«Для рэжыму падпіска на ўкраінскія каналы горш за Nexta»
Былыя арыштанты распавялі праваабаронцам пра ўмовы ўтрымання ў ЦІП на Акрэсціна ў снежні, пра тое, каго цяпер затрымліваюць сілавікі і як змянілася сітуацыя з затрыманымі па палітычных матывах у сувязі з вайной ва Украіне.
«Цяпер даціскаюць каментатараў і рэпоснікаў»
Паводле мужчыны, у ЦІП на Акрэсціна па яго адчуваннях тры «палітычныя» мужчынскія камеры, і адна «палітычная» жаночая. У шасцімеснай камеры ўтрымліваюць да 30 мужчын, у чатырохмясцовай — да 20 чалавек. Паводле яго падлікаў з 30 чалавек у камеры было толькі два, якія затрымліваліся ў 2020 годзе і тры чалавекі вярнуліся ў Беларусь з‑за мяжы. Па-ранейшаму ў камерах не выключаюць ноччу святло і будзяць у дзве і чатыры ночы.
«Асноўная маса людзей на Акрэсціна — гэта тыя, хто затрымліваецца за каментары і рэпосты. Ёсць тыя, каго затрымалі за піва: іх вязуць на афармленне пратаколу за знаходжанне ў стане алкагольнага ап’янення і распіццё спіртных напояў, але ў аддзяленні паглядзелі іх тэлефоны і знайшлі там фота са сцягам або каментар. Усё — стаў палітычным.
Гэтак жа працягваюць вылоўліваць тых, хто быў у 2020 годзе. Як правіла, апазнаюць па фота. Як я зразумеў, яны бяруць чалавека, глядзяць фота з мітынгаў, і калі ёсць сумесныя фота з сябрамі, знаёмымі, калегамі, то пачынаюць адпрацоўваць іх. Міліцыянты выпампоўваюць усе паведамленні з телеграма. Ніякіх узломаў накшталт тэлеграма няма. Людзі трапляюцца самі з‑за фота і неабароненасці сваіх персанальных дадзеных. Такое пачуццё цяпер, што тыя хто затрымліваўся ў 2020 годзе ці сядзяць, ці з’ехалі. Цяпер даціскаюць каментатараў і рэпоснікаў.
Былі выпадкі, калі людзей затрымлівалі пасля перасячэння мяжы. Напэўна, тых, хто з’ехаў пасля 2020-га, занеслі ў асобную падбазу. Гэтак жа затрымліваюць футбольных фанатаў з татуіроўкамі.
Мне здаецца, што зараз крыху зменшылі абароты, але, як правіла, паток там пастаянны. Украіна падкідвае навіны, а праз гэта з’яўляюцца новыя каментары і, адпаведна, затрыманыя».
«Прасцей перажыць збіццё і «суткі», але ведаць, што ты выйдзеш на волю»
Як адзначае былы арыштант, «каруселяць» (перазатрымліваюць пасля «сутак» і судзяць па новых пратаколах) адсоткаў 10–15 ад колькасці затрыманых камеры.
«Затрыманыя, якія праходзяць праз ГУБАЗіК, — збітыя ў 60–70% выпадках. Былі збітыя хлопцы патэльняй. Чаму патэльня — незразумела. У міліцыі, у асноўным, лаюцца матам, не б’юць. Але ўсё залежыць ад затрыманага.
Збіваюць, як правіла, дома, калі няма нікога. На Акрэсціна бачыў у хлопцаў сінякі на нагах, у раёне сцёгнаў. Радзей сустракаюцца пацёртасці на твары.
Але самае страшнае, як па мне, дык гэта невядомасць. Чалавек адразу атрымлівае «суткі», а потым дазнаецца ў камеры пра «каруселі», каментары і магчымасць «уляцець» на крыміналку. Маральна забівае невядомасць… Прасцей перажыць збіццё і «суткі», але ведаць, што ты сапраўды выйдзеш на волю. А тут ты не ведаеш, паедзеш на «Валадарку» ці дадому. Гэта катаванне».
«Суддзі і сведкі ўжо не апранаюць маскі»
«На судзе стаіш у кайданках перад ноўтбукам. Побач міліцыянт у тэлефон гуляе. Усіх «кантрольных» (яны так называюць палітычных) перавозяць у кайданках. Любое перамяшчэнне — у кайданках.
Удзельнічаюць у судзілішчах, як правіла, хто ва ўсім гэтым ужо замазаны. Суддзі і сведкі ўжо не апранаюць маскі. Балаклавы апранае АМАП і ГУБАЗ. Тыя хто афармляюць, ГОМ, РАУС, ім ужо ўсё роўна — яны ўжо злітыя ў інтэрнэт і не хаваюцца.
Многіх працягваюць звальняць з дзяржаўных арганізацый за «суткі» і калі дзесьці засвяціўся. Ёсць нават прыватнікі, якія баяцца браць на працу палітычных».
«Не так моцна лаюцца за падпіскі на Nexta, як за падпіскі на ўкраінскія навінавыя парталы»
«Быў выпадак, калі затрымалі чалавека за стрым. П’яны мужчына прапаноўваў усім сваім гледачам ехаць ва Украіну, а раніцай да яго прыехаў ГУБАЗ. Ёсць выпадкі праглядаў сілавікамі стрымаў і чат-рулеткі.
Вельмі цікавая рэакцыя міліцыі на ўкраінскую тэму. Не так моцна лаюцца за падпіскі на Nexta і Матолька, як за падпіскі на ўкраінскія навінавыя парталы. Цяпер тэматыка Украіны іх больш турбуе. Оперупаўнаважаныя на допыце часта запытваліся, хто з сяброў, сваякоў ваюе ў гарачых кропках, хто са знаёмых цяпер знаходзіцца ва Украіне. Тэма Украіны для іх вельмі страшная. Яны баяцца супраціву са зброяй.
Паколькі яны працуюць па адмашцы зверху, то, адпаведна, яны дапускаюць сцэнар пройгрышу РФ у вайне. Бо ніхто не ведае, як будуць працаваць УСУ. А паколькі ўцягнутая і Беларусь, то яны думаюць, што УСУ або Полк Каліноўскага могуць зайсці на нашу тэрыторыю».
«На трэці-пяты дзень захворваюць усё»
Мужчына, які нядаўна вызваліўся з ЦІП распавёў, што цяпер хварэюць усе арыштанты:
«Вірус ходзіць. На трэці-пяты дзень захворваюць усе».
Яшчэ адзін мужчына, які ў 2022 годзе двойчы трапляў на «суткі» дапаўняе, што «людзі там хварэлі заўсёды»:
«Гэта не залежыць ад надвор’я. З‑за таго, што людзі спяць на падлозе і скразняк ў камеры, людзі захворваюць».
Лекі арыштантам выдаюць у асноўным з іх перадач. Гэта адзінае, што даходзіць з перадач на Акрэсціна. Лекі прымаюць у любы час. Вось, што раіць перадаваць цяпер былы арыштант:
«Пакецікі ад прастуды, таблеткі для рассмоктвання для горла, спрэі ў нос, у горла, ад кашлю таблеткі, антыбіётыкі, найпростыя вітаміны: аскарбінкі, рэвіт, гексавіт, ундэвіт».
Былы арыштант распавядае, што ў камеры на Акрэсціна яго пакусалі рэчавыя вошы.
Яшчэ адзін з суразмоўцаў сустрэў Новы год на «сутках»:
— Як адзначылі Новы год?
— Спалі. Але шумна было з‑за салютаў.
«Ужо заўсёды ёсць так званы эвакуацыйны чамаданчык»
«Калі жывеш у Беларусі, то ўжо на аўтамаце глядзіш у вокны пры выхадзе. Выкарыстоўваеш новыя тэлефоны пасля затрымання. Ужо заўсёды ёсць так званы эвакуацыйны чамаданчык. Прывыкаеш жыць у такім тэмпе. Але насамрэч, калі сілавікі захочуць, то цябе затрымаюць.
Адзінае, што хачу сказаць: трэба зносіць усё інстаграмы і телеграмы, то бок выдаляць акаўнты і мяняць тэлефоны».
Чытайце яшчэ:
«Не магу без гэтай традыцыі жыць»: журналістка і культурніцкая амбасадарка Марыя Грыц распавяла чаму не можа спыніцца калядаваць
Аксана Колб: Сёння мы ўсе TUT.BY. І як бы хто не стараўся, свабоду слова не забіць
Па дарозе ў альтэрнатыўную рэальнасць. Зварот рэдакцыі «Люстэрка» ў сувязі з пачаткам суда па справе TUT.BY