• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Пра што пішуць раёнкі самых бедных беларускіх рэгіёнаў

    Дзе жыхару рэгіёна даведацца пра тое, чым жыве яго мясцовасць, пра цікавыя гісторыі, праблемы ды здарэнні? У ідэальным свеце такой крыніцай магло б стаць раённае выданне. Але як яно на самой справе? «Наша Ніва» пагартала сайты раёнаў, што лічацца самымі беднымі ў кожнай з абласцей.

    Слаўгарадскі раён: «Прысожскі край» (Магілёўская вобласць)

    Самым бедным раёнам у Магілёўскай вобласці з’яўляецца Слаўгарадскі — сярэдні заробак «бруднымі» за май склаў тут 1026 рублёў. Гэта адзін з рэгіёнаў, якія найбольш пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС, у ім знаходзяцца вытворчыя цэхі «Чырвонага харчавіка» і «Бабушкінай крынкі».

    Слаўгарадская раёнка мае назву «Прысожскі край», але навін пра гэты самы край там не надта шмат. На галоўнай старонцы сайта — тэксты пра ўборачную кампанію, сустрэчу Лукашэнкі з губернатарам Пермскага краю і змены ў заканадаўстве.

    Але ж ёсць на рэсурсе і раздзел пра навіны раёна. Большая частка з іх — справаздачы пра дзейнасць студэнцкіх атрадаў, мерапрыемствы ў школах ды іншых бюджэтных установах, рознага кшталту падзеі, арганізаваныя райвыканкамам. Ёсць некалькі матэрыялаў-рэкамендацый, напрыклад, пра бустарную вакцынацыю ці пра гепатыт, і зводка пра пажар у мясцовым аграгарадку.

    Сярод гэтых справаздач крыху выдзяляецца загаловак «Надзейны чалавек і адказны працаўнік» — дарэчы, адзін з нешматлікіх (калі не адзіны ўвогуле) беларускамоўных тэкстаў на сайце. Гэта гісторыя пра рупліўца-механізатара з дзяржпрадпрыемства «Заранскі».

    Столінскі раён: «Навіны Палесся» (Брэсцкая вобласць)

    У маі столінцам плацілі ў сярэднім 1124 рублі, што з’яўляецца самай нізкай лічбай па Брэсцкай вобласці. Сайт мясцовага выдання «Навіны Палесся» распрацаваны больш дэталёва, чым мінулы рэсурс з падборкі: тут вам і запрашэнне ў сацсеткі, і раздзел з фота і відэа, і нават асобны раздзел з меркаваннямі. 

    Аўтары выдання сумяшчаюць мясцовыя навіны пра стабальніка і ўборачную з прапагандысцкім кантэнтам. Напрыклад, на сайце «Навін Палесся» размешчаны фільм дзяржтэлебачання пра фонд BySol, ёсць рэпосты выказванняў Гігіна, Лаўрова, шмат справаздач з міліцэйскіх зводак. 5 з 6 тэкстаў у рубрыцы «Гарачыя тэмы» прысвечаныя выказванням Лукашэнкі, шосты ж матэрыял расказвае пра нараду з яго ўдзелам.

    Без сумневаў, самы цікавы раздзел сайта — рубрыка «дзяжурны карэспандэнт». Вось некалькі загалоўкаў адтуль:

    • «Усхваляваная маці паведаміла ў міліцыю, што знайшла ў мабільным тэлефоне дачкі перапіску эратычнага характару»,

    • «Падкантрольная» ліса выйшла з‑пад кантролю»,

    • «Усё лепшае дзецям, або Не дровы везяце» (гісторыя пра тое, як кіроўца дзіцячага аўтобуса спазніўся на дзве гадзіны),

    • «Узважылі цеста, або Калі скарга, то адразу ў рэдакцыю?» (меркаваны выпадак недаважвання цеста ў краме).

    Тут жа — спробы крытычна асвятляць праблемы ў раёне. Напрыклад, аўтары «Навін Палесся» не прайшлі міма гісторыі з несанкцыянаванай звалкай у Давыд-Гарадку і нават крытыкавалі мясцовых чыноўнікаў, якія не рэагуюць на гэту інфармацыю. 

    Шаркаўшчынскі раён: «Кліч Радзімы» (Віцебская вобласць)

    Ужо шмат гадоў гэты раён — адзін з бяднейшых куточкаў Беларусі, у маі сярэдні заробак тут склаў 999 рублёў. Шаркаўшчына спецыялізуецца на сельскай гаспадарцы, адно з нешматлікіх мясцовых прадпрыемстваў, «Шаркаўшчынскі кансервавы завод», выпускае пладова-ягаднае віно. На тэрыторыі раёна знаходзіцца дрыгва «Ельня», якая ў апошнія гады стала дужа папулярнай сярод турыстаў.

    Мясцовая раёнка мае назву «Кліч Радзімы», яе сайт збольшага запоўнены перадрукамі з буйных дзяржаўных рэсурсаў. Трохі ўласнага кантэнту хаваецца за загалоўкамі накшталт «Ідэалагічная праца ў калектывах», «У ААТ «Жвіранка» пачалі ўбіраць азімы рапс» і «Шаркаўшчане ўдзельнічаюць у абласным турзлёце працоўнай моладзі». 

    Кармянскі раён: «Зара над Сожам» (Гомельская вобласць)

    Шмат насельніцтва адсялілі з гэтага рэгіёна пасля аварыі на ЧАЭС, якая моцна закранула раён. Як і на Шаркаўшчыне, тут не так шмат заводаў — адзін з філіялаў «Рэчыцкага тэкстылю», льназавод і паліграфічнае прадпрыемства. Сярэдні заробак за май у Кармянскім раёне склаў 999 рублёў.

    Спрабуем знайсці сапраўдныя мясцовыя навіны на сайце раённай газеты «Зара над Сожам». Прапускаем ужо традыцыйныя для раёнак перадрукі з буйных дзяржрэсурсаў, тэксты пра ўборачную кампанію і чыноўніцкія справаздачы

    Нас цікавіць рубрыка «На злобу дня» і «Журналіст бачыць праблему» — назвы гучаць так, нібыта за імі могуць хавацца праблемныя тэксты. Першая з рубрык прысвечаная палітпрапагандзе ад кармянцаў. Тут, напрыклад, ёсць нататкі пра спартовыя санкцыі супраць Беларусі і пра скандальнае інтэрв’ю Аляксандра Лукашэнкі дзецям-журналістам з Латвіі на «Славянскім базары».

    А вось другая рубрыка нарэшце распавядае пра штодзённыя праблемы мясцовых (праўда, нізкіх заробкаў у спісе гэтых праблем, відаць, няма). Напрыклад, аўтары «Зары над Сожам» не аднойчы пішуць пра сумны лёс былога кафэ «Сонейка», будынак якога зараз аблюбавалі сумніўныя кампаніі. Іншыя раённыя цікавосткі — гісторыя пра новапасаджаныя ў раёне клёны, якія некуды зніклі, і пра неадпаведнасць кошту тавараў на цэнніках з сумай на касе. За больш глабальныя пытанні журналісты «Зары над Сожам» не бяруцца.

    Карэліцкі раён: «Полымя» (Гродненская вобласць)

    Сярэдні заробак за май у гэтым раёне склаў 1122 рублі — самая нізкая лічба па вобласці.

    Ідзем па карэліцкія навіны на сайт мясцовай раёнкі «Полымя» — і ледзьве бачым розніцу з мінулымі рэсурсамі з падборкі. Сайты падобныя адзін да аднаго, як блізняты: Лукашэнка на галоўнай старонцы, інфармацыя ад ДАІ і з буйных дзяржрэсурсаў, уборачная і БРСМ.

    Вядома, і тут ёсць спробы рабіць уласны кантэнт, але ж арыгінальнасцю ён не адрозніваецца. Ёсць, напрыклад, нататка пра адкрыты ў Карэлічах вулічны трэнажорны комплекс ці пра добраўпарадкаванне могілак, і нічога падобнага на аповед пра праблемы раёна.

    Зробім здагадку, што аўтары «Полымя» збіраюцца пісаць пра гэта ў будучым, нездарма ж яны размясцілі на сайце гугл-апытанку з просьбай ацаніць асноўныя бакі жыцця ў раёне. Сярод такіх бакоў медабслугоўванне, культурнае жыццё, умовы для заняткаў фізкультурай і спортам, асвятленне і добраўпарадкаванне вуліц.

    Мядзельскі раён: «Нарачанская зара» (Мінская вобласць)

    Мядзельшчына — самы бедны раён у Мінскай вобласці з 1219 рублямі сярэдняга заробку. За навіны тут адказвае рэсурс «Нарачанская зара».

    Першае, што заўважаем: на гэтым сайце прозвішча Лукашэнкі сустракаецца часцей за ўсё хіба што ў перадруку навін з дзяржаўнага агенцтва БелТА. Тут таксама мінімальная колькасць перадрукаў з дзяржрэсурсаў і досыць уласных тэкстаў. Возьмем, напрыклад, матэрыял «Тут жыцця іх прычал: сям’я дактароў Кішко працуе ў «Зубраняці» або фотарэпартаж з адпачынку на Нарачы.

    Шукаем нататкі пра праблемы раёна — і не знаходзім. Зато ёсць на сайце надзвычайная рубрыка «Мы гаворым», якая павінна даць голас жыхарам раёна. Вось толькі гутараць яны выключна ў духу дзяржпрапаганды — сачыце самі па загалоўках:

    • «Напярэдадні 9 Мая ў Польшчы зносяць помнікі. Што з гэтай нагоды думаюць мядзельчане?»

    • «Меркаваннем аб рэферэндуме дзеліцца [кіраўнік раённага савета ветэранаў] Уладзімір Валасевіч (відэа)»

    • «Праект Канстытуцыі ў [санаторыі] «Прыазёрным» абмеркавалі з удзелам пракурора раёна Віталя Афанасенка»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці