Алесь Кіркевіч: Адзін збіў з ног, а другі ўдарыў калом па галаве
«Адзін збіў з ног, а другі ўдарыў калом па галаве», — расказвае журналіст Алесь Кіркевіч, які пацярпеў сёння ўначы пры нападзе невядомых на намёт пратэстоўцаў супраць пабудовы офіснага цэнтра ў Зялёным Лузе каля Курапат.
Пачатак будоўлі выклікаў абурэнне мясцовых жыхароў, а таксама людзей, чые продкі былі расстраляныя ў Курапатах у 1929—1941 гадах.
Як высвятлілася, забудова лапіка між МКАД і вуліцай Мірашнічэнкі стала магчымая, бо ў 2014 годзе Міністэрства культуры дазволілі змяніць граніцу ахоўнай зоны некропаля ў Курапатах. Між тым участак у арэнду быў выдзелены ў 2013 года, што было парушэннем і дае фармальную нагоду для адмены рашэння.
Сёння ўначы каля 3‑й гадзіны 15—20 маладзёнаў напалі на дзясятак юнакоў, што вартавалі каля будпляцоўкі. Частка «вартаўнікоў Курапат» уцяклі ў лес, іншая аказала супраціў.
Нападнікі раскідалі намёт, сарвалі беларускія сцягі і перакулілі бочку з вогнішчам. Пры гэтым яны гукалі «Белая раса!».
Хто яны былі?
«Мне падалося, што яны хацелі стварыць уражанне, што гэта фанаты, — кажа Кіркевіч. — Выгукаў «Слава Расіі» асабіста я не чуў, толькі «Белая раса!»
Кіркевіч апісвае нападнікаў як маладых людзей ва ўзросце да 25 гадоў. На ягоную думку, гэта не маглі быць пераапранутыя спецназаўцы, якія б дзейнічалі больш прафесійна.
«Магчыма, гэта былі курсанты ці спартоўцы», — выказвае меркаванне ён.
Ягоную ўвагу звярнуў той факт, што за пару гадзін да з’яўлення цітушак з будпляцоўкі зніклі міліцыянты-ціхары і з’ехаў «козлік» з амапаўцамі.
Пасля хвіліннага нападу хуліганы сышлі праз тунэль у бок Курапат.
Журналістаў, акрамя, Кіркевіча на вахце ў момант нападу не было.
Курапаты — месца, дзе саветы расстралялі дзясяткі тысяч грамадзян Беларусі. Гэта была частка палітыкі, скіраванай на вынішчэнне нацыянальных эліт, здольных узначаліць супраціў паняволеных народаў. У Беларусі былі загубленыя практычна ўсе багатыя сяляне, большасць пісьменнікаў, міністраў, акадэмікаў, а пазней, у некалькі прыёмаў, самі чэкісты, якія ўдзельнічалі ў арыштах і расстрэлах.
Кіркевіч не рашаецца рабіць здагадак, хто мог арганізаваць напад. Але вельмі сумнеўна, каб нехта мог у межах МКАД гэткае правярнуць незаўважна для органаў унутраных спраў.
Міліцыя абмяжоўваецца заявай, што праводзіць праверку па факце інцыдэнта.
«Сёння ў 5.35 на спецлінію 102 паступіла паведамленне аб тым, што каля 4‑й гадзін раніцы на грамадзян у Савецкім раёне сталіцы напалі два дзясяткі невядомых асобаў. Да месца здарэння неадкладна быў накіраваны нарад супрацоўнікаў міліцыі Савецкага РУУС Мінска, былі праведзены папярэднія праверачныя мерапрыемствы. Па стане на 9 гадзін раніцы грамадзяне, якія звярнуліся ў міліцыю, ад напісання заяў і ад якіх-небудзь тлумачэнняў адмовіліся. Разам з тым па факце, які паступіў ад іх звароту ў міліцыю праводзіцца праверка», — сказаў «Нашай Ніве» прэс-сакратар ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі.