• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Што не так у беларускіх медыя з асвятленнем тэмы ЛГБТК+? Запыталіся ў экспертаў і калег

    Актывісткі ініцыятывы «Гэта ОКЕЙ» правялі даследаванне, якое дазволіла выявіць стыгмы ў беларускім грамадстве адносна ЛГБТК+ супольнасці. Як адзначаюць эксперты, развівалася дыскрымінацыя да ўразлівай групы ў Беларусі пад уплывам расійскай прапаганды.

    Аўтарка для сайта БАЖ даведалася, якія папулярныя стыгмы беларускіх чыноўнікаў выкарыстоўваюць праўладныя журналісты для настройвання грамадзян супраць ЛГБТК+ супольнасці, чаму матэрыялы пра гэту ўразлівую групу не з’яўляюцца прапагандай і як асвятляецца такая тэма ў некаторых беларускіх медыя. 

    У красавіку гэтага года беларускія дэпутаты прапанавалі дапоўніць Закон аб СМІ забаронай на прапаганду ЛГБТК+.

    Міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў адзначыў, што «мы ўжо прынялі дастатковыя меры для таго, каб распаўсюд такой прадукцыі ў нашай краіне быў абмежаваны». Праз некалькі месяцаў Генеральная пракуратура прапанавала ўвесці «адміністрацыйную адказнасць за прапаганду нетрадыцыйных сексуальных адносін, змены полу, педафіліі і чайлдфры». 

    Такая ідэя ў беларускай наменклатуры з’явілася пасля таго, як прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін падпісаў закон аб поўнай забароне «прапаганды нетрадыцыйных сексуальных адносін», змены полу і педафіліі яшчэ ў снежні 2022-га. Тады беларуская топ-чыноўніца Наталля Качанава падтрымала такія змены. 

    «Калі я была з афіцыйным візітам у Маскве, якраз у той дзень у Дзяржаўнай думе прынялі закон аб забароне прапаганды ЛГБТ. Напэўна, давядзецца прымаць і нам. І гэта будзе правільна. Нельга гэта прапагандаваць. У нас ёсць сямейныя каштоўнасці, традыцыі, якія мы перадаем з пакалення ў пакаленне: традыцыі сям’і, праваслаўя», — казала яна.  

    Адна з самай папулярнах стыгм адносна ЛГБТК+ звязаная з наратывам, што існуе  «прапаганда ЛГБТК+» і што «сексуальную арыентацыю можна прапагандаваць ці навязаць», адзначаецца ў выніках даследавання.

    Наратыў расійскіх і беларускіх уладаў глыбока пранікае ў свядомасць грамадства, нават той, якая не спажывае кантэнт дзяржаўных СМІ. Маршы, прайд-парады ўспрымаюцца не як спосаб звярнуць увагу на праблему дыскрымінацыі і ўраўняць правы, а як «навязванне і прапаганда».

    «Маршы ў падтрымку ЛГБТК+ не прымушаюць нікога змяняць свае перакананні ці прымаць якія-небудзь пэўныя погляды, яны спрабуюць ураўняць правы ўсіх людзей. Маршы абсалютна не пра тое, каб крычаць на ўвесь свет, з кім я сплю. Яны пра тое, каб крычаць: «Незалежна ад таго, з кім я сплю, я хачу мець роўныя правы з усімі і не хачу быць дыскрымінаваным ці дыскрымінаванай»», — адзначае сузаснавальніца платформы «Іншыя» Марына Штрахава. 

    «Незалежныя медыя ў асвятленні тэмы ЛГБТК+ спазніліся»

    У гэтым ключы варта прывесці прыклад каментара пад рэпартажам «Нашай Нівы» з прайд-парада ў Вільні. 

    «А ці патрэбны нам гей-парады ў Беларусі будучыні? Я вось лічу, што не. І не трэба замазваць беларусаў вашай LGBT-тэмай. Я вось беларус, жыву ў Беларусі і не жадаю такіх мерапрыемстваў тут», — піша адзін з чытачоў. 

    Доктар філалагічных навук, гендарная даследчыца Ірына Сідорская ў каментары для БАЖ расказала, што для беларускага грамадства тэма ЛГБТК+ з’яўляецца трыгернай, у сваёй большасці беларусы неталерантныя да прадстаўнікоў гэта меншасці. 

    — Беларусы лічаць сябе талерантнымі, але мне здаецца, што гэта такі камплімент самім сабе. Чаму раней у нацыянальных медыя не было негатыўнай хвалі на тэму ЛГБТК+? Наўрад ці неталерантнасць драмала — хутчэй, на маю думку, не было моцнай інфармацыйная хвалі, не існавала магчымасці гучна і ярка гэта паказваць. 

    З канца мінулага года, калі ў дзяржаўных медыя распачалася буйная інфармацыйная кампанія, што «ЛГБТ — гэта ворагі», «нетрадыцыйныя каштоўнасці разбураюць славянскае грамадства і перашкаджаюць дэмаграфічнай бяспецы», таму і тэма стала гучаць. Цяпер негатыўныя, неталерантныя ідэі, на жаль, значнай часткі беларусаў, атрымалі штуршок. Цяпер можна пра гэта гаварыць, — адзначае Ірына Сідорская.

    На думку гендарнай даследчыцы, незалежныя медыя ў асвятленні тэмы ЛГБТК+ спазніліся: «Прафілактыкай трэба было займацца раней, больш пісаць пра гэту супольнасць, правы чалавека, правы ўразлівых груп, недыскрымінацыю».  

    Даследчыца ўпэўненая, што такая праблема, напрыклад, як гамафобія, існавала ў грамадстве даўно.

    — Трэба было тады працаваць больш упарта, калі стэрыатыпы, стыгмы не былі яшчэ такімі моцнымі, — кажа спадарыня Сідорская. — А цяпер хвароба ёсць. Яе трэба лячыць: займацца адукацыяй, асветай, даваць словы экспертам па правах чалавека, па правах уразлівых груп, расказваць чалавечыя гісторыі, даваць слова прадстаўнікам і прадстаўніцам ЛГБТК+, таксама варта, каб былі дыскусіі на гэту тэму ў незалежных медыя. 

    На яе погляд, у незалежных медыя гэта ўразлівая група прадстаўленая недастаткова.

    — Маю на ўвазе перш за ўсё масавыя СМІ, у добрым сэнсе гэтага слова. На маю думку, такая інфармацыя ўсё існуе ў нейкіх нішавых СМІ, а вось у такіх як «Наша Ніва», «Зеркало», «Еўрарадыё», — там вельмі мала. Мяркую, што ў лепшым выпадку там будзе некалькі працэнтаў ад усіх матэрыялаў, напрыклад, на тэму дыскрымінацыі альбо пра сацыяльную палітыку.

    «Не прапаганда, а прадстаўленасць тэмы ў інфапрасторы»

    Расійскія чыноўнікі, а ўслед за імі і беларускія лічаць, што любое з’яўленне ў медыя навін пра ЛГБТ-супольнасць з’яўляецца прапагандай. Ірына Сідорская з такім поглядам не згодная.

    — Прапаганда — гэта калі ідзе заклік што-небудзь рабіць. Стаць прадстаўніком ці прадстаўніцай ЛГБТ-супольнасці, калі ты такім не з’яўляешся, немагчыма, гэта залежыць ад біялогіі чалавека, а яе змяніць нельга. Калі кажуць «прапаганда нетрадыцыйных каштоўнасцей» — гэта і ёсць галоўная маніпуляцыя, бо гэта менавіта прадстаўленасць тэмы ў інфапрасторы, — тлумачыць эксперт.

    Ірына Сідорская праводзіла маніторынг 15 беларускіх медыя розных форм ўласнасці і рэдакцыйнай палітыкі за люты-красавік 2023-га, каб выявіць наколькі гендарны парадак дня актуальны для беларускіх СМІ. 

    Як паказалі яго вынікі, медыя рэдка ствараюць матэрыялы на гендарныя тэмы, пры гэтым працягваюць канструяваць традыцыйныя гендарныя стэрэатыпы.

    Традыцыйна гендарныя пытанні ўздымаюць тэлеканалы СТБ (15,2%), АНТ (14,84%), «Беларусь 1» (9,85%) і «Белсат TV» (6,52%). Звяртае ўвагу на гендарную праблематыку «Маланка медыя» (14,08%). Практычна адсутнічае гендарны парадак дня ў выданнях REFORM.by (0,43%), «Салідарнасць» (0,83%), «СБ. Беларусь сегодня» (1,08%), «Зеркало» (1,12%), «Наша Ніва» (1,23%). У цэлым медыйная цікавасць да гендарнага парадку дня — 5,24% ад агульнай тэматыкі.

    — Варта адзначыць, што беларуская прапаганда стала наўпрост звязваць гендарную тэматыку з палітычнымі пратэстамі яшчэ ў 2021‑м, тады ўладамі быў створаны наратыў «традыцыйных каштоўнасцяў, якіх не існуе на Захадзе», —  падкрэслівае даследчыца. 

    «Стыгматызацыя не ЛГБТК+ супольнасці, а публічнага праяўлення пачуццяў»

    Адзін са стэрэатыпаў і перадузятасць пра ролю гендару ў бацькоўстве крыецца ў сцвярджэнні, што толькі жанчыны маюць права нараджаць і выхоўваць дзяцей. 

    — Перакананне, што дзіцяці абавязкова патрэбна маці і што два мужчыны не могуць эфектыўна выхоўваць дзяцей, з’яўляецца формай дыскрымінацыі на аснове сексуальнай арыентацыі і гендарнай ідэнтычнасці. Такія сцвярджэнні не ўлічваюць разнастайнасці сямейных мадэляў і роляў у бацькоўстве, якія могуць быць паспяховымі і шчаснымі незалежна ад полу бацькоў, — падкрэсліваецца ў даследаванні ініцыятывы «Гэта ОКЕЙ». 

    Сузаснавальніца ініцыятывы Вольга Кавальская лічыць, што галоўным фактарам, які ўплывае на развіццё дзіцяці, «з’яўляецца клопат, любоў і падтрымка, якую яно атрымлівае ад бацькоў. Галоўнае для дзяцей — мець клапатлівых і надзейных бацькоў, незалежна ад іх сексуальнай арыентацыі».

    Яшчэ адзін з наратываў — пра выяўленне эмоцый гетэрасексуальных, так і гомасексуальных пар ў публічнай прасторы. Як вынікае з даследавання, такое лічыцца недарэчным.  

    Кандыдатка філасоўскіх навук Вольга Шпарага зазначае, што, бачная, хутчэй, стыгматызацыя не ЛГБТК+ супольнасці, а ў цэлым публічнага праяўлення пачуццяў.

    — Праяўленне эмоцый з’яўляецца нармальнай і натуральнай часткай чалавечага досведу. Гэта ўсё ў інтарэсах аўтарытарнага рэжыму, каб мы адзін аднаго не заўважалі, саромеліся, баяліся, хуценька праходзілі міма, — мяркуе спадарыня Вольга. 

    «У аўдыторыі меншы запыт на гэтую праблематыку»

    Рэдакцыя «Нашай Нівы» расказала, што ў іх выходзяць навіны і часам інтэрв’ю з прадстаўнікамі ЛГБТК+, калі для гэтага ёсць інфармацыйная нагода ці цікавая чалавечая гісторыя. 

    — Але такіх тэкстаў мала, — кажуць у рэдакцыі. — Бо калі казаць пра пытанні дыскрымінацыі, для «Нашай Нівы» ў прыярытэце асвятляць дыскрымінацыю па моўнай прыкмеце (асабліва з улікам таго, што гэта мова — родная) і палітычнай. Гэта закранае большае кола людзей з ліку нашай аўдыторыі.

    Тэма ЛГБТ, напэўна, асвятляецца менш, таму што мы бачым менш выпадкаў парушэння правоў, якія становяцца публічнымі і на якія трэба рэагаваць (размова толькі пра публічныя выпадкі, а не пра парушэнні агулам). Меншы запыт аўдыторыі на гэтую тэму. 

    «Наша Ніва» мяркуе, што расказваць пра супольнасць ЛГБТК+ важна, бо гэта частка грамадства. 

    — Нашым людзям (як і іншым, беларусы тут не ўнікальныя) патрэбны час, каб зразумець, што грамадства больш разнастайнае, чым тое, як яго прынята было прэзентаваць за савецкім часам. Пры гэтым зрухі ёсць — гэта бачна нават па каментарах пад тэкстамі. Раней там быў бы толькі хейт, цяпер жа прыходзяць у каменты і тыя, хто падтрымлівае, адукоўвае, заступаецца.

    «Ёсць шэраг тэм, якія застаюцца табу ў беларускім грамадстве»

    Намеснік дырэктара «Белсата» Аляксей Дзікавіцкі мяркуе, што расійская прапаганда сапраўды шмат надае ўвагі тэме ЛГБТ, і гэта ўплывае на беларускае грамадства:

    — Расійскія дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, прапагандысцкія, дамінуюць на беларускім рынку, калі мы гаворым пра тэлебачэнне. На жаль, гэта ўплывае на светапогляд беларусаў.

    Спадар Аляксей расказвае, што тэма ЛГБТ асвятляецца на сайце «Белсата».  

    — Акрамя гэтага, як тэлебачанне робім відэаматэрыялы. Стараемся таксама купляць дакументальныя фільмы. Зразумела, што ў Беларусі зараз зняць нічога нельга. Калі і ёсць нешта на міжнародных кірмашах, на якіх можна набыць-прадаць ліцэнзіі на фільм, то гэта галоўным чынам з Расіі, а там, вядома, на гэтую тэму зусім трэш.  

    Суразмоўца ўпэўнены, што ёсць цэлы шэраг тэм, якія застаюцца табу ў беларускім грамадстве:

    — Лічыцца, што цяпер трэба займацца перамогай над рэжымам, а гэта пачакае, «будзе дэмакратыя — усё абмяркуем». Праз гэта мы адстаем ад нашых суседзяў. І не толькі па тэме ЛГБТ, іх даволі шмат, напрыклад, антысеметызм, пытанне абортаў і іншыя. Дзяржава не будзе займацца такімі тэмамі, а грамадскія арганізацыя альбо знішчаныя, альбо ў эміграцыі. Ёсць тэмы, якія лічацца першапланавымі цяпер.

    У прыклад Аляксей Дзікавіцкі прыводзіць каментар, які ён пабачыў у адным з чатаў у тэлеграме.

    — Людзі крытычна выказваліся наконт прысутнасці вагнэраўцаў у Беларусі. Адзін з удзельнікаў чата напісаў: «Цяпер гэтыя пі****сы ў нас апынуліся». Бачыце, якое слова ўжываецца ў сэнсе «дрэнныя людзі». Нават падмена паняццяў абсалютна функцыянуе ў беларускім дыскурсе, хоць такія выразы недапушчальныя. І ніхто ў чаце не звярнуў увагу гэтага чалавека на такі яго выраз.

    Суразмоўца наракае на немагчымасць у сённяшніх умовах зрабіць незалежнае апытанне грамадства.

    — Але мяркую, мы б пачулі ў выніку, што беларусы даволі кансерватыўна ставяцца да тэматыкі ЛГБТ. Каб гэта неяк змяніць, трэба дзесяцігоддзі. Але такія тэмы, якія цяпер не прагаворваюцца, павінны быць у публічнай прасторы. Толькі ў гэтым выпадку можна спадзявацца на нейкія змены, — падсумоўвае ён. 

    Чытайце яшчэ:

    Озираясь на три года назад. Репортерский взгляд на август-2020

    Самая длинная ночь: что для белорусов изменилось в медиаполе с 9 августа 2020-го?

    Іосіф Сярэдзіч: «Калі б у 1995‑м дэпутаты абаранілі «Народную газету», можа, па-іншаму развіваліся б падзеі»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці