Алесь Адамовіч — сумленне нацыі. Як спрабуюць захаваць памяць пра яго?
Ініцыятыўная група «Прыпынак Адамовіча» запусціла збор сродкаў на стварэнне серыі дакументальных фільмаў пра Алеся Адамовіча да 100-годдзя пісьменніка. «Трэба разумець, што людзі, якія стасаваліся з Адамовічам, зараз у сталым узросце — 70, 90 гадоў. Час не на нашым баку».
Як паўстала ініцыятыва, што ўжо зроблена, на якія тэмы плануюць зняць фільмы і прычым тут Генры Кісінджэр, распавёў Budzma.org кіраўнік ініцыятыўнай групы «Прыпынак Адамовіча» Андрэй Архіпенка.
Як паўстала ініцыятыва
Ініцыятыва «Прыпынак Адамовіча» паўстала ў Беларусі ў 2018 годзе.
«Мы зрабілі прыпынак Алеся Адамовіча ў пасёлку Глуша, дзе вырас пісьменнік, быў усталяваны помнік там жа, праведзена тэатралізаваная экскурсія, — распавядае ў інтэрв’ю Budzma.org каардынатар ініцыятывы, тады жыхар Бабруйска Андрэй Архіпенка. — Помнік каштаваў 13 тысяч рублёў, гэта былі ахвяраванні беларусаў. Стваралі яго скульптары Гэнік Лойка і Яўген Білей. Часам чытаю, што водзяць экскурсіі да помніка зараз, кветкі ўскладаюць. А што да нашай ініцыятыўнай групы, то пасля 2020 года ў Беларусі з яе нікога не засталося па зразумелых прычынах. На сёння ў працы каманды засталося два чалавекі, астатнія раз’ехаліся па розных краінах».
Пра што будуць фільмы
Паводле Андрэя Архіпенкі, ідэя зрабіць дакументальны фільм пра Алеся Адамовіча прыйшла год таму, калі пачаў збіраць успаміны пра яго.
«Я зразумеў, што запісаў людзей, фота, архіваў хопіць на некалькі фільмаў на розную тэматыку, — кажа актывіст. — Першую стужку думаем прысвяціць яго антыядзернай дзейнасці. Дагэтуль жывыя людзі, якія былі знаёмыя з Адамовічам, сустракаліся з ім менавіта ў межах гэтай яго дзейнасці. Асабліва шмат ён працаваў з Японіяй, якая ўспрыняла вельмі блізка Чарнобыльскую катастрофу і ў якой быў досвед наступстваў ядзернага ўдару па Хірасіме і Нагасакі. Там было шмат арганізацый, з якімі кантактаваў Алесь Адамовіч, грамадскі камітэт Антыядзернага руху ў Токіа, дзе ён пазнаёміўся з актрысай Камакі Курыхара і з якой разам у 1990 годзе яны збіралі сродкі для хворых беларускіх дзяцей».
Японія якраз будзе самай дарагой у спісе пунктаў плана стварэння серыі стужак: «Хочам запісаць успаміны Камакі Курыхара нажыва ў Японіі. Астатнія героі жывуць у асноўным у Еўропе, гэта Германія, Бельгія, Чэхія. Галоўныя выдаткі — транспарт, бо, напрыклад, паехаць і зняць у Японію — толькі квіток у адзін бок каштуе каля тысячы еўра.
Патрэбныя два чалавекі хаця б у паездцы — аператар і аўтар. Ну і на месцы трэба ж шукаць перакладчыка, бо, як я дазнаўся, не ўсе з нашых суразмоўцаў ведаюць англійскую.
У Нагасакі Адамовіч чытаў лекцыю, там таксама трэба сустрэцца з людзьмі — таксама з перакладчыкам», — кажа каардынатар «Прыпынку Адамовіча».
Другой тэмай для стужкі Андрэй Архіпенка называе грамадска-палітычную дзейнасць Алеся Адамовіча, гэта «дзейнасць падчас перабудовы, дзейнасць у межрэгіянальнай групе Вярхоўнага Савета СССР, можна сказаць, гэта яго апошнія 10 гадоў».
«Увогуле гэта зараз малавядомыя ці забытыя факты. Больш на слыху ягоная творчая дзейнасць, а вось пра грамадска-палітычную, фактычна, невядома зараз. А там багата пра што можна казаць… Як ён адстойваў свабоду слова, прасоўваў ідэі гуманізму, як ён стаў адным са стваральнікаў «Мемарыяла». Шмат што, на жаль, стала актуальным ізноў — тая ж пагроза прымянення ядзернай зброі, выкарыстанне АЭС у брудных мэтах», — заўважае Андрэй Архіпенка.
«Яшчэ лічу вельмі важнай тэму прымірэння і пакаяння, пра што казаў Адамовіч. У інтэрв’ю журналісту Міхаілу Бузукашвілі ў апошні дзень свайго жыцця Алесь Адамовіч разважае менавіта пра гэта, лічыць, што кожны народ мусіць напісаць чорную кнігу сваёй гісторыі, пра адказнасць. Гэта важныя думкі, на мой погляд», — кажа Андрэй Архіпенка.
Якія рызыкі існуюуць
Ініцытыва пазначыла ў зборы суму, крыху большую за 20 тысяч еўра, «але выдаткі могуць быць і большыя, могуць, калі пашанцуе, быць меншымі, тут цяжка прадказаць». У фондах, якія дапамагаюць творцам ці грамадскім ініцыятывам, грантаў на серыю знайсці не ўдалося, «лічаць, што вялікія рызыкі таго, што цалкам фінансаванне не знойдзецца і ў выніку праект не рэалізуецца».
«Хочам хутчэй узяцца за працу, бо трэба разумець, што людзі, якія стасаваліся з Адамовічам, зараз у сталым узросце — 70, 90 гадоў. Час не на нашым баку і чакаць тры гады нейкай дапамогі ад якога фонда не выпадае. Не хачу, каб паўтарылася сітуацыя з Генры Кісінджэрам. Пачаў шукаць, як з ім звязацца, неяк знайшлі мне кантакты — і тут Кісінджэр памёр. Таму ўспаміны пра бутэльку віскі, якую ён прайграў Алесю Адамовічу ў пары наконт развалу СССР (Адамовіч ў размове з экс-дзяржсакратаром ЗША і нобелеўскім лаўрэатам дакладна прадказаў распад савецкай імперыі), засталіся незапісанымі», — распавёў Андрэй Архіпенка.
«Шлях Адамовіча, творчы, грамадскі, палітычны, ставіць яго ў шэраг асобаў, якіх называюць сумленне нацыі. Але сёння забытае сумленне нацыі, я б сказаў», — лічыць каардынатар «Прыпынка Адамовіча».
Падтрымаць стварэнне серыі дакументальных стужак пра Алеся Адамовіча можна тут.