• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Аляксей Дзікавіцкі расказаў пра новае месца працы

    Былы кіраўнік «Белсата» Аляксей Дзікавіцкі ўзначаліць праект па стварэнні стрымінгавай платформы для незалежных беларускіх медыяў Belarus Tomor­row. Пра гэта ён паведаміў на сваёй старонцы ў Face­book.

    Былы кіраўнік «Белсата» Аляксей Дзікавіцкі узначаліць праект Belarus Tomorrow

    Аляксей Дзікавіцкі. Фота: Наша Ніва

    «Менавіта да гэтага праекту я цяпер далучаюся ў якасці галоўнага менеджара, дзякуючы за запрашэнне і давер. Практычна ўсё трэба пачынаць з нуля, дарога складаная і пры пакуль абмежаваных сродках, але затое з поўнай запалу і ідэяў невялікай камандай — прыкладна так, як было 18 гадоў таму, калі стартаваў мой папярэдні праект, з якога ў выніку вырасла сапраўдане тэлебачанне. Так, з Божай дапамогай, будзе і гэтым разам», — напісаў Аляксей Дзікавіцкі.

    Belarus Tomor­row — гэта першая стрымінгавая платформа для незалежных беларускіх медыяў. Яна транслюе відэакантэнт на спадарожніку і праз прыкладанне для платформы Google TV.

    Гэты праект стварыў кансорцыўм «Медыярынак», зарэгістраваны ў Польшчы. Ён аб’ядноўвае тры выданні: «Еўрарадыё», Malan­ka Media і «Белорусы и рынок». Плануецца, што ў перспектыве далучацца і іншыя беларускія незалежныя медыі. Стваральнікі разглядаюць платформу як зародак нацыянальнага грамадскага тэлебачання, якое мусіць стаць альтэрнатывай афіцыйнай прапагандзе.

    У медыяпрасторы з’явіўся новы гулец: ці пачуе свет голас беларусаў

    Belarus Tomor­row ўваходзіць у пакет спадарожнікавых тэле- і радыёканалаў «Свабода», які запусціла сёлета праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў».

    «Мушу расчараваць аматараў тэорыяў змовы — развітваючыся з Белсатам я не ведаў пра тое, што ў Belarus Tomor­row патрэбны кіраўнік праекту, званок у гэтай справе быў поўнай нечаканасцю. Праўду кажуць, што калі Бог зачыняе дзверы, дык адчыняе вакно», — дадаў Аляксей Дзікавіцкі.

    Аляксей Дзікавіцкі выконваў абавязкі дырэктара «Белсата» з сакавіка 2024 года пасля звальнення Агнешкі Рамашэўскай-Гузы. 15 лістапада рэдакцыя даведалася пра прызначэнне новай кіраўніцы – Аліны Коўшык. Дзікавіцкі фактычна адразу падаў кіраўніцтву Польскага тэлебачання заяву аб звальненні на ўласнае жаданне.

    Аляксей Дзікавіцкі: Не хачу, каб мой подпіс стаяў пад ліквідацыяй «Белсата»

    Новы ўрад Польшчы, сфармаваны па выніках парламенцкіх выбараў, у канцы 2023 года распачаў працэдуру рэарганізацыі грамадскіх СМІ. 

    9 лютага каманда «Белсата» ў адкрытым лісце да міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага заклікала захаваць тэлеканал у цяперашнім выглядзе. Пад тэкстам падпісаліся 170 журналістаў і супрацоўнікаў «Белсата».

    На пачатку сакавіка стала вядома, што новы ўрад Польшчы істотна скарачае бюджэт тэлеканала «Белсат». У сакавіку 2024 года ў адстаўку адпраўлена дырэктарка «Белсата» Агнешка Рамашэўская-Гузы.

    У канцы траўня з‑за абмежаваных фінансавых магчымасцяў «Белсат» пераехаў на старое месца, з якога пачынаўся тэлеканал. 4 ліпеня кіраўнік TVP World Міхал Бранятоўскі абнародаваў праект рэформы тэлебачання, пад які патрапіць і «Белсат».

    8 ліпеня ліквідатар TVP накіраваў у пракуратуру паведамленне пра фінансавыя парушэнні, невыкананне службовых абавязкаў і злоўжыванне паўнамоцтвамі папярэднім кіраўніцтвам тэлеканала «Белсат», у тым ліку былой дырэктаркай і галоўнай рэдактаркай Агнешкай Рамашэўскай-Гузы.

    Спачатку дзейны выканаўца абавязкаў дырэктара «Белсата» Аляксей Дзікавіцкі пракаментаваў гэтае паведамленне. А следам супрацоўнікі тэлеканала звярнуліся да кіраўніцтва Польшчы з просьбай захаваць «Белсат».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці