• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Міхал Анемпадыстаў: Я люблю Беларусь збольшага не за штосьці, а насуперак

    Пайшоў з жыцця дызайнер, графік, фатограф, паэт і перакладчык Міхал Анемпадыстаў. Яго творчасць паўплывала на светапогляд многіх беларусаў. Публікуем гутарку са спадаром Міхалам, якую "Наша Ніва" рабіла да пяцідзесяцігоддзя творцы.

    Сустрэла нас яго дачка, Міхала дома не было. Пакуль чакалі гаспадара, пазнаёміліся з канарэйкай Жан-Поль, названай у гонар Сартра. З крамы Міхал вярнуўся з вялікім пакункам прадуктаў, сярод якіх бурачкі ды пячонка. Гаспадар рыхтуецца да свята.

    Міхал Анемпадыстаў: Я доўга гатаваць, «завіхацца ля печы» ўвогуле не люблю. Шкада часу. Ну і што, што юбілей? Зараз абыйдуся простым, замарыную бурачкі паводле рэцэпту 16-га стагоддзя, нарэжу найлепшае ў Менску сала, каўбасу пальцам пханую, таго-сяго і хопіць. Сябры таксама нешта прынясуць.

    Наша Ніва: А ёсць у Вас улюблёная страва?

    МА: Я геніяльна раблю салаты.

    Магу зрабіць іх з усяго, бо нават не каштаваўшы ведаю, што з чым спалучыць, каб было смачна.

    Наша Ніва: Перад тым, як пачаць нашу гутарку, я хачу вызначыцца з наступным. Вы і дызайнер, і графік, фатограф і паэт, але кім Вы ўсё ж такі сябе лічаце?

    МА: Я перадусім дызайнер. Бо дызайн — гэта сінтэтычны від дзейнасці, які дапускае пранікненне ў іншыя віды дзейнасці. Нават калі я пішу, я шмат у чым застаюся дызайнерам. Праца дызайнера ўключае ў сабе і працу графіка, і працу з тэкстам, і безліч усяго іншага.

    НН: Колькі гадоў Вы ўжо займаецеся дызайнам?

    МА: Я скончыў мастацкую вучэльню ў 1983 годзе. З таго часу і займаюся. У мінулым годзе быў юбілей, ужо 30 гадоў.

    НН: Тое, што Вы столькі часу займаецеся дызайнам, пакідае адбітак на светаўспрыманні? У чым адметнасці такога ладу жыцця?

    МА: Ідэальнае ў дызайне – гэта рацыянальнае. Апошняя дэфініцыя дызайну тлумачаць яго як метадалогію вырашэння пастаўленых задач. Добры дызайнер павінен арыентавацца ў шматлікіх тэмах і знаходзіць адказы на любыя пытанні, пачынаючы ад прававых аспектаў і санітарных норм, сканчаючы стылям, камунікацыяй ды псіхалогіяй. Праца дызайнера падобная да працы палітыка. Яна палягае ў падпарадкаванні рэчаіснасці.

    НН: Для вас 50 гадоў — страшная лічба?

    МА: Для мяне зусім не. Я канечне ведаю як дзядзькі ў 50 выглядаюць, гэта яшчэ не старыя кексы, але мужчыны сталыя, а я нешта адчуваю сябе яшчэ занадта маладым. Вось гляджу на хлапцоў, якія маладзейшыя за мяне на 10–15 гадоў, а адчуваю сябе маладзейшым за іх. Даводзіцца нагадваць сабе, што гэта я тут старэйшы. Галоўнае тое, наколькі ты сам сябе адчуваеш. Ёсць у мяне сябра якому 75, дык я гляджу на яго і вучуся, як шанаваць жыццё, не пераставаць здзіўляцца і цешыцца, як дзіцё таму што навокал.

    НН: Закранаючы тэму сяброўства, ці змянілася ў Вас яго ўспрыманне з цягам жыцця?

    МА: Спачатку яно было тусовачнага кшталту, калі ўзнікае эмацыйная залежнасць ад кампаніі, а не ад сяброў. Пасля жыццё ўнесла карэктывы і тусавацца кожны дзень не стала магчымым. Але сябры засталіся. У мяне шмат людзей, якіх я магу назваць сябрамі, але мне не трэба з імі бачыцца штодня. Часам хапае пабачыцца толькі раз на год, тым больш што багата маіх сяброў жывуць за мяжой – эстонец, латыш, датчанін, француз, палякі… Але з сябрамі, што ў Мінску, яшчэ радзей бачуся. Але я ўсё роўна іх цаню, лічу сябрамі і ведаю, што мы адно аднаму заўсёды дапаможам. Можна было б пазваніць, але я і гэтага звычайна не раблю. Што я скажу? Як справы? Мужчыны ж зусім па-іншаму сябруюць — нешматслоўна.

    НН: Існуе меркаванне, што час жаночай прыгажосці значна карацейшы за мужчынскі, пік іх хараства ў 35, а далей ідзе заняпад. А мужчыны толькі пачынаюць харашэць з гэтага часу і становяцца лепш і лепш.

    МА: Мужчына сталее, набывае жыццёвы вопыт і ў гэтым яго вартасць. А кабеты набываюць шарм. Можна жанчыне і ў 70 выглядаць цудоўна. Часам маршчыны не псуюць чалавека, а наадварот дадаюць своеасаблівай, іншай прыгажосці.

    У некаторых бабулек так неверагодна вочы свецяцца, а ў зморшчынах, што вакол вачэй — усё жыццё, усе ўсмешкі, увесь боль. Ці гэта не прыгажосць?

    Але, што казаць, у любым узросце кабета павінна быць дагледжанай.

    Зрэшты, і мужыкам на карысць лішнім разам боты ваксануць.

    НН: Міхал, якое дасягненне ў сваім жыцці Вы лічаце самым галоўным?

    МА: Стварэнне «Народнага Альбому».

    НН: Народны альбом паўплываў на цэлае пакаленне. У чым яго цуд і феномен?

    МА:

    «Народны альбом» — гэта любоў. Не проста ж так на вокладцы сэрца. Гэта любоў да свайго і тых цудаў, якое нясе ў сабе жыццё. Гэта альтэрнатыва нянавісці і жыццёвай пазіцыі, пабудаванай на адмаўленні. Мы хацелі вывесці людзей з дэпрэсіі і прапанаваць эмацыйную альтэрнатыву.

    «Народны альбом» аптымістычны і вітальны. Любоў да чагосьці болей стваральная матывацыя, чым нянавісць. Асабліва, калі нам патрэбная матывацыя на працяглы перыяд.

    НН: Ці магчыма нешта падобнае стварыць зараз?

    МА: Тады мы рабілі ўсё абсалютна бясплатна, зараз мы такі праект не паднялі б, бо ўсё робіцца за грошы. Мы ж тады не ўклалі ніводнай капейкі.

    НН: Скажыце, калі Вам было жыць цікавей, у 90‑х з іх разнастайнасцю, палітычнымі падзеямі і пачаткам новай эпохі ці зараз?

    МА: Канечне тады. Было адчуванне, што заўтра будзе лепш. Гэта надае жыццю сэнс.

    НН: А зараз Вы жывяце без разліку на тое, што будзе лепш?

    МА: Пасля падзей на Украіне ёсць вера ў тое, што цуд заўсёды мажлівы, усё залежыць ад волі, ад моцы жадання гэтага лепшага і яшчэ трэба, каб крыху шанцавала. І будзе лепш.

    НН: А як Вы лічыце, калі Расія захопіць Беларусь, хто-небудзь заўважыць? І ці заразяцца Беларусы «імперскасцю»?

    МА: Ну некаторыя беларусы ўжо заражаныя і іх не ўратаваць. Гэта не тое, каб сільна заразна, яно павінна ў крыві быць, але часам бывае. І з гэтым нічога не паробіш. Ну пэўная частка ўсцешыцца такому раскладу, ну а мы з вамі, мягка кажучы не вельмі.

    НН: Міхал, колькі памятаю, Вы заўсёды надавалі ўвагу пошукам адказаў на пытанне, як выглядае беларуская культура, то бок яе візуалізацыі. Ці знайшлі Вы адказ на гэтае пытанне?

    МА: Для сябе я ведаю, іншая справа ці магу я рэтрансляваць сваё бачанне і веды цалкам і ў поўным аб’ёме, прынамсі самастойна.

    НН: У такім выпадку, што бы Вы абралі ў якасці сімвала Беларусі?

    МА: Бел-чырвона-белы сцяг, адзін з найпрыгажэйшых сцягоў у свеце і Пагоню. Навошта прыдумваць нешта новае, калі яно ўжо нашымі папярэднікамі прыдумана?

    НН: У адным з інтэрв’ю Вы казалі, што колер Беларусі шэры. Але шэрасць – гэта невызначанасць, шэры колер і не добры, і не кепскі. Ён ніякі.

    Міхал Анемпадыстаў, фота Сяргея Гудзіліна

    МА: А што тады добра?

    НН: Нешта яркае, сонечнае: жоўты, блакітны.

    МА. Шмат выпадкаў, калі жоўты нясе кепскі пасыл. Кропкава ён можа і прыемны, але не ў маштабе краіны. Пафарбуйце пакой жоўтай барвай, і праз тыдзень ён пачне вас раздражняць. Мы не даацэньваем шэры. З кропкі гледжання прафесіяналаў – архітэктараў, дызайнераў, ён адзін з лепшых (у Міхала Анемпадыстава, дарэчы, у кватэры дамінуюць адценні шэрага і белага, асабліва на кухні). Ён нейтральны, ён не раздражняе, ён ідэальна пасуе да любой драўніны, да металу, да керамікі, да фарфору.

    Ды й прыгадайце, што ва ўсіх беларускіх казках добрыя звярушкі шэрыя: шэрая каза, зайчык шэранькі, шэрая галка, коцік шэранькі, мышка шэранькая. Шэры колер мае пазітыўную канатацыю, раз ён прыстунічае ў казках для дзетак.

    НН: А як Вы ацэніце беларускую дзяржаўную эстэтыку колеру і яго ўжыванне ў упрыгожванні наваколля?

    МА: У нас адбываецца афрыканізацыя. Нашая традыцыйная культура перастала быць традыцыйнай пасля Першай Сусветнай вайны, як, зрэшты, і традыцыйная культура па ўсёй Еўропе. Беларуская народная традыцыя была вельмі стрыманай у дачыненнях з колерамі. Перавага аддавалася натуральным матэрыялам і іх натуральным колерам. Шляхецкае жытло мала чым рознілася. А з дзяцінства нам навязваюць, што ўсё чамусьці павінна быць яркім, «вясёленькім»… У выніку што мы маем? Традыцыі няма, пераемнасці няма, затое ўбілі ў галаву, што матрошка гэта ідэал прыгажосьці.

    НН: Дарэчы, у крыміналогіі існуе тэорыя, што для таго, каб паменшыць колькасць злачынстваў у грамадстве, будынкі трэба фарбаваць ў розныя колеры. Гэта нібыта станоўча ўплывае на псіхіку людзей і робіць іх больш шчаслівымі.

    МА: Злачынствы ўзнікаюць там, дзе нізкі ўзровень культуры, дзе людзі не вельмі шчаслівыя, дзе яны не могуць рэалізавацца, знайсці добрую працу, а не там, дзе дамы не пафарбаваныя. Калі ў людзей будзе добры жыццёвы базіс, яны самі задумаюцца пра тое, як уладкаваць прастору.

    НН: Нягледзячы на тое, што Вас называюць у тым ліку паэтам, Вы некалі сказалі, што паэзію не любіце і паэтам сябе не лічаце. Але навошта тады пішаце?

    МА: Так, я гэта казаў. Калі я пачаў пісаць, я пісаў менавіта тэксты для песен. І напісаў шмат добрых тэкстаў, чым ганаруся. Паэзія аднак, мяне мала цікавіла, цяпер маё стаўленне змянілася, але шчыра кажучы, я і цяпер аддаю перавагу іншым жанрам.

    Выключэнне – творчасць Алеся Разанава, якая цікавіла мяне заўсёды. Ён вельмі беларускі ў сваёй творчасці, мудры, парадаксальны. Ён паэт-філосаф, паэт-мніх.

    Ён жыве ў паэтычнай прасторы і выказвае тыя няўлоўныя сэнсы, якія на звычайнай мовай выказаць няма як. Я ж толькі час ад часу маю патрэбу ў выказванні паэтычнымі сродкамі.

    Па роду заняткаў я дакладна не паэт, па спосабу мыслення таксама. Я дызайнер. Што не выключае таго, што я магу пісаць добрую паэзію. Але не мне гэта вырашаць.

    Таму, калі нехта называе мяне паэтам, я не спрачаюся, а прымаю з удзячнасцю і нават гонарам.

    НН: Беларуская літаратура вылучаецца бясконцым сумам і тугой, якія так утульна адчуваюць сябе ў творах нашых пісьменнікаў. І пры гэтым такі расклад усім падабаецца. Узнікае нейкі беларускі мазахізм, якім нават ганарацца. Чым горш, тым лепш.

    МА: Ёсць такая штука, як тэмперамент. Вось беларусы – меланхолікі. Тып тэмперамента закладзены ў нас ад нараджэння, ён перадаецца з генамі. І такзваны псіхатып таксама перадаецца. Па мойму, большасьць беларусаў маюць той псіхатып, які схільны да дэпрэсіі, закрытасці, баязні пераменаў. Такі псіхатып пашыраны сярод паўночных народаў. І калі такое закладзена, то ты нічога не зменіш. Таму і літаратура такая.

    НН: І нават імкнуцца не трэба навучыцца пад іншым вуглом глядзець на свет?

    МА: Можа варта прыняць сябе такімі? Навошта сябе гвалціць? І як? Прапісаць усім антыдэпрэсанты? Трэба навучыцца выціскаць з гэтага больш плюсаў і адкідваць мінусы. Мне ўвогуле цікава, чаму дагэтуль ніхто не задаўся пытаннем, які калектыўны псіхатып мы пераважна маем. Якія ў нас слабыя месцы, і як іх абмінаць, ці яшчэ лепей выпраўляць на плюсы. Гэта ж ляжыць на паверхні. Такія парады прыдаліся б і для адукацыйных праграмаў і для палітычных. Навучыліся ж ментальна падобныя да нас фіны, шведы, даны перайначываць свае хібы на плюсы. А яны яшчэ больш закрытыя, яшчэ болей за нас не любяць зменаў і дэпрэсікаў там хапае.

    НН: Вы так ці інакш знаходзіліся ў авангардзе беларускай культуры. Бачылі яе росквіт і заняпад. Што на Ваш погляд адбываецца на нашай культурніцкай прасторы зараз? У чым адрозненні нашых творчых пакаленняў?

    МА: Нам было лягчэй. Бо нам было пра што гаварыць і шмат тэм былі новымі. А зараз моладзі складаней, бо тую сітуацыю мы ўжо апісалі, а жыцьцё не змянілася. Альбо, калі казаць больш дакладна, то змены адбываюцца непрынцыповыя і без нашага ўдзелу. Цяпер мы не ствараем сітуацыю, а толькі апісваем яе. Не маючы матывацыі на ўласную культуратворчасць, моладзь арыентуецца на Захад, і механічна капіюе чужыя ідэі і трэнды. Ясна, што трэба ведаць, што адбываецца, але гэтага замала, калі не паўстае ўласны прадукт, калі няма крытычнага стаўлення да таго, што робіцца іншымі

    Мы ніколі не дагонім Захад у сферы культуры, мы заўсёды будзем адставаць, покуль не пачнем працаваць на апярэджанне, то бок высоўваць і рэалізоўваць ідэі ўласныя.

    Толькі тады мы зможам быць камусьці цікавымі. Ясна, што дзеля гэтага мы павінны засвоіць тыя пласты заходней культуры, якія адсутнічалі ў навучальных праграмах. Таксама зразумела, што нашыя шанцы павялічацца, калі новыя мастацкія, ці шырэй, культурніцкія прадукты, будуць мець агульны вектар, ідэю, актуальную не толькі для Беларусі, але і для нашых суседзяў. Гэта можа быць што заўгодна, але перадусім, тое, што актуальна менавіта для нас саміх.

    НН: У 2006 годзе Вы сталі чалавекам году паводле версіі «Тузіну Гітоў». Як гэта быць чалавекам году? Гэта вядомасць, славутасць ці што?

    МА: У нас немагчыма быць вядомым, толькі з агаворкай на «пэўныя колы». Славутымі і знакамітымі нас робяць толькі беларускія медыя. І пакуль яны будуць друкаваць кожны пук расейскіх зорак, незважаючы на сваіх, то «вядомыя людзі» будуць існаваць вядомыя толькі ў межах вузкага кола. Немажліва быць вядомым без медыяраскруткі.

    НН: Міхал, апошняе пытанне. За што Вы любіце Беларусь?

    МА: Я люблю Беларусь збольшага не за штосьці, а насуперак. Тое, што мне падабаецца і тое, што «маё» чамусьці няўхільна знікае. Прыкмеціў гарадскі закуток, упадабаў краявід, а заўтра яго ўжо няма. Застаюцца ўспаміны і смутная беларуская літаратура. Відаць ёсць нейкі псіхалагічны механізм, што калі ты за нешта, альбо некага перажываеш, то рана ці позна патрапляеш у пэўную псіхалагічную залежнасць. Так і з Беларуссю. Я шмат замежнікаў ведаю, якія так на Беларусь падсаджваюцца. Спачатку захапляюцца яе някідкай, гарманічнай прыгажосцю, потым пачынаюць яе шкадаваць, а потым прырастаюць душой і ўсё, назаўсёды.

    ***

    Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 г. у Мінску — беларускі дызайнэр, графік, фатограф, паэт, перакладчык і публіцыст. Стваральнік «Народнага Альбома».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці