• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    “Газета Слонімская” выдае свой 1000-ны нумар. Віншуем!

    Сёлета 3 жніўня выходзіць з друку 1000-ы нумар “Газеты Слонімскай”, які змяшчае ў сабе яшчэ і 622-і нумар газеты “Аддушына”. Напярэдадні выхаду юбілейнага нумара аўтар гэтых радкоў звярнуўся да калегаў з пытаннем пра іх удзел у вытворчасці і распаўсюдзе нашага друкаванага прадукту. Пытанне — кожнаму сваё.

    Галоўнаму рэдактару Віктару Валадашчуку:

    — Віктар, 24 красавіка 1997 года выйшаў першы нумар заснаванай табой “Газеты Слонімскай”. У параўнанні з цяперашнім часам, тады быў проста росквіт незалежнай прэсы. У Гродне выходзіла газета “Пагоня” Міколы Маркевіча, у Мінску ў Адміністрацыі прэзідэнта прадавалася знакамітая “Свабода” Ігара Герменчука. Чаму ж так атрымалася, што сёння “Газета Слонімская” — адзінае прыватнае грамадска-палітычнае выданне на Гродзеншчыне?

    — Сапраўды, на той час незалежныя СМІ ў Беларусі мелі болей свабоды, але ўсё гэта адносна. Нагадаю, што ў 1997 годзе, пасля выхаду першага нумара “Газеты Слонімскай”, нам было забаронена надалей рабіць газету ў слонімскай друкарні. Таму былі вымушаны друкавацца ў Баранавічах. А праз некалькі месяцаў газету адмовіліся браць на рэалізацыю нашы мясцовыя крамы. Мінула 19 гадоў, а аднавіць супрацоўніцтва са слонімскім гандлем мы так і не можам, хоць перыядычна да іх звяртаемся. Трэба адзначыць, гэта не было рашэннем суб’ектаў гаспадарання. Гэта было патрабаваннем мясцовай адміністрацыі, выканаўчай улады, якая націснула на кіраўніцтва друкарні і гандаль горада. І падобных прыкладаў можна прыводзіць на кожны год нашай працы. На працягу ўсяго часу да выхаду 1000-га нумара вольнасць незалежных прыватных СМІ толькі абмяжоўвалася. І сёння мы маем тое, што маем: няма не толькі “Свабоды”, “Пагоні”, але і шмат іншых газет, якія выходзілі на Гродзеншчыне. І гэта — вынік палітыкі ўладаў у дачыненні да незалежных прыватных агульнапалітычных выданняў. Кожнае з тых, што засталіся “ў жывых”, можа напаткаць падобная доля.

    Я вельмі ўдзячны ўсім супрацоўнікам “Газеты Слонімскай”, якія некалі працавалі і цяпер працуюць у рэдакцыі. Толькі дзякуючы ім газета своечасова трапляла і трапляе да чытачоў. Бывалі часы, што людзям даводзілася рабіць “ГС” у вельмі складаных умовах. Але той перыяд ужо сышоў у мінулае, а на гэтым тыдні наш чытач атрымае тысячны нумар газеты.

     

    Начальніку рэкламнай службы Ганне Валадашчук:

    — Ганна Паўлаўна, Вы ў рэдакцыі кіруеце рэкламнай службай, займаецеся справаводствам і працуеце як журналіст. Як атрымліваецца ўсё паспяваць і хто ці што натхняе Вас на такую інтэнсіўную працу?

    — Я з ранняга дзяцінства прывучаная да працы, работы не баюся. Расла ў сям’і працаўнікоў. Памятаю, калі бацькі сыходзілі на працу на цэлы дзень, а мы з братам заставаліся на школьных вакацыях дома, то да іх вяртання ў доме былі чысціня і парадак, хоць мяне ніхто не прымушаў выконваць хатнія справы, дапамагаць бацькам па гаспадарцы. Гэта ідзе знутры. Ды і паводле гараскопу я Панна, а Панны, як вядома, любяць чысціню і парадак, а для гэтага трэба шмат працаваць. У рэдакцыі я працую з 1998 года. Сюды мяне прывяло ўнутранае пачуццё, нейкая сіла цягнула быць побач з мужам і дапамагаць яму. Бо хто, як не жонка, адважыцца сказаць праўду ў твар свайму начальніку? Інтуіцыія мяне не падвяла: сваю працу я моцна люблю. Бываюць у жыцці такія складаныя хвіліны, што часам рукі апускаюцца, а прыйдзеш на працу — і ажываеш. Я лічу, што гэта шчасце, калі ты раніцай з задавальненнем ідзеш на работу. У рэдакцыі я расла і ляпіла сябе сама як спецыяліста. Слухала ўсе заўвагі і карысныя парады вопытных настаўнікаў, у ліку якіх знаходзіцца і мой муж Віктар Валадашчук. Паволі ўнікала ва ўсе справы і падымалася па кар’ернай лесвіцы, хоць, шчыра кажучы, да гэтага я зусім не імкнулася. Я проста добрасумленна працавала і адказна выконвала свае абавязкі. Бывае, што мой працоўны дзень сканчваецца далёка за поўнач. А раніцай у 6 гадзін пад’ём: сняданак, гатаванне абеду і вячэры, і ўсе адпраўляемся на працу.

    Праца ў газеце — велізарная адказнасць. Яна патрабуе ўвагі і павагі да людзей. Я люблю людзей, разам з імі перажываю іх пакуты, складаныя сітуацыі, несправядлівасць у дачыненні да іх з боку чыноўнікаў. Таму ахвотна займаюся зваротамі чытачоў. Дапамагаць адзін аднаму — гэта нармальная з’ява. Шкада, што ў многіх прадстаўнікоў улады іншае стаўленне да людзей. Але гэта ўжо асобная тэма.

    За ўсе гэтыя гады праца мяне настолькі паглынула, што ўжо не хапае часу і сіл выконваць яе на сто адсоткаў. Але я імкнуся да гэтага.

    Вельмі шкада, што ў краіне далёка не спрыяльная сітуацыя для развіцця бізнесу. Паводле звестак Белстата, па выніках толькі мінулага года колькасць малых і сярэдніх прадпрыемстваў скарацілася на 6,8 тысячы адзінак, а індывідуальных прадпрымальнікаў — на 8 тысяч. Гэтая статыстыка ў апошнія месяцы адбілася і на працы рэкламнай службы. І ўсё ж, нягледзячы на ўсе складанасці і перашкоды, «ГС» з’яўляецца ў сваім рэгіёне лідарам па колькасці рэкламадаўцаў. Веру, што сітуацыя ў краіне зменіцца, а значыць, і прыбыткі «ГС» павялічацца.

    У працы мне дапамагае вера ў сябе, у тое, што я раблю, а таксама падтрымка маёй сям’і.

     

    Спецыялісту аддзела падпіскі і продажу Аляксею Навіцкаму:

    — Аляксей, ты стаіш у завяршэнні ланцужка, які дастаўляе газету чытачу, бо якраз непасрэдна займаешся і кіруеш дастаўкай. Скажы, хто сёння найбольш чытае нас у друкаваным выглядзе, дзе і чаму?

    — Найбольш газету чытаюць людзі ва ўзросце ад 30 гадоў і старэйшыя. Невялікі адсотак моладзі купляе газету дзеля рэкламы. Падпісчыкі нашы амаль усе пенсіянеры, ёсць толькі невялікі адсотак 40-гадовых. Па вёсках больш за ўсіх чытаюць газету жыхары Казлоўшчыны. Шмат людзей многія гады купляюць газету па звычцы, якую не хочуць змяняць. Ёсць такія пакупнікі і падпісчыкі, якія купляюць ці выпісваюць газету з першага нумара. Людзям падабаецца газета таму, што мы не пішам пад капірку іншых выданняў.

     

    Галоўнаму бухгалтару Ганне Варановіч:

    — Ганна, сярод галоўных бухгалтараў нашага прадпрыемства, якія займалі гэтую пасаду, ты старажыл і, напэўна, можаш параўнаць фінансавае становішча газеты, скажам, пяцігадовай даўніны з цяперашнім.

    — Калі параўноўваць 2016 год з 2010‑м, адкажу толькі адно: становішча фінансавых актываў рэдакцыі пагоршылася. Каб выжыць у цяперашні час, рэдакцыі прыйшлося пайсці на радыкальныя меры — скарачэнне друкаваных палосаў газеты, зніжэнне заробкаў, адмаўленне ад некаторых паслуг. Яшчэ добра, што не дайшло да скарачэння штату, бо вядома, як цяжка цяпер уладкавацца на працу. Увесь калектыў працуе на тое, каб зрабіць газету цікавай для нашых вельмі патрабавальных чытачоў, каб яна добра прадавалася. Што да 1000-га нумара, то я сапраўды рада за нашага рэдактара, у якога, нягледзячы на ўсе цяжкасці, атрымалася падняць газету і аб’яднаць творчых людзей у адзін сапраўдны калектыў. У будучыні (можа, праз год ці два), веру, у людзей з’явіцца болей грошай у кішэнях, яны з нецярпеннем будуць чакаць чарговы нумар газеты.

     

    Бухгалтару Вользе Бурсевіч:

    — Вольга, як бачым, у краіне цяпер з эканомікай не ўсё добра. Гэта не абыходзіць бокам і нас, таму на павышэнне заробкаў спадзявацца ў бліжэйшай перспектыве асабліва не выпадае, але ўсё ж… Каму б у рэдакцыі, на тваю думку, варта было б і цяпер падвысіць зарплату?

    — Так, я згодная, што цяпер цяжкае эканамічнае становішча ў краіне. Але, гледзячы ў будучыню, спадзяюся на стабільнасць і росквіт нашай эканомікі. Кагосьці вылучыць з работнікаў газеты не магу, бо кожны выконвае сваю працу добрасумленна. Я лічу, што ўся праца павінна добра аплачвацца.

     

    Стыль-рэдактару Жанне Пляшко:

    — Жанна, ты не толькі выпраўляеш памылкі ў газеце і на сайце, але і прадукуеш як журналіст навіны, пішаш артыкулы, бярэш інтэрв’ю, ствараеш інфаграфіку да сваіх матэрыялаў, праводзіш конкурсы ды ладзіш акцыі для чытачоў. Навошта табе адной столькі?

    — Я працую ў рэдакцыі 13 гадоў і палову гэтага часу, акрамя таго што шукаю памылкі ў газеце, сапраўды працую як журналіст. Рабіць гэта я зусім не збіралася. Рызыкнула тады, калі ў выдання быў даволі складаны час — на іншае месца працы перайшлі адразу некалькі вядучых журналістаў, рэдакцыя не мела свайго сталага памяшкання. Пачала пісаць найперш таму, каб не зацягваць падрыхтоўку нумара з‑за адсутнасці журналісцкіх матэрыялаў і не сядзець з‑за гэтага на працы дацямна. Наконт падрыхтоўкі інтэрв’ю скажу, што з цікавымі і разумнымі людзьмі размаўляць заўсёды цікава, ды і сам пры гэтым разумнееш. А што да астатняга, дадам, што падчас паўтарагадовай працы ў рэдакцыі школкі журналістыкі мне, як трэнеру, давялося пабываць на многіх майстар-класах, у тым ліку за мяжой, так што тут хочаш не хочаш, а прыходзіцца рабіць тое, чаму навучылася.

    Праца ў рэдакцыі задавальняе мае ўнутраныя запатрабаванні, гэта значыць, што я раблю тое, што мне падабаецца рабіць.   

     

    Карэспандэнту Яўгену Валадашчуку:

    — Жэня, амаль у кожным сваім матэрыяле ты выкарыстоўваеш відэакамеру і з’яўляешся бясспрэчным лідарам сярод нашых журналістаў па колькасці апублікаваных на сайце gs.by відэаролікаў. Чаму менавіта такая ўстаноўка ў працы?

    — Такая палітыка нашай рэдакцыі. Рэдактарам быў прадугледжаны план развіцця газеты ў інтэрнэце. Ён выдаў мне камеру і сказаў: “Здымай!” Вядома, досведу здымак відэарэпартажаў у мяне няма, таму імкнуся рыхтаваць свае матэрыялы з відэаролікамі. На мой погляд, калі ў рэпартажы прысутнічае відэаролік, то такі матэрыял глядзіцца больш жыва.

     

    Карэспандэнту Таццяне Плахетка (Дзенісюк):

    — Таня, ты пачынала працу ў газеце як фотакарэспандэнт, але пасля выхаду з дэкратнага адпачынку пачала яшчэ і пісаць. Мяркую, не вельмі памылюся, калі назаву цябе сёння вядучым журналістам, фотамайстрам і фотарэдактарам сярод творчых работнікаў рэдакцыі. Дык кім табе цікавей працаваць: “чыстым” фотакарэспандэнтам ці, як цяпер, тры ў адным?

    — Люблю сваю працу ва ўсіх яе іпастасях. Мне вельмі падабаецца камунікаваць з людзьмі, а ў нашай справе гэтага хапае. Пасля дэкрэтнага стала цікавей працаваць. Дагэтуль я толькі здымала, працавала з калегамі ў пары. Цяпер, можна так сказаць, я стала больш самастойнай — сама пішу, здымаю і нават, бывае, раю дызайнерам вярстаць свой матэрыял у газеце, як я гэта бачу.

     

    Карэспандэнту Алёне Алько:

    — Алёна, ты ў нас працуеш журналістам адносна нядаўна, але ўжо не толькі рыхтуеш матэрыялы для газеты і сайта з тэкстамі, фотаздымкамі і відэаролікамі, але пры патрэбе падмяняеш нашых «верстакоў». Якой бачыш сваю прафесійную будучыню ў “ГС”?

    — У «ГС» я больш бачу сябе як унутранага работніка, які пры выпадку можа падмяніць або замяніць адсутных спецыялістаў па дызайне. Што тычыцца журналістыкі, то з‑за страты слыху гэтая сфера даецца мне нялёгка. Тым не менш існуюць жанры, якія дазваляюць пісаць матэрыялы для газеты і сайта з маімі магчымасцямі. Таму, думаю, у будучыні такіх тэкстаў будзе больш. А пакуль галоўнае для мяне — не спыняцца на дасягнутым.

     

    Карэспандэнту Мікіту Пастухову:

    — Мікіта, ты толькі з мінулага года працуеш карэспандэнтам у штаце рэдакцыі, а тут ужо 1000‑ы нумар газеты выходзіць. Як працуецца маладзёну ў выданні з такой гісторыяй?

    — Працуецца нармалёва. А што газета з вялікай гісторыяй, вядома ж, адчуваецца. Я з дзяцінства памятаю, што «Газета Слонімская» заўсёды з’яўлялася самым папулярным выданнем горада, галоўнай інфармацыйнай крыніцай.  “ГС” і цяпер мае вялікі аўтарытэт у слонімцаў ды па-за межамі горада.

     

    Рэдактару сайта gs.by Дзмітрыю Міцкевічу:

    — Дзіма, ты ў нас першы на такой пасадзе — рэдактар сайта “Газеты Слонімскай”. Дык сваім незамыленым яшчэ шматгадовай працай вокам якой сёння бачыш перспектыву рэсурсу gs.by і якой — папяровую версію газеты?

    — Верагодна, з часам газета сыдзе ў віртуальны свет, паколькі мы жывем у эпоху дзіўных адкрыццяў і развіцця інтэрнэту толькі ў пачатковай стадыі. У нашым выпадку гэта спосабы спажывання і прапановы інфармацыйнага кантэнту. Куды яны нас прывядуць — прагназаваць складана. Папяровая версія газеты застанецца для кансерватараў, бо заўсёды ёсць такія людзі. А будучыня за сайтам. Цяпер назіраецца вялікая канкурэнцыя як з боку іншых мас-медыя, так і сацыяльных сетак. Бясконцае спажыванне псуе людзей, робіць іх пасіўнымі, абясцэньвае многія рэчы і паняцці, патрабуе ўсё больш вычварных метадаў падачы інфармацыі. Таму сайт сам па сабе не стане паспяховым. Над ім патрэбна многім працаваць. А вось людзей, занятых у сферы ІТ-тэхналогій, у Слоніме вельмі мала. Такія спецыялісты з’язджаюць у вялікія гарады па добры заробак і перспектывы ў жыцці.

    У маім выпадку “рэдактар” не зусім карэктнае азначэнне. Даводзіцца займацца SMM, SEO, web-распрацоўкай, банеры маляваць, сетку цягнуць, абслугоўваць серверы, перакладаць замежную дакументацыю, быць абазнаным у новых тэндэнцыях… А подыхі часу патрабуюць некаторых падобных ведаў не толькі ад тэхнічных кадраў. Адсюль выснова: будуць спецыялісты — развівацца будзем нашмат хутчэй.

     

    Спецыялісту па камп’ютарнай вёрстцы і дызайну Сяргею Рэкуну:

    — Сяргей, ты ў нас працуеш толькі з мінулага года, таму поўны сілаў і творчага натхнення. Калі браць наўскідку, колькі яшчэ нумароў газеты пасля 1000-га ты гатоў завярстаць?

    — Гатоў яшчэ столькі ж завярстаць і болей. Але ўсё залежыць ад эканамічнага становішча краіны і газеты. На цяперашні момант жаданне ёсць звярстаць яшчэ сотні дзве-тры нумароў… Будзе бачна.

     

    Вядучаму спецыялісту па камп’ютарнай вёрстцы і дызайну Віталю Емяльянаву:

    — Віталь, у цябе, наколькі памятаю, летась здарыўся другі ў жыцці прыход на працу ў нашу рэдакцыю. Дык чаму сышоў, потым вярнуўся і колькі яшчэ нумароў “ГС” гатовы завярстаць да друку?

    — Звольніўся я таму, што мне прапанавалі лепшыя ўмовы працы ў Маскве. Вярнуўся назад, напэўна, таму, што стаміўся ездзіць. Колькі нумароў яшчэ зраблю — сказаць складана… Магчыма, год-два, можа, больш папрацую. Час пакажа. Цяпер цяжкае эканамічнае становішча. Заробкі маленькія. Магчыма, і зноў давядзецца ехаць за мяжу… Але пакуль такіх думак няма.

     

    Спецыялісту рэкламнай службы па рабоце з кліентамі Наталлі Струпавец:

    — Наташа, чацвёрты год ты шукаеш рэкламадаўцаў ды пераконваеш іх змясціць рэкламу менавіта ў нашых выданнях. Наколькі ахвотна сёння прадпрыемствы і прадпрымальнікі ідуць з намі на супрацоўніцтва параўнальна з першым годам тваёй працы?

    — Хваля крызісу зменшыла колькасць рэкламадаўцаў у параўнанні з першым годам маёй працы. Адны кампаніі і прадпрыемствы ўразаюць свае рэкламныя бюджэты, іншыя, наадварот, выкарыстоўваюць свой шанец і больш актыўна размяшчаюць рэкламу. Бо калі хтосьці скарачае сваю прысутнасць у рэкламных макетах, то кожны рубель, укладзены ў правільную рэкламу, робіць яго канкурэнта куды больш заўважным на старонках нашай газеты. Рэкламу сёння даюць і рэкламадаўцы, з якімі працуем з першых гадоў існавання газеты, і новыя прадпрыемствы, арганізацыі і прадпрымальнікі. Мы ж шануем кожнага нашага кліента.

    P.S. Гледзячы сёння на лічбу 1000, не магу не ўзгадаць, з якой радасцю ў 1997 годзе ўпершыню ўзяў у рукі “Газету Слонімскую” №1. “У нас ёсць свая газета!” — такімі словамі прамаўляла тады мая радасць. А наперадзе чакала праца. Спачатку праца стыль-рэдактара, якую сумяшчаў з выкладаннем у восьмай слонімскай школе беларускай мовы і літаратуры, а з восені 1998-га — ужо ў штаце рэдакцыі.

    З аднаго боку — столькі ўсяго было за гэтыя 19 гадоў, столькі людзей, якія рабілі газету, змянілася! З іншага боку глянеш — час праляцеў як адзін дзень. А “Газета Слонімская” засталася! Адзіная ў сваім родзе на медыярынку Гродзеншчыны. І мне, канечне, прыемна ўсведамляць, што ў гэтым ёсць крупінка і маёй працы.

    Фота аўтара і з архіва “ГС”

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае

    «Здавалася, з кім можна гаварыць у Беларусі?» Наста Роўда — пра прагляды, хейт, уласны стыль і каманду «ТОК»

    19.11.2024
    Акцэнты

    «Мы зараз знаходзімся на парозе, калі будзем задаваць трэнды». Як «Трыбуна» стварае самае тэхналагічнае спартовае медыя для беларусаў

    Спартыўнае выданне «Трыбуна» актыўна развівае сетку ўласных дадаткаў і сэрвісаў — перадавых не толькі для Беларусі, але і для рэгіёну. Пра акалічнасці інтэграцыі сучасных тэхналогій у журналісцкую і рэдактарскую працу БАЖ пагутарыў з кіраўніком «Трыбуны» Максімам Беразінскім.
    05.11.2024
    Акцэнты

    «Бюро»: Пасля нашых публікацый бізнэсоўцы перапісваюць кампаніі і выдаляюць профілі ў сацсетках

    Напрыканцы мінулага года паўстала новае беларускае медыя «Бюро» — праект, створаны камандай журналістаў-расследавальнікаў. Першая ж праца «Бюро» пра рээкспарт люксавых аўто выклікала перапалох на беларуска-еўрапейскай мяжы, а многія далейшыя матэрыялы вымушалі варушыцца і еўрапейскіх, і беларускіх чыноўнікаў. 
    15.11.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці