• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Электронны бюлетэнь «СМІ ў Беларусі» №4 (66) 2021: Абмежаванне свабоды друкаваных СМІ

    СМІ Ў БЕЛАРУСІ. ЭЛЕКТРОННЫ БЮЛЕТЭНЬ. №4 (66) 2021
    Спецвыпуск. ПЕРАСЛЕД СМІ І ЖУРНАЛІСТАЎ У 2021 ГОДЗЕ
    ЧАСТКА 3. АБМЕЖАВАННЕ СВАБОДЫ ДРУКАВАНЫХ СМІ (студзень – лістапад 2021 года)

    Спампаваць бюлетэнь

    Агульная інфармацыя

    За год, які мінуў пасля прэзідэнцкіх выбараў, становішча ў беларускім медыясектары крытычна пагоршылася.

    Медыі і журналісты сутыкнуліся з беспрэцэдэнтнай хваляй рэпрэсіяў.

    Больш за 500 разоў пасля выбараў сілавікі затрымлівалі журналістаў, больш за 130 калегаў былі асуджаныя да адміністрацыйнага арышту. 68 калегаў сутыкнуліся з гвалтам або былі параненыя. Больш за 60 прадстаўнікоў медыяў знаходзяцца пад крымінальным пераследам, з іх 29 асобаў — пад вартай (па стане на 03.10.2021 г.) або ў месцах пазбаўлення волі.

    Дзясяткі юрыдычных асобаў, у форме якіх дзейнічалі медыяарганізацыі, ліквідаваныя або знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі. Інфармацыйная прадукцыя СМІ, сайтаў, блогераў масава прызнаецца экстрэмісцкай з забаронай яе распаўсюду іншымі суб’ектамі медыяполя.

    У офісах большасці незалежных нацыянальных і рэгіянальных медыяарганізацыяў і кватэрах іх супрацоўнікаў адбыліся каля 140 вобшукаў і аглядаў, якія суправаджаліся выманнем тэхнікі, дакументаў і грошай.

    Улады абмежавалі доступ да больш як 100 грамадска-палітычных сайтаў і сайтаў медыяў.

    Большасць нацыянальных і рэгіянальных газетаў вымушаныя спыніць выпуск у друкаванай форме, але працягваюць выдавацца анлайн.

    Пад пераслед патрапілі і медыяарганізацыі, якія аказваюць падтрымку. Улады пазбавілі юрыдычнага статусу больш за 270 грамадскіх арганізацыяў, у тым ліку Беларускую асацыяцыю журналістаў і Беларускі ПЭН-цэнтр, лідарам якога з’яўляецца нобелеўскі лаўрэат Святлана Алексіевіч. Крымінальны пераслед зазналі супрацоўнікі «Прэс-клуба», які таксама быў ліквідаваны.

    Ціск на медыі ды іх супрацоўнікаў працягваецца і ўзрастае.

     

    АБМЕЖАВАННЕ ДЗЕЙНАСЦІ ДРУКАВАНЫХ СМІ (студзень–лістапад 2021 года)

    Улады Беларусі працягнулі абмяжоўваць дзейнасць незалежных друкаваных СМІ, у асаблівасці грамадска-палітычнай тэматыкі. Калі ў 2020 годзе галоўным спосабам для гэтага было пазбаўленне магчымасці друкаваць і распаўсюджваць іх наклады, то ў 2021 годзе дадаўся ціск з боку органаў унутраных спраў і пракуратуры, судовы пераслед як саміх выданняў, так і іх супрацоўнікаў.

    Акрамя таго, у выніку зменаў, унесеных у закон «Аб сродках масавай інфармацыі», былі ўведзеныя дадатковыя абмежаванні на заснаванне, рэгістрацыю і распаўсюд беларускіх і замежных СМІ. Так, напрыклад, цяпер не могуць выступаць у якасці заснавальніка сродка масавай інфармацыі асобы, якія выступалі ў якасці ўдзельніка арганізацыі, якую прызналі экстрэмісцкай, – на працягу пяці год з дня такога прызнання. Калі раней выпуск СМІ мог быць спынены паводле рашэння суда, то з унясеннем зменаў у закон гэта сталася магчымым рабіць рашэннем Міністэрства інфармацыі (у тым ліку ў выпадку вынясення двух або больш пісьмовых папярэджанняў ім самім)[1].

    Перашкоды друку і распаўсюду незалежнай прэсы

    Яшчэ з лета 2020 года дзяржаўныя друкарні адмовіліся друкаваць вядучыя недзяржаўныя газеты «Народная Воля», «Камсамольская праўда ў Беларусі», «Свабодныя навіны плюс» і «Белгазета». «Народная Воля» і «Камсамольская праўда ў Беларусі» пачалі выдаваць свае наклады за межамі Беларусі, аднак дзяржаўная сетка распаўсюду па падпісцы «Белпошта» і сетка газетных шапікаў «Белсаюздрук», якія дэ-факта з’яўляюцца манапалістамі ў распаўсюдзе газетаў у розніцу, адмовіліся іх распаўсюджваць, нягледзячы на існуючыя дамовы.

    У 2021 г. спынілі выхад у друкаванай форме «Брэсцкая газета»[2], салігорскае выданне «Лідар-Прэс»[3], газеты «Intex-press» (Баранавічы)[4], «Інформ-прагулка» (Лунінец)[5], «Рэгіянальная газета» (Маладзечна)[6] і «Новы Час»[7].

    Гэтаму, як правіла, папярэднічала адмова ў распаўсюдзе праз «Белсаюздрук» і выключэнне з падпісных каталогаў «Белпошты».

    «Газета Слонімская» і газета «Аддушына» не здолелі аднавіць выпуск, які быў прыпынены ў лістападзе 2020 года пасля вобшуку і вымання тэхнікі. 24 траўня Міністэрства інфармацыі ўнесла абедзве газеты ў рэестр друкаваных СМІ, але друкарні адмовіліся іх друкаваць[8].

    Газета «Народная Воля» неаднаразова намагалася арганізаваць друк сваіх нумароў у Расіі, але ёй гэта не ўдалося: з‑за ўмяшальніцтва ўладаў дамовы скасоўваліся[9]. «Белпошта» выкарыстала гэта, каб адсудзіць у «Народнай Волі» кампенсацыю за недаатрыманыя са жніўня 2020 года наклады газеты. Агульная сума выплат, вызначаная напрыканцы кастрычніка Эканамічным судом Мінска, склала 108 тысяч рублёў (больш за 42 тысячы долараў ЗША)[10].

    1 снежня стала вядома аб тым, што з пачатку 2022 года ААТ «Брэсцкая друкарня» адмаўляецца друкаваць рэгіянальную газету «Ганцавіцкі час»[11].

    Часопісы «Наша гісторыя», «Асцярожна, дзеці!» і «Дуда» былі пазбаўленыя магчымасці распаўсюду праз дзяржаўныя сеткі[12].

    Зважаючы на адсутнасць магчымасцяў выдаваць друкаваныя версіі газетаў, большасць рэдакцыяў працягнула сваю дзейнасць анлайн.

    Газета «Лідар-Прэс», якая выдавалася ў Салігорску на працягу 28 год, спыніла сваю дзейнасць з 1 кастрычніка (улетку ў рэдакцыі і ва ўладальнікаў прайшлі вобшукі). У рэдакцыйным звароце да чытачоў гаварылася:

    «Так сталася, што любы матэрыял, які праўдзіва асвятляе падзеі ў рэгіёне або краіне, можа быць абвешчаны экстрэмісцкім з усімі наступствамі. У такой сітуацыі мы не можам рызыкаваць нашымі супрацоўнікамі і вымушаныя спыніць дзейнасць рэдакцыі»[13].

    Перастаў выходзіць літаратурны часопіс «Верасень» – у сувязі з тым, што быў пазбаўлены дзяржаўнай рэгістрацыі яго заснавальнік «Таварыства беларускай мовы»[14].

    Пераслед распаўсюднікаў незарэгістраваных выданняў

    Спыненне выпуску незалежных друкаваных СМІ суправаджалася з’яўленнем незарэгістраваных выданняў, што выдаваліся актывістамі, якія ўтрымлівалі галоўным чынам перадрукоўкі матэрыялаў незалежных навінавых сайтаў. У студзені–сакавіку людзі, датычныя да распаўсюду такіх газетаў, былі прыцягнутыя да адказнасці і пакараныя штрафамі.

    Так, 1 лютага ў Гродна аштрафавалі Юрыя Лакціёнава на 638 рублёў за распаўсюд маланакладнай газеты «Гродзенскі час», якая распаўсюджвалася бясплатна па паштовых скрынях (са жніўня 2020 года выйшла 16 нумароў выдання)[15].

    У студзені–лютым у Магілёве былі затрыманыя восем асобаў, датычных да выдання і распаўсюду незарэгістраванай газеты «Магілёўскія весткі». У аднаго з іх, Алега Пахылага, было сканфіскавана 2000 асобнікаў выдання[16].

    Большасць затрыманых былі аштрафаваныя. Зміцер Шашкоў, затрыманы 11 лютага падчас перавозкі 4000 асобнікаў газеты, атрымаў 10 сутак адміністрацыйнага арышту нібыта за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі і штраф у памеры 1450 рублёў[17].

    У Віцебску 10 лютага была аштрафаваная Таццяна Юхо, затрыманая за распаўсюд незарэгістраванага дайджэста «Віцебскі веснік». У яе дома міліцыя сканфіскавала 500 копіяў дайджэста[18].

    У сакавіку паведамлялася аб затрыманні двух жыхароў Мінскага раёна. У аўтамабілі аднаго з іх, адміністратара Telegram-канала «Атоліна», знайшлі 15 тысячаў асобнікаў «пратэстных газетаў». Паводле паведамлення Следчага камітэта, другім затрыманым, дырэктарам прыватнай друкарні па вырабе рэкламы, усяго было выраблена больш за 21 тысячу асобнікаў газет «радыкальнага характару» і больш за 10 тысячаў улётак, якія планавалася распаўсюдзіць у Мінску, Мінскай, Магілёўскай, Гомельскай і Гарадзенскай абласцях. Па завяршэнні расследавання дзейнасць гэтых людзей па вырабе і распаўсюдзе інфармацыйных матэрыялаў была кваліфікаваная паводле артыкула 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, накіраваных на ўчыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь)[19].

    Рэпрэсіі ў адносінах прадстаўнікоў друкаванай прэсы

    Супрацоўнікі незалежных друкаваных выданняў зазналі ціск з боку органаў дзяржаўнай улады, міліцыі і пракуратуры.

    Так, 24 сакавіка галоўны рэдактар незалежнай рэгіянальнай газеты «Ганцавіцкі час» Пётра Гузаеўскі, а таксама карэспандэнты Сяргей Багроў і Аляксандр Пазняк былі выкліканыя ў пракуратуру, дзе Багрову і Пазняку былі агучаныя афіцыйныя папярэджанні[20].

    Газета «Новы Час» атрымала папярэджанне Міністэрства інфармацыі 25 сакавіка за чатыры артыкулы, у якіх нібыта ўтрымлівалася інфармацыя, якая спрыяла нанясенню шкоды нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь[21]. У траўні Генеральная пракуратура вынесла папярэджанне яе галоўнаму рэдактару ў сувязі з тым, што аўтары публікацыяў «выкарыстоўвалі пэўныя выразы і моўныя звароты, якія спрыялі нагнятанню напружанасці ў грамадстве, распальванню нянавісці і варажнечы ў адносінах прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў праваахоўных органаў як асобных сацыяльных групаў насельніцтва»[22].

    Пераслед зазнала рэгіянальная газета «Intex-press» пасля таго, як 14 красавіка ў ёй было апублікаванае інтэрв’ю Святланы Ціханоўскай. На наступны дзень яе галоўны рэдактар Уладзімір Янукевіч атрымаў папярэджанне пракуратуры[23].

    Потым ён быў аштрафаваны за «парушэнне заканадаўства аб СМІ» на максімальна магчымую суму – 580 рублёў (каля 240 даляраў ЗША)[24]. Пазней быў таксама аштрафаваны выдавецкі дом «Інтэкс-прэс» – на суму 4350 рублёў (каля 1780 даляраў ЗША)[25].

    Паводле позвы пракуратуры апублікаванае інтэрв’ю з Ціханоўскай і яго відэазапіс былі прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі[26].

    У ліпені адбылася серыя вобшукаў у рэдакцыях і ў дамах журналістаў незалежных выданняў, якія суправаджаліся допытамі і выманнем абсталявання, пасля якіх шэраг рэгіянальных газетаў перастаў выходзіць у друкаваным выглядзе[27].

    У кастрычніку вобшукі адбыліся ў рэдакцыі і ў супрацоўнікаў газеты «Новы Час»[28].

    Генадзь Мажэйка, журналіст «Камсамольскай праўды ў Беларусі», быў затрыманы ў Маскве супрацоўнікамі спецслужбаў і высланы ў Мінск 1 кастрычніка. Прычынай затрымання была ягоная зацемка на сайце www.kp.by, апублікаваная ўвечары 28 верасня. У ёй былы аднакласнік станоўчым чынам ахарактарызаваў праграміста Андрэя Зельцара, удзельніка трагічнага інцыдэнта, у якім загінуў афіцэр КДБ і сам Зельцар. Нягледзячы на тое што праз некалькі хвілін рэдакцыя выдаліла гэты тэкст, на наступны дзень сайт www.kp.by быў заблакаваны паводле рашэння Міністэрства інфармацыі – у сувязі з публікацыяй інфармацыі, якая «спрыяла фарміраванню крыніцаў пагроз нацыянальнай бяспекі». Генадзю Мажэйку, змешчанаму пад варту, былі прад’яўленыя абвінавачанні па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса – 130 (узбуджэнне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці і розніцы) і 369 (абраза прадстаўніка ўлады). У сувязі з гэтымі падзеямі расійскі офіс «Камсамольскай праўды» вырашыў зачыніць сваё прадстаўніцтва ЗАТ «БелКП-ПРЭС», якое выдавала газету «Камсамольская праўда ў Беларусі» з 1994 года[29].

     
    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае

    Рэпрэсіі супраць журналістаў і медыя ў 2024 годзе, спіс зняволеных

    05.11.2024

    Экстремизм и медиа. Аналитика БАЖ

    29.12.2023
    Акцэнты

    Доклад БАЖ: Беларусь 2022–2023. Права человека. Гражданское общество. Медиа

    2 ноября по инициативе ООН отмечается Международный день прекращения безнаказанности за преступления против журналистов. Этот день был актуальным для Беларуси даже до событий 2020-го — ведь начиная с 1994 года преступления в отношении журналистов в стране часто оставались без должного внимания правосудия. Таким же актуальным остается этот день и сейчас. Дмитрий Завадский, Вероника Черкасова... Их имена — лишь часть длинного списка журналистов, подвергшихся нападениям и избиениям. С 2020 года ситуация обострилась: действия властей можно охарактеризовать как террор против представителей медиасферы. Белорусская ассоциация журналистов публикует в этот день доклад «Беларусь 2022-2023: Права человека. Гражданское общество. Медиа», который содержит подробный обзор случаев давления на гражданское общество и медийное пространство. Скачать PDF
    01.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці