• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Аляксандр Землянічанка: Бываюць сітуацыі, калі камера робіцца цяжэй за цябе

    Двойчы лаўрэат Пулітцэраўскай прэміі і кіраўнік фотаслужбы маскоўскага бюро Associated Press расказаў беларускім калегам пра запаведзі фатографа, працу ў адным з вядучых інфармагенцтваў свету і пра моманты, калі нават ён апускае камеру.

    Сустрэча адбылася падчас фінальных заняткаў навучальнага курса «Лаві момант», які ладзіла ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў». Цягам двух месяцаў фотажурналісты вучыліся ў знакамітых беларускіх калег і рыхтавалі ўласныя фотагісторыі.

    Аляксандр Землянічанка: Бываюць сітуацыі, калі камера становіцца цяжэй за цябе, фота Аляксея Сіпачова

    На заключнай сесіі ў Вільні маладыя фатографы атрымалі магчымасць на працягу двух дзён атрымліваць парады і падказкі ад Аляксандра Землянічанкі, а таксама пачуць гісторыю яго асабістага шляху ў фотажурналістыку.  З яе і пачалася сустрэча.

     “Asso­ci­at­ed Press” для мяне пачалося з землятрусу ў Арменіі ў 1988 годзе

    — Акурат гэтымі днямі спаўняецца 25 гадоў як я працую у “АР”. А трапіў туды я даволі выпадкова. У 1980‑х я працаваў у “Комсомольской правде”, потым апынуўся ў часопісе “Советский Союз”. Ён выходзіў па-руску для “замежнага спажыўца” – каб паведамляць рускамоўным людзям за мяжой пра савецкі лад жыцця і савецкія навіны.

    Я прыйшоў у фотажурналістыку, калі побач са мной яшчэ працавалі легенды савецкага фота. У іх было чаму павучыцца. Але краіна змянялася, а былы рэдактар “Советского Союза” працягваў працаваць па старых законах. Разам з калегамі мы прынялі рашэнне сысці і сышлі ў новы, тады яшчэ савецкі, часопіс “Родина”.

    Адным з першых маіх заданняў для “Родины” было асвятленне наступстваў землятрусу у Арменіі ў 1988 годзе. А я быў знаёмы з фатографам “Asso­ci­at­ed Press”, які папрасіў мяне зняць некалькі стужак для “АР” – каб паехаць на месца землятрусу, прадстаўніку замежнага агенцтва трэба было доўга чакаць на дазвол уладаў. Мне было вельмі цікава зрабіць свой першы фотарэпартаж для міжнароднага выдання. Так я паціху ўцягнуўся ў працу на агенцтва. Спачатку – стрынгерам, а з 1 ліпеня 1991 года нарэшце атрымаў афіцыйны статус і акрэдытацыю ад “Asso­ci­at­ed Press”.

    Аляксандр Землянічанка: Бываюць сітуацыі, калі камера становіцца цяжэй за цябе, фота Аляксея Сіпачова

    Пасля 25 гадоў у “АР” я павінен сказаць, што праца “агенцкага” фатографа часта не вельмі ўдзячная. Кожны з іх, працуючы ў той ці іншай краіне, павінен умець здымаць адразу ўсё: жыццё простых людзей і сустрэчы прэзідэнтаў, вайсковыя парады і алімпійскія гульні, самалёты ў небе і скокі ў ваду падчас спартовых спаборніцтваў.

    Ты мусіш ведаць усё: тэхніку, камеры, месцы для здымак, умець хутка рэагаваць на змены сітуацыі, перадаваць фотаздымкі рэдактару анлайн і г.д. Праца вымагае ад журналіста вялікай адказнасці і самаарганізацыі, вострага інтэлекту, тэхнічных навыкаў…

    У 1991‑м, каб перадаць фота ў Лондан, мы друкавалі здымкі на паперы

    Калі я прыйшоў у “АР”, усе фатографы ў свеце яшчэ працавалі толькі са стужкай. А ў першыя гады мы вымушаныя былі яшчэ і друкаваць свае здымкі на фотапаперы, каб перадаць далей праз спецыяльны трансмітэр па тэлефоннай лініі.

    Напрыклад, падчас падзеяў у Вільні ў 1991 годзе, акрамя вядзення здымкаў на барыкадах паміж танкамі, я працаваў таксама і над фотапавелічальнікам у сваім гатэльным нумары. Потым з’явіліся першыя сканеры, “Ліфаксы”. Каб перадаць лічбавыя здымкі, трэба было патэлефанаваць у офіс у Лондане і пачаць зваротны адлік, каб разам з рэдактарам адначасова націснуць на кнопкі адпраўкі і прыёму на сваіх прыладах.

    А потым мы чакалі паведамленняў з бюро, куды пайшлі нашы здымкі, і ганарыліся тым, што яны выйшлі ў вядомых сусветных выданнях…

    Першая лічбавая камера ў мяне з’явілася ў 1996 годзе на выбарах прэзідэнта Расіі. Гэта быў Nikon 90Х, без экрана. Якасць карцінкі была горшай за фота з мабільнага тэлефона пачатку 2000‑х. Але гэта дазваляла не бегчы ў гатэль праяўляць стужку: я мог ездзіць за Ельцыным па Расіі і скідваць фоткі лонданскаму бюро з нашых першых камп’ютараў.

    Аляксандр Землянічанка: Бываюць сітуацыі, калі камера становіцца цяжэй за цябе, фота Аляксея Сіпачова

    З 2000 года мы перасталі выкарыстоўваць стужку наогул – фотаздымак у журналістыцы патрэбны менавіта цяпер, адразу. Сёння адзінае, што для гэтага патрэбна, – добры інтэрнэт альбо спадарожнікавы тэлефон (на выпадак, калі няма добрага Wi-Fi).

    Напрыклад, падчас вайны ў Югаславіі мы перадавалі фотаздымкі з кавярні праз сотавы тэлефон непасрэдна падчас баявых дзеянняў. Гэта, канешне, былі не тыя хуткасці, што цяпер. Але і аб’ёмы інфармацыі былі меншыя.

    Цяпер жа мы дамовіліся, што дасылаем на стужку фота не больш за 4 МВ. Цікава, што ў мінулым стагоддзі фатографы былі абмежаваныя 36‑ю кадрамі, а  цяпер галоўная праблема — выбраць з усяго адзнятага матэрыялу гэтыя самыя лепшыя здымкі.

    У “АР” ёсць няпісанае правіла – не адпраўляць больш за 50 карцінак з адной падзеі. Таму фатограф перад адпраўкай абавязаны выдаляць кадры, якія дакладна не патрэбныя. Навак калі ён здымае алімпійскія гульні і анлайн звязаны з рэдактарам.

    Аляксандр Землянічанка: Бываюць сітуацыі, калі камера становіцца цяжэй за цябе, фота Аляксея Сіпачова

    Агенцтва – гэта не адзін чалавек, а вялікі калектыў. Ва ўсіх сусветных агенцтвах уся праца дзеліцца на тры глабальныя накірункі: тэкст, фота і відэа/тэлебачанне.

    У некаторых выпадках у матэрыяле галоўным становіцца тэкст, у некаторых —  відэа, у некаторых — фота. Для кожнага моманту нейкі жанр падыходзіць найлепш. Дарэчы, мы ніколі не пішам пад фота пра тое, чаго не бачна на самім здымку. Усе фотаздымкі ў “АР” падпісваюцца простай англійскай мовай у цяперашнім часе.

    Яшчэ адна асаблівасць: вялікія агенцтвы працуюць з кліентамі толькі па папярэдняй падпісцы. Гэта значыць, што агенцтва не прадае доступ да асобных матэрыялаў, публікацый, фотарэпартажаў — толькі падпіску да гэтых публікацый на нейкі час. У адваротным выпадку агенцтвы проста не справіліся б з асобнымі запытамі рэдакцый па ўсім свеце.

    Для журналіста ж праца ў агенцтве — гэта толькі штатная праца. Паводле кантракту, ніхто не можа паралельна з працай у “АР” рабіць матэрыялы для іншых выданняў.

    Я, канешне, магу працаваць для іх у свой афіцыйны адпачынак. Але тады я вярнуся з адпачынку стомленым, а ў суседняй краіне раптам можа здарыцца вайна, пераварот ці нейкая важная падзея, і мне адразу прыйдзецца туды ехаць. Таму мы мусім адказна ставіцца да сябе, свайго часу, свайго адпачынку…

    Цікава, што нейкія ўласныя праекты таксама можна здымаць для “АР” – толькі трэба добра шукаць цікавыя сюжэты. І не заўсёды гэта вайна ці нейкія гарачыя падзеі. Нядаўна ў нас выходзіла вельмі цікавая гісторыя з выставы сабак альбо быў яшчэ адзін вельмі папулярны здымак — проста трамвай на заходзе сонца.

    Але прырода чалавека такая, што ён не можа глядзець вельмі шмат фотаздымкаў. Праз нейкі час людзі стамляюцца разглядаць нават самыя цікавыя карцінкі, бо фота — не кіно. У нас у “АР” негалосна прынята, што фотарэпартаж — гэта 12–15 здымкаў. Спачатку вы хочаце даслаць 25 кадраў. Але потым самі разумееце, што лепш выбраць самыя выразныя. У інтэрнэце можна паставіць і 50 фотаздымкаў у рэпартаж, але людзі проста не будуць глядзець яго да канца.

    Этычныя моманты

    Вельмі часта мне задаюць пытанне: а ці бываюць моманты, калі фатографу не варта здымаць нешта? Напрыклад, нейкія трагічныя падзеі, развітанне з памерлым, нейкую цяжкую псіхалагічную сітуацыю.

    Я заўсёды адказваю, што кожнаму з нас гэта падказвае толькі ўласнае сумленне і розум. Наогул перад фатографам не стаіць задача паказаць на фотаздымку кроў дзеля крыві і гэтым шакаваць чытача. Магчыма, часам нават лепш паказаць рэакцыю мінакоў на нейкую трагічную сітуацыю, чым уласна яе. Не абавязкова ў кадры павінна быць чыёсьці цела ў крыві, каб перадаць атмасферу і сітуацыю. Часам дастаткова зрабіць усяго некалькі фотаздымкаў тых, хто навокал.

    У “АР” існуе адмысловая пазнака шакавальнага, траўматычнага кантэнту, якую мы абавязкова ставім на матэрыялы з такімі здымкамі. Гэта наша правіла.

    Хоць часам журналісты сапраўды трапляюць у сітуацыі, калі камера становіцца цяжэй за ўласную вагу. Моманты, калі ты проста не можаш падняць камеру, каб здымаць. Я думаю, што ў такім выпадку сапраўды лепш спыніць працу і дапамагчы людзям, як можаш. Дапамагчы, а не здымаць.

    Аляксандр Землянічанка: Бываюць сітуацыі, калі камера становіцца цяжэй за цябе, фота Аляксея Сіпачова

    Што ж тычыцца проста здымкаў у грамадскіх месцах, то заканадаўства розных краін па-рознаму агаворвае правы фатографаў. У некаторых краінах патрабаванні  неўмяшальніцтва ў асабістае жыццё чалавека настолькі высокія, што журналіст ніколі не апублікуе здымак чалавека нават з вуліцы без яго пісьмовага дазволу. А ў іншых краінах гэта можа быць абсалютна правамерным. Менавіта таму ўсе фатографы, якія працуюць у АР, уважліва вывучаюць заканадаўства кожнай канкрэтнай краіны перад тым, як скіравацца туды на працу.

    У нашых постсавецкіх краінах, дзе заканадаўства ў гэтай галіне вельмі падобнае, я заўсёды прытрымліваюся прынцыпу “Лепш зняць і выбачыцца, чым не зняць і не выбачыцца”. Гэта значыць, што на вуліцах я не здымаю схаванай камерай. Чалавек бачыць, што я яго здымаю. Часам прыходзіцца нават папрасіць зняць таго ці іншага чалавека, растлумачыць, што ты фотажурналіст. Але калі просты чалавек на вуліцы (не палітык, не зорка) катэгарычна супраць – я не буду публікаваць гэтыя фотаздымкі.

    І яшчэ: заўсёды трэба быць вельмі акуратнымі пры публікацыі такіх фота і думаць, у якой сітуацыі і пры якіх абставінах ты нешта публікуеш. Напрыклад, прыехаў я ў Вільню, сфатаграфаваў прыгожую жанчыну, што сядзіць за суседнім столікам, і апублікаваў бы ў сябе ў Face­book гэта фота з подпісам “My trip to Vil­nius”. Здаецца, нічога крыўднага. Але хтосьці з маіх знаёмых ці знаёмых гэтай жанчыны, калі б убачылі допіс, маглі б падумаць, што яна не проста так з’явілася ў мяне на старонцы. І з зусім бяскрыўднай сітуацыі мог бы атрымацца скандал.

    Таму яшчэ раз кажу: заўсёды трэба быць вельмі акуратнымі пры публікацыі фотаздымкаў і подпісаў да іх, дзе б гэта ні было.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці