• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сварка vs дыскусія. Як не даць уцягнуць сябе ў бясконцыя спрэчкі ў інтэрнэце

    Апошнім часам адразу некалькі гарачых тэмаў ускалыхнулі інтэрнэт-супольнасць. Шмат з іх сталі нагодай для лакальнага высвятлення дачыненняў. Як не трапіць у эмацыйную пастку, не пацярпець ад сваркі, і ці магчыма пры гэтым чамусьці навучыцца – пра гэта і іншае "Белсат" пагутарыў з псіхолагам Наталляй Скібскай.

    Беларусы не ўмеюць дыскутаваць

    Падобна, што адзінства, якое беларусы прадэманстравалі ў 2020 годзе, скончылася. Інтэрнэт-прастору скаланаюць канфлікты апанентаў улады наконт таго, як правільна змагацца з рэжымам і ці годная Святлана Ціханоўская заставацца нацыянальным лідарам. Усё гарачэйшыя дыскусіі на тэму, хто большы змагар і патрыёт – той, хто з’ехаў з Беларусі, або той, хто застаўся. Пакуль ідзе вайна і афіцыйны Менск падтрымлівае Расею, не маюць шанцу скончыцца спрэчкі аб віне простых беларусаў і калектыўнай адказнасці за дзеянні ўладаў.

    Да гэтых спрэчак, якія зрабіліся ўжо сталымі, дадалося апошнім часам высвятленне дачыненняў паміж асобнымі групамі і нават асобамі. У прыватнасці, паміж палком імя Кастуся Каліноўскага і фондам BYSOL, адным з лідараў дэмакратычных сілаў Паўлам Латушкам і журналістам Антонам Матолькам. У народзе такія спрэчкі паміж беларусамі, якія паступова пераходяць у сваркі, ужо атрымалі не вельмі літаратурную назву: бульбасрачы. Ці нармальныя гэта з’явы, і дзе заканчваецца спрэчка і пачынаецца сварка?

    Наталля Скібская кажа, што адрозніць дыскусію ад сваркі даволі проста: калі пачаліся абразы – гэта ўжо не спрэчка. У краіне доўгі час не дапускалася разнастайнасць меркаванняў, таму і досведу паслядоўнага і абгрунтаванага адстойвання ўласнай пазіцыі няма ні ў шырокай прасторы, ні ў асабістых размовах.

    «Спрачацца трэба. Бо, калі ў нас ёсць канфлікт, то ён можа пайсці не толькі шляхам эскалацыі – у яго выніку мы можам прыйсці да нейкага іншага рашэння, якое будзе лепшае за тое, што ёсць цяпер. Але ў нас атрымліваецца, што сварка існуе сама для сябе. Кожны панабіраў бруду, а потым выліў у сеткі. Так быць не павінна», – падкрэслівае Скібская.

    Калі людзі не ўмеюць спрачацца прыватна, то варта гэта рабіць калектыўна. З беларускай здольнасцю да самаарганізацыі часта знаходзіцца тая асоба, якая зверне ўвагу асабліва эмацыйнага ўдзельніка на тое, што ад яго ці яе ўжо паляцелі абразы, і варта перафармуляваць думку іначай.

    Да таго ж у Беларусі, напэўна, ужо не засталося не траўмаваных людзей: калі чалавек сам не пацярпеў праз пераслед, то быць сведкам падзеяў у краіне і за яе межамі – гэта траўма сведкі. У такім выпадку размаўляць спакойна даволі цяжка, але не немагчыма.

    «Нам трэба вучыцца размаўляць і вучыцца весці дыялогі. Гэта насамрэч не такая складаная рэч. Складана сябе стрымліваць. Калі б мы паводзілі сябе ў межах этыкету, то палова праблемаў была б ужо развязаная. Ёсць рэчы, якіх нельга казаць, ёсць рэчы, якіх нельга рабіць. Калі ты ведаеш – не рабі гэтага. Таго, хто плача, варта прытуліць, а не затыкаць яму рот», – падкрэслівае псіхолаг.

    Што рабіць, каб не скаціцца ў сварку

    Інструментаў насамрэч не так і шмат. Галоўнае – ставіцца з павагаю да суразмоўца, нават калі яна ці ён не маюць рацыі.

    «Мы ўсе цяпер нібы ў вялікім шпіталі: хтосьці ў хірургіі, хтосьці ў гастраэнтэралогіі, хтосьці да стаматолага прыйшоў – баліць усім, але па-рознаму. Трэба спачуваць іншым і шкадаваць адно аднаго», – перакананая псіхолаг.

    Сваркі ў сеціве даюць унікальную магчымасць – не адказваць імгненна. Гэта не жывая гутарка, калі вы мусіце ў тую ж секунду рэагаваць на выпады. Адкладзеная рэакцыя – выдатны варыянт, каб не эскалаваць канфлікт.

    «Звычайна што робіцца: пабачыў і адразу напісаў. Канфлікт разгараецца мацней і мацней. Палічыце хаця б да дзесяці. Гэтага часу можа хапіць, каб рэакцыя была больш асэнсаваная. Калі ты пішаш нешта ў адказ, не націскай адразу «адаслаць». Пачакай, падыхай, перачытай.

    Бывае, чалавек напіша, а потым падумае і выпраўляе ці выдаляе. Што замінала адразу пачакаць?

    Замест таго, каб пісаць нейкую непрыемную рэч, пахадзі, пачакай, падумай», – раіць экспертка.

    Слушная ідэя – паспрабаваць зразумець, што канкрэтна напісаў чалавек і перапытаць яго ці яе, ці правільна вы зразумелі думку:

    «Добра пісаць: «як я зразумеў…» ці «як я зразумела…», «ці слушна я зразумеў?», а не: «ты такі-сякі». Каб пакідаць чалавеку магчымасць патлумачыць ці заўважыць, што тэкст стварае спрэчнае ўражанне, i паправіць яго. Калі ж мы пачынаем нападаць вербальна, то чалавек будзе абараняцца. Калі мы будзем прыкладаць намаганні, каб не быць таксічнымі, – гэта добра».

    Яшчэ адна істотная рэч – павага да прасторы іншага чалавека. Калі спрэчка адбываецца на чужой старонцы, то і ставіцца да гэтага варта адпаведна.

    «Чалавек можа ў сябе рабіць, што захоча. «Калі вы ў сацсетках пішаце, то будзьце гатовыя, што на вас будуць накідвацца», – гэта не слушны тэзіс», – падкрэслівае Наталля.

    Вельмі істотна задаваць сабе пытанне: чаму прачытанае так моцна чапляе асабіста вас.

    «Чаму на мяне гэта так уплывае? Рабіце акцэнт на сабе. Не на тым чалавеку, які ён там ёсць, а менавіта на сабе. Чаму я так рэагую? Чаму мне гэта так адгукаецца? Што мне баліць? Тады з’явіцца магчымасць напісаць не «ты брыдота», а «на маю думку», «як я мяркую». Гэта не будзе нападам на асобу іншага чалавека, і ў яго не будзе неабходнасці бараніцца. Чалавек пабачыць, што напісанае ім можа па-рознаму рэзанаваць з думкамі і пачуццямі іншых людзей. Тады застаецца магчымасць дыскутаваць», – тлумачыць экспертка.

    Яна адзначае, што варта дыскутаваць на розныя тэмы, спрачацца нават у складаных пытаннях і прыйсці да рашэння, якое ў пэўнай ступені задаволіць усе бакі.

    «Спрэчкі варта выкарыстоўваць як трэнажор, каб навучыцца камунікаваць», – сцвярджае Наталля.

    Калі варта спыніцца

    Бывае, што апанент ужо ўсё для сябе вырашыў і распальвае сварку не дзеля пошуку агульных пунктаў, а менавіта для таго, каб выліць назбіраны загадзя бруд. Варта ведаць, калі спрэчкі нясуць вам зашмат стратаў.

    «Калі ёсць сілы нешта даводзіць чалавеку, пераконваць, выключаць камп’ютар, а потым зноў вяртацца і пісаць, – то калі ласка. Але навошта вам тое трэба?

    Ніхто не павінны некага перавыхоўваць. Калі вы бачыце, што вашыя намаганні валяцца ў бяздонную яму, то і не трэба», – звяртае ўвагу суразмоўца.

    Паказальнікі таго, што ваш ліміт перавышаны, – вы моцна злуяцеся, эмацыйна ўключаецеся ў размову, калі ўжо няма сілаў размаўляць у прыстойным рэчышчы і хочацца кідацца. Тут варта спыняцца. Тая ж сітуацыя, калі нападкі ідуць у ваш бок.

    «Калі чалавек вас абражае, то можна яго проста заблакаваць, ды і Бог з ім», – раіць Скібская.

    Вядома, калі нехта ў сеціве не мае рацыі і чапляе за балючае, стрымацца складана.

    «Самае страшнае, што тое, што баліць, вельмі добра выкарыстоўваюць кдбшнікі. Нават у Фэйсбуку, калі ўважліва паглядзець, відаць, як яны падліваюць алею. Сядзяць і чакаюць, калі там ужо хто-небудзь дагаворыцца на артыкул», – звяртае ўвагу экспертка.

    Калі прытрымлівацца слушнай стратэгіі, то сваркі Латушкі і Матолькі, палка Каліноўскага і фонду BYSOL, міжнацыянальныя спрэчкі паміж беларусамі і ўкраінцамі, а таксама класічныя паміж тымі, хто зʼехаў, і тымі, хто застаўся, ці паміж экспертамі ў правільным быцці беларусамі, праходзілі б меншай крывёю і ў больш канструктыўным рэчышчы.

    Чытайце яшчэ:

    “Не выкарыстоўваць чалавека для ўласнай прафесійнай карысці”: як працаваць з людзьмі пасля трагедыі

    Гэты фатограф здымаў Плошчу Перамен (і не толькі). Вось 10 яго здымкаў і іх гісторыі

    Дзяржабвінаваўца запатрабавала для журналісткі Ірыны Слаўнікавай 4 гады пазбаўлення волі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці