• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Людзі неўзабаве зусім перастануць ахвяраваць». Журналістка Яўгенія Доўгая — пра дапамогу палітвязням падчас марафону і будучыню свайго праекту

    Адной з самых значных праяваў салідарнасці беларусаў з палітычнымі вязнямі сёлета стаўся марафон «Нам не ўсё адно», падчас якога сабралі амаль 550 тысяч еўраў. Аб’яднаны пераходны кабінет справаздачыцца, колькі грошай і якой з арганізацыяў, што дапамагаюць палітзняволеным ды іхным сем’ям, перавялі, якую колькасць людзей ужо падтрымалі, колькі сродкаў яшчэ засталося.

    А як уласна выглядае дапамога? Хто гэтыя людзі, якія яе надаюць, і якім чынам? На што менавіта ідуць сабраныя беларусамі грошы? І ў чым сёння маюць найбольшую патрэбу палітычныя вязні ды іхныя сем’і?  Белсат размаўляе пра гэта з Яўгеніяй Доўгай, чыя ініцыятыва «Палітвязынка» сталася адной з тых, што атрымалі сродкі з марафону.

    «Я падзяляю боль жанчыны за кратамі і сама іду па крэм для яе»

    – Жэня, найперш хачу запытацца, як «Палітвязынка» далучылася да дапамогі палітзняволеным ды іхным сем’ям пасля марафону. Гэта была твая ініцыятыва ці якім чынам адбываўся адбор арганізацыяў, якім пераводзілі грошы?

    – Мне напісалі прадстаўнікі Кабінету і запыталіся, ці хачу я далучыцца. Я спачатку сумнявалася, бо заўсёды хацела ствараць найперш медыйны прадукт, апавядаць гісторыі, рабіць інтэрв’ю, фотарэпартажы. Але рэч у тым, што нам шмат пішуць жанчыны, якія выйшлі з турмы. Яны расказваюць пра сваіх сябровак, якія застаюцца за кратамі, і пытаюцца, ці можам мы дапамагчы ім ды іхным сем’ям. Напрыклад, прасілі перадаць крэм адной дзяўчыне, у якой у зняволенні абвастрыўся псарыяз, а ёй няма каму дапамагчы – у яе адна мама, і яна ў далёкай вёсцы. І такіх гісторый у нас шмат. Яшчэ я разумела, што неўзабаве пачнецца міжсезонне, калі асноўны артыкул выдаткаў у калоніі – тэрмабялізна, якой трэба па два камплекты, каб адзін можна было папраць, а другі надзець. А яны дарагія. Таму я далучылася.

    Мы запрасілі 10 тысяч еўраў. Там такая сістэма, што спачатку даюць палову, ты справаздачышся, і калі ўсё добра, табе даюць яшчэ палову. Нам далі 5 тысячаў.

    – Апавядзі, як далей выглядае працэс дапамогі, пасля атрымання грошай. Што куплялі, як?

    – Мы дапамаглі 26 жанчынам. Набывалі тое, што ім трэба, што прасілі сваякі. Прадукты: каўбасы, сыры, каву, шакалад. Касметыку, тую ж тэрмабялізну, калготкі, абутак. Некаторыя прасілі цыгарэты. Быў запыт на гарсэт для спіны – у жанчыны грыжа. Вельмі актуальны запыт на добрую касметыку для скуры. Рэч у тым, што на швейнай фабрыцы ў калоніі ляціць пыл ад тканінаў, і гэта раздражняе скуру. У жанчын пачынаюцца высыпанні, абвастраецца той жа псарыяз. Добрыя крэмы ў Беларусі каштуюць 100–150 рублёў за цюбік. У Польшчы яны таннейшыя і добрай якасці, таму нас прасілі набыць тут.

    Некаторым сем’ям мы перадавалі грошы, але такіх было няшмат. Грошы пераважна баяцца браць, просяць дапамагчы рэчамі ці прадуктамі.

    Мы таксама імкнуліся дапамагчы дзецям палітзняволеных жанчын, закуплялі вопратку да зімы, для школы. Напрыклад, артапедычны заплечнік аднаму хлопцу куплялі, яшчэ спартовыя касцюмы добрыя. Тое, што дорага каштуе ў Беларусі і можа ўдарыць па бюджэце сям’і. У сярэднім выйшла па 200 еўраў на чалавека ці сям’ю.

    Большасць рэчаў я купляла сама тут, у Польшчы. Ведаю, што ў іншых ініцыятывах гэта інакш працуе. Што сваякі замовяць у дастаўках у крамах, тое і аплочваюць, а далей ужо валанцёры не ўключаюцца. Напэўна, гэта экалагічны падыход да сябе. Але я не магла так. Напрыклад, піша мне муж палітзняволенай жанчыны і просіць крэм, бо ў жонкі ў калоніі на твары пайшлі фурункулы. І я не магу адмовіць яму і не купіць гэтага крэму, бо я разумею гэтую жанчыну. Я ўяўляю, калі б у мяне твар пайшоў фурункуламі, як бы я сябе адчувала. Я падзяляю гэты боль і іду сама па гэты крэм для яе. Я думаю пра тое, як сябе адчувае жанчына, якая сядзіць па несправядлівым абвінавачанні, шые вопратку для міліцыі, і яшчэ ў яе псуецца здароўе, скура. Мне падаецца, гэта вельмі ломіць чалавека, і калі ёсць магчымасць хоць неяк падтрымаць, трэба гэта рабіць.

    Чыстае валанцёрства

    – Ты адна хадзіла па крамах ці ў цябе ёсць каманда?

    – Тут у Польшчы я адна хаджу, а потым шукаю шляхі, як гэта ўсё перадаць у Беларусь. Яшчэ, бывае, купляю і перадаю сваякам, якія пераехалі ў Польшчу, а яны ўжо самі шукаюць, як перадаць у Беларусь.

    – Колькі часу гэта ўсё займае?

    – У працэсе я не заўважала, мне падавалася, што няшмат. А цяпер я разумею, што 50 % майго часу займала праца, а другія 50 % – вось гэтая дапамога. Увесь той месяц да канца тыдня я звычайна была ўся на нервах, раздражнялася на ўсё. Я не раз лавіла сябе на тым, што ў пачатку тыдня планавала правесці выходныя з дачкой, а ў канцы тыдня я не магла, у мяне не было сілаў. Таму можна сказаць, што гэтая дапамога займала ўвесь вольны час.

    – Жэня, паводле ўмоваў марафону, такая дапамога – чыстае валанцёрства ці ты маеш за яе нейкую ўзнагароду?

    – Гэта чыстае валанцёрства, я нічога за гэта не атрымала. Больш за тое, я адмовілася ад таго, што магло прынесці мне грошы. У той месяц мне прапаноўвалі адзін праект, але я зразумела, што я не змагу, не хопіць часу і сілаў, я была вымушана адмовіцца, бо мне трэба было паспець усё зрабіць для справаздачнасці. І яшчэ мне трэба было падстройвацца пад даты перадачаў. Напрыклад, хтосьці кажа, у нас перадача 14 кастрычніка, і ты разумееш, што табе трэба да гэтай даты ўсё купіць і перадаць у Беларусь, і каб гэта было не ў апошні дзень.

    – Я так разумею, што за месяц вы патрацілі ўсе тыя 5 тысячаў, і цяпер ты чакаеш другі перавод?

    – Так, мы патрацілі ўсю суму. Але ад другой часткі я адмовілася.

    – Чаму?

    – Мяне гэта моцна стаміла. Я не адмаўляю, што ў мяне самой быў не вельмі слушны падыход, проста на разрыў. А тым больш, калі пачалася нейкая ацэнка, параўнанне, хто колькі дапамог, я зразумела, што не магу працягваць. І ў мяне самой пачаліся праблемы са здароўем. Тады я вырашыла, што буду займацца медыяпраектам. У выпадку патрэбы я магу апублікаваць пост і каардынаты, як жанчыне наўпрост дапамагчы.

    «Тэма палітвязняў адыходзіць на другі план»

    – Жэня, надоечы Кабінет справаздачыўся, што ўсе арганізацыі, якія атрымалі сродкі ад марафону, прайшлі аўдыт. Можаш распавесці, як гэта выглядала?

    – Вельмі сур’ёзна. «Палітвязынку» правяраў Ігар Кулей з «Белсату» (прадстаўнікі СМІ ўвайшлі ў Надзорчую Раду і кантралявалі выдаткі грошаў з Марафону). Я паказвала чэкі, ліставанне са сваякамі, каб растлумачыць, куды што пайшло. Ігар усё падлічыў і сказаў, што ўсё добра.

    – Як ты думаеш, наколькі дастаткова дапамогі, сабранай падчас марафону?

    – Гэта разавая акцыя. Яна на нейкі час пакрые патрэбы. З таго, што мы атрымалі….гэта вельмі невялікія грошы на аднаго палітвязня – на адну рэжымную перадачу хапае, у сярэднім 200–250 еўраў. Гэта вельмі нязначная дапамога.

    Так, гэта добра – падтрымаць хоць раз людзей. Але марафон не змяніў адсутнасці сістэмнага даходу на дапамогу людзям.

    Таму, калі я чую розных выступоўцаў на ўсялякіх слуханнях пра стратэгіі вызвалення палітвязняў, я думаю: а ці разумеюць яны, што людзі неўзабаве зусім перастануць ахвяраваць на тыя патрэбы, якія ёсць у палітвязняў ужо цяпер? Падчас марафону ахвяравалі крыху больш за 11 тысячаў чалавек. А выехалі з Беларусі больш за 500 тысячаў. Гэта вельмі малы паказнік.

    Агулам я бачу, што тэма палітвязняў адыходзіць на другі план. Калі я размаўляю з еўрапейскімі журналістамі, я бачу, што там гэтая тэма далёка не на першым месцы.

    У Беларусі таксама. Раней было вельмі шмат валанцёраў, гатовых хадзіць у СІЗА, насіць перадачы. Цяпер гэтая колькасць мізэрная. Людзі і баяцца, і стаміліся ад гэтай тэмы ўжо. Па ўнутраным рэсурсе людзей у Беларусі вельмі б’е, што яны не бачаць, каб за мяжою штосьці рабілася, а яшчэ што мы ўвесь час сварымся. І, вядома, страшна, бо Марафон салідарнасці – экстрэмісцкае фармаванне, таму людзі не хочуць звязвацца. Але я кажу пра тое, што я назіраю, магчыма, у іншых ініцыятываў іншы досвед.

    Апякунства як шлях да сістэмнай дапамогі палітвязням

    – Ты кажаш пра адсутнасць сістэмнай дапамогі. Што, на твой погляд, трэба зрабіць, каб яна з’явілася?

    – Мне вельмі падабаецца сістэма апякунства. Ёсць сем’і – сталыя апекуны. Пераважна за мяжой, у дыяспарах. Яны на сталай аснове апякуюцца нейкаю сям’ёй, у якой ёсць палітвязні. Яны сочаць за патрэбамі, ведаюць, калі перадачы, што трэба набыць. Мне падабаецца такіх падыход. Але гэта пытанне да ўсіх нас, наколькі мы гатовыя ўкладвацца. Яшчэ за мяжою шмат беларускага бізнесу, з якім мы не наладжваем кантактаў і не тлумачым, чаму гэта так важна – браць удзел у дапамозе палітычным вязням. Напэўна, трэба ўголас сказаць, што гэта дзейсныя спосабы – апякунства і прыцягванне беларускага бізнесу.

    І трэба шукаць шляхі вызвалення, каб людзі разумелі, што яны не проста так там сядзяць. Нельга казаць, што ты рэаліст і людзі будуць сядзець свае тэрміны. Каму лягчэй ад гэтых словаў? Мы ўсе рэалісты, але каму лягчэй будзе, калі ты скажаш гэта? Магчыма, лепш шукаць шляхі падтрымаць? Ездзіць па дыяспарах? Падымаць тэму палітвязняў у культуры, у мастацтве?

    – Ты думаеш, што ёсць рэальныя шляхі вызвалення, таму нельга адназначна сцвярджаць, што вязні будуць сядзець свае тэрміны?

    – Нельга казаць, што людзі не адсядзяць сваіх тэрмінаў, як раней, і нельга казаць, што ўсе будуць сядзець да канца. Трэба шукаць нейкую залатую сярэдзіну. Я думаю, што шляхі ёсць. Як казала Ганна Краўчанка з КР, калі ёсць імавернасць, што нейкі амбасадар уручыць даверчы ліст, а ў адказ вызваляць Галіну Дзербыш з анкалогіяй, то няхай ён пойдзе і ўручыць гэты ліст.

    Мяне радуе, што пра палітвязняў кажуць, што склікаюцца слуханні. Хоць цяпер гэта больш эмацыйна, але я думаю, яшчэ тры такія слуханні – і мы да нечага прыйдзем.

    Я заўважыла, што пра тое, які кошт свабоды, што яны будуць сядзець, кажуць пераважна мужчыны. У гэтым я бачу нейкую маскуліннасць і немагчымасць прызнаць паразу. Мужчыны не могуць змірыцца, што ў нечым прайгралі. Але ў пытаннях з палітвязнямі нельга абапірацца на свае амбіцыі, бо гаворка пра людзей, якім трэба дапамагчы тут і цяпер. Не разумею, калі кажуць, што мы 30 гадоў трывалі і яшчэ трэба патрываць, што палітвязні будуць сядзець, хтосьці будзе паміраць. Калі ў зале сядзіць сястра Максіма Знака, а спікер кажа, што трэба разумець, што Максіма Знака знішчаюць і што ён не выйдзе, я не магу гэтага чуць. Трэба ж думаць, што вы кажаце.

    «Нішто не вартае таго, каб там сядзець»

    – Жэня, ты заўважаеш шмат нюансаў, думаеш, як сябе адчуваюць і вязні, і іхныя сваякі. Адкуль у цябе такая эмпатыя?

    – Я прасядзела тры дні, і мне гэтага хапіла, каб зразумець, што гэта такое, які кошт за гэта плацяць і палітвязні, і іхныя сем’і. Гэта страшна. Мая дачка, напрыклад, здаецца, аднавілася, але я ўсё роўна бачу, што ў яе ёсць папрок да мяне – маўляў, навошта мне гэта ўсё было патрэбна.

    Там сядзяць дзяўчаты, у іх руйнуюцца сем’і. Пакоі для спатканняў у жаночых калоніях пустыя. Гэта мужам жанчыны возяць вялізныя торбы з перадачамі. Да жанчын мужы так не ездзяць. Бывае, мужчыны пакідаюць сем’і. Я ведаю не адну гісторыю, калі знаёмыя і нават сяброўкі палітзняволеных жанчын спрабуюць звесці іхных мужоў. Я гляджу на гэта і разумею, што нішто не вартае таго, каб там сядзець. Што б нам ні казалі, што за свабоду можна і пацярпець. Я пакуль не бачыла ніводнага ліста, у якім хоць хтосьці напісаў бы, як там файна і добра – буду сядзець.

    – Як у цябе справы з тваім праектам – «Палітвязынкай»?

    – Праект працуе, я яго не збіраюся кідаць. Цяпер хачу перайсці ў Tik­Tok. Хачу апавядаць, што такое палітзняволеная жанчына ў турме ў Беларусі. Бо ў памяці гэта ўсё хутка сціраецца. А мне важна, каб было паказана, праз што праходзяць там жанчыны. Хачу выходзіць на аўдыторыю ў Беларусі, апавядаць моладзі пра тое, што адбываецца.

    – Колькі цяпер у нас палітзняволеных жанчын?

    – 180. У мяне і афіцыйныя лічбы, і мае асабістыя, не ўлічаныя праваабарончымі арганізацыямі. Напрыклад, я ведаю, што была зняволеная дзяўчына з аўтызмам, і што там вельмі цяжкая гісторыя, але не магу знайсці кантактаў і дэталёвай інфармацыі пра яе. Агулам я вельмі перажываю за ўсе такія выпадкі, калі ў турму трапляюць людзі з ментальнымі разладамі. Яшчэ адзін мой боль – гэта дзеці, старэйшыя браты і сёстры малых дзяцей, чые бацькі трапляюць за краты. Гэтым падлеткам даводзіцца адразу станавіцца дарослымі і глядзець малодшых. Гэта вельмі складаная сітуацыя для дзяцей.

    «На адрэналіне можна пратрымацца 2–3 гады, далей сыплюцца і вязні, і іхныя сваякі»

    – Жэня, мы з табою размаўлялі пра жанчын у беларускіх турмах сёлета перад 8 сакавіка. Прайшоў амаль год. Як ты можаш ацаніць, як змянілася сітуацыя за гэты час? Я маю на ўвазе затрыманні жанчын, прысуды, тэрміны, умовы ўтрымання. У які бок зрухі?

    – Колькасць палітзняволеных жанчын застаецца прыкладна ранейшаю. Менш за 170 іх не было за гэты год. Што я заўважыла, сталі даваць большыя тэрміны жанчынам. Раней часцей давалі хатнюю «хімію», а цяпер вельмі сур’ёзныя тэрміны прысуджаюць. Паводле варункаў утрымання ўсё застаецца больш-менш такім жа. Часта змяняюцца ўмовы для перадачаў – напрыклад, сёння можна перадаваць гігіенічную памаду, заўтра – толькі бальзам для вуснаў, паслязаўтра – зноў можна памаду.

    Узмацніўся ціск у калоніі, зусім не перадаюць лістоў. Часта кідаюць у ШІЗА, калі не прызнаеш віны – абавязкова будзеш трапляць у СІЗА.

    Самы цяжкі час – па-ранейшаму зіма. З 5:30 раніцы жанчыны носяць снег. Гэта сталы холад і фізічная стомленасць. А арганізмы не вечныя, здароўе сыплецца. Можна на адрэналіне там прабыць 2–3 гады. Але ў мяне ёсць адчуванне, што праз 3 гады людзі пачынаюць ламацца і фізічна, і псіхічна.

    Таксама бачу, як сыплюцца сваякі палітвязняў: праз аднаго – анкалогія, інсульт, ногі адняліся. Сваякі таксама моцна стаміліся. Гэта сталае адчуванне несправядлівасці з’ядае.

    Чытайце яшчэ:

    Шлях да Беларусі ляжыць праз перамогу ва Украіне? Дыскусія пра тое, як утрымаць наш інфармацыйны парадак у свеце

    Навіны з‑за кратаў: што вядома пра журналіста году Аляксандра Манцэвіча

    Алег Агееў: Гэта выклік — як бараніць правы іншых, калі беларускія праваабаронцы самі з’яўляюцца ўразлівай групай

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    Евгений Синельников — один из создателей известного украинского шоу о путешествиях «Орел и решка». Он много лет работал режиссером-постановщиком телепроекта и даже был ведущим девятого сезона. Когда началась война, Евгений с семьей жил в Буче, они пробыли под оккупацией несколько недель. После освобождения Киевской области режиссер вернулся в родной дом. Мы поговорили с ним о том, как сейчас устроена жизнь в Буче, что он чувствовал, когда российские солдаты пришли к нему домой, а еще об обиде на белорусов и о том, что такое делать национальный контент на YouTube.
    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці