Алена Прытула: “Разрываць на кавалкі можна не толькі бомбай”
Кіраўніца і стваральніца інтэрнэт-выдання «Украинская правда» Алена Прытула ўпершыню пракаментавала забойства журналіста Паўла Шарамета. Каментар яна апублікавала ў Фэйсбуку.
«Дзякуй вам! Я хачу падзякаваць вельмі, вельмі, вельмі многім. Я не змагу пералічыць усіх. Вы пісалі мне sms, лісты і ў лічку. Я ўсё прачытала. Я хачу стаць на калені перад кожным з вас – калі б не ваша падтрымка, я б не змагла ўсё гэта перанесці. Кожнае ваша слова надавала мне сілы, кожная ваша sms дапамагала проста трымаць галаву, не паддавацца адчаю.
Раней я думала, што спачуванне – гэта звычайная фармальнасць, бо і так зразумела, што вы моцна суперажываеце, калі памірае нехта побач.
На самой справе вашы паведамленні і лісты надаюць сэнс жыццю Пашы.
Таму – выказвайце спачуванне, толькі шчыра. Гэтак жа, як не шкадуеце выказваць любоў да жывога чалавека. Выказвайце свае пачуцці. Ужывайце словы для любові, але не для нянавісці».
Алена Прытула піша, што апошнюю размову з Паўлам у вечар перад забойствам яны «патрацілі» на абмеркаванне непрыемнага для яе фэйсбук-паста. Журналістка называе імя чалавека, які яго пакінуў, і называе яго «падонкам» .
«Мы казалі пра тое, што ў некаторых людзей ёсць пакліканне – прыносіць іншым людзям боль. У той момант мы не ведалі, што ёсць яшчэ і іншыя людзі, якія ўжо выношвалі план яго забойства.
Я свядома стаўлю знак роўнасці паміж тымі, хто яго падарваў, і тымі, хто ў апошні вечар атруціў яго жыццё. Так нельга. Трэба пакласці канец гэтаму ганенню і нянавісці ў фэйсбуку. Гэта забойства словам.
І вінаватыя не толькі тыя, хто піша ўсё гэта. Разрываць на кавалкі можна не толькі бомбай. Больш вінаватыя тыя, хто праплачвае гэтую нянавісць. Я ўпэўненая, што следчыя знойдуць забойцаў. Але давайце самі не забіваць адзін аднаго».