• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Не рабіце мне нервы!» Прадстаўнікі медыя — аб таксічных выпадках у межах прафесіі

    Ну хто з нас не сутыкаўся з таксічнымі людзьмі! Але адна справа мець справу з прыдзірай у звычайных умовах, і зусім іншая, калі па працы прыходзіцца камунікаваць з нервовай асобай, якая робіць недарэчныя заўвагі, папракае, лезе на ражон. Адным словам, парушае ўсе магчымыя межы. БАЖ спытаўся ў прадстаўнікоў медыя аб выпадках у іх уласнай кар'еры.

    Настасся, журналістка (папрасіла не называць прозвішча): «Герой публікацыі замкнуў дзверы і дзве гадзіны не выпускаў, крычаў на мяне»

    — Памятаю, як аднойчы прывезла на вычытку публікацыю начальніку аддзела аднаго з ВНУ. Гэта быў нявінны тэкст пра культуру. Як кажуць, нічога не прадракала праблем. Раптам ён змяніўся ў твары, замкнуў дзверы кабінета на ключ і стаў крычаць: «Хто вам замовіў гэты матэрыял? Вы хочаце мяне пад крымінальны артыкул падвесці!»

    «Візаванне» працягвалася каля дзвюх гадзін. Усіх дэталяў ужо не памятаю. У нейкі момант я нават папрасіла яго патэлефанаваць у рэдакцыю, і ён пагадзіўся. Але потым паклаў слухаўку і працягнуў крычаць. А мне было страшна, таму што ў яго ўжо пена стала збірацца ў кутах вуснаў. Я думала: чым мне адбівацца?

    Потым ён усё ж выпусціў мяне і даслаў у рэдакцыю праўкі. Але мне было настолькі ўсё роўна, што іх уносіла галоўны рэдактар, пакуль я спрабавала прыйсці ў сябе.

    Потым шмат гадоў баялася заставацца на інтэрв’ю сам-насам у кабінеце за зачыненымі дзвярыма. Старалася прызначаць сустрэчу або ў людных месцах, або трымаць дзверы адкрытымі. На аўтамаце адзначала, дзе сядзіць сакратар, каб ледзь што клікаць на дапамогу.

    Што зрабіла б цяпер? Апублікавала б інфармацыю. Таму што тады распавяла пра гісторыю толькі ў рэдакцыі, але сітуацыю спусцілі на тармазах. Адчувала, што мне вельмі не хапіла падтрымкі калектыву.

    Цяпер бы я казала пра сітуацыю ўслых, каб іншыя «вялікія начальнікі» разумелі, як іх паводзіны будуць пракаментаваныя ў медыя. Дарэчы, таго героя публікацыі праз некалькі гадоў пасадзілі за хабар. Мабыць, было, чаго яму баяцца…

    Аляксандр Стрыжневіч: «Першыя званочкі раздаліся, калі ён стаў выбарачна даваць інфармацыю журналістам»

    — Назіраў адно дзівоснае трансфармаванне з адэкватнага чалавека, які меў цесныя стасункі з незалежнымі медыя і нават час ад часу падкідваў інсайды, — у замшэлага бюракрата, які ўсё часцей і часцей парушаў прафесійныя межы.

    Першыя званочкі раздаліся, калі гэты чалавек стаў выбарачна даваць інфармацыю: таму дам, гэтаму крыху пазней, а во-о-ось гэнты ўвогуле нічога ад мяне не атрымае. Нібыта ён у мінулы раз не так мяне падзякаваў.

    Пасля стары знаёмы стаў публічна чапляцца да тэкстаў журналістаў з розных СМІ. Не ўсе заўвагі былі беспадстаўнымі, аднак, відавочна, што кожны памыляецца і вырашаюцца звычайна такія сітуацыі крыху інакш. Тым больш, што ягоная дзейнасць не была бездакорнай, і калі самі журналісты пачалі агрызацца, ён зрабіў выгляд, што гэта не яго праблема, а падначаленых, і ён можа іх звольніць, калі апаненты не спыняцца.

    Так працягвалася доўгі час. Я пакрыху абмежаваў з ім стасункі, да і нагоды звяртацца асабліва не было па меры распаўсюджвання сасцетак і крыніц інфармацыі.

    Аднак у нейкі момант ён, памятаючы нашае знаёмства, пачаў пісаць прэтэнзіі да іншых журналістаў, якія працавалі са мной. Прычым у асноўным прыдзіркі былі яшчэ больш недарэчныя, чым раней.

    Ну што рабіць, прыйшлося правесці прафесійную мяжу і ў двух-трох абзацах патлумачыць, чаму я не буду перадаваць «крытычныя заўвагі» калегам. Пасля нашыя адносіны скончыліся, але гэта быў заканамерны вынік.

    Сафія, журналістка (папрасіла не называць прозвішча): «Варта пакрытыкаваць, як былы знаёмы ўжо публічна пытаецца “А хто гэтая дзяўчынка?”»

    — Часам таксічнасць дэманструюць нармальныя людзі, сутыкнуўшыся з тым, што журналісты аб’ектыўна асвятляюць рэчаіснасць.

    Калі герою нешта трэба ад аўтара, тады ён з табой ласкава размаўляе, кліча на выступы, семінары і лекцыі. А калі выходзіць станоўчы артыкул, то будзе ў Face­book і на іншых сацыяльных пляцоўках дзякаваць, што ты звярнула ўвагу на ягоную справу ці бізнэс. 

    Але варта наступны артыкул напісаць з абгрунтаванай крытыкай ці проста інфармацыяй, якая паказвае не толькі плюсы, але і мінусы, якія можна было б выправіць, то ён публічна ўжо пытаецца «А хто гэтая дзяўчынка?», выдаляе з сяброў у сацсетках (кантакт у такіх выпадках патрэбен з прафесійных меркаванняў — каб хутка звязацца ў наступны раз для каментара) або пачынае адкрыта на цябе наязджаць.

    І ты разумееш, што ў чалавека гэта ахоўная рэакцыя — яму крыўдна, ён так сам сябе выгароджвае. Але хацелася б усё ж такі каб людзі захоўвалі з журналістамі нейкія рамкі прафесійных адносін. Не трэба мора кахання, але і бочку негатыву атрымліваць кожны раз за канструктыўную крытыку таксама не хацелася б.

    Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні БАЖ: «Найбольш раздражняе жаданне некаторых палітыкаў і актывістаў навязаць медыям правілы»

    — У маім асяроддзі няма таксічных людзей, бо я іх стараюся абыходзіць здалёк. Журналісцкая праца дапамагае крыху разбірацца ў людзях.

    Аднак праз розныя псіхалагічныя траўмы многія з нас (і я ў тым ліку) могуць мець таксічныя шаблоны паводзінаў. Хоць, думаю, усё ідывідуальна: тое, што таксічна для аднаго, можа быць абсалютна прымальна для іншага.

    Мяне асабіста ў людзях найбольш раздражняюць наступныя рэчы:

    • Рэдкае, але моцнае жаданне некаторых палітыкаў, радзей, актывістаў навязаць медыям правілы, па якіх мы павінны працаваць. Аблічыць, указаць адзінае правільнае рашэнне, забараніць СМІ нешта рабіць. Асабліва, калі гэта адбываецца не шляхам публічнай дыскусіі і абмену думкамі, а паведамленнямі ў прыват, кшатлту «усе незалежныя медыя — лайно», «усе праваабаронцы — адстой»… Такія людзі ўсё адно не будуць чытаць гэты матэрыял, але я раю ім навучыцца публічна і абгрунтавана агучваць свае думкі, распачынаць дыялог, прыцягваць апанентаў да абмеркавання, а не супрацьстаяння.

    • Раздражняе, калі людзі робяць хуткія высновы з нейкай сітуацыі, не пашукаўшы відавочна патрэбных дадатковых звестак. Асабліва, калі яны працягваюць настойваць на уласнай тэорыі нават тады, калі паказваеш чалавеку: тут можа быць безліч варыянтаў. Забаўна, калі так паводзяць сябе журналісты.

    • Раздражняе таксама, калі людзі звяртаюцца да мяне з простымі пытаннямі, папярэдне не пашукаўшы адказ на іх у інтэрнэце. Нават банальна не адкрыўшы Google. Я лічу, што гэта перакідванне ўласнай журналісцкай працы на іншага чалавека. Безумоўна, гэта не тычыцца нейкіх спецыялізаваных пытанняў, якія патрабуюць дапамогі — тут я заўсёды рады дапамагчы. Але кантакты той ці іншай установы ці маршрут трамвая варта ўсё ж спачатку пагугліць альбо на крайні выпадак спытаць у журналісцкім чаце.

    • І самае большае мяне раздражняе зрывы працоўных дамоўленасцяў з серыі «праспаў», «забыў», «гэта вы вінаватыя, што не нагадалі ці не падкрэслілі, не закцэнтавалі ўвагу дзясяты раз запар». З такімі людзьмі мы разыходзімся.

    Хоць я цудоўна ведаю, што сам бываю не лепшы. Ёсць людзі, перад якімі я наўпрост цяпер адчуваю віну за таксічныя паводзіны са свайго боку. Як даваць рады у выпадках, калі ты адчуваеш таксічнасць з іншага боку? Думаю, варта выпрацоўваць пратаколы паводзінаў, каб самім не страціць псіхалагічную стабільнасць. А гэта важна ў нашай прафесіі. Напрыклад, калі напружвае цябе чалавек бясконцымі дробнымі неэкстранымі пытаннямі па выходных замест таго, каб адзін раз пазваніць і усё спытаць — mute да панядзелка. Думаю, нам усім важна не баяцца абараняць сябе.

    Чытайце яшчэ:

    Як і навошта трэба адпачываць? Тлумачыць псіхолаг

    Бяжы, хварэй, рабі ўласныя праекты: парады ад журналістаў, як пазбегнуць прафесійнага выгарання

    Як не звар’яцець, калі кожны дзень некага б’юць, судзяць, здзекваюцца — парады для журналістаў ад псіхолага

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці