Журналістаў Алену Цімашчук і Аляксандра Кіркевіча ўнеслі ў спіс «экстрэмістаў»
Паводле пераліку «асобаў, схільных да экстрэмісцкай дзейнасці», абноўленага 23 жніўня на сайце Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі, журналістка з Брэста Алена Цімашчук ужо «адбывае пакаранне». Тое самае пазначна і адносна Аляксандра Кіркевіча, журналіста з Гродна, хоць ён даўно з’ехаў з Беларусі і знаходзіцца на волі.
Алена Цімашчук
Алена Цімашчук працавала ў абласной тэлерадыёкампаніі «Брэст». У якасці фрылансера супрацоўнічала з рэгіянальнымі выданнямі «Вечерний Брест», «Брестский курьер», «Брестская газета», інтэрнэт-выданнем «Виртуальный Брест», а таксама «Брестским зелёным порталом».
Сёлета 3 чэрвеня суддзя Брэсцкага абласнога суда Дзмітрый Карасінскі асудзіў Алену Цімашчук да 5 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём у папраўчай калоніі і прызначыў штраф памерам 1150 базавых велічынь (гэта 46 000 рублёў ці амаль 14 000 долараў).
Былую журналістку дзяржСМІ прызналі вінаватай паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: у дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь (артыкул 369–1 КК), распальванні варожасці ці варажнечы (частка 3 артыкула 130 КК), ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні (частка 3 артыкула 361–1 КК).
Пра сутнасць крымінальнай справы, распачатай супраць Алены Цімашчук , вядома няшмат. Праз неколькі дзён пасля вынясення прысуду, 12 чэрвеня, праўладны Telegram-канал «Жёлтые сливы» змясціў пра яе абразлівы допіс. Там сцвярджалася, што Алена Цімашчук «действительно работала в гос СМИ и все у нее было хорошо», але трапіла «в чат-бот экстремистского формирования «Радыё Свабода», а оттуда и в обучающую программу фонда «Вацлава Гавела». Таму ёсць падставы меркаваць, што за гэта дзяўчыну абвінавацілі ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні. Паколькі ў Беларусі «Радыё Свабода» абвешчанае такім фарміраваннем рашэннем Міністэрства ўнутраных спраў ад 23 снежня 2021 года.
Сутнасць абвінавачанняў ў распальванні варожасці ці варажнечы і ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь застаецца невядомай. Невядома і канчатковае рашэнне Вярхоўнага суда, які 16 жніўня разглядаў апеляцыйную скаргу журналісткі.
Алесь Кіркевіч
Алесь (Аляксандр) Кіркевіч — журналіст-фрылансер, пісьменнік і краязнаўца з Гродна, колішні намеснік старшыні «Маладога фронту». Распачатую супраць яго крымінальную справу сёлета на працягу месяца разглядалі ў Гродзенскім абласным судзе ў парадку спецвытворчасці. Гэта значыць, завочна, без прысутнасці на працэсе абвінавачанага — Алесь Кіркевіч ужо некалькі гадоў жыве за мяжой, куды мусіў з’ехаць, асцерагаючыся палітычна матываванага пераследу за сваю дзейнасць.
Слуханне ў судзе распачалося 8 ліпеня, і пасля чатырох судовых пасяджэнняў 2 жніўня 2024 быў абвешчаны вырак. Суддзя Гродзенскага аблсуда Юрый Казакевіч прызнаў журналіста вінаватым у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (частка 1 артыкула 361–4 КК) і ў іншым садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, учыненым паўторна, групай асоб па папярэдняй змове (частка 2 артыкула 361–4 КК).
Па сукупнасці пакаранняў, суддзя прызначыў Алесю Кіркевічу 7 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Таксама яго асудзілі да штрафу памерам 24 000 рублёў.
У кошт пагашэння штрафу Гродзенскі абласны суд пастанавіў рэалізаваць арыштаваную 22 лістапада 2023 года маёмасць журналіста. Гэта «1/3 долі права ўласнасці Кіркевіча А. Р. на будынак аднакватэрнага жылога дома па адрасе: Віцебская вобласць, Ушацкі раён, Кубліцкі сельскі савет, в. Бычкі, вул. Цэнтральная, д. 33». Гэта хата на малой радзіме знакамітага пісьменніка Васіля Быкава, якую некалькі гадоў таму супольна выкупілі актывісты і праводзілі там летнікі для грамадска-актыўнай моладзі.