• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Таццяна Мельнічук: “Танк павінен быў праехаць па акопе, дзе сядзяць салдаты, і я туды спусцілася”

    Таццяна Мельнічук – адзіная ў Беларусі карэспандэнтка Бі-бі-сі. Многім знаёмая як рэпарцёр, потым намесніца галоўнага рэдактара радыёстанцыі “Беларуская Маладзёжная”,  рэдактарка аднайменнай газеты. Ці памірае радыё ў век сучасных тэхналогій? Што такое каханне? Адкуль у такой вытанчанай жанчыны такі баявы характар? Пра стандарты Бі-бі-сі, сабаку Адысея і сарафаны для ўнучак – у шчырай гутарцы для baj.by.

    АСАБІСТАЯ СПРАВА БАЖа

    Таццяна Мельнічук нарадзілася ў Берасці. Скончыла журфак БДУ, працавала ў ваеннай прэсе, намесніцай галоўнага рэдактара радыёстанцыі “Беларуская Маладзёжная”, галоўным рэдактарам газеты “Беларуская Маладзежная”. Шмат год супрацоўнічае з Бі-бі-сі, на гэты момант з’яўляецца адзінай акрэдытаванай карэспандэнткай Бі-бі-сі ў Беларусі. Удзельнічае ў стварэнні часопіса “Абажур”, выкладае ў ЕГУ асновы радыёжурналістыкі. Сябра БАЖа з моманту заснавання арганізацыі.

     

    “Я  вельмі-вельмі сумую па радыё, па гэтай працы ў эфіры”

    Спадарыня Таццяна, я заўважыў, што ў Вас дзень народзінаў у Дзень радыё. Колькі Вас разоў падколвалі на гэтую тэму?

    Таццяна Мельнічук: А ніколькі не падколвалі! Усе разумеюць, што так і павінна быць! (усміхаецца) Скажу больш, што ўжо так гадочкаў з трыццаці Дзень радыё адзначаецца на якой-небудзь паляне, куды збіраецца ўся радыйная журналісцкая братыя. Гэтым годам нас было чалавек пад трыццаць. Нашы БАЖаўцы і “маладзёжка”, Жэнька Агурцоў, Лёня Міндлін, Лёнечка Свірыдаў прыехаў з Варшавы – дарэчы, адзін з заснавальнікаў БАЖа. А былі часы, калі мы збіраліся на ўскрайку палігона ва Уруччы. Здаралася, што мы ідзем з лесу назад у цемры ўжо – а нам насустрач натоўп. І нехта кажа: “Ну ўсё, мясцовыя. Мы крыху п’яныя, яны, напэўна ж, нецвярозыя – зараз бойка будзе…” Не, не бойка – гэта ідуць беларускія музыкі, Лёнечка Вольскі, Кася Камоцкая. Яны проста крыху прыпазніліся. Вось такі атрымліваецца Дзень радыё! Бастунец мне з гэтай нагоды нават фільм падарыў, які так і называецца.

    Карацей, Папоў тут ні пры чым – гэта ў Ваш гонар Дзень радыё названы…

    Таццяна Мельнічук: Я калі студэнтам распавядаю, як пачыналася гісторыя радыёвяшчання, кажу – мне ўсё адно, хто там быў, Марконі, Папоў ці, можа, Тэсла. Папоў мне падабаецца, бо ён вось так мой дзень пазначыў!

    Спадарыня Таццяна, калі “Бі-бі-сі” паўтара года таму закрыла вяшчанне ў эфіры, пакінуўшы толькі інтэрнэт, гэта было для Вас нечаканасцю ці ўдарам?

    Таццяна Мельнічук: Нечаканасцю не было, хоць заўжды спадзяешся, што гадасці не адбудуцца. А ўдарам… Як табе сказаць… Я дагэтуль вельмі-вельмі сумую па радыё, па гэтай працы ў эфіры. Гэта такое шчасце! Я вось думаю: можа, гэта я дзе прагаварыла-пракляла? Бо калі падымаешся а 4 раніцы, каб дабегчы да свайго працоўнага месца, каб патрапіць у прамы эфір трохгадзіннай “Раніцы на Бі-бі-сі”… А чаму ў 4 – бо ў эфір выходзіш а палове сёмай. І яшчэ – бо ў мяне жыў такі вялізны дог, якога трэба было выгуляць. Ён быў 82 кілаграмы. А я 67. Так што мне ад яго даставалася! Але мы з ім былі вельмі вялікія сябры… Я люблю гэтую працу. Яна мяне зрабіла, а я ўмею рабіць гэта… Жывыя эфіры – гэта заўсёды неспадзяванкі, трылер… Байкі пра гэта можна расказваць доўга! Цяпер таксама ёсць такое – у інтэрнэце. Я запатрабаваная як радыёжурналіст, але мне гэтага мала… Я не думаю, што гэта добра – закрыць вяшчанне. Па ўсіх правілах у нас забаронена крытыкаваць кіраўніцтва… Але я сачу за тым, што адбываецца. І ведаю, што нават у ангельскім парламенце ідуць дэбаты – што не варта было спыняць трансляцыю на гэтую постсавецкую прастору. Няма тут яшчэ таго ўзроўню развіцця тэхнікі, а галоўнае — грамадства, пры якім было б дастаткова мясцовых альтэрнатыўных крыніц і думак.

    Няўжо ў інтэрнэце людзі актыўна слухаюць радыё?

    Таццяна Мельнічук: Так, ёсць такія. А чаму не? Радыё – гэта такая штуковіна, гэта вельмі своеасаблівая сфера прыкладання журналісцкіх намаганняў. Радыё – яно паўсюднае. Ты можаш уключыць яго ў інтэрнэце – і прыбіраць свой пакой, нешта друкаваць, чытаць… Радыё цікавае тым, што кожны абсалютна па-рознаму ўяўляе тое, што чуе – малюе гукавы вобраз. Самы бліскучы прыклад – гэта Левітан. Усе былі ўпэўненыя, што гэта такі асілак магутны. А потым колькі было расчараванняў, калі даведаліся, што гэта невялікі, сціплы чалавек. Радыё – гэта не толькі сродак інфармацыі, камунікацыі. Для многіх людзей гэта – паратунак ад адзіноты. Вечаровыя праграмы са званкамі і размовамі ў студыі (на нармалёвых радыёстанцыях) – божа мой, колькі там усяго пачуеш!

    Але Вы гаворыце пра класічнае радыё. Сённяшнія FM-станцыі ў Вашыя словы не кладуцца зусім!

    Таццяна Мельнічук: Беларускія FM-станцыі? Пройдзе пэўная колькасць гадоў – і яны будуць зусім іншыя. “Эхо Москвы” – таксама FM-станцыя. Я думаю, ты не пра іх зараз кажаш? А ў нас сітуацыя, што развіццё тэхналогіяў апярэдзіла развіццё грамадства. Ёсць і іншыя беларускія акалічнасці: на FM не пускаюць таленавітых журналістаў, праграмы…  Дзённая вёрстка гэтых станцый – гэта навіны і музыка “па вашых заяўках”. Цяпер у свеце станцыі актыўна змагаюцца за сваю аўдыторыю: станцыя для бабуляў, станцыя рэтра, станцыя для аматараў котак… Кожны знаходзіць сваю нішу. А ў нас – “станцыя для ўсіх”. Выбачаюся, але “станцыя для ўсіх” – гэта Бі-бі-сі. Гэта іншая, “гарызантальная” структура вёрсткі, уласцівая нацыянальным і транскантынентальным радыёстанцыям, іншае напаўненне.

    “У Беларусі быў шанец зрабіць сваё паўнацэннае бюро Бі-бі-сі”

    Ці вялася калі гаворка пра Беларускую службу Бі-бі-сі?

    Таццяна Мельнічук: Вельмі хочацца абыйсці гэтае пытанне… Некалькі разоў вяліся такія гаворкі… У Беларусі быў шанец зрабіць сваё паўнацэннае бюро, і пэўным часам у нас існаваў карпункт. Але ёсць такі журналіст Юра Свірко, які цяпер працуе ва Украіне. І ў Юры здарыўся, мякка кажучы, канфлікт з кіраўніцтвам Бі-бі-сі. Пасля гэтага канфлікту вяртанне да тэмы хоць бы карпункта ў Беларусі закрыта вось ужо дзесяцігоддзе. Я просты карэспандэнт. Ці патрэбная беларуская служба? Думаю, што патрэбная. Але тут неабходныя не толькі намаганні журналістаў, але і намаганні палітыкаў. Нашыя палітыкі яшчэ не давялі да брытанскіх кіраўнікоў Бі-бі-сі і да брытанскіх палітыкаў, што тут, у Беларусі, — асаблівая зона, і гэтая зона будзе цікавая і небяспечная для свету яшчэ доўгі час.

    А Вашае начальства ў Маскве ці Лондане?

    Таццяна Мельнічук: Маё начальства ў Лондане. Але ёсць Руская служба Бі-бі-сі, з якой я кантактую, бо гэта бліжэй.

    Маскоўскі патрыярхат, Беларуская праваслаўная царква…

    Таццяна Мельнічук: Ды не, толькі не пра Бі-бі-сі! А ты ведаеш, як цяжка жывецца маім калегам з Бі-бі-сі ў Маскве? Яны там “белыя вароны” сярод іншых СМІ, амаль “ворагі народа”!

    Колькі агулам гадоў Вы ўжо супрацоўнічаеце з Бі-бі-сі?

    Таццяна Мельнічук: Вельмі шмат – з пачатку 1990‑х. А стала на кантракце працую толькі тры гады. З Рускай службай кантактую вельмі даўно, у мяне там шмат сяброў. Усё было нармалёва, але аднойчы прыязджаю ў Маскву. Тады офіс Бі-бі-сі месціўся ў гасцініцы “Рэдысан-Славянская”. Заходзіш – шык, амаль шэйхі ходзяць, вітрыны з алмазамі-брыльянтамі! Мяне сустракае кіраўнік Рускага бюро, Сайман (мы яго за вочы звалі Сямёнам), уручае гадзіннік (вунь ён стаіць, не працуе) і кажа: “Таццяна, дзякуй, вы добра працавалі, нам з вамі было вельмі прыемна, але вось у нас з’явіўся ў Беларусі рэпарцёр, які будзе рабіць карпункт”. Гэта быў Юра. Я стала працаваць як фрылансер на іншыя СМІ, шукаць іншую працу. А потым у 1999 у нас адбываліся альтэрнатыўныя выбары прэзідэнта, якія арганізоўваў Ганчар. Пасля іх пачаліся ўсякія рэпрэсіі супраць Чыгіра, які быў адным з прэтэндэнтаў, Чыгіра судзілі. Мы ўсе таўчэмся ў двары, у калідорах суда. А тады ўжо з’явіліся першыя мабільнікі – такія дубовыя, вялікія. І па гэтым мабільніку я раптам атрымліваю званок. Шчаслівы голас маёй сяброўкі Наталлі Лявіцінай, якая заўжды была за мяне, пытае: “Таня, ты дзе? Хуценька глядзі, што там да чаго, і рабі рэпартаж”. Я запярэчыла: “Дык у вас жа ёсць Юра…” Наталля перарвала: “Таня, Юры няма. Не задавай лішніх пытанняў. Ты робіш рэпартаж”. Вось так я зноў вярнулася на Бі-бі-сі. Але пра сутнасць таго канфлікту Юры з кіраўніцтвам Бі-бі-сі казаць я не магу.

    “Свет складаецца з людзей розных часоў і розных кантынентаў, і яны з табой у адным горадзе”

    Спадарыня Таццяна, якраз хацеў запытацца ў Вас пра адказнасць, якое накладае імя СМІ, у якім працуеш. Чаго не можа дазволіць сабе карэспандэнт Бі-бі-сі?

    Таццяна Мельнічук: Звод правілаў карэспандэнта Бі-бі-сі займае некалькі аркушаў і дасяжны на сайце радыё. Аб’ектыўнасць, адказнасць… Перш за ўсё – павага да асобы, пры гэтым не крытыкаваць і не хваліць, толькі факты. Ёсць цэлы блок, што нельга прымаць падарункі. Прычым там вельмі цікава прапісана, што, калі табе даюць звычайную пластыкавую асадку з лагатыпам і танненькі нататнічак – гэта за падарунак не лічыцца. А ўжо нататнік у добрым пераплёце і салідная асадка – лепш неяк пазбегнуць такога падарунку. Тое самае – запрашэнне на абеды… Я абедала ў Бакіева, калі ён пасля мінскай прэс-канферэнцыі запрасіў журналістаў. Я пайшла, бо мне было цікава. Але я папярэдзіла кіраўнікоў, што пайду на гэты абед з журналісцкай цікаўнасці, каб даведацца нейкія дэталі. Хоць і не даведалася — ён маўчаў. Але чалавек за сталом вельмі прыемны.

    Я крыху пра іншае. Калі даішніку пачнеце ксіваю махаць — “я карэспандэнт Бі-бі-сі”, — што будзе?

    Таццяна Мельнічук: Я ніколі так не рабіла. Я лічу, што нейкая фанабэрыстасць у нашай прафесіі – гэта не ёсць нармалёва. Гэта публічная прафесія. А публічны чалавек – палітык, журналіст, хто хочаш – не мае права падкрэсліваць свой асаблівы статус у адносінах да іншых. Я ніколі ў асабістых мэтах не карысталася ніводным са сваіх пасведчанняў. І ніхто з маіх калег, якіх я паважаю, так не робіць. У сваім узросце я ўжо разумею, што свет складаецца з людзей розных часоў і розных кантынентаў, і яны з табой у адным горадзе. Вось ідзе нейкі чалавек – а па ўзроўні свайго развіцця ён з XV стагоддзя. А побач — іншы, да якога мы яшчэ не дараслі. Яны ўсе маюць права быць, мы павінны іх аднолькава паважаць. Але не ўсіх прымаць як сяброў і калег.

    Якое стаўленне ў нашых чыноўнікаў да брэнду Бі-бі-сі?

    Таццяна Мельнічук: Палохаюцца. У нас краіна ўвогуле насцярожаных чыноўнікаў. Вось сёння я спрабавала дазваніцца да Мінпрыроды, дабіцца хоць якога пэўнага каментара наконт выпадку з птушкамі, якім адрэзалі дзюбы. Прэс-сакратарка перакрыла мне ўсе доступы, і каментар звёўся да таго, што “чытайце наш сайт, усе спецыялісты занятыя”. Разумееце, з аднаго боку статус карэспандэнта Бі-бі-сі абавязвае мяне паводзіцца вельмі карэктна. З іншага боку, я не хачу падацца ім вялікім суддзёй, што прыляцеў з “Ландону”. Я жыву тут. Але іншым разам я падкрэсліваю: я жыву тут, але я і карпарацыя, дзе я працую, разумеем тую ці іншую праблему крыху інакш, чым вы. Таму, будзьце ласкавыя, патлумачце, на чым базуюцца вашыя меркаванні.

    З кім Вы ўзгадняеце тэмы сваіх рэпартажаў?

    Таццяна Мельнічук: Я не ўзгадняю. Я даводжу да ведама, што ў мяне ёсць вось такія цікавыя тэмы. Некаторыя тэмы адмятаюцца. У некаторых тэмах апынаецца, што пару гадоў таму мы пра гэта ўжо расказвалі – і нічога прынцыпова новага не з’явілася. Вось зараз Мінск увайшоў у лік пяці самых п’яных сталіц Еўропы. Цікава! Але мы пра гэта п’янства на Беларусі ўжо столькі разоў распавядалі!..

    А Вам не крыўдна, калі тэмы адмятаюцца? Ведаю калег, якія дужа крыўдуюць за гэта на рэдактараў.

    Таццяна Мельнічук: Справа ў тым, што, калі нейкая тэма адмятаецца, гэта заўжды аргументавана. Крыўды не бывае. Іншым разам бывае крыўда на сябе. Бо, напрыклад, матэрыял пра Ліхавіда, які з’явіўся на сайце, я перапісвала 4 разы.

    Пасля нейкіх заўвагаў?

    Таццяна Мельнічук: Так, таму што першы раз дзяжурны рэдактар напісаў мне: “Таццяна, тэма класная, выпадак класны, але, калі ласка, папрыбірай адтуль сваё асабістае”. І вось гэтае прыбіранне майго жаночага-асабістага ўдалося больш-менш з чацвертага раза. Таму што стыль матэрыялу, як я тлумачу сваім студэнтам, павінен быць “строгі”.

    Як пры гэтым раставіць акцэнты для чытача, які па-за беларускім кантэкстам?

    Таццяна Мельнічук: Так, бэкграўнд у нас вельмі вялікі… Для гэтага трэба шукаць вельмі кваліфікаванага эксперта. Тут не павінна быць шмат мясцовых дэталяў, у якіх ніхто не разбярэцца. Эксперт мусіць вельмі зразумела патлумачыць праблему ў некалькіх сказах.

    “Рэпартаж! Запісаны па тэлефоне! Уяўляеце сабе такое?! Дурдом!”

    Цяпер, калі Бі-бі-сі закрыла вяшчанне, Вы таксама робіце ўсе рэпартажы з гукам?

    Таццяна Мельнічук: Так – калі яны ідуць у інтэрнэт-эфір. Аднак ёсць рэчы, якія толькі выстаўляюцца на сайце – там аўдыё не раблю.

    Каментары толькі ўжывую бераце ці па тэлефоне таксама?

    Таццяна Мельнічук: Не, звычайна не бяру па тэлефоне каментароў. Толькі калі буду пісаць нейкі артыкул на сайт, дакладна ведаючы, што без аўдыё. Для мяне гэта непрымальна – радыёжурналістыка па тэлефоне! Бі-бі-сі, калі рабіла гэтыя вялізныя 2,5–3‑гадзінныя праграмы “Раніца на Бі-бі-сі”, “Вечар на Бі-бі-сі”, то мы не хавалі таго, што працуем са студыі праз тэлефон. Цягам перадачы на сувязь выходзілі людзі з розных краінаў, куткоў свету. Зразумела, гэта было магчыма толькі па тэлефоне. Але тое, што робяць калегі… У мяне было пару студэнтаў, якія працавалі на “Еўрарадыё”, і, калі для адзнакі прапаноўвалі рэпартаж, запісаны па тэлефоне, – для мяне гэта быў проста шок! Рэпартаж! Запісаны па тэлефоне! Уяўляеце сабе такое?! Дурдом!

    А вам у адказ: “Ну мы ж не будзем у Лоеў па кожную драбязу ездзіць!”

    Таццяна Мельнічук: Ага! Будзем! Калі эфір Бі-бі-сі быў штодзённы, мне даводзілася бегаць так, што ад мяне пыл ішоў па гэтым Мінску! Выходзіш у “Раніцу на Бі-бі-сі”, а ўжо праз пару гадзін трэба падрыхтаваць, скажам, інфармацыйна-аналітычны пакет. З галасамі, з меркаваннямі – але гэтыя галасы і меркаванні павінны быць запісаныя ўжывую.

    Спадарыня Таццяна, а як жа, гм… статуснасць? Няма думкі, “я ж ужо не дзевачка, каб бегаць тут язык на плячо”?

    Таццяна Мельнічук: (смяецца) …Некалі Ніна Чайка, калі мы працавалі яшчэ ў “Беларускай Маладзёжнай”, мела такую тэорыю: “Дзеўкі, недзе гадоў да 40 трэба рабіцца начальнікамі, рэдактарамі – каб “як курва з кацялком“ не бегаць”. А тады ж “Рэпарцёры” былі па 6 кілаграмаў!.. Я люблю гэтую прафесію, мне падабаецца бегаць, я не люблю быць начальнікам. Мне даводзілася быць начальнікам пару разоў у маім жыцці. І мае падначаленыя засталіся маімі сябрамі. А калегі-начальнікі казалі: “Што гэта за піянерскія метады кіравання! Яна стараецца нікога не пакрыўдзіць, каб усё было па справядлівасці!” І шчыра дзівіліся, што грошы я дзяліла на ўсіх. Казалі: “Здурнела! Ты ж рэдактар! Мусіш мець! А іншыя хай бегаюць!” Калі я адчуваю, што хочацца пасядзець на месцы, адпачыць – думаю: ну ўсё, старая стала, прафнепрыдатнасць. Ваўка ногі кормяць – вось нашая прафпрыдатнасць.

    “Колькі зрабіў – столькі зарабіў”! Але часам даводзіцца чуць: “А на пенсіі ты што рабіць будзеш?”

    Таццяна Мельнічук: О, я вось зараз афармляю пенсію!.. Аказваецца, усе гэтыя фонды, праз якія нас абірае дзяржава, не скідваюць ніякай інфармацыі ў агульную скрыню. Ува ўсіх у архівах “нічога няма”. Нават у архіве Міністэрства абароны мне далі даведку, што “дадзеныя адсутнічаюць”! Пенсіі ў журналістаў незайздросныя ў нашай краіне. Як і заробкі.

    “Беларускаму журналісту трэба грукаць ва ўсе дзверы, у тым ліку і замкнёныя”

    Спадарыня Таццяна, чаму сусветнавядомыя СМІ звычайна не маюць уласных карэспандэнтаў у Беларусі? Нашыя спрабуюць – а там ці не адказваюць, ці адказваюць: самі напішам, калі трэба. Як беларускаму журналісту стаць уласным карэспандэнтам міжнароднага СМІ, калі міжнароднаму СМІ гэта не асабліва трэба?

    Таццяна Мельнічук: Беларускаму журналісту трэба грукаць ва ўсе дзверы, у тым ліку і замкнёныя, і вельмі настойліва. Таму што патлумачуць свету, чаму Беларусь вартая ўвагі, можам толькі мы, якія тут ёсць. Той, хто прыедзе сюды на два дні, на тыдзень, нават на месяц – ён з гэтым не разбярэцца.

    Так і ёсць, што ў свеце пра Беларусь шырока гавораць раз на пяць гадоў.

    Таццяна Мельнічук: Эксперты лічаць, што Еўропа як бы аддала Беларусь пад уплыў Расіі і назірае за Расіяй. Бо Расія вялікая, Расія можа скалануць свет. А чым скалане свет Беларусь? Ядзернай кнопачкі няма. Калі Аляксандр Рыгоравіч штосьці ляпне вялікае – ну, мінецца гэта. Еўрапейскія палітыкі ўжо перажылі ягоныя недарэчныя асабістыя выказванні… Таму беларускім журналістам трэба грукацца самім. Я ў гэтым плане стаўлю ў прыклад нашых фатографаў. Працаваць настойліва, тыркаць свае працы, прабівацца!

    Дык можа, мы цікавыя сусветным агенцыям толькі як подпісы да добрых фотаздымкаў? Замежныя карэспандэнты прыязджаюць сюды як у заапарк: ну, як вы тут пад Лукашэнкам жывяце?

    Таццяна Мельнічук: Бібісішнікі прыязджаюць крыху інакш. На летніх акцыях апладысментаў у мінулым годзе наш аператар Максім Ламакін атрымаў сутрасенне мазгоў ад беларускага амапаўца. Але фотарэпартаж, які яны далі, быў вельмі жорсткі, сусветнага ўзроўню. Такі не дала ніводная нашая нават апазіцыйная газета. Фактура тая ж, ды майстэрства іншае… Бібісішнікі прыязджаюць з жаданнем разабрацца. 2001 год, перамога Лукашэнкі на выбарах. Тут была відэакарэспандэнтка Бі-бі-сі, з якой мы працавалі цэлы тыдзень. Яна не ведала расійскай мовы. Але на прэс-канферэнцыю пераможцы Лукашэнкі яна пайшла з пытаннем, якое запісала ангельскімі літарамі — рускую транскрыпцыю — і вывучыла. Яна яго спыталася пра зніклых палітычных апанентаў. І ён тады раз’юшыўся, накідаў пару рэплік – якія потым пайшлі па ўсіх агенцыях. Толькі адно пытанне. І менавіта яно было цікавае і балючае для свету. А не тое, колькі там за яго прагаласавала.

    “Ты ведаеш, як звалі сабаку Адысея?..”

    Спадарыня Таццяна, Вы ж у мінулым чалавек ваенны?

    Таццяна Мельнічук: Так, я нават жартую, што 23 лютага – таксама маё прафесійнае свята!.. Я пэўны час была ваеннаабавязаная (медсястра) – як усе выпускнікі БДУ, якія сканчалі ваенную кафедру. А калі працавала ў ваеннай газеце, падпісвала ўсякія там допускі і пэўны час не магла выязджаць за мяжу. Я пайшла туды адразу з універсітэта. Вучылася я няблага, з другога курса супрацоўнічала з Беларусім радыё, а пад канец навучання яшчэ ўмудрылася замуж выйсці. І старшакурскнікі падказалі, што ваенным таварышам карэспандэнт патрэбны.

    У сэнсе, прыладзіцца хоць куды, каб у Мінску застацца?

    Таццяна Мельнічук: Так.

    Дык Вы ж з радыё, кажаце, супрацоўнічалі.

    Таццяна Мельнічук: Ха! Я супрацоўнічала з радыё, ішла другая на размеркаванні па балах. Аднак на радыё і ўвогуле ў Мінск размяркоўвалі тых, хто ішоў у канцы, але меў “лапу”! У мяне лапы не было, я з Берасця, я звычайны чалавек! Карацей, зрабілі мне з гэтай ваеннай газеты заяўку. Уваходжу я на размеркаванне другая – першы ішоў Вася Вараб’ёў. Я была другая, бо мела “тройку” па антычнай літаратуры. Наш выкладчык Лапідус быў вельмі злосны, крычаў, і я яго баялася. Таму і не пайшла пераздаваць, хоць раілі – каб атрымаць чырвоны дыплом. Але я дагэтуль памятаю, як звалі сабаку Адысея. Ты ведаеш, як звалі сабаку Адысея?..

    Шчыра кажучы, толькі як звалі каня Аляксандра Македонскага.

    Таццяна Мельнічук: Усе выпускнікі нашых гадоў памятаюць, бо гэта было кароннае яго пытанне. Сабаку звалі Аргус… Дык вось, заходжу я і чую ад камісіі: у вас такія харошыя балы, давайце вас куды-небудзь бліжэй да Мінска, можа, ў Мар’іну Горку, можа, ў Пухавічы… Нябожчык ужо Рыгор Васілевіч Булацкі ўзвіўся: “Што вы робіце!? Усім вядома, як яно робіцца, але ж гэта толькі другі чалавек па балах ідзе! У яе ёсць нават заяўка з Мінска. Бяры падпісвай!” Я хуценька падпісала, ён падпісаў – і ўсе члены камісіі таксама падпісалі. Вось так я патрапіла ў газету “Воздушный часовой”, газета войск супрацьпаветранай абароны. Папрацавала я там не вельмі доўга, пайшла ў дэкрэт. Але потым вярнулася таксама ў ваенную газету, гэта была газета “Ленінец” пры Мінскай вышэйшай палітычнай агульнавайскавой вучэльні. Гэта была цікавая праца! Рэпартаж з абкаткі танкамі!

    Вы ў танку ездзілі?

    Таццяна Мельнічук: У танку не, толькі побач была. Танк павінен быў праехаць па акопе, дзе сядзяць курсанты, і я туды спусцілася. І толькі, такая дурніца, баялася, каб мне зямлі не нацерушылася на белую блузачку! Але ўвесь час, пакуль працавала ў гэтых ваенных газетах, супрацоўнічала з радыёстанцыяй “Беларуская Маладзёжная”. Тады была праграма “Савецкай арміі салдат”, так што ўсе мае абкаткі танкамі прымаліся на ўра. Потым мяне запрасіў  на працу таксама ўжо нябожчык Іван Іосіфавіч Садоўскі, галоўны рэдактар “Беларускай Маладзёжнай”. Выдатны быў кіраўнік, які, як пацеркі, збіраў каманду: Жанна Літвіна, Віталь Сямашка, Валя Стэльмах, Валодзя Дзюба, Лёнік Вольскі, нябожчык Міша Расолька… “Беларускую Маладзёжную” зачынілі ў 1994 годзе, калі мы на першых прэзідэнцкіх выбарах відавочна, дэманстратыўна не падтрымалі Кебіча. А ён яшчэ заставаўся старшынём Саўміна, радыё ж было пры Саўміне. І яны проста правялі “рэарганізацыю”. Быў скандал у СМІ на ўсёй постсавецкай прасторы, было шмат заяваў супраць закрыцця “Беларускай Маладзёжнай”. Нас сыйшло адтуль 18 чалавек, гэта ўсё вядомыя журналісты: Лена Радкевіч, Іна Студзінская, Сямашка, Літвіна…

    Колькі праіснавала “Беларуская Маладзёжная”?

    Таццяна Мельнічук: Паспелі адзначыць 30-годдзе напярэдадні закрыцця. У структуры Дзяржтэлерадыё мы называліся Галоўная рэдакцыя вяшчання для моладзі, а брэнд і пазыўныя былі “Беларуская Маладзёжная”.

    Але я так разумею, што гэтая структура дзяржаўнага радыё набыла іншае гучанне на пачатку 90‑х?

    Таццяна Мельнічук: Мы першыя на постсавецкай прасторы выйшлі ў жывыя эфіры. Маскоўскае радыё “Юность” — пасля нас, здаецца, праз месяц ці паўтара. Мы з імі канкуравалі, але і супрацоўнічалі. Калі ў Маскве было ГКЧП, менавіта карэспандэнты радыё “Юность”, якім было забаронена асвятляць гэта, і ў сябе прабіваліся ў эфір, і з намі таксама выходзілі на сувязь… Тады кіраўнік радыё Баляслаў Іосіфавіч Сушкевіч, ужо нябожчык, дзякуючы адлізе ўвёў завядзёнку, што можна было ў жывы эфір ісці, не надта расшыфроўваючы для цэнзараў змест. Таму мы ўжо потым атрымлівалі па шапцы… Жанна Літвіна тады была галоўным рэдактарам “Беларускай Маладзёжнай”, мы з Віталём Сямашкам хадзілі ў яе ў намесніках.

    “Як цяпер памятаю, №13 нам спісалі больш, чым мы яго далі ў продаж!”

    Калі Кебіч закрыў радыёстанцыю, Вы ўтварылі аднайменную газету?

    Таццяна Мельнічук: Трошку іначай: газету мы стварылі ў сакавіку 1994, а расфармавалі нас як радыёстанцыю бліжэй да лета. Стварылі, бо тады ўсе нешта стваралі, і мы вырашылі: хай пры радыёстанцыі будзе свая газета. Тут нас зачынілі, і газета “дасталася” мне. Калегі стварылі радыё “101,2”, якое стала легендарным. А з газетай мы праіснавалі 8 гадоў. Гэта былі цудоўныя, хоць і вельмі галодныя гады. З гэтай газеты таксама выйшла маса выбітных людзей: студэнтам да нас прыйшоў Сярожа Пульша; Алена Шарамет, у якой быў псеўданім “Маленькая Вар’ятка”; Насцёна Пятроўская хадзіла на працу басанож уздоўж Міністэрства абароны – цяпер яна самы галоўны чалавек па скаргах у “Велкоме”; Міла Котка, якая працуе на Еўрарадыё; Глеб Рубанаў, Жэня Скочка, Паша Севярынец таксама наш – не ведаю, ці кажа ён калі пра гэта… У той палутарапакаёўцы было цікава: і вобшукі былі, і амапаўцы туды ўрываліся. На нашай кухні сапраўды часам хаваліся тыя, каго тыя амапаўцы шукалі. Мы спрабавалі быць “нічыімі” — ні вашымі, ні нашымі. А шмат якім палітычным партыям вельмі хацелася, каб пры іх была маладзёжная газета. Гэта таксама паспрыяла нашаму закрыццю. Хоць закрыліся мы аб’ектыўна па эканамічных прычынах.

    Праўда, што наклад гэтай газеты быў 100 тысяч асобнікаў?

    Таццяна Мельнічук: Нават 150 быў! Стотысячным накладам мы выйшлі самым першым нумарам – хацелі закідаць Беларусь. Там былі якраз усе гэтыя заявы супраць закрыцця радыёстанцыі “Беларуская Маладзёжная”, Кебіч быў на першай паласе… Дарэчы, праз колькі год ён сказаў у адным з інтэрв’ю, што ягонай вялікай памылкай было закрыццё “Беларускай Маладзёжнай”… У тую пару газеты былі крыху іншыя — яны былі цікавыя і разнастайныя, не цягалі інфармацыю адна ў адной… Аднак і з распаўсюдам было лягчэй – і праз падпіску, і праз шапікі… Мы арганізоўвалі конкурсы сярод кіяскёрш – бо ўжо тады паступалі ўказанні незалежныя газеты класці падалей, а наперад выкладаць дзяржаўныя. Са спісаннем былі свае выкрутасы – як цяпер памятаю, №13 нам спісалі больш, чым мы яго далі ў продаж! Здаецца, прэсболаўцы ў ангары са спісаннем знайшлі свае пачкі, дзе зверху і знізу быў “Прэсбол”, а ў сярэдзіне была “Советская Белоруссия”.

    У чым быў феномен такой цікавасці людзей да незалежнай прэсы? Чаму сёння нават у афіцыйна зарэгістраваных незалежных газет мізэрныя наклады ў нашай 9,5‑мільённай краіне?

    Таццяна Мельнічук: Тады час быў такі — была прага свежай навіны, альтэрнатыўнай інфармацыі, меркавання…

    А тое, што інтэрнэта не было – гэта фактар?

    Таццяна Мельнічук: Не думаю. Паглядзіце па статыстыцы, што робіць большасць карыстальнікаў у інтэрнэце. “Укантакце” сядзяць! Хто там навіны шукае, які адсотак гэтых людзей? Іншы фактар – гэта расчараванне грамадства. Кажы 20 гадоў, што ты асёл – ты аслом і зробішся. Людзям паўтараюць “не суньцеся, нічога не будзе” – і людзі ўжо не сунуцца. Ды і самі друкаваныя СМІ цяпер у нейкай такой разгубленасці… Што да “Беларускай Маладзёжнай”, то мне часта прыгадваецца песня, якую прысвяціў нам і выконваў Віталь Равінскі на адным з фестываляў незалежнай прэсы: “Насуперак здрадзе, мане і бядзе нязломная выйдзе газета”.

    “Мае кавалеры, калі я была старшакласніцай, праводзілі мяне роўна да сярэдзіны пешаходнага моста”

    Вы прыгадвалі неяк, што не проста з Берасця, а са спецыфічнага раёна – Грáеўка. Сёння я папытаў у берасцейцаў, кажуць, што гэта раён з прыватнымі дамамі, дзе жыве шмат чыноўнікаў, а некалі тут жылі выключна жыды і палякі. У Ваш час як было?

    Таццяна Мельнічук: Гэта быў рабочы раён, які актыўна біўся з іншымі раёнамі Берасця, і нашы граеўцы звычайна перамагалі. Хоць я была выдатніцай у школе, але пастаяць за сябе, проста фізічна, магла. Мае кавалеры, калі я была старшакласніцай, праводзілі мяне роўна да сярэдзіны пешаходнага моста, таму што на іншым баку мост спускаўся на Граеўку – і там бы іх пабілі ды адмяцелілі. А я ж была свая, граеўская.

    Няўжо кавалерам не было сорамна за такое?

    Таццяна Мельнічук: Я іншым разам сама казала: не ідзі. І хлопцы моцна не пярэчылі! (смяецца)   Памятаю, калі была малая, гадоў 15, мама паслала ў краму. А там між платамі дзіцячага садочка і хаты быў праходзік, дзе два чалавекі ну ніяк не размінуцца. І вось я пруся па гэтым праходзіку, а на там канцы хлопцы стаяць, перагарадзілі. Я падыходжу, і кажу так нагла: “Чаго ты тут перагарадзіў!? Ты Зуба ведаеш? Скажу Зубу, што ты тут стаў – будзе табе!” Прыходжу нараніцу ў школу, а хлопцы распавядаюць: “Слухай, тут учора нейкая дура Зубу сказала: “Ты Зуба ведаеш?” Ён так разгубіўся, што нават яе прапусціў!” …Калі я ўжо працавала на радыё, была ўся такая з сябе сталічная журналістка, рэдка бывала ў Берасці – і там чамусці было не дастаць квіткоў на цягнік. Я ведала людзей, якія прадаюць квіткі з‑пад палы, але яны прасілі вялікія грошы. Аднойчы падыходжу і кажу: “Слухай, я ж свая, граеўская” Ён адказвае: “Граеўскай ты была, калі тут жыла. А цяпер у цябе свой бізнес, у мяне свой бізнес. Хочаш – плаці, не хочаш – валі”. А аднойчы мы выехалі з Манаевым ды калегамі на мікрааўтобусе ў Ляйпцыг на кірмаш. Праехалі мяжу, спыніліся на польскім баку на нейкай стаяначцы, расклалі вячэру. Тут да нас падлятае нейкая такая крутая тачка, з яе выходзіць малады чалавек, ледзь не ў белых пальчатках, увесь такі імпазантны. І кажа: “Вы за дарогу плацілі?” Нехта яму адказвае: “Так, наконт экалагічнага збору ідзі спытай у кіроўцы”. Ён кажа: “Вы не зразумелі. Вы за дарогу плацілі?” Да нас стала даходзіць. Ён працягвае: “Па 25 баксаў з носа – і вы едзеце далей”. Тлумачым, што мы журналісты. Кажа: “Ну, раз бедныя журналісты, зніжка: па 10 баксаў з носа”. Ззаду вылазіць другі качок, сітуацыя напружваецца.

    Дык гэта палякі былі ці берасцейцы?

    Таццяна Мельнічук: Па-расейску размаўлялі — відаць, берасцейцы. Я стала ўзгадваць, хто з маіх былых граеўскіх знаёмцаў якім відам дзейнасці займаецца, і называю яму адно імя: “А ты такога ведаеш?” Ён здзівіўся: “А ты адкуль яго ведаеш?” Кажу, дык я сама граеўская. Яны пайшлі раіцца. Вяртаюцца, кажа: “Можаце ехаць, а такому-та перадасі прывітанне ад Чэрапа”. Я кажу: “Прывет табе, Чэрап! Я, вядома, перадам. Але калі нас праз 200 метраў спыняць зноў, я ім таксама прывітанне ад Чэрапа перадам? Давай паперку мне пішы!” Ён выдраў з нататніка паперку і напісаў, нават параіўшы, каб былі асцярожныя каля нямецкай мяжы — маўляў, “мая паперка там ужо не дзейнічае”.

    Вы сказалі, што выйшлі замуж яшчэ падчас навучання ва ўніверсітэце…

    Таццяна Мельнічук: Так, мой муж быў з трэцяга курса фізфака. Пасля заканчэння ўніверсітэта ён пайшоў у войска, даслужыўся да капітана. Цяпер ён бізнесовец… Нашаму сыну Андрэю сёлета будзе 33 гады – ён у добрым сэнсе авантурыст, на ўсе рукі майстар… З першым мужам мы ў разводзе, другі мой муж памёр.

    Вашая найвялікшая радасць цяпер – гэта ўнучкі?

    Таццяна Мельнічук: Яны вельмі прыгожыя паненкі! Адной 9 гадоў, другой 8. Але яны, хоць амаль і пагодкі, такія розныя! Надзея такая шляхетная, добра спявае, мае вельмі прыгожыя вочы… Калі ў яе ў школе не атрымліваецца з матэматыкай, маладая настаўніца кажа: “Вы як-небудзь яе самі падцягніце, бо побач сядзіць Сямён – ён будзе да дванаццатага класа рашаць ёй усе на свеце задачкі!” Калі яна робіць хатняе заданне, і нешта выходзіць не так, яна падымае вочкі і кажа: “Ну, не атрымалася”…  Меншая, Паліна, — баявая, нават перад хлопчыкамі абараняе сваю старэйшую сястру! Я шыю ім сарафаны: ніз такі пышны, плечы аголеныя – што ты, што ты!.. Гэта апроч таго, што калі вяртаюся з выкладання з ЕГУ, вязу ім добрыя мяхі ўсялякіх блузачак, топаў, маднючага ўсяго!.. У мінулым годзе патрабавалі ў мяне туфлі на абцасах – але я не знайшла, не вырабляюць яшчэ для такіх паненак туфлі на абцасах! Дык яны, калі тут у мяне бываюць, мае прымяраюць і па хаце ходзяць (смяецца)!

    Спадарыня Таццяна, многім нашым калегам за працаю няма часу на асабістае. Але ў Вас, як у прыгожай жанчыны, хачу спытацца: каханне – гэта што?

    Таццяна Мельнічук: Каханне – гэта цудоўная пара вар’яцтва! Я за тое, каб чалавек аддаваўся каханню. За тое, што каханне можа прыйсці не адзін раз. Не бывае так, каб раз – і назаўсёды. Асабліва ў нашай прафесіі. Ты заўсёды навідавоку, ты павінен падабацца людзям, мусіш сам захапляцца людзьмі! Гэта не значыць, што трэба сям’ю кінуць і бегчы за кожным каханнем услед. Але сілкавацца з таго, што ты падабаешся, што ты сам некім захапіўся – гэта трэба для чалавека творчага. А чаму журналістам цяжка ў сям’і? Таму што ніхто не любіць канкурэнтаў. А наша прафесія такая, што мы заўжды дасягаем пэўных поспехаў. А якому мужу ці якой жонцы гэта прыемна, калі твой сужонец такі паспяховы, а ты неяк ніжэй? Асабліва калі жанчына – журналістка, мужу цяжка гэта выцярпець…

    Так, я памятаю, як “Белгазета” ў перадвыбарчай табліцы кандыдатаў напісала, што Андрэй Саннікаў – гэта “муж Ірыны Халіп”.

    Таццяна Мельнічук: Непрыгожа, непрыстойна, не трэба такога рабіць. Хоць жанчына — разумная істота, яна заўсёды спрабуе як шыя пры галаве – так пракруціць, каб тая галава думала, што сама круціцца.

    Ваш першы шлюб распаўся па нейкай з пералічаных прычын?

    Таццяна Мельнічук: Пэўна, праз тое, што праца забірала ў мяне ўсё болей і болей, узнікла нейкае адчуванне канкурэнткі… Калі мы разводзіліся, напісалі, што “не сышліся характарамі”. Я да свайго першага мужа і цяпер вельмі добра стаўлюся, хочацца думаць, што мы засталіся сябрамі.

    Выбачаюся, калі запытаю нешта некарэктна, але ведаю, што з другім мужам у Вас была прыгожая гісторыя кахання…

    Таццяна Мельнічук: Мой другі муж – гэта мой сакурснік. Калі мы вучыліся, я была вельмі ім захопленая. І потым, калі мы сустрэліся праз шмат гадоў, гэтае захапленне не знікла, на той час ён ужо быў адным са стваральнікаў “Брестского курьера”. Было некалькі шчаслівых гадоў, але ёсць такая на гэтых землях гадкая рэч, як алкагалізм. Калі чалавек пачынае злоўжываць гэтым – не застаецца ні кахання, ні чалавека… Я радая, што ў мяне ёсць сын, цудоўныя ўнучкі, мама – якая і цяпер жыве на Граеўцы, у той жа хаце…

    Як Вы ўнучкам тлумачыце, чым займаецеся?

    Таццяна Мельнічук: А яны разумеюць, што я займаюся журналістыкай, што пішу артыкулы, раблю запісы. Вельмі любяць схапіць мае мікрафоны і ладзіць тут свае канцэрты!

    Унучкі лічаць бабулю крутой?

    Таццяна Мельнічук: Ага! Я ж іх у Грэцыю звазіла!

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    «Здавалася, з кім можна гаварыць у Беларусі?» Наста Роўда — пра прагляды, хейт, уласны стыль і каманду «ТОК»

    Стваральнікі праекта «ТОК» меркавалі, што ў Беларусі не будзе з кім размаўляць у доўгіх інтэрв’ю. Але праз шэсць гадоў яны застаюцца запатрабаванымі. Вядоўца і менеджэрка праекта Наста Роўда расказала БАЖ пра рэкордныя тры запісы ў дзень, непрацуючую відэакамеру і як стала «членам сям’і» для некаторых гледачоў.   
    19.11.2024
    Акцэнты

    «Мы зараз знаходзімся на парозе, калі будзем задаваць трэнды». Як «Трыбуна» стварае самае тэхналагічнае спартовае медыя для беларусаў

    Спартыўнае выданне «Трыбуна» актыўна развівае сетку ўласных дадаткаў і сэрвісаў — перадавых не толькі для Беларусі, але і для рэгіёну. Пра акалічнасці інтэграцыі сучасных тэхналогій у журналісцкую і рэдактарскую працу БАЖ пагутарыў з кіраўніком «Трыбуны» Максімам Беразінскім.
    05.11.2024

    «Бюро»: Пасля нашых публікацый бізнэсоўцы перапісваюць кампаніі і выдаляюць профілі ў сацсетках

    15.11.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці