• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    In memoriam. Узгадваем калегаў, якіх страцілі ў сыходзячым годзе

    Нехта меў пашану дажыць да сталага веку, нехта сышоў раптоўна. У нашым сумным спісе трынаццаць імёнаў. Па традыцыі ўзагдваем тых, хто сёлета сыйшоў у лепшы свет. Светлай памяці журналістаў, якіх забраў 2023 год, прысвячаецца.

    Пісьменнік і журналіст Канстанцін Скуратовіч

    Былы загадчык аддзела сацыяльнай палітыкі газеты «Беларусы і рынак» памёр у пачатку сакавіка. Прычынай смерці, паведамляла «Наша Ніва», стаў інсульт. Канстанціну Скуратовічу было 70 гадоў.

    Як журналіст ён спецыялізаваўся ў сфэры сацыяльнай палітыкі і сельскай гаспадаркі. З газетай «Беларусы і рынак» (раней  «Беларускі рынак») супрацоўнічаў з 1994 году. У 1996‑м атрымаў прэмію Беларускага фонду Сораса як найлепшы эканамічны аглядальнік, а праз тры гады — прэмію Беларускай асацыяцыі журналістаў «За плён ва ўсталяванні свабоды слова ў Беларусі».

    Важнай часткай яго жыцця была пісьменніцкая праца. Адной з апошніх выйшла кніга, прысвечаная беларусам, якія бралі ўдзел у «зімняй вайне» — нападзе СССР на Фінляндыю ў 1939–1940 гадах. Ён напісаў яе ў суаўтарстве з гісторыкам Аляксандрам Куляевым. «Востраў Суомі. Ажыццёўленая ўтопія» з’явілася пасля вайны Расіі супраць Грузіі.

    Пінскі блогер і палітвязень Мікалай Клімовіч

    Гэта смерць не павінна была здарыцца, калі б рэжым не асудзіў блогера да года зняволення за лайк пад карыкатурай на Лукашэнку. Хаця Мікалай Клімовіч папярэджваў, што мае інваліднасць ІІ групы праз праблемы з сэрцам і што яму патрэбны належны медыцынскі дагляд, палітвязня накіравалі ў калонію пад Віцебскам, дзе ён амаль адразу і памёр у траўні 2023 года. Цела прывезлі родным у цынкавай труне. Грошы на пахаванне неабыякавыя людзі дзякуючы ініцыятыве BYSOL сабралі за шэсць гадзін.

    Як пісаў у сацсетках сам Мікалай Клімовіч, у канцы 1980‑х ён працаваў адміністратарам у тэлекампаніях «РТР» і «Астанкіна» ў Маскве. Таксама распавядаў, што знаходзіўся ў партыі БНФ з моманту яе заснавання, а яго членскі білет падпісаны Зянонам Пазняком. Апошнім часам вёў свой блог пад псеўданімам Мікалай Верасень. Апошняя публікацыя ў блогу з’явілася за дзень да суда  — 27 лютага 2023 года.

    Быў асуджаны ў канцы лютага да года зняволення ў калоніі агульнага рэжыму паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса («Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»). Да канца красавіка Мікалай Клімовіч знаходзіўся ў баранавіцкім следчым ізалятары № 6. І падчас судовага працэсу, і падчас разгляду апеляцыйнай скаргі ён даводзіў суддзям, пракурору, што мае інваліднасць. Але гэта не ўлічылі і апеляцыю не задаволілі. Пасля гэтага асуджанага этапавалі ў калонію пад Віцебскам.

    — Праверка праводзіцца заўсёды па любым факце смерці, незалежна ад прычын смерці. Але як правіла, яна праводзіцца вельмі фармальна. Вусна было сказана пра тое, што вінаватых асобаў не выяўлена, і прычына – ягоны стан здароўя. Калі сыходзіць з медыцынскай дакументацыі, то гэта прамы вынік яго агульнага стану здароўя, — расказвалі блізкія.

    Вольга Завадская, маці журналіста Дзмітрыя Завадскага

    Гераічная жанчына да апошняга змагалася за права дазнацца, што здарылася з яе сынам — відэааператарам Дзмітрыем Завадскім, які знік 7 ліпеня 2000 года па дарозе ў мінскі аэрапорт, дзе мусіў сустрэць свайго калегу Паўла Шарамета. Аўтамабіль пасля знайшлі на паркоўцы, але журналіста ад таго часу ніхто не бачыў.

    У 2002 годзе суд прызнаў вінаватымі ў выкраданні журналіста чатырох колішніх супрацоўнікаў спецатрада міліцыі «Алмаз»: Валерыю Ігнатовічу і Дзмітрыю Маліку суд прызначыў пажыццёвы тэрмін, Аляксею Гузу – 25 гадоў зняволення, Сяргею Савушкіну – 12 гадоў. Асуджаныя не прызналі віны ні па адным з эпізодаў. Фактычна іх датычнасць да магчымага выкрадання і забойства так і не была даказаная. За некалькі дзён да канчатковага вердыкту на экстранай прэс-канферэнцыі ў Маскве Павел Шарамет заявіў, спаслаўшыся на ўласныя крыніцы, што нейтралізаваць Дзмітрыя Завадскага загадаў Віктар Шэйман.

    Вольга Завадская далучылася да пошукаў сына з першага дня. Усе яе спробы дагрукацца да праўды ўладай упарта ігнараваліся. А ў 2003 годзе суд увогуле прыняў рашэнне аб прызнанні журналіста памерлым. Канешне, гэта не магло не адбіцца на здароўі маці журналіста. Апошнія гады яна змагалася з анкалогіяй, была фактычна прыкаваная да інваліднага вазка, атрымала першую групу інваліднасці. Урэшце, злая хвароба перамагла…

    Маці Дзмітрыя Завадскага памерла 25 траўня, так і не дазнаўшыся праўды пра лёс сына. Зразумела, былі здагадкі, аднак пытанняў было нашмат больш, і адказы жанчына не атрымала ажно да самай смерці.

    Галоўны рэдактар газеты «Прессбол» Сяргей Лісічкін

    Заўчасную смерць у адыходзячым годзе зазнаў кіраўнік некалі самага папулярнага спартовага выдання Беларусі. Сяргею Лісічкіну было ўсяго 54 гады. Ён памёр у жніўні.

    У некралогу адзначалася: «Так, напярэдадні адчуваў сябе не вельмі камфортна, але запэўніваў, што ўсё будзе добра. Маўляў, негатыўна ўплывае магнітная бура. Хаця ўсе разумелі, што ў большай ступені на здароўі адбіваліся праблемы, звязаныя са складанай фінансавай сітуацыяй, у якую мы трапілі пасля закрыцця доступу да рэдакцыйнага сайта. Але сэрца рэдактара стрэсу не вытрымала, спынілася».

    Сяргей Лісічкін узначаліў газету ў снежні 2020 года, калі там пачаліся кадравыя чысткі, а кіраўніцтва было звольнена за падтрымку пратэстаў. Пры ім «Прессбол» імкнуўся трымацца лаялісцкай пазіцыі ў дачыненні да ўладаў. Небывалым для газеты стала з’яўленне «чорных спісаў», было і нарастанне прарэжымнага, ды і прарасійскага дыскурсу, «пакаяльных інтэрв’ю». Але, нягледзячы на гэта, сайт выдання быў заблакаваны Мінінфармам.

    У той жа час многае аб журналісце кажуць і такія словы былых калегаў:

    — На пасаду ў «Прессбол» ён не рваўся і не надта хацеў. Там імкнуўся дапамагаць нават апальным, некаторыя з тых, хто сышоў, працягвалі працаваць пад псеўданімам. Пастаянна знаходзіўся пад прэсам і агнём з абодвух бакоў (факт), вось сэрца і не вытрымала. Грошы на пахаванне збіралі і тыя, хто сыйшоў, і хто з’ехаў.

    Пісьменнік і журналіст Віктар Карамазаў

    Выпускнік аддзялення журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ належаў да так званага філалагічнага пакалення — дзяцей вайны, чыё юнацтва прыйшлося на натхнёныя гады так званай «адлігі», адзначала газета «Звязда». Пачынаў прафесійны шлях кapэcпaндэнтам aблacнoй гaзeты «Maгiлёўcкaя пpaўдa». Пасля прыйшоў у «Звязду», быў зaгaдчыкам aддзeлa кyльтypы гaзeты «Лiтa­paтy­pa i мacтaцтвa», зaгaдчыкам aддзeлa нapы­ca чacoпi­ca «Пoлымя». У 1971–1981 зaгaдвaў aддзeлaм мacтaцкix фiльмaў, быў члeнaм pэдaкцыйнa-cцэнapнaй кaлeгii Бeлдзяpжкaмiтэтa пa тэлeбaчaнню i paдыёвяшчaнню.

    Віктар Карамазаў з’яўляецца аўтарам шматлікіх кніг. Таксама па яго cцэнapыі зняты дaкyмeнтaльны тэлeфiльм «Aд poдныx нiў» (1969). У 1993 былa экpaнiзaвaнa ягo aпoвecць «Kpыж нa зямлi i пoўня ў нeбe». Тэмы ягоных твораў — гэта і Вялікая Айчынная вайна (раман «Бежанцы»), і лёс беларускай вёскі (хрэстаматыйнае апавяданне «Дзяльба кабанчыка» і аповесць «Дзень Барыса і Глеба»). Ён вывучаў гісторыю мастацтва, сябраваў з мастакамі і маляваў сам. Удзельнічаў у пленэрах.

    У 2024 годзе ён мусіў адзначыць 90-гадовы юбілей, аднак лёс вырашыў іначай.

    Журналістка «Ганцавіцкага часу» Святлана Малышка

    У верасні раптоўна пайшла з жыцця карэспандэнтка выдання «Ганцавіцкі час». Яна толькі-толькі збіралася адзначаць сваё 45-годдзе. Але вялікі стрэс прывёў да шпіталізацыі, лекары, на жаль, не змаглі выратаваць журналістку. У яе засталіся няпоўнагадовыя сын і дачка.

    Паводле калегаў, да пагаршэння стану здароўя Святланы Малышка прывялі «размова» у міліцыі і гутаркі з кіраўніцтвам мясцовага райвыканкама пасля публікацыі серыі матэрыялаў пра тое, як у Ганцавічах рыхтаваліся да абласных «Дажынак». Яна зведала моцны эмацыянальны крыз, хоць старалася не паказваць сваё хваляванне, трымала ў сабе. 

    У газеце «Ганцавіцкі час» Святлана Малышка пачала працаваць з 2003 года і ўжо падчас працы завочна скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Як узгадваюць калегі, журналістка з гонарам распавядала ў рэдакцыі, што выкладчыкі здзіўляліся прафесійнаму ўзроўню выдання ў невялікім раённым цэнтры ў Брэсцкай вобласці, калі знаёміліся з друкаванымі нумарамі.

    — Дабрыня, сціпласць і спакойны характар дазвалялі Святлане лёгка знаходзіць кантакт з героямі публікацый. Але яе журналісцкая прынцыповасць, калі справа тычылася нейкіх праблемных артыкулаў, былі вартыя павагі і часам здзіўлення. Асабліва, калі з просьбай падняць тэму ў газеце звярталіся людзі, каб дамагчыся справядлівасці і адстаяць свае правы, — так узгадваюць яе калегі з «Ганцавіцкага часу».

    Фатограф Анатоль Кляшчук

    Фатаграфіяй Анатоль Кляшчук пачаў займацца ў юнацтве з лёгкай рукі бацькі. Вось як сам рэпарцёр успамінаў у адным з інтэрв’ю:

    — Бацька фотаапарат бярог і не заўсёды нам дазваляў да яго дакранацца. Я запісаўся ў школьны гурток. Фатаграфаваў школьныя паходы, розных катоў, сабак… Аматары тады адну-дзве плёнкі ў год здымалі. Даставалі фотаапарат, калі суседзі збяруцца або сваякі прыедуць. Калектыўны здымак — абавязковы атрыбут такіх сустрэч. 

    Пасля арміі гэта стала ўжо больш сур’ёзнай, прафесійнай справай. Падчас вучобы на журфаке здымаў нястрымна, усе выходныя напралёт. 

    Анатоль Кляшчук у першы ж год пасля катастрофы ў Чарнобылі здымаў наступствы трагедыі. Таксама шырокаму чытачу маглі запомніцца фотаздымкі паводкі на Палессі. Пасля фатограф пайшоў у глыбінку. Вясковыя краявіды, простыя людзі, прырода. Усё, што трапляла ў яго аб’ектыў, станавілася самастойным творам. Глыбіня бачання не патрабавала тлумачэнняў, але ж фатограф таксама запомніўся публіцыстыкай. 

    У яго выйшла некалькі кніг, ён стаў аўтарам больш за трыццаці персанальных выстаў і альбомаў — «Пад небам Беларусі», «Чарнобыль», «Чарнобыль 1986—2006. Жыць з трагедыяй», «Беларусь. Зямля песняроў», «Карагод беларускіх абрадаў», ряда серий фотографий «Кавалеры ордэнаў Салдацкай славы», «Праведнікі Народаў Свету», «Гарманісты» і інш.

    Кажуць, апошнім часам ён хварэў. Але ж да самага апошняга часу на старонках «Звязды выходзілі» фотаздымкі Анатоля Кляшчука. Беларускамоўнай газеты, якой ён заставаўся адданым на працягу дзесяцігоддзяў. Фатографу было 65 гадоў.

    Журналіст «Настоящего времени» Алег Ануфрыенка

    Як удар кінжалам прагучала навіна пра смерць журналіста «Настоящего времени» Алега Ануфрыенкі. Лёс 35-гадовага рэпарцёра, які раней працаваў у Tut.by і на «Радыё Свабода», складаўся не вельмі проста, і гэта сімптаматычна для супрацоўніка беларускіх незалежных медыяў.

    — Некаторы час ён працаваў на дзяржтэлебачанні, — узгадваў фотарэдактар Сяргей Балай. — Тады ж яму прапанавалі зняцца ў знакамітым роліку «Схавай бабулін пашпарт». Гэта адбывалася перад выбарамі-2010. Мы з Андрэем Аляксандравым былі вельмі ўсцешаныя: чалавек пайшоў па правільнай дарозе.

    Алег Ануфрыенка ў роліку сыграў студэнта-акулярніка. Палітычнае відэа завірусілася. Улада адрэагавала прадказальна. Хлопцу не далі давучыцца на журфаку — адлічылі «за прагулы» ці то з 4‑га, ці то з 5‑га курса. Вытрымаўшы даволі вялікую паўзу пасля выбараў (каб не раздзьмуваць скандал), яго звольнілі ўрэшце рэшт і з БТ. Пасля Алег Ануфрыенка працаваў на Tut.by, у аддзеле «Грамадства». Ягоныя грунтоўныя тэксты выклікалі давер аўдыторыі і павагу калегаў. Часцяком публікацыі прыводзілі як прыклад якаснай журналістыкі.

    — Першапачаткова ў 2017 годзе, калі я рабіла першыя відэа пра міжнароднае права для свайго YouTube-канала, менавіта Алег прымеціў мае ролікі і прапанаваў рабіць праграму «Простая политика» для Tut.by. Можна сказаць, што ён меў непасрэднае дачыненне да пачатку маёй кар’еры. Я за гэта вельмі яму ўдзячная, — адзначала журналістка Аляксандра Багуслаўская.

    З 2019 году Алег Ануфрыенка працаваў у «Настоящем времени», быў прадзюсарам тэлевізійных выпускаў навін, шэф-рэдактарам інфармацыйных праграм і рэдактарам відэа ў камандзе НВ-dig­i­tal.

    — Я глыбока засмучаны трагічнай смерцю нашага калегі, — напісаў прэзыдэнт холдынгу «Радыё Свабода/Радыё Свабодная Еўропа» Джэфры Гедмін. — Мы заўсёды будзем памятаць Алега за яго цеплыню, прафесіяналізм і бездакорную вернасць ідэалам свабоднага і дэмакратычнага свету. Нашы думкі цяпер з ягонымі роднымі і сябрамі.

    Журналіст Вадзім Александровіч

    Шматгадовы супрацоўнік газеты «Белорусы и рынок» Вадзім Александровіч пайшоў з жыцця на пачатку снежня. Літаральна за некалькі дзён да трагедыі ён адсвяткаваў сваё 60-годдзе. Смерць ягоная была цалкам нечаканай, прычынай стаў інфаркт. Лекары прыехалі на выклік вельмі хутка, але ўратаваць ужо не змаглі.

    Паводле калегаў, для многіх Вадзім Александровіч быў узорам адданасці Беларусі: размаўляў прынцыпова на роднай мове, у сацыяльных сетках і ў прыватнай перапісцы карыстаўся беларускай лацінкай. Напрыканцы 1980‑х удзельнічаў у мінскай «Талацэ» і Беларускім народным фронце. Вадзіма Александровіча неаднаразова затрымлівалі падчас выканання журналісцкай працы, ён сядзеў на сутках, трымаў галадоўку на знак нязгоды.

    Аўтар «Нашага слова» Алесь Мацулевіч

    Яшчэ адна раптоўная смерць здарылася ў Лідзе. Там памёр паэт і журналіст Алесь Мацулевіч. Яму было 42 гады. Па звестках выдання, у яго здарыўся абшырны інфаркт. Пасля двух дзён у рэанімацыі рэпарцёра перавялі ў кардыялогію, ён нават паведаміў знаёмым, што ідзе на папраўку. Але праз некалькі дзён прыйшла сумная навіна.

    Алесь Мацулевіч пасля заканчэння Берасцейскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна (філалагічны факультэт) працаваў у незалежнай газеце «Тэлескоп», а пасля яе закрыцця перайшоў у «Лідскую газету». Праз увесь час супрацоўнічаў з выданнем «Наша слова». З’яўляўся актыўным сябрам і кіраўніком раённага літаб’яднання «Суквецце» пры рэдакцыі «Лідскай газеты».

    У 2015 годзе выйшла першая кніга паэзіі Алеся Мацулевіча «Леў і ключы». А ў 2019 годзе – зборнік «Горад-карабель». Журналіст падрыхтаваў да друку трэці зборнік вершаў «Бронзавы Гедымін», але ўбачыць яго не паспеў.

    Рэдактарка Марына Бірукова

    Раней Марына Бірукова была рэдактаркай і менеджаркай, працавала ў шматлікіх беларускіх выданнях (часопіс «Большой», выдавецтва «Нестар — Мінск»), узначальвала газету «Віртуальныя радасці». Апошнія гады працавала ў IT-сферы, жыла ў Варшаве, дзе з ёй здарылася няшчасце. Беларуска выйшла на праезную частку, дзе яе збіў гарадскі аўтобус.

    — Востры розум і добрае сэрца ў адным чалавеку — сапраўднае багацце, якое сустракаецца не кожны дзень. Марына Бірукова была такім чалавекам, — напісаў у Face­book кінарэжысёр Максім Швед.

    Журналіст Тарас Тарналіцкі працаваў з Марынай Біруковай у канцы нулявых, калі яна ўзначальвала газету «Віртуальныя радасці». Яго словы згадвае «Наша Ніва»: «Я тады быў проста чытачом газеты і вучыўся ва ўніверсітэце, вырашыў напісаць туды. Мы пазнаёміліся, і яна стала маёй першай галоўнай рэдактаркай, з якой я вельмі доўга працаваў. Яна фактычна дала мне квіток у прафесію».

    — Такія рэдактаркі нячаста трапляюцца, — дадае ён. — Ніхто не спрабуе тлумачыць, як працаваць, усе спрабуюць перарабіць тэкст пад сябе, а яна ў той момант тлумачыла. Гэта была пэўная школа, я сам не сканчваў ніякіх журфакаў, працаваў па прынцыпе «як лічу правільным, так і пішу». Калі б мае тэксты цалкам перапісвалі, я б, можа, і ўвогуле не трапіў у медыя і не стаў бы журналістам. Таму за гэтую працу, за дакладнасць і мяккасць абыходжання я ёй шчыра ўдзячны.

    Відэааператар Сяргей Чырык

    Не адразу высветлілася, у сярэдзіне снежня памёр відэааператар, які зафіксаваў мноства важных для незалежнай Беларусі падзеяў: першыя Дні Волі, Дзяды, Дні вайсковай славы, курапацкія і чарнобыльскія шэсці, пратэсты мінскіх рабочых і нават візіт Біла Клінтана (калі той быў прэзідэнтам ЗША).

    — Усе, хто ў 90‑я меў дачыненне да палітыкі ці СМІ, памятаюць чалавека з прафесійнай камерай. У яго захаваўся ўнікальны архіў пра тыя няпростыя для Беларусі часы. Вечная памяць Сяргею. Хай і пішу гэта запознена, — паведаміў у Face­book палітык і грамадскі актывіст Сяргей Марцалеў.

    Па інфармацыі «Нашай Нівы», Сяргей Чырык не меў адмысловай адукацыі відэааператара, але зняў сотні рознафарматных стужак з хронікай знакавых падзеяў найноўшай гісторыі Беларусі.

    — Ён быў сапраўдным летапісцам падзеяў нашага часу. Жыццё было не надта справядлівым да яго. У Сяргея багаты архіў. Далёка не ўсё ён паспеў перавесці на цыфру, — напісала ў Face­book журналістка Любоў Лунёва. — Усё мог знайсці, столькі памятаў пра тыя падзеі. Светлую памяць пра сябе пакінуў у фота- і відэаздымках. Колькі ён мог распавесці! Колькі народу яго ведае! Як жа гэта несправядліва.

    Тэлевядоўца Аляксандр Дамарацкі

    За некалькі дзён да Новага году пайшоў з жыцця савецкі і беларускі журналіст Аляксандр Дамарацкі. Яму было 74 гады. Амаль паўстагоддзя ён працаваў на беларускім тэлебачанні. Па размеркаванні трапіў у рэдакцыю інфармацыі Белтэлерадыёкампаніі, быў рэпарцёрам і вёў навіны. На пачатку 1990‑х стаў гендырэктарам БТ. Пазней сышоў з пасады і пачаў займацца сваімі праектамі. Самы вядомы з іх — праграма «Святло далёкай зоркі» пра дзеячаў беларускай культуры. За 17 гадоў выйшла каля 400 выпускаў перадачы. Кар’еру на тэлебачанні скончыў у 2013 годзе.

    — Праца тэлевізійніка такая: цябе нафарбуюць, прыгожа апрануць — і што далей? — распавядаў ён у інтэрв’ю некалькі гадоў таму. — Калі не будзе гукарэжысёра, рэжысёра, аператара, тады што? Гэта калектыўная праца — некаторыя пра гэта забываюць. Без каманды ты нішто. Са сваёй прыгажосцю, са сваім талентам — проста нішто. Мастак стаіць ля мальберта — ён сам стварае свой твор. А ты ў адзіночку нічога не зробіш. Адзін мой калега, пару тыдняў папрацаваўшы ў эфіры, падбег да мяне і сказаў: «Аляксандр Мікалаевіч, ведаеце, а мяне ўжо пазнаюць на вуліцы!» Я яму адказаў, што, калі ўзяць фатаграфію дэбіла і кожныя 30 хвілін усім паказваць, яго таксама пачнуць пазнаваць. Мой калега быў з гумарам: усё зразумеў і не пакрыўдзіўся.

    У той жа публікацыі ён згадваў правінцыйнасць беларускага дзяржтэлебачання. У той жа час, падкрэсліваў Аляксандр Дамарацкі, не ўсё так дрэнна. Ёсць добрыя вядучыя, сур’ёзныя праекты, але іх становіцца ўсё менш.

    Чытайце яшчэ:

    «Ідзе паступовае паглынанне калектыўнага беларуса расійскім кантэкстам». Крытыкі падвялі культурніцкія вынікі года

    БАЖ падводзіць вынікі працы за год. Падтрымка журналістаў і медыяў, кампаніі салідарнасці, еўрапейскія ўзнагароды і ТікТок

    Беларусь згадваецца як адна з трох найбуйнейшых турмаў для журналістаў. «Рэпарцёры без межаў» падрыхтавалі сумную справаздачу

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці