Ірына НОВІК. БАЦЬКІ «ПАЎСТАНЦАЎ»
Мадэльны бізнэс, беларускамоўная сям'я, клаўстрафобія ў пад'ездах, валанцёрства, прадпрымальніцтва, казіно ды іншыя тэмы адлюстраваныя ў фотапраектах выпускнікоў адукацыйнага курса «Фотапраект: ад ідэі да прасоўвання».
Сайт Беларускай асацыяцыі журналістаў і Naviny.by працягваюць публікаваць фотагісторыі, створаныя навучэнцамі адукацыйнага курса. Сёння маем гонар прадставіць праект Ірыны Новік.
Усе апублікаваныя гісторыі праекту «Маладосць. Беларусь» можна ўбачыць тут.
БАЦЬКІ «ПАЎСТАНЦАЎ»
Маладыя беларусы Антось і Наста Янкоўскія з Гродна жывуць гуляючы, бо гульні сталі для іх і працай, і часткай сямейнага побыту.
Каб выдаць сваю першую гульню «Паўстанцы», яны скарысталі грошы з вясельных падарункаў. З таго пачаліся сямейны бізнес і гісторыя аўтарскіх беларускіх настолак. Працягам сталі гульні «Мова», «Гаспадар цмокаў», «Тры кіты»…
Беларуская мова і традыцыйная культура для Антося з Настай цалкам натуральныя. Нават жаніліся маладзёны ў зробленых уласнаручна народных строях.
Летась бацькі «Паўстанцаў» сталі бацькамі па-сапраўднаму. Сям’ю папоўніў сын Міхась.
На наступны год, да юбілея паўстання на чале з Кастусём Каліноўскім, Янкоўскія плануюць перавыдаць гульню. Свет пабачаць «Паўстанцы 2.0».