• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Аляксандр Класкоўскі: Кейс Шылы. Наколькі вольныя супрацоўнікі СМІ ў фэйсбуку?

    Сацыяльныя сеткі спарадзілі новую калізію

    Для тых, хто ў танку, акрэслю толькі фабулу: кіраўніцтва канала разарвала працоўныя адносіны з Шылам пасля ягонага палітычна некарэктнага, з гледзішча дырэкцыі, допісу (фота польскага ды амерыканскага прэзідэнтаў з рэмаркай) у асабістым акаунце фэйсбука.

    Не стану тут ацэньваць, наколькі маюць рацыю тыя, хто ўважае дзеянні вярхушкі “Белсата” ў гэтым сюжэце як заціск свабоды слова і г.д. Падкрэслю толькі: вы ў такім разе крытыкуеце парадкі ды норавы на польскім грамадскім тэлебачанні.

    Мяркую, што болей прадуктыўна будзе паразважаць, як найлепей разбірацца ў выпадку падобных канфліктаў рэдакцыям беларускіх СМІ. Іначай кажучы, пытанне палягае ў тым, наколькі свабодны медыйны працаўнік (журналіст ён ці эсэмэмшчык, тут, бадай, непрынцыпова) у сацыяльных сетках, варта ці не варта рэгламентаваць яго паводзіны ў фэйсбуку, твітары і г.д.

    Адзначу, што ў афлайнавую эпоху такі канфлікт увогуле быў бы немагчымы. Тады рэдактар вырашаў, што тваё друкаваць, а што не. Астатняе ты мог выказаць хіба што ў курылцы, на кухні.

    Сёння кожны сам сабе рэдактар і выдавец. Сацыяльныя сеткі сталі новым вымярэннем свабоды выказвання, але ж і новым полем канфліктаў, у тым ліку прафесійных, карпаратыўных.

    Імідж непадзельны

    Шмат хто трымаецца меркавання: мой акаунт — выключна мая тэрыторыя, што хачу, тое і раблю. Але ж калі хто паспрабуе запосціць парнаграфію ці рэкламу наркотыкаў (не раю, а толькі прапаную ўявіць), то людзі з сур’ёзных органаў хутка патлумачаць, што пэўныя рэчы ў вашым акаунце могуць пацягнуць на суровыя артыкулы Крымінальнага кодэкса.

    Аднак калі і няма крыміналу ў допісе, ён можа выглядаць сумнеўна, а то і проста абуральна з гледзішча этычных норм — як агульначалавечых, так і прафесійных.

    І тут важна асэнсоўваць вось якую рэч: нават калі вы посціце нейкія прыватныя рэчы, не звязаныя наўпрост з вашай медыйнай працай, ці ўлазіце ў халівары, усчынаеце хайп зусім не па прафесійнай тэматыцы, публіка ўсё адно ўспрымае вас у большасці выпадкаў як прадстаўніка пэўнай рэдакцыі, пэўнага медыйнага брэнда. Казаць, што я ж у фэйсбуку, маўляў, “не пры выкананні”, таму ідзіце ўсе лесам — слабая адмазка.

    Згадайма, якую буру эмоцый апошнім часам спарадзілі фэйсбучныя допісы некаторых супрацоўнікаў холдынга «СБ. Беларусь сегодня».

    Адзін назваў фігурантак “справы БелТА” “дамами, удобными в быту”, другі яго падтрымаў. Трэці выдаў цэлы каскад скандальных пасажаў. У прыватнасці, паставіў пытаннечка: калі ў людзей няма грошай на ўласны легкавік або таксі, то ці маюць яны маральнае права заводзіць дзяцей ды “усложнять тем самым жизнь обществу”? А вось яшчэ: “Можно ли с уродливой рожей обслуживать пассажиров?” З палітычных “ацэнак”: Польшча — “страна-ублюдок”.

    Дык вось, заўважце: тыя, хто абураўся гэтымі перламі, успрымалі аўтараў не як абстрактных індывідуумаў, а менавіта як супрацоўнікаў дзяржаўнай медыйнай структуры. Маўляў, каго туды набралі і чаму начальства ці БСЖ не рэагуе на іх хамства ў сеціве.

    А цяпер давайце зірнем у люстэрка. Хіба самі мы без грэху? Вольналюбіваму працаўніку недзяржаўнай прэсы варта памятаць: ягоныя выступы ў фэйсбуку таксама ўспрымаюцца збольшага як пазіцыя ці штрых да маральнага аблічча прадстаўніка пэўнага СМІ або ўвогуле незалежнай журналістыкі. Вы так ці іначай несяце адказнасць за брэнд.

    Вось вам і вольны Захад!

    І вось які парадокс. Хоць мы, жывучы ў суровым палітычным клімаце, прывыклі захапляцца свабодай слова ў дэмакратыях (во, нам да іх як да Месяца), аднак менавіта заходнія медыі з рэпутацыяй салідных, рэспектабельных — ад Бі-бі-сі да “Нью-Йорк таймс” — маюць дакументы з рэгламентацыяй паводзін сваіх супрацоўнікаў у сацыяльных сетках.

    Ступень суровасці розная. Журналістам некаторых СМІ практычна забаронена весці ў сацыяльных сетках палітычныя дыскусіі, не кажучы ўжо пра ўжыванне мовы нянавісці. Карацей, посціце коцікаў, і кропка.

    Што да “Нью-Йорк таймс”, то правілы забараняюць выказваць прадузятыя меркаванні, піярыць тыя ці іншыя палітычныя сілы, фігуры, пісаць абразлівыя каментары. Даецца парада не займаць той ці іншы бок у пытаннях, якія асвятляе выданне. Супрацоўнікам раяць увогуле не адказваць на агрэсіўныя выпады.

    У развітых дэмакратыях раз-пораз здараецца, што той ці іншы журналіст вылятае з працы са свістам за няўдалы твіт ці допіс у фэйсбуку. У 2012 годзе шырокі розгалас атрымаў інцыдэнт, калі супрацоўнік французскага радыё RTL П’ер Сальв’як быў звольнены за грубы жарт у твітары на адрас грамадзянскай жонкі абранага тады прэзідэнта Франсуа Аланда.

    Ці возьмем нашых усходніх суседзяў. Маскоўскага журналіста Мікалая Троіцкага некалі звольнілі з РІА “Новости” праз скандал, звязаны з гамафобным допісам у ЖЖ. Прычым — увага! — з фармулёўкай, што ён парушыў “Кодэкс карпаратыўнай этыкі”.

    Ліберальная радыёстанцыя “Эхо Москвы” ўзялася распрацоўваць правілы паводзін сваіх журналістаў у сацыяльных сетках у 2014 годзе пасля скандальнага твіта вядоўцы Аляксандра Плюшчава пра смерць сына тагачаснага кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Сяргея Іванова.

    Адзін з пунктаў тых правілаў такі: “Журналіст разумее, што яго выказванні ў інтэрнэце, уключна з сацыяльнымі сеткамі, могуць быць вытлумачаны як меркаванне рэдакцыі”. Супрацоўнікам “Эха” прадпісана ўстрымлівацца ад крытыкі рэдакцыйнай палітыкі, калег, акцыянераў, гасцей рэдакцыі. Нельга займацца агітацыяй і палітычным актывізмам на карысць нейкай партыі ці палітыка падчас выбарчай кампаніі.

    Карацей, поўная жэсць, скажа вольналюбівы чытач.

    Рамка мусіць быць

    Можна спрачацца пра ступень строгасці падобных правіл (як па мне, дык у некаторых выпадках кіраўніцтва выданняў перагінае), але ў прынцыпе, на мой погляд, пажадана, каб нейкая рамка была. У беларускіх жа медыях у гэтым сэнсе пакуль што гуляй-поле. Конь не валяўся.

    Нехта скажа: ну, дык ёсць жа этычныя кодэксы журналісцкіх саюзаў. Так, але не кожны журналіст (тым болей эсэмэмшчык) уваходзіць у такі саюз. І ці шмат вы ведаеце выпадкаў, калі б БСЖ разбіраў нейкі такі кейс? Рашэнні ж камісіі па этыцы БАЖ шмат хто сустракаў у штыкі: што гэта за парткам ці святая інквізіцыя, яны нам не ўказ і г.д.

    Між тым аўтарытэтныя замежныя выданні і медыйныя карпарацыі, як я ўжо зазначыў, даўно маюць фармалізаваныя дакументы, у якіх зафіксаваны прынцыпы рэдакцыйнай палітыкі, карпаратыўныя стандарты. Кшталту славутай “Догмы” маскоўскага выдання “Ведамасці”, якая пачынаецца менавіта з этычных момантаў, распісаных вельмі канкрэтна (кшталту: пазбягаць паездак за чужы кошт, не займацца рэкламай ці піярам, не браць “дзелавыя” падарункі даражэйшыя за 50 долараў).

    Эпоха ж інтэрнэту прымусіла шмат якія рэдакцыі дадаць у такія кодэксы ці прапісаць ў асобным дакуменце менавіта прынцыпы паводзін сваіх супрацоўнікаў у сацыяльных сетках (social media guide­lines).

    Мяркую, што рана ці позна прыдуць да гэтага і буйныя беларускія рэдакцыі. Я напісаў багата артыкулаў у абарону свабоды слова і не хачу выглядаць абскурантам, аднак схіляюся да таго, што такая рэгламентацыя — не драконаўская, памяркоўная — усё ж была б карыснай дзеля цывілізаванага вырашэння карпаратыўных канфліктаў. З такім дакументам кіраўніцтву выдання ў выпадку, калі супрацоўнік адмочыць нумар у фэйсбуку, можна будзе апеляваць да канкрэтнага параграфа: ты ж на гэта падпісваўся, праўда?

    Натуральна, ніводныя правілы не ахопяць усёй разнастайнасці рэальных калізій. І нават маючы на руках такі дакумент, кіраўніцтву СМІ трэба дзейнічаць гнутка, культурна. Ва ўсякім разе, не разгортваць высвятленне адносін у акаунце супрацоўніка, як гэта было ў выпадку з Іванам Шылам. Ды і ўвогуле ўзважыць, а ці варта ладзіць разбор палётаў. Бо іншым разам грэх не такі страшны, каб ствараць эфект Стрэйзанд. Лепей ціха праехаць гэту станцыю.

    Не рабіце глупстваў

    Аднак маюцца ў вашай рэдакцыі тыя пісаныя правілы ці не, у любога журналіста, медыйнага супрацоўніка мусіць быць галава на плячах ды пачуццё пэўных этычных межаў. Я не заклікаю быць зашпіленым на ўсе гузікі і сам не такі ўжо сухар у фэйсбуку. Але трохі фільтраваць базар не шкодзіць.

    Калі ты болей-меней публічная асоба, то твой імідж непадзельны. Пішаш ты пра палітыку ці посціш коцікаў — цябе ўсё адно асацыююць з тваім амплуа і тваёй фірмай, тваёй прафесійнай камандай. Так што журналіст і ў фэйсбуку — закладнік прафесіі.

    Увогуле ж мне падабаецца ключавая парада з інструкцыі Бі-бі-сі пра паводзіны супрацоўнікаў у сацыяльных сетках: не рабіце глупстваў!

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці