RSF падае пазоў у Міжнародны крымінальны суд аб злачынствах Лукашэнкі супраць чалавечнасці
Пасля пяці гадоў беспрэцэдэнтных рэпрэсій Аляксандр Лукашэнка вылучае ў нядзелю 26 студзеня сваю кандыдатуру на сёмы прэзідэнцкі тэрмін. Арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» (RSF) падае пазоў у Міжнародны крымінальны суд (МКС) па абвінавачанні ў злачынствах супраць чалавечнасці: журналісты падвяргаюцца масавым пераследам з боку беларускага рэжыму.
«Чакаецца, што перадвыбарчы фарс без процівагі ў асобе СМІ пройдзе без сучка і задзірынкі і ў выніку будзе абвешчана пра перамогу дыктатара Лукашэнкі над чатырма марыянетачнымі кандыдатамі. Беларускі рэжым на працягу пяці гадоў планамерна пераследваў усе незалежныя галасы, пачынаючы з журналістаў.
З‑за абуральнай беспакаранасці, якой ён карыстаецца, RSF падае скаргу на злачынствы супраць чалавечнасці ў сувязі з пераследам журналістаў.
Мы заклікаем пракурора Карыма Хана правесці расследаванне і прыцягнуць да адказнасці вінаватых», — выказалася кіраўнік аддзела Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі RSF Жанна Кавелье.
RSF звяртае ўвагу мінжнароднага грамадства, што напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі дзяржаўныя СМІ краіны мабілізуюць намаганні, каб пераканаць людзей, што журналісты і незалежныя СМІ з’яўляюцца
«экстрэмістамі». Гэта робіцца ў адпаведнасці з рэпрэсіўным заканадаўствам, прынятым рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.
З 15 па 17 студзеня праўладны тэлеканал АНТ трансліраваў «інтэрв’ю» дзяржпрапагандыста з трыма зняволенымі журналістамі «Радыё Свабода» (беларуская служба амерыканскага СМІ «Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода», RFE/RL) – Ігарам Карнеем, Ігарам Лосікам і Андрэем Кузнечыкам. У выніку іх запалохвання і выкарыстанні мантажу, узнікае ўражанне, што яны публічна выказваюць шкадаванне з нагоды сваёй працы ў RFE/RL, якое падаецца як экстрэмісцкае СМІ, якое распаўсюджвае фэйкавыя навіны і падбухторвае да беспарадкаў і звяржэння ўрада.
Дзяржаўная палітыка
З моманту свайго перавыбрання, якое выклікае сумневы, на пасаду прэзідэнта Беларусі ў жніўні 2020 года, Аляксандр Лукашэнка стварыў сістэму шырокамаштабнага і сістэматычнага пераследу журналістаў з мэтай іх ліквідацыі. Іх віна ў тым, што яны адважыліся асвятляць беспрэцэдэнтныя мірныя дэманстрацыі з заклікамі да сумленных і празрыстых выбараў і іх наступствы.
«Завяршаецца сістэмная праца па навядзенні парадку ў інфармацыйным полі», — аб’явіў ён у 2021 годзе.
«Асабліва сур’ёзныя выпадкі, прааналізаваныя RSF у святле «Статута і прэцэдэнтнага права МКС», несумненна, з’яўляюцца злачынствамі супраць чалавечнасці, звязанымі з турэмным зняволеннем, пераследам і прымусовым перамяшчэннем беларускіх журналістаў праз іх журналісцкую дзейнасць.
Заганнае кола беспакаранасці павінна быць разарванае. RSF заклікае пракурора МКС уключыць злачынствы супраць журналістаў у яго папярэдняе расследаванне.
Мы вітаем перадачу Літвой спраў аб злачынствах, учыненых Аляксандрам Лукашэнкам, у МКС і заклікаем іншыя дзяржавы-ўдзельніцы Рымскага статута, у якіх пражываюць беларускія журналісты, рушыць услед прыкладу Літвы і перадаць гэтыя справы ў МКС», — зазначыў Дырэктар па адвакацыі і дапамозе Антуан Бернар.
RSF пры падтрымцы свайго партнёра Беларускай асацыяцыі журналістаў задакументавала гэтую палітыку дзяржавы, пералічыўшы 589 выпадкаў неабгрунтаваных арыштаў супрацоўнікаў незалежных СМІ ў краіне, дзе пяць гадоў таму іх існавала каля дзвюх тысяч. Не менш за 42 журналісты ўсё яшчэ знаходзяцца ў зняволенні, у тым ліку і Марына Золатава – былая галоўная рэдактарка самага чытанага СМІ краіны TUT.BY, які быў закрыты ўладамі ў 2021 годзе.
Журналісты вымушаныя пакінуць краіну
Масавыя арышты, адвольныя затрыманні, гвалт, знішчэнне прафесійнага абсталявання, прымусовае выдаленне выяў, ператрусы, закрыццё СМІ, відэазапісы гвалтоўных прызнанняў, цэнзура і ціск усіх відаў… Гэтыя акты пераследу за журналісцкую дзейнасць, якія самі па сабе з’яўляюцца злачынствамі супраць чалавечнасці, прывялі да масавага зыходу журналістаў, пераважна ў Польшчу і Літву. Гэта вымушанае выгнанне само па сабе лічыцца злачынствам супраць чалавечнасці – гвалтоўным перамяшчэннем насельніцтва.
Але нават знаходзячыся за мяжой, журналісты не знаходзяцца ў бяспецы. Нелегітымны кіраўнік дзяржавы хацеў стварыць такую атмасферу тэрору, што дайшоў у траўні 2021 года да ўгону самалёта, які перасякаў паветраную прастору краіны, з мэтай арыштаваць блогера, які знаходзіўся ў выгнанні.
Менш чым праз 48 гадзін пасля гэтага беспрэцэдэнтнага акта RSF падала ў Генеральную пракуратуру Літвы пазоў супраць Аляксандра Лукашэнкі за «крадзеж самалёта з тэрарыстычнымі намерамі» і дабілася пачатку расследавання.
Акрамя завочнага крымінальнага пераследу і ціску на сваякоў, якія засталіся ў краіне, у некаторых журналістаў улады канфіскавалі нерухомасць.
Тых, хто застаецца ў Беларусі, часта праз сямейныя абавязацельствы, адмова ад прафесіі журналіста не ратуе: улады пераследуюць іх за ранейшыя публікацыі, часцей за ўсё за «экстрэмізм». Асцерагаючыся наступстваў, іх сем’і часам адмаўляюцца агучваць інфармацыю аб іх затрыманні.
Шырокамаштабныя рэпрэсіі
У сваёй іскавай заяве RSF дае пракурору МКС падрабязныя доказы і статыстычныя дадзеныя, якія ілюструюць маштаб і сур’ёзнасць гэтых злачынстваў і якія сведчаць аб сістэматычным і падтрымліваемым дзяржавай характары пераследу беларускіх журналістаў.
Арышты і турэмныя зняволенні са жніўня 2020 года:
- 397 журналістаў сталі ахвярамі 589 неабгрунтаваных арыштаў. Некаторыя журналісты былі арыштаваныя неаднаразова.
- 42 журналісты па-ранейшаму знаходзяцца ў турме.
Гвалтоўнае перамяшчэнне беларускіх журналістаў (крыніца — БАЖ):
- Ад 500 да 600 журналістаў былі вымушаныя пакінуць краіну.
- Каля 200 з’яўляюцца бежанцамі ў Літве.
- Каля 300 з’яўляюцца бежанцамі ў Польшчы.
Беларусь уваходзіць у лік найбуйнейшых у свеце турмаў для журналістаў:
- 4ᵉ месца ў свеце, услед за Кітаем, М’янмай і Ізраілем, у якіх у снежні 2024 года было ў турмах больш за ўсё журналістаў.
- 1 месца ў свеце па колькасці зняволеных журналістаў, з разліку на душу насельніцтва.
Беларусь займае 167 месца са 180 краін у Сусветным індэксе свабоды прэсы RSF за 2024 год.