шэрагу антыдзяржаўных законаў, якія выкарыстоўваюцца для падаўлення іншадумства.
Агульныя расплывістыя абвінавачанні і прысуды за «тэрарызм» ці «экстрэмізм» складаюць львіную долю падобных спраў у М’янме, Расіі, Беларусі, Таджыкістане, Эпіопіі, Егіпце, Венесуэле, Турцыі, Індыі і Бахрэйне.
«Папулярнымі» ў аўтарытарных рэжымах таксама з’яўляюцца абвінавачанні ў падбухторванні, паклёпе і распаўсюджванні хлуслівых навін.
Галоўныя ворагі лукашэнкаўскага рэжыму
Камітэт абароны журналістаў прывёў лічбы, што па стане на 1 снежня 2024 года ў беларускіх турмах знаходзіліся 31 супрацоўнік медыя.
Па падліках БАЖ, на сёння за кратамі знаходзяцца 42 медыйшчыкі.
Беларусь другі год запар называецца самым страшным турэмшчыкам ў Еўропе і Цэнтральнай Азіі. Нягледзячы на некалькі хваляў «памілаванняў», пад якія патрапілі тры супрацоўнікі медыяў, беларускі рэжым толькі ўзмацняе пераслед незалежных журналістаў за прафесійную працу, якую рэжым лічыць «экстрэмісцкай».
Пяцёра беларускіх журналістаў, арыштаваных пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, асуджаныя больш чым на 10 гадоў.
Рэжым Лукашэнкі пераследуе журналістаў нават за межамі краіны, узбуджаючы крымінальныя справы і праводзячы вобшукі ў сваякоў журналістаў. Таксама беларускі рэжым задзейнічае механізм Інтэрполу для палітычнага пераследу: рэжысёр і журналіст Андрэй Гнёт правёў год у сербскай турме, пакуль беларускія ўлады дабіваліся ягонай экстрадацыі па падатковых абвінавачаннях.
Цалкам прачытаць даклад можна тут.