• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Freedom House: Узровень свабоды ў сьвеце зьніжаецца 17 гадоў запар, вайна ва Ўкраіне мела наступствы для сувэрэнітэту Беларусі

    Поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну заняло цэнтральнае месца сярод шырэйшага спэктру актыўных і замарожаных канфліктаў на эўразійскім кантынэнце. Гэтая вайна, адзначаюць аўтары справаздачы Freedom House, мела сур’ёзныя наступствы і для сувэрэнітэту Беларусі піша "Радыё Свабода". 

    Ваенная агрэсія, распачатая Расеяй супраць Украіны, прывяла да мноства парушэньняў правоў чалавека ва Ўкраіне. Аднак зьніжэньне ўзроўню грамадзянскіх свабодаў назіралася летась ня толькі на постсавецкай прасторы: дзяржаўныя перавароты і спробы падарваць працу законна выбранай улады дэстабілізавалі летась такія краіны, як Буркіна-Фаса, Туніс, Пэру і Бразылію. Пра гэта гаворыцца ў штогадовай справаздачы «Свабода ў сьвеце – 2023», апублікаванай 8 сакавіка праваабарончай арганізацыяй Free­dom Housе.

    Як адзначаюць аўтары справаздачы, узровень глябальнай свабоды зьніжаецца ўжо 17‑ы год запар. Разрыў паміж колькасьцю краін, у якіх зарэгістравалі агульнае паляпшэньне палітычных правоў і грамадзянскіх свабод, і тымі, у якіх зарэгістравалі агульнае зьніжэньне свабод, у 2022 годзе ўпаў да мінімальнага ўзроўню за ўсе 17 гадоў глябальнага пагаршэньня ўзроўню свабоды. Толькі 84 са 195 краін сьвету былі прызнаны свабоднымі ў 2022 годзе.

    Аўтарытазым дамінуе на постсавецкай прасторы

    Праз тры дзесяцігодзьдзі пасьля распаду Савецкага Саюзу ў Эўразіі дамінуе аўтарытарызм, і ніводная з былых савецкіх краін не была прызнана летась свабоднай, за выключэньнем трох краін Балтыі. Гэтая адсутнасьць дэмакратычнага кіраваньня дэстабілізавала рэгіён, бо аўтакраты выкарыстоўваюць вайсковую сілу, каб атакаваць сваіх суседзяў і душыць унутранае іншадумства, адзначылі ў Free­dom Housе.

    У 2022 годзе поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну заняло цэнтральнае месца сярод шырэйшага спэктру актыўных і замарожаных канфліктаў на эўразійскім кантынэнце. Лютаўскі напад азнаменаваў рэзкую эскаляцыю пасьля 8 гадоў больш абмежаванай расейскай агрэсіі. Усё гэта прывяло да дзясяткаў тысяч сьмерцяў, найбуйнейшага крызісу з уцекачамі ў Эўропе і далёкімі наступствамі для эканомікі і бясьпекі ўсяго сьвету.

    Вайна ва Ўкраіне і пагроза сувэрэнітэту Беларусі

    Вайна ва Ўкраіне, адзначаюць аўтары справаздачы, мела сур’ёзныя наступствы для сувэрэнітэту Беларусі, бо расейскія войскі дзейнічалі зь беларускай тэрыторыі.

    Гэта таксама павысіла пагрозу аднаўленьня канфлікту ў Малдове, дзе ў сэпаратысцкім Прыднястроўскім рэгіёне доўгі час разьмяшчаецца расейскі гарнізон, і ўзмацніла напружанасьць на тэрыторыях Абхазіі і Паўднёвай Асэціі, якія падтрымліваюцца Расеяй.

    Заклапочанасьць Крамля Ўкраінай перашкаджала яму маніпуляваць канфліктамі ў іншых месцах. Азэрбайджанскі рэжым узмацніў ваенную агрэсію ў дачыненьні да Армэніі, нягледзячы на расейскія гарантыі бясьпекі, а ў верасьні адбыўся ўсплёск памежных абстрэлаў паміж Таджыкістанам і Кіргізстанам, у выніку чаго загінула каля 100 чалавек.

    Вайна супраць Украіны таксама прымусіла эўрапейскія дэмакратыі пераасэнсаваць свае патрэбы ў сфэры бясьпекі ў 2022 годзе. Фінляндыя і Швэцыя адмовіліся ад сваёй даўняй палітыкі ваеннага нэўтралітэту і падалі заяўку на ўступленьне ў NATO, а Нямеччына падвоіла свой абаронны бюджэт. Эўразьвяз аднадушна ўвёў санкцыі супраць Расеі, выдзеліў Украіне мільярды даляраў дапамогі і прыняў вялікую колькасьць украінскіх уцекачоў.

    Аўтары прыводзяць падкантрольную Расеі Арганізацыю Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) у якасьці прыкладу таго, як аўтакратыі выкарыстоўваюць рэгіянальныя арганізацыі для падтрымкі рэпрэсіўных рэжымаў. У студзені 2022 года АДКБ накіравала войскі для абароны казахстанскіх улад ад буйнамаштабных антыўрадавых пратэстаў, справакаваных рэзкім ростам цэн на паліва.

    Рэакцыя АДКБ на падзеі ў Казахстане рэзка кантрастуе зь няздольнасьцю арганізацыі дапамагчы Армэніі, адзінай удзельніцы арганізацыі са статусам «часткова свабоднай» краіны, якая падверглася неаднаразовым нападам на сваю сувэрэнную тэрыторыю з боку суседняй дзяржавы, якая раней таксама ўваходзіла ў склад СССР, Азэрбайджану.

    Акрамя таго, у справаздачы адзначаецца, што мала хто з аўтарытарных саюзьнікаў прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна адкрыта падтрымалі яго агрэсіўную вайну супраць Украіны. Старшыня КНР Сі Цзіньпін не падтрымаў уварваньня і не аказаў Расеі вайсковай падтрымкі, нягледзячы на тое, што ў пачатку 2022 году ён назваў двухбаковае партнэрства Масквы і Пэкіна «бязьмежным».

    Часта лічыцца, што краіны Закаўказьзя і Цэнтральнай Азіі знаходзяцца ў геапалітычнай арбіце Масквы, аднак Азэрбайджан, Казахстан, Таджыкістан, Туркмэністан і Ўзбэкістан адмовіліся прызнаць анэксію Расеяй украінскіх тэрыторый, і ўсе яны выконваюць санкцыі, уведзеныя супраць расейскіх банкаў.

    Самым дакладным саюзнікам Крамля ў рэгіёне па-ранейшаму застаецца прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка, які залежыць ад падтрымкі Масквы, каб захаваць сваю слабую ўладу. Пры гэтым Беларусь у 2022 годзе ўстанавіла сумны «рэкорд», увайшоўшы ў Топ-10 найбольш несвабодных краін свету, саступіўшы толькі Афганістану, Таджыкістану, ЦАР, Экватарыяльнай Гвінэі, Паўночнай Карэі, Эрытрэі, Туркменістану, Сырыі і Паўднёваму Судану.

    Карупцыя нябачаных маштабаў, якая склалася ў Расеі за гады кіраваньня Ўладзіміра Пуціна, прывяла да таго, што рэжым аказаўся няздольны дасягнуць мэт сваёй агрэсіўнай вайны. Нягледзячы на тое, што Крэмль за апошнія два дзесяцігодзьдзі патраціў сотні мільярдаў даляраў на мадэрнізацыю расейскай арміі, яна застаецца дрэнна аснашчанай узброенай сілай, салдаты якой часта не забясьпечаны ў належнай меры харчамі і мэдыкаментамі, выкарыстоўваюць мапы і зброю савецкіх часоў.

    «Многія ў Злучаных Штатах і іншых краінах паверылі пахвальбе Пуціна аб тым, што расейскія вайсковыя магчымасьці адпавядаюць магчымасьцям NATO і нашмат пераўзыходзяць магчымасьці Ўкраіны, але ход вайны хутка зьняпраўдзіў гэтыя сьцьвярджэньні, — гаворыцца ў справаздачы. — Семʼі расейскіх прызыўнікоў зараз просяць забясьпечыць салдатаў усім: ад бронекамізэлек да бінтоў. Але гэта не спыніла Крэмль ад адпраўкі гэтых салдат на сьмерць па меры працягваньня вайны, паколькі прызнаньне паразы паставіла б пад пагрозу ілюзію сілы, ад якой часткова залежыць нелегітымная ўлада Пуціна».

    Узрасьлі летась і пагрозы для незалежных журналістаў. У мінулым годзе, паводле ацэнак Free­dom House, свабода СМІ апынулася пад ціскам як мінімум у 157 краінах і тэрыторыях.

    Чытайце яшчэ: 

    Рекомендации по безопасности коллег в связи с признанием БАЖ «экстремистским формированием»

    Журналісты і праваабаронцы — не экстрэмісты. БАЖ лічыць абсурдным наданне “экстрэмісцкага” статусу арганізацыі. ЗАЯВА

    Як міжнародная супольнасць адрэагавала на прызнанне БАЖ «экстрэмісцкім фармаваннем»: АБСЕ, «Рэпарцёры без межаў», ЕФЖ і іншыя

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці