Алесь Ляўчук хоча дамагчыся пакарання міліцыянтам
Выйшлі тэрміны прыцягнення да адказнасці брэсцкага журналіста Алеся Ляўчука, якога абвінавачвалі ў непадпарадкаванні міліцыі
Падставай для складання адміністрацыйнага пратакола на журналіста-фрылансера, сябра ГА “БАЖ” стаў інцыдэнт 3 сакавіка, калі Алеся Ляўчука і Мілану Харытонаву супрацоўнікі міліцыі затрымалі на вуліцы Маскоўскай. Журналісты ў той дзень збіраліся асвятляць чарговую акцыю пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Брэстам.
Пры гэтым у дачыненні да Алеся Ляўчука супрацоўнікі Маскоўскага РАУС Брэста Руслан Хацько і Уладзімір Шмялёў ўжылі фізічную сілу. Пасля здарэння журналіст напісаў скаргі ў Следчы камітэт і пракуратуру з патрабаваннем пакараць супрацоўнікаў міліцыі за неправамерныя дзеянні.
Адказаў Ляўчук не дачакаўся, а яго скаргі чамусьці трапілі ў той самы райаддзел міліцыі. У выніку супрацоўнік Маскоўскага РАУС Аляксандр Луцык склаў на журналіста пратакол паводле артыкула 23.4 КаАП РБ (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы).
“Я лічу, што гэта была сапраўдная помста, бо ўчастковы інспектар, які перадаваў мне пратакол, быў здзіўлены, што я ўвогуле рыхтаваў гэтыя скаргі”, — кажа Алесь Ляўчук.
Справа была перададзена ў суд Маскоўскага раёна Брэста, аднак 30 красавіка суддзя Раман Карабан нават не стаў разглядаць адміністрацыйны пратакол у дачыненні да журналіста і адправіў дакумент на дапрацоўку ў міліцыю.
У супрацоўнікаў Маскоўскага РАУС было некалькі дзён, каб перерабіць пратакол, але яны гэтага не зрабілі. У выніку 3 мая скончыўся тэрмін прыцягнення Алеся Ляўчука да адміністрацыйнай адказнасці за нібыта непадпарадкаванне міліцыі.
Журналіст не намераны на гэтым спыняцца, бо лічыць зараз справай прынцыпу дамагчыся, каб міліцыянты, якія, на яго думку, 3 сакавіка фактычна здзейснілі напад на яго і Мілану Харытонаву, былі пакараныя.