• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Ніводнага чалавека з рэдакцыі не ведаю і ніколі не бачыў». Як працуе самвыдат у эміграцыі і падчас вайны

    Наколькі эфектыўны самвыдат у дваццаць першым стагоддзі? Здаецца, у час мэсэнджараў і агульнага інтэрнэту папяровыя выданні нікога не цікавяць. Але гэта не так. Паразмаўлялі з Юрасём Дзегцяровым з Магілёва. Чалавекам, які стварае незалежны кантэнт для пэўнай часткі грамадства, бо не ўсе чытаюць Тэлеграм. Тым больш, наш суразмоўца робіць сваю праву, нягледзячы на палітэміграцыю і падзеі ва Украіне, дзе ён цяпер і знаходзіцца.

    Перад выбарамі ў 2020 годзе, падчас пратэстаў, у эміграцыі і ў вайну працягвае выходзіць беларускі самвыдат. Важнасць невялічкай газеты цяжка пераацаніць. Гэта можа пераканаць нейтралаў і прыхільнікаў улады адкрыць вочы на падзеі вакол, і тым асабліва каштоўна. Юрась Дзегцяроў — адзін з тых, хто стварае незалежны кантэнт, нягледзячы на палітэміграцыю і падзеі ва Украіне, дзе ён зараз знаходзіцца.

    «Пазнаёміўся з магілёўскімі беларусамі ці беларускімі магілёўцамі»

    Большую частку жыцця Юрась Дзегцяроў, якому пяцьдзясят гадоў, пражыў у Магілёве. Закончыў філалагічны факультэт магілёўскага педінстытуту (цяпер — універсітет імя Куляшова), што прадвызначыла прафесійнае жыццё — яно так ці інакш звязана з распаўсюдам інфармацыі.

    — Спачатку супрацоўнічаў з некаторымі рэдакцыямі, але пасля двайнога інфаркту вырашыў працаваць на сябе — стаў індывідуальным прадпрымальнікам, займаўся дызайнам, паліграфіяй, — распавядае Юрась Дзегцяроў. — Вялікага прыбытку не было, але капейку зарабляць атрымлівалася.

    Ён асобна адзначае, што займаўся ў народным тэатры Валянціна Ермаловіча. «Там пазнаёміўся з магілёўскімі беларусамі ці беларускімі магілёўцамі», — для суразмоўцы камунікацыя з аднадумцамі стала шляхам да актывізму: удзелу ў акцыях, мітынгах, шэсцях, у тым ліку ў «маршы недармаедаў».

    Заставацца па-за падзеямі 2020 года актывіст не змог. Яшчэ падчас электаральнай кампаніі рабіў для аб’яднанага штабу паліграфічную прадукцыю — афішы, плакаты, банеры для сацсетак і інш.

    — Узгадваю сябе натхнёным, з вялікай надзеяй, — нешта падобнае перажывалі многія беларусы ў 2020‑м. — Памятаю, як па начах Вольга Кавалькова (давераная асоба Ціханоўскай) пісала і рэдагавала тэксты для постараў, перадвыбарчых лістовак, а я вярстаў і дасылаў нашым каардынатарам.

    Як кажа магілёвец, у той час ён па-новаму адкрываў беларусаў, якія раптам праявіліся з самага лепшага боку.

    — Карацей кажучы, як і многія, апынуўся ў варонцы падзей, — працягвае мужчына. — Захапленне настроем людзей, белыя стужачкі на руках, усеагульны ўздым… Сімвалічна, што ўчастак для галасавання знаходзіўся ва ўніверсітэце, дзе я вучыўся. Тады я спадзяваўся, што падлічаць галасы сумленна… Сёння нават казаць такое дзіўна.

     

    «Мэтай было звярнуць увагу аўдыторыі, якая ніяк не можа выйсці з летаргічнага сну»

    З восені 2020 года Юрась Дзегцяроў працягнуў пратэст, задзейнічаўшы прафесійныя навыкі — уключыўся ў самвыдат: «У нейкім чаце заўважыў абвестку, што патрэбныя распаўсюднікі незалежных газет. Я напісаў і стаў супрацоўнічаць. Разносіў «Народную волю», калі яе перасталі прадаваць праз кіёскі. Патроху вывучыў свой раён, дзе жылі людзі, якіх мы вызначалі як мэтавую аўдыторыю — пенсіянеры, жыхары ваколіц. То-бок тыя, хто давярае больш друкаванаму слову, а не інтэрнэту».

    Адначасова займаўся вёрсткай, дызайнам і распаўсюдам газеты, якая складалася з найбольш актуальных тэкстаў, арыентаваных найперш на нейтралаў і прыхільнікаў улады. Бо пратэстоўцы і так усё ведалі і разумелі. Мэтай было звярнуць увагу аўдыторыі, якая ніяк не можа выйсці з летаргічнага сну.

    — Газета выходзіць у двух фарматах — чатыры старонкі А4 або дзве старонкі А3, — нагадвае актывіст. — Паколькі займацца самвыдатам вельмі небяспечна, былі прынятыя адпаведныя меры. У рэдакцыі ёсць тыя, хто піша, карэктуе, рэдагуе. Але ніводнага чалавека я не ведаю і ніколі не бачыў. І гэта добра: нават калі б мяне катавалі, я б не змог расказаць пра астатніх амаль нічога.

    Наколькі ўвогуле эфектыўны самвыдат у дваццаць першым стагоддзі? Здаецца, у час мэсэнджараў і агульнага інтэрнэту папяровыя выданні нікога не цікавяць. Але гэта не так.

    — Народныя «паштальёны» расказвалі, з якой радасцю людзі рэагуюць на газету, — расказвае суразмоўца. — У мяне, напрыклад, пыталіся, ці можна падпісацца, каб атрымліваць кожны нумар. Мы ж не заўсёды маглі разносіць газету па адных і тых жа адрасах. Пасля з’явілася магчымасць падпіскі — праз чат-бот на ByProsvet.

    Удзячнасці і падзякі прыходзілі таксама на чат-бот выданняў — «Брестское Время», «Могилёвские Вести», «Гродненское Время», «Витебский Вестник», «Гомельский Вестник», «Честная Газета», «Папера», «Розочка», «Вестник Масюковщины», «Голас горада Гедымiна», «7 чижей», «Листовки».

    — Нашы газеты робяцца па канонах звычайнай перыёдыкі, — распавядае Юрась Дзегцяроў. — Гэта больш звыклы фармат для кансерватыўнай аўдыторыі, на якую мы арыентуемся. Падкрэслю, людзі атрымліваюць не лістоўкі, а невялічкія па аб’ёме газеты — з тэкстамі, ілюстрацыямі і подпісамі да іх. Дарэчы, тэксты пішуцца з улікам асаблівасцяў чытача. Мы імкнемся даваць факты і менш эмоцыяў. Хочам, каб людзі самі рабілі высновы, бачылі сітуацыю з іншага пункту гледзішча, а не тое, як даводзяць ім дзяржСМІ.

     

    Размова нагадвала кадры з «Месца сустрэчы змяніць нельга»

    Распаўсюджванне самвыдата, падрыхтоўка інфармацыйных матэрыялаў для штабу Ціханоўскай, удзел у шматлікіх маршах не маглі не выклікаць увагу з боку органаў. Восенню 2020 года мужчыне патэлефанавалі і запрасілі на гутарку ў РАУС.

    — Я адразу ж спытаўся, ці варта браць трывожны чамаданчык — на маршы заўсёды насіў торбу з лекамі, кнігай, выпіскамі з лякарняў. Запэўнілі, што не, — расказвае Юрась Дзегцяроў. — А нагодай стала мая фатаграфія, дзе я стаяў у вышыванцы на мітынгу. У мяне ўзялі адбіткі пальцаў. Адбылася размова з намеснікам кіраўніка РАУС. Я сказаў: калі гэта размова, а не маналог, то я таксама магу выказваць меркаванні і задаваць пытанні. Троху паспрачаліся. Ён папярэдзіў, што да мяне можа быць ужыта адміністратыўная або крымінальная адказнасць, калі я зноў буду выходзіць на мітынгі. На што я адказаў, што застаюся пры сваім пункце гледжання.

    Чаму актывіста не затрымалі ў першыя хвалі рэпрэсій? Як лічыць наш суразмоўца, вырашыў шчаслівы выпадак — яму далі пуцёўку ў санаторый, дзе ён рабіў газету. На нейкі час ён выпаў з увагі т. зв. праваахоўнікаў.

    Але ў пачатку 2021 года актывіста зноў запрасілі ў міліцыю: «Віктаравіч, трэба сустрэцца наконт дыверсій на чыгунцы, бо вы недалёка жывяце». Я здзівіўся: няўжо вы мяне падазраеце? Кажуць, не. Але раптам вы нешта ведаеце?»

    — Гутарка атрымалася бесталковая. Яна нагадвала кадры з фільма «Месца сустрэчы змяніць нельга». Міліцыянт сеў на зэдлік насупраць мяне, пільна глядзеў у вочы і пытаўся. Канечне, я спрабаваў спакойна адказваць. Урэшце рэшт, ён зразумеў, што я актывіст, але не дыверсант.

    Аднак толькі мужчына выйшаў з дзвярэй, як яго сустрэлі двое з пасведчаннямі КДБ. А далей — ператрус па справе распаўсюджвання і выдання газет.

    — Электронных слядоў я не пакідаў. У камп’ютары ніякай інфармацыі яны не знайшлі, — працягвае суразмоўца. — Але ж ноўтбук забралі, саставіўшы пратакол. У аддзяленні зноў пачалі гутарку пра газеты. Аднак нічога прад’явіць не змаглі.

    Трэцяя сустрэча з міліцыяй магла скончыцца кепска. Магілёўцу паведамілі, што чалавек у форме здымае яго вокны. Пасля высветлілася, што жыхары дома насупраць заўважылі, што ўнутры кватэры вісеў бела-чырвона-белы сцяг. Калі пачалі грукаць у дзверы, мужчына вырашыў не адчыняць.

    — Гэта мяне выратавала, — мяркуе Юрась Дзегцяроў. — Калі б закінулі ў СІЗА, хутчэй за ўсё я б ужо не выйшаў. Апроч праблем з сэрцам, у мяне бранхіяльная астма. Без інгалятара і лекаў я б доўга не пражыў. Крыўдна было б скончыць жыццё, не дачакаўшыся перамогі…

    Па яго словах, найбольш актыўныя магілёўцы таксама з’ехалі, але працягваюць рабіць нешта карыснае па-за межамі краіны.

    — Тыя, хто застаўся, збіраюцца разам і зараз, — па зразумелых прычынах імёны суразмоўца не называе. — Сёння важна падтрымліваць адзін аднаго, магчыма, як ніколі раней. Так, выказваць адкрыта пратэст немагчыма, але важна не згубіць дух барацьбы. Ведаю, што многія сканцэнтраваліся на вырашэнні гарадскіх праблем — экалогія, культура, захаванне гістарычных каштоўнасцяў. Робяць для свайго горада што могуць. Шмат хто з іх адбыў і «содні», нават прайшоў праз катаванні.

     

    Украінцы не вераць, што беларусы пойдуць з вайной

    Актывісту параілі выехаць з Беларусі як мага хутчэй — так ён апынуўся ў Кіеве, дзе яму дапамаглі з жыллём і грашыма. Ён змог працягнуць працу над газетай, нягледзячы на палітэміграцыю.

    — Чаму Украіна? Памятаю словы Земфіры на адным з канцэртаў: у Расіі шмат дэвайсаў, а Украіна напоўнена душой, — цытуе спявачку наш суразмоўца. — Лічу, што беларусы вельмі блізкія да ўкраінцаў. Мне тут добра. За ўвесь час не было ні воднага выпадку, каб мяне нехта пакрыўдзіў з‑за таго, што я беларус. Толькі пасля пачатку вайны не пусцілі ў львоўскі бар — папярэдне папрасілі паказаць пашпарт. Але гэта зразумела.

    Першыя выбухі мужчына пачуў у першы ж дзень вайны. Бамбілі Гастомель (прыгарад Кіева), меркавана, з тэрыторыі Беларусі. Пачаўся адлік страшных дзён… Беларус дапамагаў уладкаваць падвал у якасці бомбасховішча, насіў ваду, ежу, запісаўся, каб здаць кроў.

    — Сябар папрасіў дапамагчы эвакуяваць маці ў Львоў, — працягвае Юрась Дзегцяроў. — Так я апынуўся на захадзе Украіны, дзе знаходжуся дасюль. Працягваю валанцёрыць — разгружаю гуманітарку, размяркоўваю лекі, дапамагаю ўцекачам знайсці начлег.

    Зараз ва Украіне шмат размоваў пра беларусаў і іх магчымы ўдзел у вайне. І палітыкі, і зоркі, і звычайныя людзі кажуць, што не хочуць страляць у сваіх братоў, якімі нас пакуль лічаць.

    Эмоцыі некалі ўлягуцца. А цяпер трэба размаўляць, тлумачыць, хто сябра, а хто вораг. Расказваць, чаго варты пратэст у дзень рэферэндуму, колькі палітзняволеных, як затрымліваюць пасля малітвы ў царкве.

    — Нам трэба гэта захаваць, каб не страціць адзін аднаго, — упэўнены суразмоўца. — Эмоцыі некалі ўлягуцца. А цяпер трэба размаўляць, тлумачыць, хто сябра, а хто вораг. Расказваць, чаго варты пратэст у дзень рэферэндуму, колькі палітзняволеных, як затрымліваюць пасля малітвы ў царкве. Калі адчуваю напружанне, то праводжу мяжу паміж беларусамі і прыхільнікамі ўлады. Адразу ж лёд сыходзіць і можна спакойна гутарыць. Я ўпэўнены: беларусы ні ў чым не вінаваты, што з іхнага боку ляцяць ракеты, а пакаранне павінны панесці… не, не беларусы, хаця фармальна яны нарадзіліся ў Беларусі.

    Пасля пачатку вайны беларускі самвыдат вырашыў аб’яднаць сілы,  цяпер рэдакцыі выпускаюць адно выданне — «Беларусский вестник», у якім расказваць пра трагедыю ва Украіне. Ёсць нават планы распаўсюджваць газету ў Расіі, але пакуль не могуць знайсці тых, хто пагадзіцца на такую рызыку.

    Выйшла ўжо тры нумары «Беларусского вестника», у якіх расказваецца пра вайну ва Украіне. «Ставім мэтай даносіць інфармацыю, як адбываецца насамрэч: што гэта не спецаперацыя, не дэнацыфікацыя, а жаданне Масквы захапіць незалежную краіну ці зруйнаваць яе з зямлёй. Гэта вельмі важна, бо прапаганда робіць чорную справу, рыхтуючы беларусаў да ўдзелу ў ганебнай справе войскаў РБ», — гаворыць суразмоўца.

    Па яго словах, распаўсюджванне выдання праводзіцца ва ўмовах строгай канспірацыі.

    — Першы час я думаў, што не выжыву тут, — кажа Юрась Дзегцяроў. — Нават ад навінаў станавілася кепска: калі чытаеш, што гінуць дзеці, цяжарныя жанчыны або тыя, хто стаяў у чарзе… Гэта немагчыма прыняць. Аднак цяпер у меня ўключыўся іншы рэжым. Я не магу прадухіліць вайну, але магу рабіць тое, што магу — валанцёрыць, распаўсюджваць праўду. Насуперак усяму — рэпрэсіям, палітэміграцыі, вайне…

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці