• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    СІЗА №1, Валадарка, Пішчалаўскі замак: усё пра пра чалавека, дзякуючы якому з’явілася самая вядомая беларуская турма

    Кожны мінчанін ведае гэты будынак у цэнтры гораду. Калі з першымі назвамі ўсё зразумела (адна – афіцыйная, другая – па назве вуліцы), то з Пішчалам пытанне адкрытае. У пошуках адказу на гэтае пытанне CityDog палістаў кнігу Змітра Дразда «Минский тюремный замок. Книга 1. Побеги».

    На жаль, не засталося ніводнай фоткі Рудольфа Пішчалы – чалавека, які пабудаваў будынак на Валадарцы амаль 200 год таму. 

    Замак – гэта традыцыйная для Расійскай імперыі назва турэмнага будынка, нароўні з турмой або астрогам. Новая турма была пабудаваная, бо стары мінскі астрог стаў стары.

    У 1821 годзе губернскія ўлады абвесцілі тэндар на пабудову новай турмы; ён з’явіўся ў 1825‑м і ад пачатку свайго існавання быў толькі месцам утрымання арыштантаў. Так што менш чым праз два гады Валадарка адзначыць сваё 200-годдзе непарыўнай дзейнасці.

    Міф пра «свецкі будынак», які пазней стаў турмой, распаўсюдзілі наступныя пакаленні мінчанаў і пісьменнік-падарожнік Павел Шпілеўскі, які гэта занатаваў. «Гарадзішча – маёнтак пана Пішчалы, таго самага, якому належыць будынак мінскай турмы, або астрога, што быў некалі жылым палацам і нават цяпер яшчэ вядомы пад імем замка Пішчалаўскага».

    33-гадовы пан Рудольф у снежні 1821 выйграў публічныя таргі і вылучыў свае землі на Раманаўскай слабадзе. Па кантракце ён абавязаўся распачаць пабудову 15 мая 1822 года, а скончыць ніяк не пазней 15 мая 1825 года.

    Ужо ў снежні 1824 Пішчала данёс, што пабудова скончана: падрадчык прасіў выдаць яму пакінутыя грошы і прыняць турму ў казённае ведамства, што і зрабіла аўтарытэтная камісія 30 студзеня 1825 года.

    Пішчалаўскі замак быў пабудаваны па мерках таго часу з шэрагам памылак. Яшчэ на пачатку ХІХ стагоддзя, на стадыі праектавання гэтай турэмнай пабудовы, архітэктары ды будаўнікі дапусцілі сур’ёзныя памылкі, і ўжо літаральна праз год мінскай турме спатрэбіўся рамонт і рэканструкцыя.

    Пішчалаўскі замак быў пабудаваны па тыпавым праекце, звычайным для тагачаснай Расійскай імперыі. Падобныя турэмныя збудаванні захаваліся ў розных гарадах сучаснай Расіі ды Украіны. Напэўна таму ніякіх наступстваў для самога Пішчалы не было.

    Як вынікае з архіўных дакументаў, і далей у будынак увесь час укладаліся фінансавыя сродкі. Мяркуючы па ўсім, толькі турэмны статус і выратаваў будынак замка ад заняпаду і знішчэння.

    Бо ўдзел у публічных таргах на пабудову мінскай турмы быў шараговым эпізодам камерцыйнай дзейнасці ў пана Пішчалы.

    Калі ў 1865 годзе 77-гадовы Пішчала даслаў на імя кіраўніка Мінскай губерні прашэнне прызначыць яму дзяржаўную пенсію, у якім выклаў усе перыпетыі сваёй службы, там цэлы спіс таго, за што яму варта было б налічыць яе. І пабудова замка там увогуле не было ўзгадана.

    У фармулярным спісе няма ніякіх адзнак пра ролю Пішчалы ў будаўніцтве мінскага турэмнага замка, затое з яго відаць, што многія гады ён узначальваў розныя палаты суда: павятовага, крымінальнага і грамадзянскага, і, мяркуючы па ўсім, дзякуючы яго намаганням гэтая турма папоўнілася не адной тысячай зняволеных.

    Рудольф Пішчала нарадзіўся 7 красавіка 1788 у Гарадзішчы пад Мінскам, у шляхецкай сям’і харунжага коннай гвардыі войскаў ВКЛ Станіслава Пішчалы і Кацярыны з роду Прысецкіх.

    Ахрысцілі немаўля ў мінскім Марыінскім касцёле і назвалі Рудольфам-Міхалам. Хлопчык працягнуў славуты род і быў прамым нашчадкам князёў Крошынскіх, якія вялі свой радавод ажно ад Гедыміна, які ў свой час заснаваў Вільню і быў дзедам Вітаўта.

    Нягледзячы на славутага продка, вялікай маёмасці сям’я не мела. Ёсць нават сведчанні, што адзін з Пішчалаў вучыў грамаце Караля Станіслава Радзівіла па мянушцы Пане Каханку. Сям’я мела ўладанні толькі ў Мінскім і Аршанскім паветах. Сярод іх быў і пляц у Мінску на Раманаўскай слабадзе, дзе ў 1825 і была пабудавана тая самая турма. Таксама трапляюцца звесткі, што Рудольф прадаваў частку родавых земляў, каб расплаціцца з пазыкамі.

    Першай яго жонкай была Юлія Ратынская, з якой Рудольф пражыў каля 15 гадоў. Пэўна, з‑за адсутнасці дзяцей шлюб распаўся і сталася магчымым другое вянчанне, у тым жа мінскім Марыінскім касцёле. Увогуле, развод у каталікоў амаль немагчымы – толькі калі вы здолееце даказаць, што першы шлюб быў узяты з парушэннямі.

    Адсутнасць дзяцей магла выступаць як нагода і абвінавачвалася ў гэтым жанчына. І хоць у другой жонкі ад папярэдняга шлюбу было трое дзяцей, сумесных дзяцей ў новых Пішчалаў не было. У 1845‑м, пацвярджаючы шляхецтва свайго роду, Рудольф Пішчала напісаў, што «мужчынскага полу застаўся жывы адзін толькі просьбіт». На Рудольфе і згасла мужчынская галіна роду.

    Другі раз Пішчала пабраўся з Сафіяй Рэйтан з роду Каменскіх. Ад першага мужа ў яе засталося трое дзяцей і славутае прозвішча, бо той быў пляменнікам таго самага Тадэвуша Рэйтана, які змагаўся супраць падзелу Рэчы Паспалітай. Бацька новай абранніцы таксама меў досвед абароны радзімы: Людвік Каменскі быў ветэранам паўстання Тадэвуша Касцюшкі.

    Новая цешча Ізабэла з Тэпераў, была дачкой Пятра Тэпера дэ Фергюсана, аднаго з самых вядомых банкіраў свайго часу, крэдытора апошняга караля Рэчы Паспалітай, багацце якога ацэньвалася ў 65 мільёнаў злотых і які быў смяротна ранены падчас паўстання Касцюшкі.

    У 1836 годзе менавіта Рудольф Пішчала фактычна вырваў з лап царскіх жандараў (уз­яў на парукі) будучага беларускага класіка, а тады крыміналіста Він­цэн­та Ду­ні­на-Мар­цін­ке­ві­ча. Той апы­нуў­ся за кра­та­мі, бо пад­азра­ваў­ся ў пад­роб­цы два­ран­скіх да­ку­мен­таў. І вы­зва­ліў ён яго з вяз­ні­цы, якую сам не­за­доў­га да та­го па­бу­да­ваў. Ка­лі б не гэ­та дапамога, не­вя­до­ма, як бы склаў­ся лёс пі­сь­мен­ні­ка. Гэта падзея таксама дала падставу для падазрэнняў, што Пішчала ў спробе доказу ўласнага шляхецтва мог прыбягаць да дапамогі вядомага на той час падробшчыка.

    Рудольф Пішчала доўгі час рабіў у Мінску кар’еру чыноўніка, даслужыўся ажно да стацкага саветніка, што адпавядае вайсковаму чыну генерал-маёра. Але ў 1863-ым годзе яго і яшчэ 4 чыноўнікаў раптоўна звольнілі па сакрэтным загадзе таго самага «Мураўёва-вешальніка».

    У адрозненне ад астатніх, Пішчала пазбегнуў ссылкі толькі па прычыне75-гадовага веку. Гледзячы па тым, як пазней пан Рудольф спрабаваў у прашэннях ды высокага начальства падкрэсліць сваю лаяльнасць імператару і вернападданасць («служыў аддана і ў апошнія часы не належаў ні да якіх дэманстрацый», «Я звярнуў самую моцную ўвагу на тое, каб у маім маёнтку ніхто з маёй прыслугі не меў ніякіх зносін з мяцежнікамі, і ў гэтым яны не належалі ні найменшаму падазрэнню», «Падчас апошніх выбараў Дваранскіх супраціўляўся складанню пратакола і не падпісаў яго») чыноўніка абвінавацілі ў падтрымцы паўстанцаў Каліноўскага. Доказаў ці абвяржэння гэтаму не знойдзена па сённяшні дзень.

    З‑за так і не даказанага ўдзелу ў паўстанні Каліноўскага Пішчалу пазбавілі права на досыць вялікую пенсію.

    Забягаючы наперад, праз некалькі гадоў ліставанняў, пенсію яму ў выніку вярнулі у памеры 560 руб. 40 кап. (для разумення, гарадавы атрымліваў каля 20 рублёў, а жывая курыца каштавала 70 капеек), але ні ён, ні яго жонка так яе і не дачакаліся, бо памерлі раней.

    Улады адмовілі сёстрам у атрыманні пенсіі за брата, спаслаўшыся, што пенсія была прызначаная асабіста Пішчалу.

    76-гадовы сапраўдны стацкі саветнік Рудольф Станіслававіч Пішчала памёр 12 мая 1866 года ў сваім маёнтку Гарадзішча, дзе і быў пахаваны на мясцовых могілках. Праз 4 гады ў 1870 годзе на тым жа могілках была пахавана памерлая ад сухотаў яго 76-гадовая ўдава Сафія Пішчала. На гэтым звесткі пра гэтых людзей скончваліся. У 2016 годзе мясцовы жыхар, гісторык Эдвард Канановіч на аснове сведчанняў сталых жыхароў Гарадзішча на месцы маёнтка Пішчалаў (паміж валамі, дзе цяпер стаіць камень з мемарыяльнай таблічкай і футбольнае поле) зрабіў сенсацыйную знаходку – намагільныя пліты Рудольфа і Сафіі Пішчалаў.

    Дагэтуль лічылася, што ніякай згадкі пра іх не захавалася. Пліты ляжалі ў кучы смецця на глыбіні каля 1 метра. Тут жа трапляліся і чалавечыя парэшткі.

    У ліпені 2018 года на гэтым месцы прайшлі раскопкі. Аказалася, што Рудольф і Сафія Пішчалы пахаваны роўна на месцы, дзе тысяча гадоў таму жылі насельнікі старадаўняга Менска: наўпрост каля шкілетаў былі знойдзеныя жалезныя нож і дужка замка Х‑ХІ стагоддзяў, а таксама кераміка таго часу.

    Зараз на гэтым месцы паўстаў шасціметровы крыж і валун з гранітнай табліцай, магільныя пліты былі прыведзеныя ў парадак і ўсталяваныя наноў.

    А на мінскай Кальварыі захаваліся пахаванні трох родных сёстраў Рудольфа Пішчалы.

    Чытайце яшчэ:

    CityDog: Помніце першыя беларускія грошы «зайчыкі»? Аказваецца, аўтар перамаляваў іх з энцыклапедыі пра жывёл

    CityDog: Те самые «Купалаўцы» поставили новый спектакль. Спросили зрителей, как им премьера

    Той выпадак, калі газета выратавала тысячы жыццяў. У якім стане цяпер украінская журналістыка

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці