• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Хвароба — душ, які змывае з цябе ўсё лішняе». Каця Пытлева і яе шчыры аповед пра рак

    Два месяцы таму Каця Пытлева, вядомая журналістка і праграмная дырэктарка «Маланка Медыя», прызналася ў сацсетках, што ў яе рак грудзей. За гэты час беларуска прайшла праз аперацыю і падрыхтоўку да хіміятэрапіі, сутыкнулася з падтрымкай нават ад незнаёмых, незразумелым хэйтам і неабходнасцю тлумачыць хваробу сваім пяцігадовым дзецям. Пагутарылі з Кацяй пра тое, якім быў гэты час.

    «Мне пісалі: «Ты памрэш, нічога ў цябе добра не скончыцца»

    «Наша Ніва»: У пачатку жніўня вы прайшлі праз аперацыю. Як гэта было?

    Каця Пытлева: Ды неяк руцінна. Ёсць людзі, якія баяцца наркозу і ўсёй гэтай абстаноўкі, але мяне бальніцы ўжо даўно не пужаюць, аперацый пад поўным наркозам у мяне было шмат. Адзінае, што падчас аперацыі медыкі рабілі і біяпсію, і магло аказацца, што рак трапіў яшчэ і ў лімфавузлы. Ад гэтага шмат у чым залежалі шансы [на выздараўленне].

    Калі я публічна распавяла пра сваю хваробу, мне пачалі пісаць шмат людзей, якія таксама праз гэта прайшлі, давалі нейкія парады, раілі літаратуру. Так я пазнаёмілася з дзяўчынай-журналісткай, яна ўжо прайшла хіміятэрапію, так што мне ёсць з кім гэта ўсё абмеркаваць. Мы ляжалі з ёй на адным паверху ў бальніцы, і ёй зрабілі аперацыю раней за мяне. Я паглядзела на яе і пабачыла, што ад аперацыі хутка адыходзяць. Ды і мне было прасцей аднавіцца зараз, чым пасля кесарава, плюс дапамагалі парады іншых людзей.

    «НН»: Што вас чакае далей?

    КП: На шчасце, біяпсія лімфавузлоў была чыстая, і мне выдалілі менш [тканкі] лімфавузлоў, чым гэта бывае пры такіх аперацыях. Мне цалкам выдалілі адну з грудзей і не ставілі імплант, таму цяпер нашу пратэз. Даю блізкім знаёмым памацаць, маўляў, здагадайцеся, дзе не сапраўдная (смяецца).

    Праз некалькі дзён у мяне першая сустрэча з хіміятэрапеўтам, мне ўжо прызначылі нейкі план лячэння. Тады і даведаюся, якая ў мяне будзе хімія і ці спатрэбіцца дадатковае лячэнне. Пасля хіміі зноў будуць рабіць МРТ, каб праверыць, ці не засталіся недзе метастазы. Таксама чакаю вынікаў генетычнага аналізу, каб канчаткова зразумець, хвароба развілася праз генетыку ці не. Калі гэта генетыка, то пасля завяршэння хіміятэрапіі будуць выдаляць другую з грудзей і яечнікі, каб не было рэцыдыву. Ну і потым, калі ўсё гэта скончыцца, мне паставяць нейкі імплант, але павінен прайсці недзе год.

    «НН»: Вы часта расказваеце ў інтэрв’ю пра тое, наколькі для вас важная праца. Як гэта — хварэць, калі ты працаголік?

    КП: Больш турбуешся за справу, чым за сябе, бо разумееш, што на табе завязаныя шмат якія працэсы. Калі я клалася на аперацыю, паспрабавала неяк аптымізаваць працу, каб усё працавала без мяне, запісала праграмы ў запас, дала заданні журналістам і ўхваліла тэмы. Але вярнулася за працу ужо ўвечары першага дня пасля аперацыі, калі адышла ад наркозу і выспалася.

    Зараз, перад хіміяй, мне не тое каб трывожна, але не хочацца выпасці з працэсу. Для мяне не праблема паставіць на паўзу нейкія свае праекты, бо разумею, што важна цяпер заняцца здароўем, але як кіраўнік адчуваю сваю адказнасць.

    Калі ты працаголік, ты часта на сябе забіваеш. Харчаванне ў мяне заўсёды было правільнае, але з адпачынкам былі праблемы. І калі нешта балела, я раней казала сябе, маўляў, пройдзе, у выніку раней раз-два на год ляжала ў бальніцы. У мяне такі арганізм, што калі я яго зусім не слухаю, ён адпраўляе мяне ў бальнічку, і так было 15 гадоў запар.

    Цяпер разумею, што трэба ўжо вельмі сур’ёзна падысці да здароўя. Справа не пра нейкае запаленне, а пра нешта, ад чаго залежыць тваё жыццё, і трэба будаваць свой графік з улікам гэтага.

    «НН»: Ці дапамагае камунікацыя з тымі, хто ўжо прайшоў праз такую хваробу?

    КП: Вельмі дапамагае. Больш за тое, калі я толькі пачала разумець, што ў мяне можа быць рак, я сама стала пісаць знаёмым з такім досведам. Тут важна, каб чалавек прайшоў праз гэты шлях нядаўна, бо трэба пачуць пра актуальныя лекі, методыкі лячэння, і ў мяне былі такія знаёмыя.

    У сацыяльных сетках мне пісалі з парадамі незнаёмыя людзі. Нехта раіў цікавую навуковую літаратуру, нехта — больш мастацкую, натхняльную. Быў і хэйт.

    «НН»: Хэйт праз што?

    КП: Проста ёсць злыя людзі. Мне, напрыклад, пісалі: «Ты памрэш, нічога ў цябе добра не скончыцца». Ці пад фота пасля аперацыі, дзе я пісала, што мне выдалілі пухліну, пакідалі каментар «гэта ненадоўга» — маўляў, не радуйся. Часам пісалі так: «Гэта ўсё таму здарылася, што ты на сваёй «Маланцы» кажаш няпраўду, нешта там расхістваеш і ўвогуле залгалася, вось цябе лёс і пакараў ракам».

    «Ужо двое маіх знаёмых, якія лячыліся ў Беларусі, з’ехалі лячыцца за мяжу»

    «НН»: Вы рабілі праект пра анкалогію «Онкамаркер» для Tut.by, зараз жа пабачылі, як лечаць рак у Літве. Наколькі літоўскі падыход адрозніваецца ад беларускага?

    КП: Калі я рабіла гэты праект, беларуская медыцына яшчэ была ў іншым, дакрызісным стане, усё было інакш і на вельмі добрым узроўні. Працавала з анколагамі рознага профілю, не толькі па раку малочнай залозы, і ўсе яны — мегапрафесіяналы.

    Цяпер, калі з усім гэтым сутыкнулася, перш за ўсё напісала людзям з арганізацыі oncopatient.by, з якімі мы супрацоўнічалі, калі я рабіла той праект. Яны мне расказалі, што літоўскія і беларускія дактары вельмі звязаныя і пастаянна абменьваюцца досведам. Калі працавала над праектам, беларускія анколагі часта ездзілі за мяжу, наведвалі семінары і вывучалі новае, і мне здаецца, што без гэтага зараз немагчыма.

    Не ведаю, як там з гэтым сёння. Але ўжо двое маіх знаёмых, якія лячыліся ў Беларусі, з’ехалі лячыцца за мяжу, бо сутыкнуліся з некваліфікаванымі кадрамі. То-бок яны пабачылі, што з анкалогіяй у Беларусі стала горш.

    «НН»: Як вы рыхтавалі да навіны пра аперацыю вашых дзяцей?

    КП: Усё прайшло лёгка. Яны ў мяне шмат што разумеюць і шмат чым цікавяцца. Дачка цікавіцца рознымі хваробамі, і калі я ёй расказала, на што хварэю і што паеду ў бальніцу, яна шмат распытвала. Калі я толькі прыехала пасля аперацыі, патлумачыла ім, што ў мяне яшчэ баліць і што мне нельга нагружаць руку. Калі яны забываліся пра гэта, падбягалі з тымі ж абдымашкамі і бачылі, што мне балюча, спачувалі і ставіліся дужа ўсхвалявана. Цяпер, з хіміятэрапіяй, пачнецца лысенне і іншыя пабочныя эфекты, але яны да гэтага ўжо падрыхтаваныя.

    «НН»: То-бок яны ўспрымаюць гэта больш-менш спакойна?

    КП: Яны ўспрымаюць гэта як хваробу. Міра разумее, што гэта небяспечная хвароба, бо я ёй ужо расказвала, што ад гэтай хваробы памерла яе бабуля.

    Мне здаецца, вельмі важна, як у гэтай сітуацыі паводзяць сябе бацькі. Мы з мужам успрымаем гэта як праблему, якую трэба вырашыць, дзеці гэта бачаць і ўспрымаюць гэта такім жа чынам. Міра бачыць, што ў нас ёсць алгарытм дзеянняў і што ў нашым жыцці не так шмат змянілася, таму яна не паставіла знак «роўна» паміж маёй хваробай і смерцю бабулі. Мне б хацелася, каб так і заставалася.

    «НН»: Для вас важна казаць пра сваю хваробу адкрыта?

    КП: Канешне, я ўвогуле заўсёды адкрыта казала пра рак пры любой магчымасці. У мяне было дзве важныя даты — дзень нараджэння мамы і дзень яе смерці, і кожны год у гэтыя даты я пісала ў сацыяльных сетках пра гэтую хваробу. Чым часцей пра гэта кажуць, тым лепш, і публічнасць тут абавязковая.

    Я не пішу зусім падрабязна пра тое, што са мной адбываецца, тыя, каму гэта важна ці патрэбна, пытаюцца ў мяне асабіста. Больш важна казаць пра тое, што менавіта самаабследаванне дапамагло мне выявіць пухліну на такой стадыі. Думаю, я буду больш пісаць пра рак, калі буду больш разумець прынцыпы яго прафілактыкі праз лад жыцця, зараз вывучаю гэтую тэму. Так разумею, што не дапусціць рэцыдыў — тое ж самае, што не дапусціць увогуле развіццё хваробы. Кожны можа нешта зрабіць, каб знізіць рызыку раку, бо ён можа напаткаць кожнага — у Беларусі цяжкая сітуацыя з анкалагічнымі хваробамі.

     

    «Хвароба, як бы дзіўна гэта ні гучала, ўжо змяняе маё жыццё ў лепшы бок»

    «НН»: Што б вы самі перагледзелі ў сваім ладзе жыцця?

    КП: Узяла для сябе ідэю адмовы ад шкодных звычак, паўнавартаснага сну. Заўсёды лічыла, што для мяне класна, калі пасплю 3–4 гадзіны, тым больш тады, калі дзеці яшчэ былі маленькія і я працягвала працаваць. Так я жыла шмат гадоў, але цяпер вырашыла для сябе павялічыць гэты ліміт, бо трэба, каб арганізм аднаўляўся. Пры гэтым стараюся класціся спаць не пасля поўначы, а гадзін у 11, бо гэта добры час для аднаўлення.

    Мы ўсе сутыкаемся са стрэсам, але важна, як мы на яго рэагуем. Нават тыя, хто жыве па-за палітыкай, нервуюцца і перажываюць па бытавых, сямейных момантах, а правільная рэакцыя на стрэс — таксама частка прафілактыкі раку. Я не надта востра на ўсё рэагую, але ў мяне было шмат сур’ёзных узрушэнняў, і цяпер стараюся, каб іх было менш ці хаця б каб я не так востра на ўсё рэагавала.

    «НН»: Узрушэнні ж усё роўна адбываюцца, не ўсё можна перадухіліць.

    КП: Так, таму і кажу ў першую чаргу пра рэакцыю. Напрыклад, калі нехта накасячыў, мне як кіраўніку можна праз гэта раздражняцца, а можна адрэагаваць неяк інакш. Так, здарылася непрыемная сітуацыя, значыць, трэба нешта вырашаць і адразу пераходзіць да стадыі канструктыву. Бачу па сабе, што гэта працуе, я ўжо пачала радзей прымаць нешта блізка да сэрца.

    У мяне таксама стала больш фізічнай актыўнасці. Раней, яшчэ ў Беларусі, я кожную раніцу займалася ёгай і бегам. У Літве, да хваробы, кожную раніцу хадзіла ў спартзалу, басейн і лазню з кантрасным душам, гэта вялікі падарунак для арганізма. Цяпер пакуль не магу надта нагружаць сябе, але абавязкова кожную раніцу хаджу на гадзіну ў спартзалу, гэта як культ, хаця і працы шмат, і дзеці яшчэ дома, не ў садку.

    «НН»: Пераасэнсавалі нешта ў жыцці праз рак?

    КП: Бачу, што хвароба, як бы гэта дзіўна ні гучала, ужо мяняе маё жыццё ў лепшы бок, іншыя людзі таксама такім дзеляцца. Цалкам усё перагледзела, хвароба — гэта такі душ, які працвярэжвае і змывае з цябе ўсё лішняе. Гэта датычыцца жыццёвых прыярытэтаў, лішніх людзей, эмоцый і спраў, проста ўсяго.

    Гэтая хвароба прымушае цябе па-іншаму паглядзець на сваё стаўленне да сябе, больш сябе любіць. Напэўна, кожны чалавек праходзіў праз этап прыняцця сябе, у мяне з гэтым усё нармальна, але з клопатам пра сябе былі праблемы, а гэта ж таксама пра любоў.

    «НН»: Сутыкаліся з нейкім непаразуменнем вашай хваробы з боку навакольных?

    КП: Не, хутчэй з няведаннем нейкіх дэталяў. Але памятаю, што калі хварэла мая мама, вакол было шмат забабонаў пра рак. Маміна свякроў, калі мы да яе прыехалі, выдзяліла для мамы асобную талерку, кубак і лыжку, усё кіпяціла пасля мамы і давала ёй асобны ручнік. Яна працавала ў медыцыне і ўвогуле была гарадской жыхаркай, але тады пра рак было так мала вядома, што ў яе ўзніклі такія забабоны.

    «НН»: Што б вы хацелі зараз сказаць людзям?

    КП: Часцей правярайцеся, і справа не толькі пра грудзі. Ёсць, напрыклад, рак шыйкі маткі — ён лечыцца і яго лёгка перадухіліць, але яго важна выявіць на ранняй стадыі. Для гэтага трэба проста хадзіць да гінеколага своечасова, хаця б раз на паўгода, тым больш што гінеколаг можа і грудзі абследваць. За паўгода нешта можа вырасці, але яно хаця б будзе ў той стадыі, калі з гэтым можна нешта зрабіць.

    Што да іншых відаў раку, то, калі вам больш за 45–50 гадоў, правярайцеся на іх хаця б раз на год. Таксама абараняйцеся ад сонца рознымі крэмамі, бо і рак скуры часта сустракаецца.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    Евгений Синельников — один из создателей известного украинского шоу о путешествиях «Орел и решка». Он много лет работал режиссером-постановщиком телепроекта и даже был ведущим девятого сезона. Когда началась война, Евгений с семьей жил в Буче, они пробыли под оккупацией несколько недель. После освобождения Киевской области режиссер вернулся в родной дом. Мы поговорили с ним о том, как сейчас устроена жизнь в Буче, что он чувствовал, когда российские солдаты пришли к нему домой, а еще об обиде на белорусов и о том, что такое делать национальный контент на YouTube.
    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці