• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Электронны бюлетэнь «СМІ ў Беларусі» №3 (77) 2024

    Беларускія СМІ ў маі-жніўні 2024 года. Агляд. Спампаваць PDF

    У перыяд з мая па жнівень 2024 года ў Беларусі працягваліся пераслед журналістаў і блогераў і цэнзура сродкаў масавай інфармацыі. У прыватнасці: 

    • Актывізаваўся ціск на супрацоўнікаў незалежных медыяпраектаў, што знаходзяцца за межамі Беларусі; іх сваякі ў Беларусі падвяргаліся ціску і запалохванню.
    • Працягваўся крымінальны пераслед журналістаў як унутры краіны, так і тых, хто з’ехаў за мяжу. Завочныя суды (у парадку так званай спецыяльнай вытворчасці) над журналістамі і блогерамі, якія знаходзяцца па-за межамі краіны, набылі рэгулярны характар. На працягу мая-жніўня былі вынесеныя прысуды ў дачыненні да 9 журналістаў (да 4 з іх — завочна).
    • 33 медыясупрацоўнікі заставаліся за кратамі ў Беларусі. Былі вызваленыя ў выніку памілавання асуджаныя журналісты Ксенія Луцкіна, Дзмітрый Лукша і яго жонка Паліна Палавінка. 
    • Працягвалася выкарыстанне заканадаўства аб барацьбе з экстрэмізмам для абмежавання доступу да незалежных крыніц інфармацыі. У Беларусі працягваліся затрыманні за любую форму супрацоўніцтва з «экстрэмісцкімі» незалежнымі СМІ.
    • Дзяржаўныя СМІ Беларусі, з’яўляючыся сродкамі дзяржаўнай прапаганды, абыходзілі накладзеныя на іх санкцыі, у прыватнасці, парушаючы правілы трансляцыі спартыўных спаборніцтваў.

    Журналісты, якія працуюць у выгнанні, масава станавіліся фігурантамі крымінальных спраў.

    Так, 2 ліпеня ў Мінскім абласным судзе агучаныя прысуды па справе «аналітыкаў Ціханоўскай»: у парадку спецыяльнай вытворчасці былі вынесены прысуды 20 асобам, якіх Міністэрства ўнутраных спраў прызнала экстрэмісцкім фарміраваннем пад назвай «Аналітыкі Святланы Ціханоўскай». У іх ліку аказаліся журналісты беларускіх незалежных медыяў Юры Дракахруст і Ганна Любакова, яны завочна атрымалі па 10 гадоў зняволення.

    2 жніўня быў абвешчаны завочны прысуд Алесю Кіркевічу. Яго прызналі вінаватым у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці на падставе артыкула 361–4 Крымінальнага кодэкса і прыгаварылі да пазбаўлення волі на 7 гадоў, а таксама прызначылі штраф памерам 24 000 рублёў.

    Справу журналіста Уладзіміра Хільмановіча ў парадку спецвытворчасці разглядаў Гродзенскі абласны суд. Журналіст быў абвінавачаны ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці і ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні (артыкулы 361–4 і 361–1 Крымінальнага кодэкса). 19 жніўня Хільмановічу было завочна прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 5 гадоў з адбыццём ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу памерам 40 000 рублёў.

    Стала вядома пра ўзбуджэнне шэрагу крымінальных спраў у дачыненні да журналістаў, якія знаходзяцца за мяжой: намесніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага, Змітра Казакевіча, Ірыны Чарняўка, Змітра Лупача, Ігара Казмерчака, Змітра Панкаўца, заснавальніка і кіраўніка Беларускага расследавальніцкага цэнтра (БРЦ) Станіслава Івашкевіча і аўтара яго відэапраграм Сяргея Чалага, а таксама траіх былых супрацоўнікаў БРЦ, а цяпер журналістаў «Бюро Медыя» Аляксандра Ярашэвіча, Аляксея Карпекі, Вольгі Альхіменка і іншых.

    Працягваўся завочны крымінальны пераслед блогераў. Так, Андрэя Павука і Вольгу Павук прызналі кіраўнікамі «экстрэмісцкага фарміравання» — аўтарскага праекта «Рудабельская паказуха». Ім прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 12 гадоў (ва ўмовах узмоцненага рэжыму) і 8 гадоў адпаведна, а таксама буйныя штрафы. Таксама за ўдзел у гэтым праекце былі асуджаныя да зняволення оперная спявачка Маргарыта Ляўчук, блогер Ілля Салянкоў і музыка Уладзіслаў Наважылаў.

    Супраць блогера Антона Матолькі ў Беларусі распачалі крымінальную справу на падставе 13 артыкулаў. Стваральніка Telegram-канала «Беларускі Гаюн», а раней блогера-урбаніста абвінавацілі сярод іншага ў спробе захопу ўлады, экстрэмізме і здрадзе дзяржаве. 

    Рэжысёр і журналіст Андрэй Гнёт, які супрацоўнічаў з SOS.by, прызнананым «экстрэмісцкім фарміраваннем», знаходзіцца пад пагрозай экстрадыцыі ў Беларусь на падставе рашэння Вышэйшага суда Сербіі ад 13 чэрвеня (Гнёт быў затрыманы памежнай службай Сербіі, бо знаходзіўся ў міжнародным вышуку на запыт беларускага бюро Інтэрпола). 

    У Беларусі адбыліся 4 затрыманні журналістаў, 3 чалавекі былі пакараныя адміністрацыйнымі арыштамі.

    Ціск на журналістаў, якія вымушана з’ехалі з Беларусі і працягваюць працаваць з‑за мяжы, ажыццяўляўся праз вобшукі ў межах завочных крымінальных спраў па месцы іх рэгістрацыі на радзіме, праз запалохванне сваякоў і пагрозы канфіскацыі маёмасці на карысць дзяржавы (у тым ліку жылля). Так, 16 мая пасля правядзення вобшуку ў кватэры віцебскага журналіста Змітра Казакевіча на яе быў накладзены арышт

    У перыяд, што разглядаем (галоўным чынам у чэрвені-ліпені), Беларуская асацыяцыя журналістаў зафіксавала 26 ператрусаў, з іх — 21 ператрус правялі ў калег, якія выехалі за мяжу і працягваюць працу ў медыя. У абсалютнай большасці выпадкаў сілавікі прыязджалі з пастановамі на ператрус па заведзеных на медыйшчыкаў крымінальных справах.

    Ладзілася цкаванне ў сродках прапаганды, у прыватнасці праз знявагі і паклёп, журналістаў-эмігрантаў. 23 ліпеня сілавікі паведамілі, што завялі крымінальныя справы ў дачыненні да дзвюх вядоўцаў Tik­Tok-канала выдання «Зеркало», і прымусілі іхніх бацькоў запісаць відэа са словамі асуджэння на адрас сваіх дзяцей.

    Чарговыя тры медыяпраекты былі прызнаныя экстрэмісцкімі фарміраваннямі — гэта Orsha.eu, Media IQ і «Обычное утро». Да таго ж экстрэмісцкімі фарміраваннямі абвешчаныя інтэрнэт-рэсурсы «Мы не Холопы», «Народны рэпарцёр» (праект экс-палітзняволеных блогераў Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна), а таксама сацсеткі блогера Алега Жалнова. 

    Шматлікія анлайн-крыніцы і публікацыі прызнаваліся экстрэмісцкімі матэрыяламі, найчасцей апазіцыйныя і медыйныя Insta­gram і Tik­Tok-акаўнты. Як і раней ажыццяўляўся адміністрацыйны пераслед за распаўсюд інфармацыі, прызнанай «экстрэмісцкай».

    Упершыню з’явілася інфармацыя пра ўзбуджэнне крымінальнай справы па абвінавачанні ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці за адзіны рэпост навіны з сайта «экстрэмісцкага фарміравання». Раней гэта зазвычай кваліфікавалася як адміністрацыйнае правапарушэнне. У ГУБАЗіК заявілі: «Хапіла адзінай перасылкі ў публічныя чаты навіны, раней апублікаванай экстрэмісцкім фарміраваннем, каб узбудзіць крымінальную справу па арт. 361–4 КК Беларусі. Цяпер такая правільная практыка будзе пастаўлена на паток, і падобныя наўмысныя дзеянні будуць строга карацца». 

    Асуджаныя да пазбаўлення волі журналісты Аляксандр Зянкоў, Ігар Карней, Алесь Марчанка, Алена Цімашчук, Аляксандр Кіркевіч (асуджаны завочна), а таксама блогер Аляксандр Ігнацюк унесеныя ў Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян альбо асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці. 

    Міністэрствам інфармацыі і іншымі дзяржаўнымі структурамі ажыццяўлялася абмежаванне доступу да «непажаданай» інфармацыі праз цэнзурныя абмежаванні.

    Мінінфарм абмежаваў доступ да сайтаў baranovichi24.by (з прычыны наяўнасці гіперспасылкі на «экстрэмісцкае» СМІ) і Katolik.life (без паведамлення прычын). Апошні яшчэ раней быў заблакаваны ў Расіі, верагодна, праз тое, што на ім закраналася тэма вайны ва Украіне.

    Дзяржаўны тэлеканал «Сталічнае тэлебачанне» (СТВ) падвергнуў цэнзуры трансляцыю чэмпіянату Еўропы па футболе, у апошні момант адмовіўшыся ад паказу ў Беларусі матчаў зборнай Украіны, якія ўжо былі ўключаныя ў праграму перадач. 

    Стаў недасяжным для наведнікаў архіў сайтa холдынгу «Культура і Мастацтва». Тут была сабраная ўся гісторыя беларускага мастацтва ад пачатку ХХІ стагоддзя, у тым ліку неафіцыйнага, але шмат якія героі публікацый апынуліся ў турме альбо ў эміграцыі і іх творчасць не адпавядае цяперашнім ідэалагічным устаноўкам. 

    25 чэрвеня ў адказ на блакіроўку Еўрасаюзам шэрагу расійскіх СМІ ў Расіі заблакавалі тэлеканал «Белсат» (сярод іншых замежных медыя). 

    Міністэрства інфармацыі дапоўніла пералік спартыўных спаборніцтваў, якія ў Беларусі можна паказваць без згоды праваўладальнікаў — гэта матчы Лігі нацый і таварыскія матчы з удзелам зборнай Беларусі па футболе. Іх дазволілі паказваць без згоды УЕФА. 

    5 жніўня Еўрасаюз увёў новыя санкцыі супраць беларускіх сілавікоў і прапагандыстаў, у санкцыйны пералік патрапілі генеральны дырэктар інфармацыйнага агенцтва БелТА Ірына Акуловіч, экс-кіраўнік прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі Дзмітрый Жук і вядоўца тэлепраграмы «Сенат» на канале «Сталічнае тэлебачанне» Мікіта Рачылоўскі. Міністэрства інфармацыі Беларусі ў адпаведнай заяве таго ж дня назвала гэтыя санкцыі «найгрубейшым парушэннем нормаў міжнароднага права». 

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці