• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Электронны бюлетэнь «СМІ ў Беларусі» №3 (73)

    Май-ліпень 2023 года. Спампаваць PDF

    Праз тры гады пасля выбараў

    ЗМЕСТ

    СТАНОВІШЧА Ў ГАЛІНЕ СМІ Ў МАІ — ЛІПЕНІ 2023 года (АГЛЯД)

    АСНОЎНЫЯ ПАДЗЕІ Ў СФЕРЫ СМІ Ў МАІ — ЛІПЕНІ 2023 года

    Змяненне закона, які рэгулюе дзейнасць СМІ

    Крымінальны пераслед журналістаў

    Іншы ціск на журналістаў і медыя

    Выкарыстанне антыэкстрэмісцкага заканадаўства для абмежавання свабоды выказвання і доступу да інфармацыі

    Падзеі ў дзяржаўным медыясектары

    РЭЙТЫНГІ, ІНДЭКСЫ, СТАТЫСТЫКА

    СТАНОВІШЧА Ў ГАЛІНЕ СМІ Ў МАІ — ЛІПЕНІ 2023 года (АГЛЯД)

    Нягледзячы на тое, што прайшло тры гады пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і падаўлення масавых пратэстаў, рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці і медыя ў краіне не зменшыліся.

    Гэта ж пацвярджае Індэкс свабоды прэсы, які 3 мая быў апублікаваны «Рэпарцёрамі без межаў». За год Беларусь апусцілася на чатыры пазіцыі і знаходзіцца цяпер на 157‑м месцы са 180.

    Чарговы раз (другі раз за два гады) ў закон «Аб сродках масавай інфармацыі» былі ўнесеныя нормы рэпрэсіўнага характару.

    Працягваўся крымінальны пераслед журналістаў. Колькасць медыяспецыялістаў у зняволенні на канец ліпеня павялічылася да 36 асоб.

    Шэраг выданняў падвяргаліся цэнзурным абмежаванням — аж да фактычнага спынення іх дзейнасці.

    Пераслед за распаўсюд інфармацыі ўлады абгрунтоўвалі барацьбой з экстрэмізмам: незалежныя медыя прызнаваліся экстрэмісцкімі фармаваннямі, што азначае крымінальны пераслед за любое ўзаемадзеянне з імі, а іх кантэнт — экстрэмісцкімі матэрыяламі.

    Незалежныя медыя і грамадзянская супольнасць адказвалі на ціск і рэпрэсіі салідарнасцю і ўзаемадапамогай. Так, Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) арганізавала Марафон салідарнасці са зняволенымі журналістамі, а таксама прыняла ўдзел у дабрачынным анлайн-марафоне ў падтрымку палітвязняў «Нам не ўсё адно!», які праводзіўся ўплывовымі незалежнымі медыя і блогерамі. Падчас гэтай кампаніі арганізатарамі былі сабраныя больш за 574 тысячы еўра.

    Змяненне закона, які рэгулюе дзейнасць СМІ

    1 ліпеня Аляксандр Лукашэнка ўхваліў змены ў закон № 274–3 «Аб сродках масавай інфармацыі» (уступаюць у сілу праз тры месяцы), якія яшчэ больш абмяжоўваюць дзейнасць прэсы і быццам неабходныя для «адэкватнага рэагавання на дэструктыўныя працэсы ў медыяпрасторы». У прыватнасці:

    - Устаноўлена магчымасць прымянення мер у адказ у дачыненні да замежных СМІ: Міністэрства інфармацыі атрымала права забараняць у Беларусі дзейнасць замежных СМІ і іх журналістаў на падставе інфармацыі Міністэрства замежных спраў, уключаючы забарону на распаўсюд кантэнту гэтых СМІ праз іншыя СМІ і інтэрнэт;

    - у закон з адпаведнага ўказа перанесеныя патрабаванні да навінавых агрэгатараў; сярод іншага прадугледжваецца магчымасць іх блакіроўкі за распаўсюд кантэнту заблакаваных інтэрнэт-рэсурсаў;

    - пашыраны пералік падстаў для анулявання пасведчання аб рэгістрацыі СМІ і абмежавання доступу да інтэрнэт-рэсурсу, сеткавага выдання, агрэгатара навін; сярод гэтых падстаў — размяшчэнне прадукцыі незарэгістраваных тэлевізійных і радыёвяшчальных сродкаў масавай інфармацыі;

    - рашэнні аб абмежаванні доступу да інфармацыйных сайтаў могуць прымацца на працягу шасці месяцаў з дня ўзнікнення падстаў; у іх можа ўказвацца тэрмін, на працягу якога немагчыма аднаўленне доступу.

    Крымінальны пераслед журналістаў

    Па крымінальных справах вынесена 4 прысуды — журналісты атрымалі ад чатырох да сямі гадоў пазбаўлення волі. 

    30 мая Гомельскі абласны суд агучыў прысуд журналісту і краязнаўцу Яўгену Меркісу — 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму на падставе артыкула 361–4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), а таксама артыкула 361–1 (удзел у экстрэмісцкім фармаванні). Дакладныя абставіны справы невядомыя, бо суд праходзіў у закрытым рэжыме.

    21 чэрвеня да сямі гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму асудзілі Андрэя Фаміна, які прызнаў, што быў рэдактарам і аўтарам артыкулаў для сеткі пратэсных газет «Веснікі», якія выдаюцца і распаўсюджваюцца актывістамі лакальных ініцыятыў. Яго абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: 361 (заклікі да санкцый), 342 (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і 361–1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання).

    Журналіст Павел Падабед з Мінска, які супрацоўнічаў з шэрагам незалежных СМІ, быў абвінавачаны ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні (артыкул 361–1 Крымінальнага кодэкса). 30 чэрвеня 2023 года Мінскі гарадскі суд пакараў яго пазбаўленнем волі на 4 гады з адбываннем у калоніі агульнага рэжыму.

    26 ліпеня Гродзенскі абласны суд прыгаварыў журналіста Паўла Мажэйку да 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму (і разам з ім адвакатку Юлію Юргілевіч — да 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму). Іх прызналі вінаватымі ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, здзейсненым паўторна (артыкул 361–4 Крымінальнага кодэкса). Суд палічыў, што Мажэйка перадаў для размяшчэння на сайце тэлеканала «Белсат» атрыманую ад Юргілевіч інфармацыю пра тое, што яна сыходзіць з адвакатуры і пра прысуд мастаку Алесю Пушкіну.

    Былі распачатыя новыя крымінальныя справы супраць затрыманай 6 чэрвеня жонкі віцебскага відэааператара Вячаслава Лазарава (ён ужо знаходзіўся пад вартай) Таццяны Пыцько і затрыманага 17 ліпеня ў Мінску журналіста-фрылансера Ігара Карнея. Таццяне Пыцько прад’явілі абвінавачанне паводле артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім) з прычыны меркаванага супрацоўніцтва з тэлеканалам «Белсат». Дачку Таццяны і Вячаслава, якой на момант затрымання споўніўся год і адзін месяц, аддалі пад апеку дзяржавы і накіравалі на ўтрыманне ў дзіцячую лякарню.

    У чым абвінавачваюць Ігара Карнея, які быў змешчаны ў СІЗА, невядома, бо яго адвакат знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні абставін справы.

    3 мая быў вынесены прысуд па гучнай крымінальнай справе вядомых блогераў — рэдактараў Telegram-каналаў Nex­ta і «Беларусь галаўнога мозгу». Суд палічыў, што цягам электаральнай кампаніі 2020 года абвінавачаныя Сцяпан Пуціла, Ян Рудзік і Раман Пратасевіч мелі непасрэднае дачыненне да арганізацыі масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся падпаламі, пагромамі, блакаваннем работы транспарту, а таксама наўмысным распальваннем сацыяльнай варожасці і заклікамі ўчыняць тэрарыстычныя акты. Паколькі згаданыя інтэрнэт-рэсурсы ўлады прызналі «экстрэмісцкімі фармаваннямі», кіраўніцтва імі пацягнула дадатковую адказнасць. Сцяпан Пуціла быў асуджаны да 20 гадоў пазбаўлення волі, Ян Рудзік — да 19 гадоў (абодва — завочна, бо знаходяцца за межамі Беларусі). Адзіны прысутны на судзе абвінавачаны Раман Пратасевіч быў асуджаны на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 

    Іншы ціск на журналістаў і медыя

    На працягу мая — ліпеня ў Беларусі былі зафіксаваныя 12 затрыманняў. Журналісты падвяргаліся прыцягненню да адміністрацыйнай адказнасці ў форме арыштаў (6) і штрафаў (5), іншым відам ціску.

    Так, увечары 23 мая ў кватэру да гомельскага журналіста Анатоля Гатоўчыца прыйшлі двое міліцыянтаў, каб пацікавіцца, ці падпісаны ён на экстрэмісцкія Telegram-каналы. Пачынаючы з 2020 года, гэта быў ужо шосты візіт міліцыі да Гатоўчыца, чатыры з іх суправаджаліся вобшукам і выняццем тэхнікі.

    Журналісты, асуджаныя да пазбаўлення волі, падвяргаліся ціску і негуманнаму абыходжанню ў калоніях.

    7 мая ў віцебскай калоніі № 3 памёр 61-гадовы блогер з Пінска Мікалай Клімовіч, напрыканцы лютага пакараны пазбаўленнем волі на адзін год па абвінавачанні ў «абразе прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Ён меў сур’ёзнае сардэчнае захворванне, пра што было вядома суду.

    Блогера Уладзіміра Цыгановіча, які знаходзіцца ў зняволенні ўжо амаль тры гады, абвінавацілі паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса нібыта за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі» і асудзілі яшчэ на адзін год калоніі ў дадатак да 15 прысуджаных раней.

    18 ліпеня стала вядома, што журналіст Дзяніс Івашын, згодна з рашэннем суда, быў пераведзены з калоніі на строгі турэмны рэжым. Ні пра сам судовы працэс, ні пра яго абставіны не ведалі ні родныя, ні адвакат журналіста.

    9 чэрвеня ў Светлагорску прадстаўнікі ГУБАЗіКа затрымалі дзевяць супрацоўнікаў прыватнай рэгіянальнай тэлерадыёкампаніі «Ранак», якая публікавала навіны, выдавала газету «Ранак-плюс» і займалася рэкламай. На затрыманых склалі пратаколы за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. 12 чэрвеня суд прызначыў мужчынам адміністрацыйны арышт (да 7 сутак), а жанчынам — штрафы. Афіцыйнай прычынай адміністрацыйнага пераследу назвалі падпіскі на мясцовую групу ў сацсетцы «Одноклассники», аднак, найбольш верагодна, што сапраўдным матывам стала асвятленне тэлекампаніяй аварыі на заводзе Светлагорскага цэлюлозна-картоннага камбіната, якая здарылася 7 чэрвеня і ў выніку якой загінулі трое работнікаў завода. Услед за арыштамі супрацоўнікаў «Ранка» Міністэрства інфармацыі заблакавала доступ да сайта тэлеканала, а 4 ліпеня ён быў прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Адбыўся фактычна разгром чарговага незалежнага медыя, якое праіснавала дваццаць гадоў.

    Медыя, якія працягвалі дзейнічаць у Беларусі, падвяргаліся цэнзуры і іншым абмежаванням. Так, паводле рашэння Мінінфарма быў заблакаваны доступ да рэгіянальных анлайн-медыя: Іntex-press.by, newgrodno.by, brestnote.by, а таксама сайта навін ІТ-індустрыі Dev.by і спартыўнага выдання «Прессбол».

    Аналагічнае рашэнне гэтае ведамства прыняло адносна найбуйнейшай інтэрнэт-бібліятэкі беларускай літаратуры Kamunikat.org.

    Міністэрства інфармацыі вынесла папярэджанні віцебскаму тэлеканалу «Наше ТВ», заснавальнікам тэлепраграм «БелМузТВ» і «Europa Plus TV». У прапагандысцкіх Telegram-каналах паведамлялася, што ў апошнім выпадку тэлеканал «пакаралі» за з’яўленне ў эфіры Ларысы Грыбалёвай, якая раней патрапіла ў негалосны спіс 80 «забароненых» выканаўцаў — беларускіх дзеячаў культуры, якія выступілі супраць гвалту ў 2020 годзе.

    16 чэрвеня Міністэрства інфармацыі анулявала пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі газеты «Народная воля» ў сувязі з тым, што яе друкаваная версія не выходзіла на працягу шасці месяцаў запар (праз немагчымасць друкавацца ні ў Беларусі, ні ў Расіі).

    Выкарыстанне антыэкстрэмісцкага заканадаўства для абмежавання свабоды выказвання і доступу да інфармацыі

    Актыўна працягвалася практыка прызнання незалежных медыярэсурсаў «экстрэмісцкімі фармаваннямі». За тры месяцы ў гэты пералік дадалі праект блогера-пранкера Андрэя Павука «Рудабельская паказуха», інфармацыйны партал MOST і яго старонкі ў сацсетках разам з іншымі праектамі і асабістымі акаўнтамі ў сацсетках гродзенскага журналіста Руслана Кулевіча, сайт і інтэрнэт-пляцоўкі інфармацыйнага рэсурсу «Зеркало». Новай з’явай стала з’яўленне сярод экстрэмісцкіх фармаванняў замежнага медыя — гэта Telegram, YouTube і Tik­Tok старонкі, якія вядзе папулярны ўкраінскі блогер Аляксандр Рыкаў (Bal­aganOff). У сваіх відэа ён надае немалую ўвагу беларускай тэматыцы.

    Пастаянна папаўняўся пералік «экстрэмісцкіх матэрыялаў» за кошт незалежных інтэрнэт-рэсурсаў і іх акаўнтаў у сацыяльных сетках (інтэрнэт-выданне «Наша Ніва», «Радыё Ўнэт», газета «Салідарнасць» і інш.).

    Міністэрства інфармацыі таксама ўнесла сайт БАЖ, яго сацсеткі і лагатып у спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў паводле заявы пракуратуры Мінска па наступных прычынах:

    «Сябры названага аб’яднання на рэгулярнай аснове публікавалі дэструктыўныя матэрыялы на ўласным сайце і іншых рэсурсах у сетцы Інтэрнэт, у ліку якіх — акаўнты ў сацыяльных сетках Insta­gram, Face­book і Twit­ter, месенджары Telegram. Названыя рэсурсы мэтанакіравана садзейнічалі фармаванню крыніц пагроз нацыянальнай бяспецы, распальванню сацыяльнай варожасці і варажнечы праз распаўсюд недакладнай альбо наўмысна скажонай інфармацыі».

    Расійскае нагляднае ведамства «Роскомнадзор» забараніла доступ да шэрагу расійскіх, беларускіх і ўкраінскіх сайтаў на падставе ваеннай цэнзуры — сярод іх аказаліся сайты Беларускай асацыяцыі журналістаў і гомельскага навінавага рэсурсу «Флагшток».

    Шэраг асуджаных да зняволення журналістаў Міністэрства ўнутраных спраў уключыла ў спіс грамадзян, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці». У пераліку — спартыўны менеджар Дзмітрый Навоша, Дзмітрый Семчанка, Андрэй Пачобут, Генадзь Мажэйка.

    Камітэт дзяржаўнай бяспекі, у сваю чаргу, абнавіў спіс асоб, «якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці», уключыўшы туды зняволеных журналіста Генадзя Мажэйку і дырэктара газеты «Белорусы и рынок» Канстанціна Залатых.

    Ад пачатку 2023 года адзначаўся рэзкі рост колькасці выпадкаў прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» (артыкул 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях): за першае паўгоддзе яна ўзрасла ў 1,7 раза ў параўнанні з аналагічным перыядам 2022 года (721 справа супраць 1274 спраў). Паводле ацэнак праваабаронцаў, пасля масавага пераследу за ўдзел у акцыях пратэсту 2020 года колькасць звязаных з ім адміністрацыйных спраў значна знізілася, у сувязі з чым сумна вядомы тытул «народнага» артыкула перайшоў да артыкула аб «экстрэмісцкіх матэрыялах». Паколькі «забароненымі» сталі практычна ўсе вядучыя інфармацыйныя рэсурсы без уліку даўнасці публікацыі, практычна кожнага чалавека можна прыцягнуць да адказнасці па артыкуле 19.11 КаАП.

    Падзеі ў дзяржаўным медыясектары

    Працягваліся «чысткі» сярод работнікаў дзяржаўных СМІ. 5 мая наўпрост на працоўных месцах затрымалі супрацоўнікаў радыё «Гомель плюс»: галоўнага рэдактара Сяргея Краснабарода, радыёвядоўцаў Жанну Мініну і Настассю Грыцэнка, гукарэжысёра Арцёма Васількова. Іх пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі да 15 сутак за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў (артыкул 19.11 КаАП).

    Пісьменніцу і журналістку газеты «Літаратура і мастацтва» Яну Цэглу на пачатку чэрвеня звольнілі з працы з матывіроўкай «за прагулы» — так кіраўніцтва рэдакцыі трактавала два месяцы, якія яна правяла ў СІЗА да суда (яе асудзілі на два гады «хатняй хіміі» за ўдзел у пратэстах паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса). Паколькі ў газеце Яна Цэгла працавала па размеркаванні пасля ўніверсітэта, то цяпер павінна выплаціць дзяржаве больш за 3,5 тысячы рублёў за атрыманне адукацыі.

    РЭЙТЫНГІ, ІНДЭКСЫ, СТАТЫСТЫКА

    Арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» апублікавала Індэкс свабоды прэсы-2023, у ім ацэньваюцца ўмовы для працы журналістаў у 180 краінах. Беларусь у рэйтынгу апусцілася на чатыры пазіцыі ў параўнанні з мінулым годам і знаходзіцца цяпер на 157‑м месцы са 180. Яна аказалася сярод 31 краіны, стан свабоды прэсы ў якіх ацэньваецца як «вельмі дрэнны» — паміж Палестынай і Нікарагуа. Складальнікі Індэкса адзначаюць негатыўнае ўздзеянне вайны ва Украіне на свабоду медыя, якая спрыяла «зачыстцы» медыяландшафту ў Расіі і Беларусі на працягу 2022 года.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Рэпрэсіі супраць журналістаў і медыя ў 2024 годзе, спіс зняволеных

    У табліцы сабраныя ўсе вядомыя нам выпадкі, у якіх Беларуская асацыяцыя журналістаў бачыць парушэнне правоў журналістаў у сувязі з іх прафесійнай дзейнасцю. Можаце дапоўніць? Напішыце нам на office@baj.media! Коллеги в тюрьмах. Адреса для писем, бандеролей и переводов
    05.11.2024

    Экстремизм и медиа. Аналитика БАЖ

    29.12.2023
    Акцэнты

    Доклад БАЖ: Беларусь 2022–2023. Права человека. Гражданское общество. Медиа

    2 ноября по инициативе ООН отмечается Международный день прекращения безнаказанности за преступления против журналистов. Этот день был актуальным для Беларуси даже до событий 2020-го — ведь начиная с 1994 года преступления в отношении журналистов в стране часто оставались без должного внимания правосудия. Таким же актуальным остается этот день и сейчас. Дмитрий Завадский, Вероника Черкасова... Их имена — лишь часть длинного списка журналистов, подвергшихся нападениям и избиениям. С 2020 года ситуация обострилась: действия властей можно охарактеризовать как террор против представителей медиасферы. Белорусская ассоциация журналистов публикует в этот день доклад «Беларусь 2022-2023: Права человека. Гражданское общество. Медиа», который содержит подробный обзор случаев давления на гражданское общество и медийное пространство. Скачать PDF
    01.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці