• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Масмедыя ў Беларусі №3(43) (ліпень – верасень 2015 г.)

    Становішча ў сферы СМІ ў ліпені – верасні 2015 г. (агляд). Асноўныя падзеі ў сферы СМІ ў ліпені – верасні 2015 г. Рэйтынгі, індэксы, статыстыка.

    “Сёння казаць пра адсутнасць свабоды слова ў Беларусі, прынамсі, безадказна…”

    Лілія Ананіч, міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь

     

    «Еўрапарламент… чакае ад уладаў [Беларусі] спынення цкавання незалежных СМІ з палітычных прычын; заклікае спыніць практыку адміністрацыйнага пераследу і адвольнага выкарыстання артыкула 22.9, ч.2 Адміністрацыйнага Кодэкса супраць журналістаў-фрылансераў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ без акрэдытацыі, што абмяжоўвае права на свабоду выказвання і распаўсюду інфармацыі”

    з рэзалюцыі Еўрапарламента

     

    СІТУАЦЫЯ Ў СФЕРЫ СМІ Ў ЛІПЕНІ-ВЕРАСНІ 2015 г. (АГЛЯД)

    Пачатак трэцяга квартала 2015 г. вызначаўся ўзмацненнем ціску ўладаў на СМІ. З канца жніўня гэты ціск некалькі паменшыўся, што, верагодна, было звязана з прэзідэнцкімі выбарамі і намерам афіцыйнага Мінска дамагчыся іх станоўчай ацэнкі з боку міжнароднай супольнасці. Тым не менш, становішча ў сферы свабоды выказвання меркавання засталася неспрыяльным праз татальны кантроль з боку дзяржавы над інфармацыйнай прасторай краіны.

    У апошнія месяцы пагоршылася становішча з распаўсюдам недзяржаўных выданняў грамадска-палітычнай тэматыкі. Да гэтага прывяло ўступленне ў моц патрабавання дзяржаўнай рэгістрацыі да распаўсюднікаў прадукцыі СМІ на тле працягу дыскрымінавання незалежных выданняў з боку дзяржаўных сістэмаў распаўсюду “Белпошта” і “Саюздрук”.

    Пераслед журналістаў-фрылансераў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі, які рэзка ўзмацніўся ў першыя месяцы лета, да верасня пайшоў на спад. Аднак невядома, як будзе развівацца сітуацыя пасля заканчэння прэзідэнцкіх выбараў.

    Было зафіксавана некалькі выпадкаў затрымання журналістаў падчас выканання імі сваіх прафесійных абавязкаў.

     

    АСНОЎНЫЯ ПАДЗЕІ Ў СФЕРЫ СМІ Ў ЛІПЕНІ-ВЕРАСНІ 2015 г.

    Праблемы з распаўсюдам незалежных газетаў

    З пачатку верасня Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Белсаюздрук”, якое дамінуе на рынку рознічнага продажу друкаваных СМІ, адмовілася ад распаўсюду газеты “Новы час” са спасылкай на тое, што цяпер гэта “не з’яўляецца магчымым з тэхнічных прычынаў”.

    Напрыканцы верасня дзяржаўнае прадпрыемства “Белпошта” (манапаліст у сферы распаўсюду СМІ па падпісцы) адмовілася ўключыць ў падпісны каталог газету “Барысаўскія навіны”. Пры гэтым “Белпошта” спаслалася на тое, што ўключэнне выданняў у каталог з’яўляецца яе правам, а не абавязкам. З аналагічным тлумачэннем дзяржаўнае ўнітарнае прадпрыемства “Мінскаблсаюздрук” адмовіла выданню ў распаўсюдзе праз свае шапікі.

    Раней падобныя адказы ад прадпрыемстваў “Саюздруку” і “Белпошты” атрымалі рэдакцыі “Газеты Слонімскай”, “Intex-press” ды “Intex-press плюс” (г. Баранавічы), “СНплюс. Свободные новости плюс”. 

    Праблемы з распаўсюдам незалежных друкаваных СМІ ўзніклі амаль 10 год таму, напярэдадні прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2006 г. Тады РУП “Белпошта” адмовілася ўключаць у падпісныя каталогі, а прадпрыемствы “Саюздруку” – прадаваць праз газетныя кіёскі каля 20 незалежных грамадска-палітычных газетаў. Толькі на хвалі пацяплення адносінаў з ЕС у 2008 г. “Белпошта” і прадпрыемствы “Саюздруку” аднавілі супрацоўніцтва з газетамі “Народная воля” і “Наша ніва”. Праз эканамічную дыскрымінацыю шматлікія газеты спынілі выхад. Цяпер праблемы з распаўсюдам праз прадпрыемствы “Белпошты” і/ці “Саюздруку” маюць 9 недзяржаўных выданняў грамадска-палітычнай тэматыкі (амаль палова з зарэгістраваных у Беларусі незалежных грамадска-палітычных СМІ).

    Сітуацыя пагаршаецца праз тое, што з ліпеня 2015 г. распаўсюднікі прадукцыі друкаваных і тэлерадыёвяшчальных СМІ (акрамя рэдакцыяў, якія распаўсюджваюць уласныя выданні) маюць права ажыццяўляць сваю дзейнасць толькі пасля рэгістрацыі ў Міністэрстве інфармацыі.

    Некаторыя незалежныя выданні, якія прадавалі значную частку сваіх накладаў праз гандлёвыя прадпрыемствы і прадпрымальнікаў, сутыкнуліся з памяншэннем колькасці кропак продажу сваёй прадукцыі, бо далёка не ўсе распаўсюднікі газетаў пагадзіліся звярнуцца ў Мінінфарм па дадатковую рэгістрацыю.

     

    Судовы пераслед журналістаў-фрылансераў

    У ліпені і жніўні 7 журналістаў былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі. Яны былі пакараныя штрафам на сумы ад 25 да 50 базавых велічыняў (прыблізна ад 250 да 500 еўра).

    9 ліпеня ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” накравала ў Вярхоўны суд, Міністэрства ўнутраных справаў, Генеральную пракуратуру і КДБ Рэспублікі Беларусь звароты, у якіх звяртала ўвагу на незаконнасць і неабгрунтаванасць пераследу журналістаў паводле арт. 22.9 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ.

    Аднак гэтыя органы ўнікнулі прамых адказаў і не пажадалі даваць ацэнку сітуацыі.

    На пачатку жніўня падчас прэсавай канферэнцыі з журналістамі незалежных СМІ прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанне пра пераслед журналістаў-фрылансераў, паабяцаў разбрацца з сітуацыяй.

    Пасля гэтага новых справаў у дачыненні журналістаў-фрылансераў не з’яўлялася, аднак раней заведзеныя справы завершыліся з прыцягненнем журналістаў да адміністрацыйнай адказнасці.

    Усяго за 2015 г. у Беларусі былі аштрафаваныя за супрацу з замежнымі медыямі 28 журналістаў. Агульная сума штрафаў перавысіла 146 мільёнаў беларускіх рублёў, што адпавядае каля 8000 еўра (паводле курсу Нацбанка Рэспублікі Беларусь на момант вынясення штрафаў).

    Ва ўсіх выпадках абгрунтаваннем для застасавання да журналістаў санкцыі паводле ч.2 арт.22.9 КаАП “Парушэнне заканадаўства аб СМІ” стаўся не змест іх матэрыялаў, а сам факт іх з’яўлення ў замежных СМІ.

    Затрыманні журналістаў

    У ліпені-верасні былі зафіксаваныя некалькі выпадкаў затрымання журналістаў.

    Гэтак, 16 ліпеня ў Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласці былі затрыманыя журналісты Кастусь Жукоўскі і Наталля Крывашэй, якія здымалі відэасюжэт пра ўспышку невядомай хваробы свінняў у раёне.

    29 ліпеня іх зноў затрымалі каля Цэнтральнага раённага упраўлення ўнутраных справаў Гомеля, перад якім меўся адбыцца пікет мясцовых жыхароў. Журналісты збіраліся яго асвятляць.

    7 верасня ў Мінску затрымалі пазаштатную карэспандэнтку газеты “Народная воля” Кацярыну Андрэеву, якая асвятляла пікет “падманутых дольшчыкаў” (грамадзянаў, якія ўклалі грошы ў долевае будаўніцтва жытла, але не атрымалі яго) ля Палаца Незалежнасці.

    Ва ўсіх выпадках журналісты былі вызваленыя на працягу 3 гадзінаў з моманту затрымання без складання пратаколаў.

    Трэба адзначыць, што колькасць кароткачасовых затрыманняў журналістаў у 2015 г. у параўнанні з іншымі гадамі паменшылася (11 затрыманняў за 9 месяцаў гэтага года супраць 29 за 2014 г.).

    РЭЙТЫНГІ, ІНДЭКСЫ, СТАТЫСТЫКА

    У дакладзе міжнароднай праваабарончай арганізацыі Free­dom House “Свабода прэсы-2015”, які быў апублікаваны ў верасні 2015 г., Беларусь уключана ў дзясятку краінаў і тэрыторыяў, дзе становішча ў галіне свабоды прэсы найгоршае ў свеце. Акрамя Беларусі ў дзясятцы Іран, Куба, Крым (у якасці тэрыторыі), Паўночная Карэя, Сірыя, Туркменістан, Узбекістан, Экватарыяльная Гвінея і Эрытрэя.

    Як адзначаюць аўтары даклада, у гэтых краінах “незалежныя СМІ не існуюць або ледзь здатныя працаваць, прэса выступае ў якасці рупара рэжыму, доступ грамадзянаў да аб’ектыўнай інфармацыі жорстка абмежаваны, нязгода караецца тэрмінамі турэмнага зняволення, катаваннямі і іншымі формамі рэпрэсіяў.”

    Сваю ацэнку месца Беларусі на мапе свабоды прэсы аўтары даклада абгрунтоўваюць працягам ціску на журналістаў у краіне (у прыватнасці, узгадваюцца судовыя справы супраць журналістаў-фрылансераў за супрацу з замежнымі СМІ і крымінальны пераслед журналіста Аляксандра Алесіна), пагаршэннем заканадаўства, блакаваннем шэрагу незалежных Інтэрнэт-рэсурсаў на працягу года, а таксама захаваннем у Беларусі манаполіі дзяржавы на тэлебачанне і бюджэтным фінансаваннем дзяржаўных СМІ.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Рэпрэсіі супраць журналістаў і медыя ў 2024 годзе, спіс зняволеных

    У табліцы сабраныя ўсе вядомыя нам выпадкі, у якіх Беларуская асацыяцыя журналістаў бачыць парушэнне правоў журналістаў у сувязі з іх прафесійнай дзейнасцю. Можаце дапоўніць? Напішыце нам на office@baj.media! Коллеги в тюрьмах. Адреса для писем, бандеролей и переводов
    05.11.2024
    Акцэнты

    Экстремизм и медиа. Аналитика БАЖ

    Учитывая существенную роль «антиэкстремистской политики» в формировании медиапространства внутри Беларуси, БАЖ проанализировал правовое регулирование противодействия экстремизму и актуальной практики его применения в отношении независимых медиа и их представителей. Отправной точкой при проведении данного анализа выступают международные стандарты прав и свобод человека, которые, вне всякого сомнения, должны служить ключевым ориентиром демократического государства при любых обстоятельствах. Скачайте доклад в формате PDF .
    29.12.2023

    Доклад БАЖ: Беларусь 2022–2023. Права человека. Гражданское общество. Медиа

    01.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці