• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Не дай сябе падмануць: у Гродне выпусцілі гід па медыяпісьменнасці. Раім пачытаць + МАЛЮНКІ

    Ініцыятыва HrodnaMediaRoom выпусціла своеасаблівы гід па свеце новых медыя: 10 тэматычных паштовак — пра тое, як звычайнаму чалавеку арыентавацца ў сучасным лічбавым свеце.

    Ілюстраваў паштоўкі вядомы гарадзенскі мастак Алесь Сураў, які з гумарам паглядзеў на праблемы медыя, кібербяспекі і прапаганды.

    Клікбейт, фішынг, фэйкі і маніпуляцыі, кібербяспека і прыватнасць ў інтэрнэце — новая медыярэальнасць спараджае новыя выклікі, да якіх мы не заўсёды аказваемся гатовымі. Паштоўкі зразумелай мовай распавядаюць, як чытаць навіны ў інтэрнэце і паводзіць сябе ў сацыяльных сетках, як праверыць сапраўднасць фота і відэа, як абараніць свае дадзеныя ў лічбавай прасторы і не стаць ахвярай зламыснікаў.

    Як чытаць навіны ў інтэрнэце і не даць сябе падмануць

    • Не верце загалоўкам, часта яны напісаныя для прыцягнення ўвагі, каб па іх клікнулі.

    • Заўсёды шукайце першакрыніцу навіны. Ці чулі вы пра яе раней? Ці вартая яна даверу? Калі ў навіне спасылкі на крыніцу няма — гэта нагода насцярожыцца.

    • Навіна цісне на эмоцыі? З ёй нешта не так.

    • Правярайце ўсё, у чым хоць трохі сумняваецеся, па некалькіх крыніцах.

    • Пашукайце і прачытайце або паглядзіце матэрыялы на тую ж тэму з другога боку сітуацыі.

    • Цытаты часта перакручваюць — правярайце іх.

    • Перш чым прыслухоўвацца да думкі эксперта, пашукайце інфармацыю пра яго ў інтэрнэце. Ці мае ён дачыненне да праблем, апісаных у артыкуле?

    • Пераканайцеся ў праўдзівасці фота і відэа.

    • Ёсць факты, а ёсць меркаванні. Умейце адрозніваць адно ад другога.

    • Звярніце ўвагу на аўтара навіны. Пашукайце яго іншыя матэрыялы. Знайдзіце і паглядзіце яго акаўнт у сацсетках. Калі аўтар не пазначаны — будзьце асцярожнымі.

    • У тэксце навіны звяртайце ўвагу на граматычныя і факталагічныя памылкі, перабольшванні. Звычайна ў надзейных крыніцах за граматнасцю строга сочаць.

    Галоўнае: не прымайце навіны на веру. Сумнявайцеся, не верце эмоцыям, удакладняйце крыніцы.

    Як паводзіць сябе ў інтэрнэце і сацыяльных сетках

    • Не пішыце тое, што вы не гатовыя выказаць у зносінах з іншымі людзьмі ў рэальным жыцці (мова нянавісці, абразы, гнеў і г.д.).

    • Падумайце аб тым, хто ўбачыць ваш пост у сацсетцы – настройце сваю прыватнасць (публікацыі “для сяброў”).

    • Не рабіце з асабістых дадзеных публічныя. Памятайце, што выдаліць цалкам тое, што з’явілася калісьці ў інтэрнэце, немагчыма.

    • Не пампуйце сумніўныя файлы, не ўсталёўвайце незразумелыя праграмы і не клікайце на ўсё запар. Спасылкі, якія дасылаюць незнаёмцы, могуць весці на ашуканскія рэсурсы.

    • Не пішыце тое, што пісаць незаконна. За размяшчэнне і рэпост забароненай інфармацыі можа быць адміністратыўная і крымінальная адказнасць.

    • Не карміце троляў. Калі забаніць троля немагчыма, адзінае разумнае дзеянне — цалкам ігнараваць яго каментары і не ўступаць з ім у зносіны.

    • Ніколі не распаўсюджвайце тое, што вы не дачыталі да канца.

    • Перад тым, каб падзяліцца з сябрамі нейкай сенсацыйнай навіной, затрымайцеся на хвіліну і падумайце, ці гэта праўда.

    • Стаўцеся да інфармацыі скептычна. Не рэпосціце глупствы, фэйкі і вірусны кантэнт.

    • Не праходзьце вірусныя тэсты ў сацсетках (напрыклад, кім вы былі ў мінулым жыцці). Яны створаныя для раскруткі сайтаў, дзе патрэбны клікі, а часам для таго каб атрымаць доступ да вашых персанальных дадзеных.

    • Калі хтосьці дзеліцца ў сацсетках нечым старым ці распаўсюджвае фэйкі, ветліва скажыце яму пра гэта.

    Палюем на фэйкі. Як праверыць сапраўднасць фота?

    Знайдзіце першыкрыніцу фотаздымка — з дапамогай зваротнага пошуку (напрыклад, выкарыстайце Google).

    Такім чынам вы зможаце:

    • праверыць дакладнасць крыніцы,

    • даведаеціся, калі выява выкарыстоўвалася ўпершыню,

    • дзе і калі адбылася падзея, якая адлюстравана на здымку.

    Праверыць фота на сапраўднасць дапамогуць таксама Tin­Eye, Fake Image Detec­tor.

    Будзьце ўважлівымі. Сляды фотамантажа можна ўбачыць і простым вокам (напрыклад, скажэнні па краях абрысаў людзей або аб’ектаў, адрозненні ў асвятленні блізкіх адзін да аднаго аб’ектаў).

    Звяртайце ўвагу на дэталі. Напрыклад, назвы вуліц, мова рэкламных шчытоў і шыльдаў на крамах, дарожныя знакі, нумары аўтамабіляў могуць падказаць месца, дзе насамрэч быў зроблены здымак. 

     

    Як праверыць сапраўднасць відэа

    Тэхналогія відэа-фэйка:

    • часта старыя відэа выкарыстоўваюць для ілюстрацыі новых падзей;

    • відэа ці яго фрагмент падаецца ў іншым кантэксце;

    • ствараецца цалкам фальшывае відэа.

    Каб знайсці арыгінал відэа, выкарыстоўвайце рэсурс YouTube DataView­er, створаны Amnesty Inter­na­tion­al. Так вы даведаеціся, калі відэа было апублікавана ўпершыню, дзе і калі адбывалася падзея з відэароліка.

    Таксама можна выкарыстоўваць зваротны пошук. Зрабіце скрыншот пачатку відэа альбо асноўных яго момантаў (напрыклад, з дапамогай YouTube DataView­er), а затым шукайце па малюнку ў Google Images або загрузіце на Tin­Eye.

    Калі сайт ці сацсетка публікуе відэа з YouTube, зайдзіце на YouTube-старонку відэароліка. Звярніце ўвагу, хто і калі гэта відэа загрузіў. Прачытайце каментары пад відэа – часта карыстальнікі самі выкрываюць там фэйкі.

    Звяртайце ўвагу на неадпаведнасці ў відэа: недакладнасць склейвання кадраў, перапады гучнасці, неадпаведныя прапорцыі ці дзіўныя моманты.

    Звярніце ўвагу на дэталі. Напрыклад, краіну і горад, дзе адбыліся здымкі, можна выявіць па нумарах аўтамабіляў, дарожных знаках, шыльдах крамаў ці назвах вуліц.

    З дапамогай Google Maps і Google Street View можна параўнаць рэальнае месца з тым, што пазначана як месца здымкі відэа.

    Правілы лічбавай бяспекі: як абараніць свае дадзеныя

    • Выкарыстоўвайце надзейныя паролі і перыядычна абнаўляйце іх.

    • Карыстайцеся двухфактарнай аўтарызацыяй для падцвярджэння ўваходу на E‑mail ці акаўнт у сацсетцы.

    • Карыстайцеся месенджарамі, якія шыфруюць вашу камунікацыю з допомогою “end-to-end encryp­tion”. Самыя бяспечныя: What­sApp, Sig­nal.

    • Уключыце функцыю аўтаматычнага выдалення кэшаў, гісторыі, кукіс ў браўзеры. Чысціце перапіскі.

    • Сёрфіце ў інтэрнэце праз VPN ці Tor.

    • Падзяляйце асабістыя і працоўныя перапіскі, выкарыстоўвайце для гэтага розныя акаўнты і паштовыя адрасы.

    • Для службовай ці канфідэнцыйнай перапіскі лепш не выкарыстоўваць расійскія паштовыя службы і месенджары – напрыклад, mail.ru, tut.by і г.д. Больш надзейным лічыцца Gmail.

    • З асцярожнасьцю падлучайцеся да публічнага Wi-Fi.

    • Рабіце рэзервовыя копіі (на розных носьбітах у 3 розных месцах, не забывайце рэгулярна абнаўляць).

    • Абавязкова выкарыстоўвайце антывірусную абарону.

    • Рэгулярна абнаўляйце праграмнае забеспячэнне. У абноўленых версіях праграм часта выпраляюцца прабоіны ў бяспецы.

    • Шыфруйце прылады.

    Як стварыць надзейны пароль і дзе яго захоўваць

    • Надзейны пароль складаецца мінімум з 10 знакаў, літар у верхнім і ніжнім рэгістрах, лічбаў і спецыяльных знакаў.

    • Пароль ніяк не павінен быць звязаны з вашым жыццём — дата нараджэння выключаецца адразу.

    • У структуры пароля не павінна быць ніякай логікі. Надзейны пароль — той, які складана запомніць.

    • Паролем не можа быць слова, якое існуе ў якіх-небудзь слоўніках.

    • Не выкарыстоўвайце адзін пароль для розных сэрвісаў. На кожны сэрвіс — свой унікальны пароль.

    • Не дазваляйце дэвайсам і праграмам аўтаматычна запамінаць і падстаўляць паролі.

    • Калі вы ўводзіце пароль, прасачыце, каб побач не было іншых людзей ці сістэмы відэаназірання.

    • Паролі трэба перыядычна мяняць на новыя. Зрабіце гэта звычкай. Сістэмныя паролі для ўваходу ў кампутар мяняйце раз у два-тры месяцы, паролі ў онлайн-сэрвісы, пошту і месенджары – штомесяц.

    • Паролі можна ствараць аўтаматычна і захоўваць у зашыфраваным выглядзе з дапамогай спецыяльных праграм – менеджараў пароляў кшталту KeeP­assXC альбо Last­Pass.

    Правілы мабільнай бяспекі

    • Выкарыстоўвайце PIN або пароль для доступу да тэлефона і сім-карце. Аўтаматычна блакіруйце тэлефон праз некалькі секунд.

    • Усталюйце антывірус (Look­out, AVG, Avast, Nor­ton і г.д.)

    • Выдаляйце невыкарыстоўваныя прыкладанні. Не ўключайце root/jailbreak.

    • Рабіце рэзервовыя копіі тэлефоннай кнігі, дакументаў і фота – на кампутары, здымным носьбіце ці ў воблаку.

    • Усталюйце і ўключыце праграму для аддаленага выяўлення і ачыстцы змесціва тэлефона (Find my iPhone(I), Android Device Manager/Lookout/Cerberus(A)).

    • Усталёўвайце праграмы толькі з надзейных крыніц. Пачытайце водгукі аб праграме ў інтэрнэце перш, чым яе ўсталяваць.

    • Cачыце за тым, якія дазволы патрабуе дадатак для смартфону падчас усталёўкі.

    • Аўтаматычна або своечасова згаджайцеся абнаўляць аперацыйную сістэму і праграмы на вашым смартфоне.

    • Будзьце асцярожныя пры выкарыстанні адкрытых, публічных сетак Wi-fi (выкарыстоўвайце альбо абароненае падключэнне ssl альбо VPN).

    • Цалкам сцірайце змесціва тэлефона перад тым, як аддаваць ці прадаваць яго.

    • Дадайце сваю кантактную інфармацыю на экран блакавання ці наляпіце на крышку (напішыце наступнае паведамленне: “Вярніце мяне ўладальніку +375 (ХХ) ХХХХХХХ” — падумайце, каму можна патэлефанаваць для вяртання вашага тэлефона).

    • Зашыфруйце ваш тэлефон — тады ўся персанальная інфармацыя будзе пад надзейнай абаронай.

    Што такое фішынг і як не стаць яго ахвярай

    Фішынг — гэта самы папулярны метад інтэрнэт-махлярства. З дапамогай масавай рассылкі электронных лістоў (спаму), шкоднасных вэб-сайтаў, паведамленняў ад імя банкаў, папулярных брэндаў, вэб-службаў, фінансавых і дзяржаўных устаноў махляры выманьваюць у карыстальнікаў канфідэнцыйную інфармацыю, напрыклад, паролі, нумары банкаўскіх рахункаў або крэдытных карт.

    Памятайце: банкі і вэб-сэрвісы не рассылаюць лістоў з просьбамі паведаміць свае ўліковыя дадзеныя, пароль і іншае.

    Часта ў фішынгавых лістах ёсць заклік тэрмінова выканаць дзеянне. Таксама ў фішынгавых лістах могуць выкарыстоўваць айдэнтыку (лагатыпы) вядомых сэрвісаў, напрыклад, Google.

    Ніколі не называйце нікому свае лагіны, паролі, PIN-коды, дадзеныя банкаўскіх картак, не ўводзьце іх на незнаёмых сайтах. Нават калі вам пагражаюць блакаваннем акаўнта ці штрафам.

    Лісты ад невядомых адрасатаў у прынцыпе варта разглядаць крытычна і пры найменшых сумненнях – ігнараваць.

    Не пераходзьце па падазронай спасылцы. Навядзіце курсор на спасылку, каб убачыць рэальны адрас, куды яна вядзе.

    Увядзіце ў звычку не пераходзіць па прамых спасылках з ліста. Лепш скапіяваць спасылку, уставіць яе ў адрасны радок браўзера. Гэта дазваляе пераканацца ў тым, што вы пераходзіце на правільны рэсурс.

    Не адкрывайце сумнеўныя ўкладанні. Для іх праверкі ёсць бясплатныя сэрвісы, напрыклад, virustotal.com. Ён прагоніць укладзены файл адразу праз некалькі дзесяткаў антывірусаў.

    Карыстайцеся антывірусам.  Многія папулярныя антывірусы правяраюць не толькі ваш кампутар, але і пошту.

    Часта ў фішынгавых лістах можна ўбачыць мноства нелагічных элементаў, арфаграфічныя памылкі, нядбайнае афармленне і абязлічаныя зварот.

    Атрымаўшы чарговы ліст ад “нігерыйскага прынца”, націсніце на кнопку “Паскардзіцца на спам”.

    Фэйкавыя акаўнты і боты ў сацсетках: чым небяспечныя і як іх вылічыць?

    Як могуць нашкодзіць:

    • пагроза інфармацыйнай бяспецы (дэзінфармацыя, маніпуляцыі грамадскай думкай);

    • махлярства (з дапамогай падстаўных акаўнтаў зламыснікі могуць красці вашыя дадзеныя, паролі і г.д.);

    • дакучлівая рэклама і спам;

    • распаўсюд небяспечнага і забароненага кантэнту;

    • заражэнне шкоднаснымі праграмамі.

    Як вылічыць?

    • Дзіўныя імёны, выкарыстанне псеўданімаў і імёнаў знакамітасцяў.

    • Часта ў якасці аватара — фота знакамітасцяў або іншых людзей, абстрактныя карцінкі. Каб праверыць, захавайце малюнак профілю і пашукайце яго праз Google Image Search — так вы ўбачыце, ці не скрадзена фота на аватары з іншага сайта або сацыяльнай сеткі.

    • У сябрах шмат фрэндаў, падобных на ботаў.

    • На старонцы няма асабістых фота чалавека і яго кантактных дадзеных.

    • Уліковы запіс не публікуе ўласнага кантэнту або абмяжоўваецца перапостамі. Але! Жывыя людзі таксама могуць не публікаваць свайго кантэнту.

    • Залішняя назойлівасць ў распаўсюдзе інфармацыі (спам у каментарах, аднатыпныя паведамленні, частае выкарыстанне слэнгавых слоў).

    Як змагацца?

    Фэйкавыя акаўнты трэба вызначаць на стадыі заявак, блакаваць і адзначаць як спам.

    Разам з тым, не ўсе фэйкавыя акаўнты ўяўляюць небяспеку. Ботаў таксама выкарыстоўваюць у якасці онлайн-кансультантаў. Яны не нясуць пагрозы для вашай бяспецы, не рассылаюць спам і не дзейнічаюць на нервы.

     

    Як медыя маніпулююць нашай свядомасцю

    Маніпуляцыя — спосаб камунікацыі, мэта якога ў змене ўспрымання або паводзін кагосьці.

     

    Як ператварыць рацыянальнага чалавека ў даверлівае дзіця? Механізм маніпуляцыі:

    Адключыць логіку і крытычнае мысленне. Для гэтага чалавека можна спалохаць, здзівіць, выклікаць у яго яркія эмацыйныя асацыяцыі ці перажыванні, зрабіць так, каб ён адчуваў сябе вінаватым альбо наадварот — прымусіць яго смяяцца, увайсці да яго ў давер, “расслабіць” мазгі нязначнай пустой інфармацыяй.

    Выклікаць страх — стварыць пагрозу базавым патрэбам. Галоўнае — любым спосабам прымусіць баяцца, баяцца чаго заўгодна: голаду, тэрарызму, вайны, спецыяльна створанага “пудзіла”.

    Падчапіць на кручок выратавальніка — прапанаваць выйсце.

    Што робяць маніпулятары?

    Выкарыстоўваюць лагічныя памылкі ў разважаннях.

    Звяртаюцца да пачуццяў, эмоцый, ад пазітыўных да негатыўных (страх, віна, шкадаванне, пачуццё справядлівасці), каб мы не заўважылі адсутнасці сэнсоўнай аргументацыі.

    Выкарыстоўваюць рэзкія экспрэсіўныя прамовы без дыялогу (узгадайце некаторыя ток-шоў і іх “экспертаў”).

    Ствараюць “пудзіла” і нападаюць на яго.

    Доўга і настойліва нешта паўтараюць (калі доўга паўсюль казаць, што чорнае — гэта белае, людзі пачнуць у гэта верыць).

    Замоўчваюць інфармацыю альбо выбіраюць толькі патрэбную частку;

    Параўноўваюць непараўнальнае.

    Звяртаюцца да неадпаведных аўтарытэтаў, “псеўданавуковасці”.

    Выкарыстоўваюць гульню слоў — яркія эпітэты, перадузятую рыторыку, мову варожасці, неадназначныя словы, стэрыятыпы.

    Адцягваюць увагу ад істотнага нечым іншым. Калі схаваць патрэбную інфармацыю нельга, яе апускаюць у велізарны струмень пустой інфармацыі, нязначных паведамленняў — забіваюць інфармацыйныя каналы “смеццем”.

    Ствараюць праблемы, а затым прапаноўваюць спосабы іх рашэння (схема “Праблема — Рэакцыя — Рашэнне”).

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці