• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Калі мяне выводзілі, сын спытаў: «Мама, ты надоўга?». Вялікая размова з праваабаронцай Таццянай Гацура-Яворскай

    Дзяржава брутальна ўмяшалася ў сям’ю праваабаронцы Таццяны Гацура-Яворскай. Яе саму раптоўна затрымалі пасля адкрыцця прысвечанай медыкам выставы «Машына дыхае, а я — не». Пакуль Таццяна знаходзілася на «Валадарцы», яе мужа Уладзіміра з васьмігадовым сынам «дэпартавалі» з краіны. Калі праз дзесяць сутак палітзняволеную так жа раптоўна адпусцілі, дома быў толькі сабака: сям’я з’ехала ва Украіну, трое старэйшых дзяцей ужо дарослыя і жывуць асобна. Таццяна аказалася ў статусе падазраванай пад падпіскай аб нявыездзе, а тым часам на яе грамадскае аб'яднанне «Звяно» пачаўся ціск. Пагаварылі з праваабаронцай пра сям’ю, барацьбу і апошнія словы, якія перад расставаннем паспеў сказаць малодшы сын.

    — Як гэта — быць праваабаронцам у сённяшняй Беларусі?

    — Першае, што прыходзіць у галаву, — небяспечна. Калі я вырашала, з’язджаць ці не з’язджаць, думала, што прымаю рашэнне адзін раз. Але я моцна памылілася, бо ў выніку рабіла выбар кожны дзень. І рашэнне, рабіць нешта ці не рабіць, таксама прымаю штодзённа. 

    — А да мінулага года ты адчувала ціск у гэтай сферы?

    — У нас жа час ад часу адбывалася так званая дэмакратызацыя, і тады можна было дазволіць сабе больш вольнасцяў. Помню, як 10 снежня Алесь Бяляцкі з калегамі раздаваў ля Макдональдса Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека — цяпер такое ўявіць немагчыма. Сёння праца праваабаронцаў скіраваная на дакументацыю, дапамогу ахвярам і назіранне ў судах, ні на што іншае рэсурсаў не застаецца, да таго ж шмат хто з’ехаў, альбо знаходзіцца пад ціскам, альбо сядзіць у турме. Калі пяць гадоў таму можна было займацца адукацыяй, адвакацыйнымі кампаніямі, уздымаць розныя праблемы, то зараз у нас адна самая відавочная і балючая праблема — ахвяры рэпрэсій.

    — Праца з ахвярамі — сам па сабе досыць траўматычны досвед. Як ты сябе ў гэтым адчуваеш?

    — Мне здаецца, пакуль знаходзішся ўнутры сітуацыі і ўсё так імкліва развіваецца, складана адэкватна ацаніць, у якім ты стане. Узгадаць тыдзень, калі памёр Вітольд Ашурак, здзейсніў самазабойства Дзмітрый Стахоўскі і пасадзілі самалёт з Раманам Пратасевічам — кожны дзень нешта здараецца, проста немагчыма спыніцца. Пасля выхаду з СІЗА я раз на тыдзень хаджу да псіхолага, але ўсё роўна думаю, што нам усім пакуль цяжка ацаніць, якую траўму мы атрымалі. А са жніўня ў нас калектыўная траўма: у большасці сямей хтосьці трапіў пад дубінкі, альбо зазнаў пераслед, альбо мусіў з’ехаць. Я б асобна вылучыла групу дзяцей, што пазбаўлены бацькоў, бо тыя ў турме, ці разам з бацькамі з’ехалі — такіх тысячы. У мяне самой сын — фактычна ўцякач. Жыццё Даніка цалкам памянялася, ён пазбавіўся ўсяго, што ў яго было, — свайго пакоя, братоў, сястры, бабулі, сяброў, сабакі, сваіх цацак. Ён проста з’ехаў з чамаданчыкам.

    — На «Звяно» аказваюць наўпроставы ціск. Што адбываецца цяпер?

    — Нам вынесена пісьмовае папярэджанне аб парушэнні заканадаўства і статута арганізацыі, але я не лічу пералічаныя аргументы абгрунтаванымі. На мой погляд, мы, наадварот, рабілі карысную для грамадства справу, міністэрства перадавала зацікаўленым вынікі нашага маніторынгу працы сістэмы аховы здароўя падчас пандэміі (так нам пісалі ў адказах на звароты). І мы са здзіўленнем даведаліся, што быццам бы не маглі гэты маніторынг рабіць, бо, паводле статута, мы маем права на збор і аналіз інфармацыі. Ці ўдасца нам адстаяць «Звяно», убачым, але расстацца з ім было б амаль як страціць дзіця — арганізацыі ўжо восем гадоў.

    «Ужо амаль год мы займаемся толькі тым, што выжываем і залізваем раны»

    — Ты чакала, што цябе адпусцяць з СІЗА?

    — Не. Я выйшла з гэтымі бауламі, стаяла і глядзела па баках — чакала, што пад’едзе бусік і мяне адвязуць у СІЗА КДБ.

    — І што ты стала рабіць адразу пасля вызвалення?

    — Пяць хвілін пастаяла, паглядзела па баках. Я была ў поўнай разгубленасці і не ведала, што мне рабіць. Не ўяўляю, як людзі выходзяць праз шэсць месяцаў, для мяне і праз дзесяць дзён быў стрэс. Я б, напэўна, папрасіла ў каго-небудзь тэлефон, каб пазваніць, але ішоў дождж і людзей не было — проста пусты горад. Я накіравалася ў бок праспекта Незалежнасці і вырашыла пайсці да сяброўкі, але пакуль ішла, зразумела, што не помню нумар яе кватэры і ўвогуле яе можа не аказацца дома. Тады я пайшла на «Еўрарадыё»: там жа журналісты заўсёды мусяць быць. Я заходжу туды — і ў людзей проста шок, маўляў, што гэта ўвогуле такое, дай цябе памацаць.

    — Як сфармуляваць, чаму ўлада накінулася на тваю сям’ю?

     

    — За маю дзейнасць. Віна майго мужа толькі ў тым, што ён мой муж, — ён не быў ні на адным маршы, не ўдзельнічаў у працы маёй арганізацыі. Ён увогуле левы чалавек у гэтай гісторыі. Улада зацікаўлена ў тым, каб не было актыўнасцяў, усё гэта было заканамерна, проста да мяне дайшла чарга. І, думаю, мы моцна прыспешылі яе выставай «Машына дыхае, а я — не».

     

    — Выстава адпрацавала два дні. Табе не шкада высілкаў?

     

    — Не‑а. Мая калега пасля ўсяго напісала мне, што ні пра што не шкадуе і зноў зрабіла б усё так, як мы зрабілі. Я стала пра гэта думаць, і зразумела, што таксама не шкадую. Напэўна, штосьці я б зрабіла па-іншаму, прыдумала б менш уразлівыя формы. Але тое, як развіваліся падзеі, рэакцыю ўлады можна лічыць часткаю выставы: яна добра паказала стаўленне да медыкаў і праваабаронцаў.

     

    — Як думаеш, той брутальны выпадак з выставай паўплываў на актыўнасць у культурнай сферы?

     

    — Відавочна, паўплываў, ведаю, што фестываль Belarus­Docs пасля адмянілі. Але ёсць і невідавочная частка: шмат людзей застрашаныя, а калі ты баішся, цяжка гаварыць пра крэатыў. Мне шкада, што ўжо амаль год мы займаемся толькі тым, што выжываем і залізваем раны, хаця ўвесь гэты час дзясяткі ініцыятыў маглі б паляпшаць горад, экалогію, культуру, прапаноўваць людзям карысныя справы, прыцягваць сюды грошы. Мне здаецца, трэба ўсё роўна, нават не разумеючы правілаў гульні, шукаць метады, формы і ўнутраныя рэсурсы, каб штосьці рабіць. Я ўяўляю, як у турме прыходзяць да Сашы Васілевіча і кажуць: «Усе выехалі, няма ніякіх выстаў, нічога не адбываецца, людзі паміж сабой не камунікуюць, у сацсетках нічога не пішуць». Думаю, гэта найгоршае, што можа здарыцца з тымі, хто за свае каштоўнасці трапіў у турму.

     

    — Мне спадабаліся словы Ганны Севярынец пра тое, што палітвязні цяпер з усіх нас робяць самую складаную працу.

     

    — Палітвязні, вядома, знаходзяцца ў найгоршых умовах і ім цяжка, але нам усім цяжка. Людзям у турме застаецца адно — захоўваць сваю годнасць, то-бок нікога не здаваць, дапамагаць людзям вакол, быць камфортным для іншых. Але тое самае і на свабодзе, толькі апроч гэтага мы яшчэ можам штосьці рабіць — і для палітвязняў, і для грамадства. У нейкім сэнсе — баюся, мяне за гэтую думку задзяўбуць — у турме нават прасцей. Я гэта адчула: ты як бы зрабіў усё, што мог, і больш не мусіш кожны дзень прымаць складаныя рашэнні і ўзважваць, чым рызыкуеш і чым усё можа скончыцца. Калі я села, у мяне ўзнікла думка: «Вы там змагайцеся, рабіце, што можаце, а я ўжо ўсё».

     

    «Цяпер фактычна ў мужа з сынам сваё жыццё, а ў мяне сваё»

    — У які момант ты даведалася, што твайго мужа і сына прымушаюць з’ехаць?

     

    — У панядзелак дадому прыйшлі з вобшукам, забралі майго мужа, збілі, дапыталі і сказалі, што ён мае 48 гадзін на выезд. У аўторак да мяне ў СІЗА прыйшоў адвакат і ўсё гэта расказаў. У сераду прыйшлі з КДБ, удакладнілі, ці ведаю я сваю сямейную сітуацыю, і сталі весці са мной размовы — яны хацелі зрабіць мне нейкую прапанову, але я сказала, што не буду яе слухаць.

     

    — Што ты адчула праз тое, што тваіх блізкіх «дэпартуюць»?

     

    — Я перажывала, што іх не выпусцяць, бо хвалявалася за іх бяспеку: і мне, і мужу казалі, што Вову могуць закрыць на адміністрацыйны арышт, а Даніка аддаць у прытулак. Я не чакала таксама, што мужа будуць збіваць, таму мне ўжо было на ўсё пляваць, галоўнае, каб яны былі ў бяспецы.

     

    — Дзяржаве ўдалося адмоўна паўплываць на твае стасункі з мужам і сынам?

     

    — Вядома: мы жывём не разам. Калі сын просіць прыгатаваць лазанню, ты ўкладаеш у яе сілы і энергію, пасля вы вячэраеце, размаўляеце і насалоджваецеся хвілінамі разам — здаецца, гэта дробязь, а насамрэч гэта стасункі. Цяпер фактычна ў мужа з сынам сваё жыццё, а ў мяне сваё. Канешне, мы сазвоньваемся, глядзім з Данікам мульцікі праз зум, каб абменьвацца рэплікамі, але гэта не сям’я, не абмен эмоцыямі, не час разам — гэта сурагат адносін. Цяпер я падазраваная, праз паўгода мяне могуць абвінаваціць і асудзіць, можа, я адсяджу ў турме, але пакаранне я адбываю з 5 красавіка: з гэтага дня я не бачыла сына.

     

    — Ты кажаш пра ўмовы, у якіх вы ўтрох аказаліся, але ці памяняліся вашыя адносіны адно да аднаго?

     

    — Не. Мой муж заўсёды быў маёй падтрымкай, і ў гэтым сэнсе нічога не памянялася. Ён кажа, што мы павінны проста прайсці праз гэта і вытрымаць. Нават калі мне прыйдзецца адседзець пяць гадоў, я ўпэўнена ў гэтым чалавеку. З Данікам, канечне, складаней, бо ён можа расці без мяне, а як гэта паўплывае на яго асобу, невядома.

     

    — Па чым ты больш за ўсё сумуеш, калі казаць пра сям’ю?

     

    — Па ўсім, па звычайных рэчах. Па размовах з Данікам — ён любіць балбатаць, не змаўкаючы. Па паходах у грыбочкі з мужам. Побач з нашым домам лес, а Вова — заядлы грыбнік, у яго выпрацоўваюцца эндарфіны і павышаецца настрой, калі ён збірае грыбы. Самае смешнае — мяне гэта заўсёды раздражняла, — што ён не можа адкінуць чарвівыя і цягне з лесу ўсё — яму трэба эфектна прынесці вялікае 10-літровае вядро грыбоў, з якога ў выніку застаецца палова.

     

    — Нягледзячы на небяспеку, ты зрабіла выбар застацца. Муж на цябе за гэта не крыўдзіцца?

     

    — 9 сакавіка аднаго чалавека з Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў арыштавалі, і стала зразумела, што гэта пачатак. Я спытала ў мужа наўпрост, ці не крыўдзіцца ён на тое, што я не хачу з’язджаць, хаця ў найбліжэйшы час да нас могуць прыйсці. Ён сказаў: «Як я магу на цябе за такое крыўдзіцца, я цябе добра разумею». Але, вядома, я не чакала, што іх вось так выкінуць з краіны. Я была гатова да таго, што мяне пасадзяць, а муж з сынам будуць жыць у нашым доме і чакаць мяне.

     

    «Некаторыя сваякі абвінавачваюць мяне ў тым, што адбылося»

    — Як гэта, калі ў дачыненні да твайго каханага чалавека здзяйсняюць гвалт?

     

    — Адчуваеш бездапаможнасць, несправядлівасць і злосць. Дапускаю, у некага можа з’явіцца страх, некага гэта можа зламаць, у чалавека могуць апусціцца рукі: маўляў, больш нічога не хачу, бо з‑за мяне пакутавалі блізкія. Дарэчы, некаторыя сваякі абвінавачваюць мяне ў тым, што адбылося.

     

    — А ў цябе ёсць адчуванне віны?

     

    — Не. Якое адчуванне віны? Гэта тое самае, што людзям, якія пабывалі на Акрэсціна, адчуваць віну за тое, што яны не ў тым месцы спыніліся купіць шаўрму. Майго любімага чалавека без пратаколаў, без адваката дапытвалі, збівалі, патрабавалі, каб ён агаворваў сябе і мяне. А я такая: «Ой, гэта з‑за мяне»?

     

    — Муж казаў табе, што менавіта адбывалася?

     

    — Вова нічога ў дэталях не апісваў, зразумела, што не хацеў. Толькі на адно з маіх пытанняў сказаў, што ў яго сінія рукі і ногі. Я ўдакладніла, ці трапіла яму па нырках, ён сказаў, што трапіла, але не моцна.

     

    — Малодшы сын нейкім чынам заспеў частку гэтых падзей?

     

    — Ён бачыў абодва вобшукі, а падчас другога перавярнулі дома ўсё, што было можна, і бачыў, як мяне выводзілі. Апошняе, што ён мне сказаў: «Мама, а ты надоўга?» Усё ўжо ў прынцыпе было зразумела, і я сказала, што так, я надоўга.

     

    — А зараз што ён табе кажа?

     

    — Зараз, калі ён нешта распавядае, дадае, што мяне моцна не хапала. Напрыклад, дзяліўся ўражаннямі, як першы раз ехаў у купэ, і кажа: «Мама, толькі цябе з намі не хапала». Канечне, Данік сумуе, тым больш ён моцна да мяне прывязаны. Мы з ім падобныя па тэмпераментах, ён вельмі энергічны, Вова не можа доўга вытрымліваць яго напору. Мы з Данікам ходзім у паходы, сплаўляемся на байдарках, увесь час кудысьці лезем, на гэтае лета таксама мелі планы.

     

    — Ты б хацела, каб твае дзеці жылі ў Беларусі?

     

    — Безумоўна. Калі б у нас былі нармальныя ўмовы, мы б такога ў Беларусі нарабілі, што для замежнікаў былі самым папулярным кірункам. Мне здаецца, калі б беларусам зараз далі такую свабоду, якая была ў 90‑х, праз пяць гадоў мы б не пазналі краіну. Я перажываю, калі ў Даніка ва Украіне пачне складвацца сваё жыццё, ён, можа, і не захоча сюды вяртацца. У свой час Вова пераехаў сюды, бо я не хацела з’язджаць з Беларусі. Але калі ўсё зацягнецца і ён пабудуе там сваё жыццё, я не змагу зноў яго адтуль вырваць — гэтым разам мне давядзецца пераязджаць. Прайшло ўжо два месяцы, але я разумею, што гэта нават не сярэдзіна, мы яшчэ ў пачатку. Я ўпэўнена, што не застануся без абвінавачвання і добра яшчэ, калі толькі па адным артыкуле. А абвінавачванне значыць абмежаванне волі. Але я пакуль яшчэ маю сілы, таму раблю, што раблю, хаця і не заракаюся, бо не ведаю, што будзе заўтра.

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае

    Чаму многія беларусы хочуць пакараць сілавікоў больш жорстка, чым паводле закона? Псіхіятр растлумачыў, да якіх наступстваў гэта можа прывесці

    01.02.2024
    Акцэнты

    Применение диффамационных составов преступлений и правонарушений

    Анализ норм права ипрактики их применения впериод 2020–2023 годов. Скачать PDF.
    14.03.2024
    Акцэнты

    «Я не магу прасіць аб памілаванні, бо сын ні ў чым не вінаваты». Як бацькі Анджэя Пачобута чакаюць яго на волі

    Палітвязень Анджэй Пачобут, журналіст і грамадскі дзеяч, сябра праўлення незалежнага Саюзу палякаў Беларусі, ужо тры месяцы застаецца за кратамі праз гэтак званую справу палякаў. Яму прапанавалі вызваленне ўзамен на выезд за мяжу, аднак ён адмовіўся. Цяпер умовы ягонага ўтрымання значна пагоршыліся, журналіст захварэў на каронавірус, а родныя не могуць дабіцца хоць нейкіх звестак пра ягоны стан здароўя. Анджэю Пачобуту 48 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, мае дваіх дзяцей: старэйшая дачка Яна вучыцца ў гарадзенскім медычным універсітэце, малодшы сын Яраслаў ходзіць у школу. Матэрыял быў першапачаткова апублікаваны 23 чэрвеня 2021 года, да прызнання "Белсата" "экстрэмісцкім фармаваннем".
    16.04.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці