Блогера Аляксандра Чахоўскага асудзілі да 7 гадоў калоніі
У Брэсцкім абласным судзе 13 снежня вынеслі новы прысуд арт-менеджару і блогеру Аляксандру Чахоўскаму — сем гадоў калоніі і штраф у памеры 800 базавых велічныяў (32 000 рублёў).
24 чэрвеня 2024 года Андрэй Павук быў асуджаны да 12 гадоў пазбаўлення волі і штрафу ў памеры 5000 базавых велічыняў, Вольга Павук — да васьмі гадоў пазбаўлення волі і штрафу ў памеры 2500 базавых велічыняў, Маргарыта Ляўчук — шасці гадоў калоніі і штрафу ў памеры 800 базавых велічыняў, Ілля Салянкоў — да васьмі гадоў калоніі і штрафу ў 700 базавых велічыняў, Уладзіслаў Наважылаў — да васьмі гадоў калоніі і штрафу ў 500 базавых велічыняў.
Аляксандра Чахоўскага тады асудзілі за «абразу прадстаўнікоў улады» (арт. 369 КК) і «здзек з дзяржаўных сімвалаў» (арт. 370 КК) да трох месяцаў арышту. Але 20 верасня 2024 года Вярхоўны суд падчас апеляцыі адмяніў прысуд у дачыненні да Чахоўскага і адправіў ягоную справу на перагляд у той жа суд. Астатнім фігурантам справы прысуд быў пакінуты без зменаў.
З 10 па 13 снежня 2024 года Аляксандра судзілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Акрамя арт. 369 КК (абраза прадстаўнікоў улады) і арт. 370 КК (здзек з дзяржаўных сімвалаў), яму яшчэ выставілі абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 361–1 КК (кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем), ч. 1 і 2 арт. 361–4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
У адпаведнасці з ч. 2 і 6 арт. 72 КК па сукупнасці злачынстваў шляхам частковага складання асноўных пакаранняў і далучэння дадатковага канчаткова Чахоўскаму прызначылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін сем гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму са штрафам у памеры 800 базавых велічыняў на суму 32 000 рублёў.