СМІ ў Беларусі у 2020 годзе
СМІ Ў БЕЛАРУСІ: ЭЛЕКТРОННЫ БЮЛЕТЭНЬ
№ 1 (63) 2021
ВЫНІКІ МЕДЫЙНАГА ГОДА
2020 год аказаўся для беларускіх медыяў найцяжэйшым за ўвесь час маніторынгу становішча ў сферы СМІ. Колькасць атакаў на журналістаў, блогераў і СМІ рэзка ўзрасла. Улады спрабавалі процідзейнічаць распаўсюду інфармацыі пра COVID-19 у краіне, а таксама пра палітычны і прававы крызіс, звязаны з прэзідэнцкімі выбарамі.
Беларусь аказалася адной з нешматлікіх еўрапейскіх краінаў, у якіх не быў абвешчаны каранцін у сувязі з COVID-19, і, больш за тое, афіцыйныя асобы доўгі час наогул адмаўлялі сур’ёзнасць гэтага захворвання. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка доўгі час называў пандэмію «псіхозам» і «інфадэміяй» і заклікаў Міністэрства інфармацыі і сілавыя структуры змагацца з распаўсюдам «хайпу» на тэму каронавіруса. Міністэрства аховы здароўя не надавала журналістам і грамадству аператыўнай і дакладнай інфармацыі пра распаўсюд COVID-19 у краіне.
Падрабязней пра ўплыў становішча з каронавірусам на дзейнасць журналістаў і СМІ гл.
Абсалютная большасць нападаў на журналістаў і медыі ў 2020 годзе былі звязаныя з асвятленнем імі выбараў, якія адбыліся ў жніўні, і акцыяў пратэсту, якія прайшлі пасля іх. У 95% выпадкаў «агрэсарамі» выступалі прадстаўнікі ўлады (супрацоўнікі сілавых структураў, пасадовыя асобы і г.д.). Найбольш масавым тыпам парушэння правоў журналістаў былі іх затрыманні. БАЖ зафіксаваў 481 затрыманне за год, што больш як у два разы, чым за папярэднія шэсць гадоў, разам узятыя. Папярэднім «пікавым» годам быў поствыбарчы 2011 год, калі журналістаў затрымоўвалі 167 разоў. Амаль столькі ж журналістаў было затрымана толькі ў жніўні 2020 года — 160 асобаў.
Затрыманні і арышты журналістаў часцяком суправаджаліся пашкоджаннем і канфіскацыяй прафесійнай тэхнікі, выдаленнем адзнятых матэрыялаў, гвалтам.
У Мінску былі зафіксаваныя тры выпадкі застасавання агнястрэльнай зброі ў адносінах да журналістак падчас іх працы на акцыях пратэсту, у выніку чаго яны атрымалі раненні. Гэтак, 10 жніўня журналістка «Нашай Нівы» Наталля Лубнеўская была параненая гумовай куляй, калі адзін з супрацоўнікаў праваахоўных органаў спыніўся ў 10 метрах ад групы журналістаў у камізэльках «Прэса» і стрэліў журналістцы ў нагу ў момант, калі яна здымала падзеі. Лячэнне ў шпіталі заняло больш за месяц.
Павялічылася колькасць крымінальных справаў, якія былі ўзбуджаныя супраць журналістаў і медыяспецыялістаў. За год крымінальны пераслед зазналі 15 прадстаўнікоў медыяў, 9 з якіх да пачатку 2021 года заставаліся за кратамі. Найбольшы розгалас атрымалі крымінальныя справы супраць журналістак тэлеканала «Белсат» Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай за правядзенне стрыму з масавай акцыі (яны былі абвінавачаны ў арганізацыі масавых пратэстаў), а таксама журналісткі партала TUT.by Кацярыны Барысевіч нібыта за разгалошванне ўрачэбнай таямніцы (яна паведаміла нададзеную лекарам інфармацыю пра тое, што ў крыві загінулага пратэстоўца, насуперак завярэнням уладаў, не было алкаголю).
Напрыканцы года была ўзбуджаная крымінальная справа супраць медыяменеджараў і журналістаў «Прэс-клуба», а таксама супраць былой журналісткі дзяржаўнай Белтэлерадыёкампаніі Ксеніі Луцкінай, якая звольнілася пасля выбараў, з нагоды інкрымінаванага ім парушэння падатковага заканадаўства.
Звяртае на сябе ўвагу сістэмнасць ціску ўладаў ва ўсіх сферах, звязаных з медыямі, з застасаваннем разнастайных рэпрэсіўных захадаў. Акрамя ўжо пералічаных, гэта:
-
блакаванне ў Беларусі інтэрнэту ў першыя дні пасля выбараў і пастаянныя абмежаванні мабільнага інтэрнэту падчас масавых акцыяў пратэсту;
-
абмежаванне доступу да сайтаў, якія незалежна асвятляюць палітычную сітуацыю;
-
пазбаўленне статусу СМІ найбуйнейшага ў Беларусі інтэрнэт-партала TUT.BY;
-
ціск на папулярныя Telegram- і Youtube-каналы, а таксама лакальныя чаты (ад узбуджэння крымінальных справаў, пераследу адміністратараў, да абвяшчэння іх экстрэмісцкімі матэрыяламі);
-
стварэнне перашкодаў для друку і распаўсюду некалькіх недзяржаўных газетаў, што спрычыніла спыненне іх выпуску;
-
адмовы ў акрэдытацыі замежным карэспандэнтам і наступнае пазбаўленне акрэдытацыі ўсіх карэспандэнтаў замежных СМІ, якія мелі яе раней;
-
звальненні і пераслед журналістаў дзяржаўных СМІ, якія выступілі супраць распаўсюду непраўдзівай прапагандысцкай інфармацыі.
Больш падрабязна пра ціск на медыі падчас выбараў і ў поствыбарчы перыяд у асобным выпуску маніторынга.